Раздзел VI Айвенго. Раздзел VII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел VIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VII

БЫЛА неспакойная эпоха. Кароль Рычард быў у палоне ў герцага Аўстрыйскага. Кіраваўшы, замест яго, прынц Іоан уступіў у саюз з французскім каралём Філіпам, ворагам Рычарда, і скарыстоўваў увесь свой уплыў на герцага Аўстрыйскага, каб ён як можна далей трымаў у палоне яго брата, Рычарда Львінае Сэрца. Ён падбіраў сабе прыхільнікаў, маючы намер у выпадку смерці караля Рычарда заняць прастол замест свайго пляменніка Артура, герцага Брэтанскага, які быў сынам яго старэйшага брата Жафруа Плантагенета. Потым, як вядома, ён ажыццявіў гэты намер. Сам характару лёгкадумнага, распуснага і крывадушнага, прынц Іоан без цяжкасці прыцягнуў на свой бок не толькі тых, хто меў прычыны баяцца гневу Рычарда, але і ўсю шматлікую дружыну „адважных беззаконнікаў“, якіх крыжавыя паходы вярнулі на бацькаўшчыну, абагаціўшы ўсімі заганамі Усхода, якія праглі толькі аднаго: выкарыстаўшы міжсобіцу, паправіць свае матэрыяльныя справы.

Сяляне, даведзеныя да адчаю ўціскам феадалаў і бязлітасным законам аб ахове лясоў і палявання, партыямі ішлі ў лясы або ў пустэльныя мясцовасці і адтуль рабілі напады на сваіх прыгнятальнікаў. Дваране, з якіх кожны імкнуўся ўмацавацца ў сваім замку і разыграць ролю самаўладнага ўладара, на чале банд тэрарызавалі вакольнае насельніцтва. Каб пракарміць сваю шматлікую дварню і падтрымліваць у сваім быту роскаш, дваране стараліся пазычаць грошы дзе толькі ўдавалася, часцей усяго ў яўрэяў, а потым спрабавалі паправіць свае расстроеныя справы, учыняючы жорсткія зверствы над сваімі крэдыторамі.

У заканчэнне ўсяго па краіне распаўсюдзілася небяспечная пошасць, выкліканая знясіленнем, дрэннымі харчамі і ўбогім становішчам жылля беднаты; гэта хвароба адправіла ў магілу ўжо шмат народу, а тыя, што засталіся жывымі, часта зайдросцілі пакойнікам, якія паспелі пазбавіцца ад надыходзячай бядоты.

І ўсё-ж, не гледзячы на такое няшчаснае становішча краіны, не толькі дваране, але і беднякі імкнуліся на турнір. Гэта было самае цікавае з відовішч таго часу, і насельніцтва адносілася да яго з такой-жа палкасцю, з якой поўгалодны жыхар Мадрыда, замест таго, каб купіць харчоў для свае сям’і, траціць усё да апошняга рэала, каб мець доступ на арэну, дзе адбываецца бой быкоў. Была чутка, што „баявая пацеха“, прызначаная каля горада Ашбі, у графстве Лейстэрскім, адбудзецца паміж першкласнымі рыцарамі і што яны біцца будуць у прысутнасці прынца Іоана, які абяцаў асабіста прыехаць на турнір. Раніцою таго дня, калі прызначаны быў пачатак спаборніцтва, народ валіў натоўпамі да месца баявой пацехі!..

Месца было выбрана надзвычай добра. Каля краю вялікага лесу, у адлегласці адной мілі ад горада Ашбі, была вялікая палянка, з аднаго боку акружаная лесам, з другога — радам раскіданых старых дубоў. Глеба, як-бы знарок зроблена для пабоішча, з усіх бакоў мяккімі схіламі спускалася ўніз, на шырокую і роўную пляцоўку, агароджаную для надыходзячага гульбішча моцным частаколам. Для ўезду байцоў у паўночнай і паўднёвай сценах агароджаны былі адтуліны, застаўленыя моцнымі драўлянымі брамамі і настолькі шырокія, што два коннікі радам маглі ўехаць. Каля кожнай брамы стаялі па два герольды, пры іх па шэсць трубачоў, столькі-ж вестуноў і, акрамя таго, па моцнаму атраду ўзброеных воінаў як для падтрымання парадку, так і для таго, каб устанаўляць званне рыцараў, што з’яўляліся прыняць удзел у турніры.

Па той бок паўднёвай брамы, на натуральным узвышшы невялікага бугра, стаяла пяць раскошных шатроў, упрыгожаных сцягамі чырвона-бурага і чорнага адцення. Гэтыя колеры былі выбраны рыцарамі-арганізатарамі ( пачынальнікамі) гэтага турніру. Шнуры ўсіх пяці шатроў былі тых-жа колераў. Перад кожным шатром быў вывешаны шчыт таго рыцара, якому ён належаў, а поруч са шчытом стаяў або зброяносец убраны дзікуном або фаўнам, або якой-небудзь іншай фантастычнай істотай, гледзячы па густу свайго гаспадара.

Сярэдні шацёр, самы ганаровы, быў прадстаўлены Брыяну дэ-Буагільберу. Чутка аб яго незвычайным майстэрстве ва ўсіх рыцарскіх практыкаваннях, а таксама яго блізкія сувязі з рыцарамі, зачаўшымі гэтае спаборніцтва, былі прычынаю, што яны яго з радасцю прынялі ў сваю кампанію і нават выбралі сваім правадыром, не гледзячы на тое, што ён толькі што прыбыў у Англію. Побач з яго шатром з аднаго боку размясціліся палаткі Рэджынальда Фрон дэ-Бёф і Філіпа дэ-Мальвуазен, а з другога — была палатка Гуга дэ-Гранменіль. Пяты шацëр належаў Ральфу дэ-Віпонту, рыцару ордэна св. Іоана Іерусалімскага; ён з даўняга часу валодаў землямі ў мястэчку Гэсер, недалёка ад Ашбі-дэ-ля-Зуш.

Ад уваходу ў агарожу да ўзвышша, на якім стаялі шатры, глеба была крыху спадзістая і зроблены быў спуск на арэну, сажняў у пяць шырынёю. Ён таксама быў з абодвух бакоў агарожаны моцным частаколам, як і пляцоўка перад шатром, і кругом усяго гэтага месца была расстаўлена ўзброеная варта.

Паўночная брама агарожы ўпіралася ў такі-ж самы спадзісты пад’ём на бугор, футаў у трыццаць шырынёю, у канцы якога была вялікая агарожаная прастора, прызначаная для пабочных рыцараў, якія пажадаюць спаборнічаць з пачынальнікамі турніру. За гэтаю агарожаю змяшчаліся палаткі, дзе былі прыгатаваны розныя стравы і напіткі і, акрамя таго, былі кавалі, збраёўнікі і іншыя майстры і прыслужнікі, гатовыя ў кожную хвіліну аказаць байцам патрэбныя паслугі. Знадворны бок агарожы быў часткова абнесены часовымі памостамі і галярэямі: яны былі ўвешаны драпіроўкамі, засланы дыванамі і забяспечаны падушкамі, для выгоды дам і кавалераў дваранскага паходжання, якія пажадаюць прысутнічаць на турніры. Вузкая прастора паміж гэтымі галярэямі і агарожай была прадстаўлена дробнамаянтковым фермерам, так званым іёменам. Далей, па схілах бліжэйшых бугроу былі зроблены сядзенні з дзёрану для астатніх гледачоў.

Некалькі сот чалавек уселася на галінах дубоў, што былі вакол лугавіны; нават званіца бліжэйшай сельскай царквы была ўнізана гледачамі.

На самай сярэдзіне ўсходняга боку бегавішча, якраз супроць таго месца, дзе павінна была адбыцца сутычка спаборнікаў, у галярэі зроблены быў род эстрады вышэй усіх астатніх, багацей прыбранай, і на ёй, пад балдахінам з каралеўскім гербам, пастаўлена было высокае крэсла для прынца Іоана. Супроць каралеўскай ложы, сярод заходняй галярэі, быў акурат такі-ж узвышаны памост, упрыгожаны яшчэ больш страката, хоць не так раскошна. Там быў таксама трон, абіты чырвонай з зялёным матэрыяй, і вакол яго цэлая дружына пажаў і маладых дзяўчат, самых прыгожых, якіх маглі падабраць, і апранутых у фантастычныя гарнітуры зялёнага і чырвонага колеру. Ложа была прыбрана сцягамі і харугвамі, на якіх былі нарысаваны параненыя сэрцы, палаючыя сэрцы, выходзячыя кроўю сэрцы, лукі, калчаны са стрэламі і іншыя звычайныя эмблемы, сярод якіх красаваўся надпіс: „Ганаровы трон царыцы хараства і кахання“. Але хто будзе ў гэтым выпадку выконваць ролю гэтай царыцы, было яшчэ невядома.

Гледачы валілі натоўпамі. Галярэі напаўняліся. Ніжнія галяреі і праходы хутка былі бітком набіты паважнымі іëменамі, бюргерамі і менш радавітым дваранствам, якое па сціпласці, беднасці або па нязначнаму палажэнню ў свеце не прэтэндавалі на больш ганаровыя месцы.

Сюды-ж прабіраўся ў натоўп адзін пажылы чалавек, вопратка якога выкрывала яго беднасць, а меч на баку, кінжал за поясам і залаты ланцуг на шыі паказвалі прэтэнзіі на знатнасць.

— Як ты смееш штурхаць нармандскага двараніна з шляхетнай фаміліі Мандыдз’е?

З такімі словамі ён звярнуўся да старога Ісаака, які на гэты раз багата адзеты, у раскошным плашчы, упрыгожаным мярэжамі і футраю, прабіраўся ў натоўпе, стараючыся знайсці месца ў пярэднім раду ніжняй галярэі для сваёй дачкі, красуні Рэвекі. Яна прыехала да яго ў Ашбі і ў гэту хвіліну, учапіўшыся за яго руку, са сполахам аглядвалася навакол.

Выкрык нармандскага двараніна ўзбудзіў абурэнне акружаючых, але ў гэты час агульная ўвага была адцягнута з’яўленнем прынца Іоана, які ўз’ехаў на арэну разам са шматлікай дружынай, што складалася з яго любімчыкаў, правадыроў наёмнага войска, некалькі баронаў, што займаліся рабаўніцтвам, распуснай зграі прыдворных чыноў, многіх рыцараў храма, свецкіх і духоўных асоб, у ліку якіх быў і прыёр з Жарво.

Пакуль прынц весела гарцаваў вакол арэны, увага яго была прыцягнута мітуснёй, выкліканай спробай Ісаака прайсці на лепшыя месцы галярэі. Зіркае вока прынца Іоана мігам спазнала яўрэя, але куды прыемней уздзейнічаў на яго выгляд прыгожай дзяўчыны, якая спужаўшыся ўзнятага шуму і пратэстаў, баязліва прыхінулася да рукі старога бацькі.

Сапраўды, Рэвека магла з гонарам вытрымаць параўнанне з самымі выдатнымі англійскімі красунямі. Яна была дзіўна прыгожая і прапарцыянальна складзена, і яе фігура выгадна вылучалася ў усходнім гарнітуры яўрэйскай жанчыны, які яна насіла. Яе шоўкавы турбан жоўтага колеру вельмі стасаваўся да смуглага адцення яе скуры, яе чорныя вочы блішчэлі, тонкія бровы выгіналіся гардаватай дугой, арліны носік быў вытачаны прыгожа, белыя зубы бліскалі, як перлы, а пышныя, чорныя косы, з якіх кожная канчалася крутой спіраллю натуральных кудзерак, рассыпаліся па плячах, прыкрываючы стройную шыю і пышныя грудзі.

На ёй была доўгая сімара[1] з персідскай шоўкавай матэрыі пурпуровага колеру з вытканымі на ёй кветкамі рознастайных адценняў, спераду прымацаваная мноствамі залатых засцëжак, упрыгожаных перламі. Тры верхнія перлавыя запанкі, якімі зашпільвалася яе плацце ад горла да пояса, былі расшпілены з прычыны гарачага надвор’я і на шыі вылучаліся дарагія брыльянтавыя маністы з падвескамі. Стравусавае пяро было прымацована да яе турбана дыяментавым аграфам[2].

— Клянуся лысінаю Аўраама, — сказаў прынц Іоан, — гэта яўрэйка павінна быць узорам той дасканальнасці, якая ачмурала самага мудрага з цароў — Саламона!

— Роза Шарона і лілія Далін, — адказаў прыёр, гаворачы словы крыху ў нос.

— Эге! — прагаварыў прынц, — вось і мой маркіз чырвонцаў і барон срэбранікаў… спрачаецца з-за ганаровага месца з нікчемнаю галотаю, у якое ўсё адзенне ў латах, а ў кішэнях, напэўна, няма ні гроша, так што чэрці там упрысядкі скачуць. Клянуся, мой грашовы вяльможа і яго прыгожанькая яўрэйка зараз атрымаюць месца на верхняй галярэі. Гэй, Ісаак, гэта хто такая? Яна табе жонка ці дачка? Што за гурыю магаметавага раю ты трымаеш пад пахаю, быццам скрынку з тваім скарбам?

— Гэта дачка мая, Рэвека, ваша светласць, — адказаў яўрэй з нізкім паклонам, але ані не засароміўшыся прывітаннем прынца, у якім было столькі здзеку, колькі і ласкавасці.

— Ну, тым лепш для цябе! — сказаў прынц з галосным рогатам, якому той-жа час пачалі ўтарыць яго ліслівыя спадарожнікі. — Але ўсёроўна, ці дачка яна, ці жонка, яе трэба ўшанаваць згодна яе хараства і тваіх заслуг… Хто там сядзіць наверсе? — гаварыў ён, заглядваючы ўверх на галярэю. — Саксонскія мужланы… бач, разваліліся ва ўсю даўжыню! Няхай паціснуцца і дадуць месца як Ісааку, так і яго прыгожай дачцы… Я пакажу гэтым невукам, што лепшыя месцы ў сінагозе яны павінны дзяліць з тымі, каму сінагога належыць па праву!

Гэта грубая і зневажальная прамова была накіравана да Седрыка-Саксонца з яго хатнімі і да яго вернага саюзніка і сваяка Атэльстана Конінгсбургскага. Гэты Атэльстан, як патомак апошніх каралёў сасконскай дынастыі ў Англіі, быў вельмі важнай асобай у вачах усіх саксонцаў, і на поўначы Англіі да яго адносіліся з найвялікшай пашанай.

Атэльстан ашаломлены такім загадам, які па тых часах і разуменнях быў роўны кроўнай крыўдзе, зусім не меў ахвоты да падначалення, але ў той-жа час не ведаў, чым адбіць падобнае патрабаванне, а таму абмежаваўся толькі нерухомасцю. Не крануўшыся з месца, ён уставіў у прынца свае вялікія вочы і глядзеў на яго з такім здзіўленнем, якое было нават смешным. Але нецерпяліваму прынцу было не да смеху.

— Гэты саксонскі свінапас або спіць або не разумее, што яму гавораць! Дэ-Брасі, паказычы яго кап’ём! — прагаварыў Іоан звярнуўшыся да ехаўшага побач з ім рыцара, верхавода зграі вольных стралкоў з наёмных валацуг, якія ішлі за тым, хто плаціць ім пенсію.

Нават у дружыне прынца пачуліся нараканні. Але дэ- Брасі, паводле ўласцівасці свае прафесіі чужды ўсялякай разборчывасці, працягнуў сваё доўгае кап’ё праз адлегласць, якая была між галярэяю і бегавішчам, і, напэўна, выканаў-бы загад прынца раней, чым непаваротлівы Атэльстан мог адхінуцца ад зброі, калі-б Седрык з хуткасцю маланкі не выхапіў свайго кароткага мяча і адным ударам не адсек сталёвага наканечніка ад дрэўка кап’я.

Кроў кінулася ў твар прынца Іоана. Ён прагаварыў адну з сваіх моцных лаянак і хацеў ужо выказаць не менш моцную пагрозу, але замаўчаў, часткова таму, што акружыўшыя яго асобы з дружыны пачалі ўсялякім чынам яго ўгаварваць, а часткова таму, што натоўп сабраўшыхся гледачоў вітаў учынак Седрыка моцнымі крыкамі адабрэння.

Прынц з абурэннем абвёў вачыма натоўп, як-бы шукаючы, на кім сарваць душыўшы яго гнеў, і выпадкова сустрэўся вачамі з цвёдрым поглядам іёмена ў зялёным каптане. Убачыўшы, што гэты чалавек быццам знарок не перастае крычаць, не звяртаючы ўвагі на яго гнеў, прынц звярнуўся да яго з пытаннем: чаму ён узрадаваўся?

— А я заўсёды крычу ўра, — адказаў іëмен, — калі бачу лоўкі прыцэл або лоўкага байца.

— Вось як! — прабурчэў прынц. — Значыць, ты і сам лоўка трапляеш у цэль?

— Як егеры страляюць, гэтак і я, — сказаў іëмен.

Гэты адказ яшчэ больш раззлаваў прынца. Аднак ён абмежаваўся тым, што загадаў вартаўнікам, якія акружалі бегавішча, прыглядаць за хвастуном, паказаўшы пры гэтым на іëмена ў зялёным.

— Клянуся, — дадаў ён, — мы паспрабуем яго майстэрства, калі ён такі ахвотнік да чужых учынкаў.

— Я не супроць ад такога выпрабавання, — сказаў іëмен спакойна і самаўпэўнена.


  1. Сімара — плацце, абцягваючае талію, фасонам сваім некалькі напамінае старадаўні рускі сарафан.
  2. Аграф — засцёжка.