Раздзел II Айвенго. Раздзел III
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел IV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





РАЗДЗЕЛ III

У ПРАСТОРНАЙ нізкай зале на доўгім дубовым стале, збітым з амаль не выструганых дошак, прыгатавана была вячэра Седрыка-Саксонца. Страха, якая падтрымлівалася моцнымі кроквамі і перакладзінамі і крытая дошкамі ўперамешку з чаротам, нічым не аддзельвалася ад пакоя: столі у ёй не было. Па сценах віселі розныя прылады палявання і баявога ўзбраення, а па кутах — вялікія, на дзве палавіны, дзверы вялі ў іншыя пакоі гэтага прасторнага жылля.

Падлога была з гліны з вапнаю, збітая ў шчыльную масу, і ў адным канцы залы, на прасторы каля чвэрткі яе даўжыні, яна была ўзнята на адну ступень. Там садзіліся толькі старэйшыя члены сям’і і найбольш ганаровыя госці. Гэта месца называлася „ганаровым памостам“, або „балдахінам“. Стол там быў пастаўлены ўпоперак памоста, ад сярэдзіны якога цягнуўся доўгі ніжні стол, які дасягаў аж да супроцьлеглай сцяны і служыў для яды хатняй чэлядзі і просталюдзінаў. Удоўж папярочнага стала на памосце былі расстаўленыя масіўныя крэслы з рэзанага дуба, а над імі і ўсёй прасторай узвышанага памоста ўмацаваны быў род шатра з суконнай драпіроўкі.

Сцены па баках ганаровага памоста былі закрыты фіранкамі, а падлога заслана дываном. Тое і другое было ўпрыгожана вышыўкамі, з прэтэнзіяй на стракатасць і рознастайнасць. Каля доўгага ніжняга стала цягнуліся масіўныя ўслоны.

Каля сярэдзіны верхняга стала стаялі два крэслы вышэй астатніх, для гаспадара і гаспадыні, якія былі старшынямі на ўсіх трапезах і з прычыны гэтага мелі ў саксонцаў асаблівы тытул „раздавацеляў хлеба“. Каля кожнага крэсла быў падстаўны услончык для ног.

На адным з гэтых крэслаў сядзеў Седрык-Саксонец. Па твару яго відаць было, што ён чалавек прастадушны, нецярплівы, запальчывы.

Ён быў вышэй сярэдняга росту, шыракаплечы, з даўгімі рукамі, моцнага складу цела. Галава яго была правільнай формы, твар шырокі, вочы вялікія, блакітныя. Яго лаўгія русыя валасы былі расчэсаны на абодва бакі роўным праборам, які ішоў ад цемені да ілба, і падалі на плечы. У іх не заўважалася яшчэ сівізны, хоць Седрыку ішоў шасцідзесяты год.

Апрануты ён быў у туніку зялёнага колеру, аблямованую каля каўняра і абшлагоў шэраю футраю. Гэта верхняя шырокая куртка была незашпілена і пад ёю відаць была другая, ярка-чырвоная, якая шчыльна прылягала да цела. Такія-ж чырвоныя штаны даходзілі да ніжняй часткі сцёгнаў, пакідаючы калены адкрытымі. Абуткам яго былі камашы таго-ж фасону, як у сялян, але з лепшага матэрыялу, і былі зашпілены спераду залатымі засцёжкамі. На руках ён насіў залатыя поручні, на шыі шырокія маністы з таго-ж метала, вакол пояса папруга, багата ўпрыгожаная дарагім каменнем. Да папругі быў прымацаваны кароткі, просты, двухбаковы меч з вельмі вострым канцом. Да спінкі крэсла была прыслонена кароткая рагуліна з шырокай і бліскучай сталёвай булавешкай, якая служыла яму ў часе пагулянак пехатою замест кійка.

Некалькі слуг, вопратка якіх напамінала і шыкоўны гарнітур гаспадара і грубую прастату свінапаса Гурта, чакалі загадаў. Тут-жа былі тры вялікія і махнатыя харты, столькі-ж сабак-выведнікаў буйнага, кастлявага завода, з тоўстай шыяй, вялікай галавой і доўгімі вушамі, і адзін ці два маленькіх сабачкі, якія называюцца цяпер таксамі.

Седрык быў не ў гуморы. Лэдзі Равена, якая ездзіла на вячэрню ў нейкую далёкую царкву, толькі што вярнулася дахаты і мяняла плацце, прамочанае дажджом. Гурт яшчэ не вяртаўся з лесу, хоць павінен быў даўно прыгнаць свой статак, а час быў такі неспакойны, што такую затрымку зусім можна было прыпісаць сустрэчы з разбойнікамі, якіх у вакольных лясах было шмат, або нападу якога-небудзь суседняга барона, які разумее сваю сілу і таму не хоча лічыцца з законамі ўласнасці.

Нездавальненне Седрыка прарывалася на паверхню кароткімі сказамі, якія ён часткова мармытаў пра сябе, часткова выкрыкваў акружаючым яго слугам, асабліва свайму краўчаму[1], які час-ад-часу падносіў яму для супакою нерваў срэбны келіх, напоўнены віном.

— Чаму лэдзі Равена так забавілася?

— Яна зараз прыйдзе, толькі пераменіць галаўны ўбор, — адказала адна з служанак.

— Аднак, — гаварыў далей разгневаны гаспадар, звяртаючыся да краўчага і раптам узвышаючы голас, — якога чорта Гурт да гэтай пары не вярнуўся з поля? Таго і глядзі, з’явіцца з дрэннымі весткамі пра статак.

Краўчы Освальд асмеліўся сціпла заўважыць, што „не больш як гадзіну таму назад празванілі сігнал тушыць агні“.

— Хай яго д’ябал возьме, гэты сігнальны звон, — крыкнуў Седрык, — і таго хто яго выдумаў. Тушыць агні, — прагаварыў ён, памаўчаўшы, як-жа, тушыць агні… па сігнальнаму звону. Сталы чалавек павінен па гэтаму сігналу сядзець у цемры, а зладзеі і разбойнікі тымчасам падкрадуцца да яго непрыкметна! Так, Рэджынальд Фрон дэ-Бёф і Філіп дэ-Мальвузен зразумелі карысць сігнальнага звону не горш самаго Вільяма і ўсіх іншых нармандскіх авантурнікаў, якія змагаліся ля Гастынгса[2]. Таго і чакаю, што пачую, як мая маёмасць адабрана на карысць прагаладаўшайся зграі, якую няма як іначай утрымліваць, як не шляхам зладзейства і рабункаў. Мой верны нявольнік забіты, маё дабро украдзена, а Вамба… Дзе Вамба? Здаецца, нехта казаў, што і ён пайшоў з Гуртам?

Освальд адказаў станоўча.

— Ну, вось час-ад-часу не лягчэй! Значыцца, і саксонскага дурня таксама адабралі служыць нармандскаму лорду. Ды і праўда, усе мы дурні, што згаджаемся ім служыць, а яны правы, што насміхаюцца над намі, як над дурнямі. Але я адпомшчу! — дадаў ён, ускокваючы з крэсла і хапаючыся за рагуліну пры думцы аб мыслімай крыўдзе. — Я падам скаргу ў галоўную раду, у мяне ёсць сябры, ёсць і прыхільнікі, я выклічу нармандца на чэсную бойку, як трэба мужчыне. Ага, яны думаюць, што я стары, але я ім пакажу, што хоць я і адзінокі і бяздетны, а ўсё-такі ў жылах Седрыка цячэ кроў Герварда!.. Ах, Вільфрэд, Вільфрэд! — прамовіў ён знізіўшы голас. — Калі-б ты мог перамагчы сваю неразважную палкасць, твой бацька не заставаўся-б на старасць год, як адзінокі дуб, які ўзнімае свае аголеныя ломкія галіны насустрач наляцеўшай буры!

Ён сеў на ранейшае месца, апусціў голаву і глыбока, журботна задумаўся.

З гэтай задуменнасці абудзіў яго моцны голас трубы, на які адказвалі шалёным брэхам і візгам усе сабакі ў зале, ды яшчэ штук дваццаць ці трыццаць сабак, рассеяных па ўсёй сядзібе.

Белая дубінка тойчас пайшла у ход, але Седрыку і слугам давялося нямала папрацаваць, раней чым супакоіць сабак.

— Гэй, ідзіце да брамы, — сказаў Седрык, як толькі ў зале прыціхла і прыслуга магла пачуць яго словы. — Даведайцеся, якія весткі прынёс нам гэты рог: паглядзім, якія бясчынствы і зладзействы ўчынены на маіх угоддзях.

Хвіліны праз дзве ці тры вярнуўся слуга і далажыў, што прыёр Эймер абацтва Жарво і добры рыцар Брыян дэ-Буагільбер, камандор мужнага і ганаровага ордэна храмоўнікаў, з невялікаю дружынаю, просяць зрабіць ласку і пусціць нанач па дарозе да месца турніру, прызначанага недалёка ад Ашбі-дэ-ля-Зуш на паслязаўтра.

— Эймер? Прыёр Эймер? І Брыян дэ-Буагільбер? — мармытаў Седрык. — Абодва нармандцы… Але гэта ўсёроўна, нармандцы ці саксонцы, а Ротэрвуд павінен зрабіць ім гасціннасць… Хай будуць ласкавы, калі яны пажадалі тут начаваць… Прыемней было-б, каб яны падобраму паехалі далей… Але непрыстойна адмаўляць дарожным людзям у вячэры і начлезе; прытым у якасці гасцей і нармандцы абавязаны стрымліваць сваю нахабнасць. Ідзі, Гундыберг, — дадаў ён, звяртаючыся да дварэцкага, які стаяў за крэслам з белым посахам у руцэ, — вазьмі з сабою поўтузіна слуг і правядзі прыезджых у памяшканне для гасцей. Дай парадак коням, мулам і глядзі, каб іх прыслуга ні ў чым не мела нястачы. Дай ім пераапрануцца. Калі захочуць, раскладзі агонь, падай вады на умыванне, паднясі віна і элю. Кухарам скажы, каб хутчэй прыгатавалі што-небудзь на дабаўку да нашай вячэры, і загадай падаваць, як толькі госці будуць гатовы. Скажы, Гундыберг, што Седрык і сам-бы выйшаў вітаць іx, але не можа, таму што даў абяцанне далей трох крокаў ад свайго памоста не выступаць насустрач гасцям, калі яны не належаць да роду саксонскіх прынцаў. Ідзі! Глядзі, каб там усё было як належыць; няхай гэтыя гардуны не гавораць потым, што грубіян саксонец выказаў перад імі толькі сваю беднасць ды скнарасць.

Дварэцкі з некалькімі слугамі пайшоў выконваць загады гаспадара.

У гэты час Седрык звярнуўся да свайго краўчага Освальда і сказаў:

— Прыёр Эймер… гэта-ж, калі не памыляюся, родны брат таго Жыля де-Мольверэр, які зараз валодае Мідльгемам?

Освальд пачціва кіўнуў галавою у знак згоды.

— Гэты прыёр, кажуць, досыць вясёлы і гаваркі бяседнік і ўжо, напэўна, уважае келіх з віном і паляўнічы рог лепш за звон са званіцы і трэбнік. А як ты назваў таго храмоўніка?

— Брыян дэ-Буагільбер.

— Буагільбер? — паўтарыў Седрык задуменным тонам, разважаючы як-бы сам з сабою, да чаго прывучыла яго тое, што ён заўсёды знаходзіцца сярод сваіх слуг. — Буагільбер?.. Гэта імя вядомае, пра яго шмат гавораць і добрага і благога. Паводле чутак, ён з ліку самых харобрых рыцараў свайго ордэна, але загруз у звычайных паміж іх заганах: горды, дзёрзкі, люты і ласы. А між іншым… што за бяда? Ён-жа ў мяне пераначуе толькі адну ноч… Нічога, калі ласка і яго. Освальд, ускрый бочку самага старога віна, падай на стол лепшага мёду, самага моцнага элю, самага пахучага мората[3], шыпучага сідра, прыпраўленага пігмента[4] і пастаў самыя вялікія келіхі… Рыцары храма і абаты любяць добрыя віны і вялікія порцыі… Эльгіта, далажы лэдзі Равене, што мы сёння не будзем чакаць яе прыходу ў залу, калі на тое не будзе яе асаблівага жадання.

— Але сёння, безумоўна, будзе на тое яе асаблівае жаданне, — адказала Эльгіта без запінкі, — таму што яна заўжды цікавіцца паслухаць свежыя весткі з Палестыны.

Седрык гнеўна зірнуў на бойкую служанку.

— Схадзі і перадай тваёй пані маё даручэнне, а потым няхай яна робіць як захоча.

Эльгіта выйшла з залы.

— Палестына! — прагаварыў саксонец у раздум’і. — Палестына!.. Колькі вушэй прагна прыслухоўваюцца да баек, што прыносяць з гэтае краіны распусныя крыжаносцы і ліцамерныя пілігрымы! І я мог-бы запытаць… Але няма, няма ў мяне больш сына! Той, хто быў непакорлівы мне — не мой сын!

Падвойныя дзверы ў ніжнім канцы залы адчыніліся насцеж, і на чале з дварэцкім з посахам і чатырма слугамі з палаючымі факеламі госці ўвайшлі ў залу.


  1. Краўчы — аканом.
  2. Бойка каля Гасцінгса 14 кастрычніка 1066 г. перадала ўладу над Англіяй у рукі нармандцаў.
  3. Морат — стары напітак, які рабіўся з мёду і соку тутавых ягад.
  4. Пігмент — пасалоджанае мёдам віно, зваранае з прысмакамі.