Айвенго (1934)/XIV
← Раздзел XIII | Айвенго. Раздзел XIV Раман Аўтар: Вальтэр Скот 1934 год Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819) Пераклад: Іван Гарбуз |
Раздзел XV → |
РАЗДЗЕЛ XIV
ПРЫНЦ Іоан даваў багаты банкет у замку Ашбі. Дастаўнікі прынца, карыстаючыся на гэты раз (ды, між іншым і ва ўсіх падобных выпадках) каралеўскім аўтарытэтам, начыста абабралі мясцовых абываталяў, адбіраючы ў іх усякую ўсячыну, патрэбную для гаспадарчага стала. Запрошана было шмат гасцей; між іншымі, прынц Іоан, разумеючы неабходнасць набыць папулярнасць сярод мясцовага насельніцтва, запрасіў некалькі вяльможных сем’яў саксонскага і дацкага паходжання, суседніх нармандцаў, дваран і баронаў.
Прынц Іоан сустрэў Седрыка і Атэльстана з асаблівай ветлівасцю і выказаў толькі спачуванне, а не гнеў, калі Седрык папрасіў выбачэння, гаворачы, што лэдзі Равена па нездароўю не змагла з’явіцца на яго ласкавае запрашэнне.
Седрык і Атэльстан былі ў старабытнай саксонскай вопратцы, і хоць яна сама па сабе далёка не брыдкая, а ў гэтым выпадку была сашыта з вельмі каштоўных матэрыялаў, яе фасон быў так не падобны на модныя нарады астатніх гасцей, што і прынц, і Вальдэмар Фіц-Урс ледзьве маглі ўтрымацца ад смеху, гледзячы на гэтыя дзве фігуры, якія з непрывычкі здаліся ім умораю.
Госці сядзелі за сталом, які аж ламаўся ад цяжару страў. Акрамя страў свайго паходжання, тут было нямала розных тонкіх страў, прывезеных з чужых краёў, здобных пячэнняў, салодкіх пірагоў, пытляванага хлеба, які падаваўся толькі за сталом у самых знатных асоб, і найлепшых він як замежных, так і тутэйшых.
З хітрай важнасцю, толькі час-ад-часу падаючы адзін аднаму таямнічыя знакі, нармандскія рыцары і дваране сачылі за бясхітрымі паводзінамі за сталом Седрыка і Атэльстана, якія не прывыклі да банкета гэтага роду. І пакуль іх манеры былі прадметам насмешлівай увагі, гэтыя прастадушныя саксонцы некалькі разоў зграшылі супроць правіл, саміх па-сабе складзеных свецкім этыкетам. Седрык, памыўшы рукі, абцёр іх ручніком, замест таго, каб грацыёзным памахваннем у паветры даць ім абсохнуць, і гэта здалося прысутным куды смяшней таго, што Атэльстан адзін з’еў вялікі пірог з фаршам з самае далікатнае дзічыны. Але калі яму ўчынілі з гэтай прычыны самы дакладны допыт і выявілася што тан Конінгсбургскі (або панармандску франклін) не меў паняцця аб тым, што з’еў з такім захапленнем, лічачы фарш з мяса жаўранкаў і галубоў, тады як гэта былі бекафігі[1] і салаўі, — яго невуцтва ў гэтай справе выклікала куды больш наракання, чым праяўленая ім пражэрлівасць.
Урэшце банкет скончыўся. Пайшла кругавая чарка, і госці разгаварыліся пра геройствы мінулага турніру, пра невядомага пераможца ў стральбе з лука, аб Чорным Рыцары, які самаахвярна адмовіўся ад заслужанай славы і ўшанавання, скрыўшыся няма-ведама куды, і аб адважным Айвенго, які дарагою цаною купіў перамогу гэтага дня. Адзін прынц Іоан сядзеў, панура апусціўшы галаву. Відаць было, што нейкія цяжкія клопаты ляглі на яго душу; часам, калі хто-небудзь з прыбліжаных спрабаваў абудзіць яго ад задумлівасці, ён на час здаваўся зацікаўленым тым, што адбывалася навокал, браў з стала келіх з віном, выпіваў яго залпам, як-бы жадаючы падбадзёрыць сябе, і ўмешваўся ў гутарку якой-небудзь рэзкай заўвагай або простым выразам, няўцям сказаным.
— Гэты келіх, — сказаў ён, — паднімаем мы за здароўе Уільфрэда Айвенго, героя гэтага турніру, і шкадуем, што рана перашкаджае яму прымаць удзел у нашым банкеце. Някай усе вып’юць разам са мною за яго здароўе, у асаблівасці Седрык Ротэрвудскі, ганаровы бацька столькі шматабяцаючага сына.
— Ну, гасудар, — запярэчыў Седрык, устаючы і ставячы назад на стол нявыпіты келіх, — я не лічу больш за сына непакорлівага юнака, які не паслухаў маіх загадаў і адмовіўся ад нораваў і звычаяў сваіх продкаў.
— Ці магчыма! — выклікнуў прынц Іоан, прытвараючыся надзвычай здзіўленым. — Ці магчыма, каб адважны рыцар быў непакорлівым і нягодным сынам!
— Так, гасудар, — адказаў Седрык, — такі Уільфрэд. Ён пакінуў бацькоўскі дом і далучыўся да лёгкадумных дваран, што складаюць двор вашага брата; там і навучыўся ён вырабляць тыя штукі на кані, якія вы так добра цэніце. Ён пайшоў ад нас наперакор маёй волі і загадам.
— Гора маё! — прагаварыў прынц Іоан з глыбокім уздыхам прытворнага спачування. — Калі ваш сын звязаўся з маім братам, няма чаго пытаць, дзе і ад каго ён навучыўся непачцівасці да бацькоў!
— Мне здаецца, — сказаў ён, памаўчаўшы, — што мой брат меў намер абдарыць свайго ўлюбёнца багатым маёнткам Айвенго?
— Ён так і зрабіў! — адказаў Седрык. — Адной з важнейшых прычын маіх неладоў з сынам былі іменна тыя абставіны, што ён згадзіўся прыняць феадальнае падданства дзеля валодання маёнткамі, якімі яго продкі валодалі па праву ўнаследаваных вольнасцей.
— Значыцца, мы можам разлічваць на вашу згоду, добры Седрык, — сказаў прынц Іоан, — каб замацаваць гэты маёнтак за адной асобай, якому не будзе крыўдна ўзяць у падарунак зямлю ад брытанскай кароны… Сэр Рэджынальд Фрон да-Бёф, — гаварыў ён далей, звяртаючыся да гэтага барона, — спадзяюся, вы зможаце ўтрымаць за сабою добры баронскі маёнтак Айвенго, каб сэр Уільфрэд не наклікаў на сябе ў другі раз бацькоўскага гневу, завалодаўшы гэтай водчынай.
— Клянуся святым Антоніем, — адказаў чорнабровы асілак, — я згодзен, каб ваша вялікасць залічыла мяне ў саксонцы ў тым выпадку, калі Седрык або Уільфрэд ці які ні ёсць радавіты англічанін зможа адабраць у мяне маёнтак, які вы мелі ласку мне падараваць!
— Ну, сэр барон, — сказаў пакрыўджаны Седрык, — калі-б каму ўздумалася назваць цябе саксонцам, гэта быў-бы для цябе занадта вялікі ды і не заслужаны гонар.
Фрон дэ-Бёф хацеў супярэчыць, але прынц Іоан паспешна выперадзіў яго сваёй лёгкадумнай заўвагай:
— Разумеецца, панове! — сказаў ён. — Шляхетны Седрык зусім праў: іх парода стаіць вышэй ад нашай як даўжынёю радаслоўных спісаў, так і даўжынёю плашчоў.
— І ў ратным полі яны таксама спераду бягуць, — заўважыў Мальвуазен, — як дзічына перад сабакамі.
— Ім і трэба ісці наперадзе, — сказаў прыёр Эймер, — прымаючы пад увагу іх манеры і веданне далікатнасцей…
— А таксама іх памяркоўнасць у ядзе і цвярозыя паводзіны, — дадаў дэ-Брасі, забыўшы, што яму збіраліся пасватаць саксонскую дзяўчыну.
Прыдворныя з ласкавай усмешкай на тварах, гледзячы на прынца, па чарзе ўражвалі Седрыка. Твар саксонца пабагравеў ад гневу, і ён злосным позіркам глядзеў то на аднаго, то на другога. Урэшце ён загаварыў і, задыхаючыся ад прыдушанага шаленства, звярнуўся да прынца Іоана, як галоўнага пачынальніка атрыманых зняваг.
— Якія не былі-б бязглуздасць і заганы нашага племя, — сказаў ён, — кожны саксонец палічыў-бы сябе зганьбаваным, калі-б у сваім доме і за ўласным сталом так абышоўся з бяскрыўдным госцем або сцярпеў такія з ім абыходжанні, якіх ваша вялікасць мела ласку быць сведкай сёння. І лепш-бы аб гэтым не гаварылі тыя, прынамсі (тут ён зірнуў на Фрон дэ-Бёфа і храмоўніка), хто за апошнія часы не раз былі выбіты з сядла кап’ём саксонца! — Эге, які атрутны жарт! — сказаў прынц Іоан.
— Хопіць жартаваць, панове рыцары! — сказаў Фіц-Урс. — Вашай вялікасці час ужо супакоіць шаноўнага Седрыка запэўненнем, што ў падобных жартах ніякай крыўды для яго няма, хоць для нязвыклага вуха наша зубаскальства і можа здацца дзіўным.
— Крыўды! — паўтарыў прынц Іоан, мяняючы выраз твара і пераходзячы на самы ветлівы тон. — Каму-ж можа прыйсці ў галаву, што я дазволю ў сваёй прысутнасці пакрыўдзіць свайго госця? Ну вось, я зноў напоўню свой кубак і п’ю за здароўе самога Седрыка, калі ён адмаўляецца піць за здароўе свайго сына!
І зноў пайшла кругавая заздраўная чарка, якая суправодзілася ліцамернымі кампліментамі. Але яны не рабілі на Седрыка жаданага ўздзейнічання. Ён не быў ад прыроды асабліва кемлівы, але настолькі ў ім было чуласці і разумення, што ўсе гэтыя ласкавасці не маглі загладзіць уражання першапачатковай крыўды. Аднак ён моўчкі выслухаў наступны тост прынца агалошаны „за здароўе сэра Атэльстана Конінгсбургскага“ і выпіў разам з усімі.
Рыцар толькі пакланіўся і ў адказ на аказаны яму гонар наліў сабе вялікую шклянку і выпіў яе залпам.
— Ну, панове, — сказаў прынц Іоан, у якога ад выпітага віна пачынала шумець у галаве, — мы ўважылі нашых саксонскіх гасцей, а цяпер папросім іх таксама адплаціць нам ласкавасцю. Шаноўны тан, — прадаўжаў ён, звярнуўшыся да Седрыка, — ці не будзеце ласкавы назваць такога нармандца, імя якога найменш апаганіла-б вашы вусны, а калі яно пакіне пасля сябе непрыемны смак, то змыць яго добраю шклянкаю віна?
Фіц-Урс устаў з свайго месца, пакуль прынц гаварыў гэтыя словы, і, стаўшы за крэслам Седрыка, шапнуў яму, каб ён выкарыстаў выпадак аднавіць добрую згоду, назваўшы імя самога прынца Іоана. Саксонец нічога не сказаў, але ўстаў і наліў сабе поўны келіх віна, звярнуўся да прынца з такою прамоваю:
— Ваша вялікасць выказалі жаданне, каб я назваў імя нармандца, вартага ўпамінання на нашым банкеце. Гэта, бадай, досыць цяжкая для мяне задача таму, што гэта ўсёроўна, што гаварыць рабу апець свайго ўладара або пераможанаму, які перажывае ўсе бядоты заваявання, усхваляць свайго пераможца. Аднак я магу назваць такога нармандца. П’ю за здароўе Рычарда Львінае Сэрца!
Прынц Іоан, чакаўшы, што саксонец закончыць сваю прамову агалашэннем яго імя, здрыгануўся, пачуўшы нечакана імя свайго брата. Ён машынальна паднес да губ келіх з віном, але той жа час адняў яго і, паставіўшы на стол, азірнуўся наўкол, жадаючы паглядзець, як будуць трымаць сябе яго госці, з якіх многія знаходзілі таксама небяспечным адмовіцца ад гэтага тосту, як і падтрымаць яго. Іншыя з прыдворных, больш старыя і спрактыкаваныя, зрабілі гэтак-жа як і прынц, гэта значыць паднялі кубак да губ і паставілі яго зноў; шмат хто, між іншым, хто не лічыў патрэбным скрываць свае сапраўдныя пачуцці, усклікнулі: „Няхай жыве кароль Рычард!“ А некаторыя, у тым ліку Фрон дэ-Бёф і храмоўнік, зірнулі адзін на аднаго з панурай пагардай і не дакрануліся да сваіх кубкаў.
Пацешыўшыся сваёю ўрачыстасцю, Седрык звярнуўся да спадарожніка:
— Пойдзем, шляхетны Атэльстан, досыць тут нагасцявалі і адплацілі за ласкавасць прынца Іоана, які запрасіў нас на свой гасцінны банкет. Хто хоча бліжэй пазнаёміцца з нашымі простымі саксонскімі звычаямі, той няхай прыходзіць да нас у дом, пад дах бацькоў нашых; на каралеўскі банкет мы досыць нагледзеліся, і хопіць з нас нармандскае пачцівасці.
З гэтымі словамі ён устаў і выйшаў з залы, а за ім пайшоў Атэльстан і некаторыя іншыя госці, таксама саксонскага паходжання, якія палічылі сябе пакрыўджанымі здзекам прынца Іоана і яго прыбліжаных.
— Клянуся косцьмі святога Фамы, — ускрыкнуў прынц Іоан, калі яны выйшлі, — гэтыя саксонскія чурбаны сёння адрозніліся на турніры ды яшчэ з банкета выйшлі пераможцамі.
— Выпілі мы шмат, пакрычалі шмат, час ужо і перастаць, — сказаў прыёр Эймер.
— Пачынаюць адставаць, — шэптам прагаварыў прынц Іоан, звяртаючыся да Фіц-Урса, — зараней спужаліся і гэты агідны прыёр першы падае прыклад здрадніцтва.
— Не бойцеся, гасудар, — сказаў Вальдэмар, — я падам ім такія рацыі, што яны самі зразумеюць патрэбу далучыцца да нас, калі мы збярэмся ў Іёрку… Сэр прыёр, мне трэба пагутарыць з вамі сам-на-сам перад тым, як сядзеце на каня.
Госці хутка раз’язджаліся, за выключэннем належачых да партыі прынца асоб і іх прыслугі.
— Вось што атрымалася з таго, што я паслухаў вас, — сказаў прынц, павярнуўшы гнеўны твар да Фіц-Урса. — За маім уласным сталом мяне абдурыў п’яны саксонскі балван, і пры адным імені майго брата людзі пабеглі ад мяне, быццам ад чумнай заразы!
— Пацярпіце, гасудар, — сказаў дарадчык, — я мог-бы адказаць на ваша абвінавачванне, спаслаўшыся на тое, што ваша ўласнае лёгкадумства сапсавала ўсю справу; вы, захапіўшыся, пераступілі межы разважнай асцярожнасці… Але цяпер не час укараць адзін аднаго. Дэ-Брасі і я тойчас адправімся да гэтых нерашучых трусоў і дакажам ім, што яны вельмі далёка зайшлі, каб адстаць ад нас.
— Дарэмна, — сказаў прынц Іоан, хуткімі і няроўнымі крокамі ходзячы па пакою і моцна хвалюючыся, чаму часткова спрыяла і выпітае віно, — нічога з гэтага не атрымаецца!
— Як-бы сам то ён зусім не збаяўся, — шапнуў Фіц-Урс, звяртаючыся да дэ-Брасі, — ад аднаго імя брата яго бяруць дрыжыкі. Эх, дрэнная справа быць дарадчыкам прынца, якога прыходзіцца ўсё падтрымліваць ды падбадзёрваць як на добрыя справы, так і на благія!
- ↑ Бекафігі — птушкі.