Абрабаваны стронг
Абрабаваны стронг Аўтар: Алесь Пруднікаў 1932 |
Гэта было на ваенным парадзе.
Горад грымеў. Хваляванні. Рух...
Стронг не бунтуе... Ён любіць
парадак...
Ён верыць Вільямсу — гаспадару.
Вось ён выходзіць вясёлым з аўто
З верай у поспехі шахтаў, Вільямс,
І па-акцёрску вітае натоўп.
І цешыцца раннем яго сям’я.
Ён Стронга рукой па плячы пахлопаў:
— Ты кроўны ангелец, Стронг!
Я помню, калі выпраўлялі ў акопы
Цябе на германскі фронт:
Дзень быў зялёны...
І лэдзі вам слалі
Свае пацалункі з букетамі руж...
Ішоў ты без імя...
Вярнуўся са славай
З-за даляў Ла-Манша пад маршы труб!
Якая ўцеха! Я многа павінен...
Бо ты пераможцам прыйшоў у Брадфард
І зноўку вугольныя крышыш цвярдыні.
Геройскі імпэт
І брытанскі форс!
Усе акіяны разлінены плаваннем,
Рэйсам увязаны ў вузел парты.
У сусветных затоках,
у бухтах і гаванях
Вугалем нашым жывуць флаты.
Спяём жа з табою мы славу вітальную
Нашай блакітнай краіне цуд!
Брытанец ніколі не здрадзіць Брытаніі.
Як спрытнасць спартсмену, як рукі плыўцу.
...Гэта было на ваенным парадзе...
Стронг у захапленні,
ён верыць, што:
Брытанец брытанцу нізашта не здрадзіць,
І можна падняць за Вільямса тост,
І можна прайсці адвячоркам па травах,
І лёгка дыхнуць, і забыць на тугу, —
Вільямс не пакрыўдзіць...
У чым жа справа?
А справа ў тым, што гады бягуць.
Глухім запусценнем на банкі лажацца,
І голад на шыю кладзе пятлю,
І Стронг не патрэбен цяпер у шахце,
Як вугаль патопленаму караблю.
Ён доўга блукаў па пляцах-праспектах,
Стамляліся ногі... Куды ісці?
І ў думках вярзлося, як быццам
ён скептык,
Не бачыць жыцця ў жыцці.
— Што ж мне — павесіцца?
Выпіць атруты?
Кінуцца з даху у бездань-шлюз?
А вы балявацьмеце, паны,
над трупам
З віватамі вугальнаму каралю,
У штрэках якога
жыццё я пакінуў?
Згарэўшых у топках за дваццаць год,
Там русасць валос маіх выбеліў іней,
Там стан мой сагнуўся у крук дугой...
А ты захаваўся, Вільямс, не чуеш?
Я горкую праўду хачу сказаць:
Ты абакраў мяне!
Я патрабую —
Вярнуць мне жыццё назад!
Не зможаш? Я знаю цябе, сабака!
Схаваўся за шторы сваёй хлусні!
Твой Стронг пасівелы не ўмее плакаць,
Маліцца зладзею, падаць ніц.
Няхай я галодным пайду з кастылямі
І з раненых ног няхай выступіць кроў, —
Я скіну адвечнага рабства лямку
На тлустыя шыі багатыроў!
Мой прадзед — жабрак старасвецкі,
Я ж быў таварам жывым свой век...
І ўрэшце народзіцца,
сонцу ўсміхнецца
У муках няволі мой сын — чалавек!