Раздзел XL Айвенго. Раздзел XLI
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XLII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





РАЗДЗЕЛ ХLI

РЫЧАРДА і Айвенго павялі ў круглую залу, якая займала ўвесь трэці паверх. Узыход па усходах даў час Уільфрэду так разлажыць складкі свайго плашча, каб па магчымасці скрыць свой твар, таму што ён лічыў за лепшае не паказвацца свайму бацьку, покуль не атрымае знаку, што час гэта зрабіць.

У гэтай зале, вакол вялікага дубовага стала, сядзела чалавек дваццаць прадстаўнікоў найбольш знатных саксонскіх фамілій з усіх суседніх акругоў. Усе былі старыя або, прынамсі, паджылыя людзі, таму што маладое пакаленне, на вялікае нездавальненне старэйшых, паследвала прыкладу Уільфрэда і парвала сувязь з путамі кансерватызма, на якім застылі саксонцы. Невясёлы і сумны выгляд гэтых саксонцаў, іх маўчанне і журботныя позы складалі дзіўны кантраст з вяселлем і ажыўленасцю, якая была ля сцен замка. Распушчаныя па плячах сівыя валасы, даўгія і шырокія борады, старамодныя вузкія хітоны і прасторныя чорныя плашчы акурат гарманіравалі з прастатою арыгінальнага пакоя, дзе яны засядалі, надавалі ім выгляд старажытных паклоннікаў культу Ватана, якія ажылі для таго, каб аплакваць сваю былую веліч.

Седрык займаў месца поруч з іншымі, але па агульнай маўклівай згодзе адыгрываў як-бы ролю старшыні на гэтым сходзе. Калі ўвайшоў Чорны Рыцар, Седрык падняўся з свайго месца і, паводле звычаю падняўшы бакал на ўзровень свае галавы, прагаварыў прывітанне: „Калі ласка!“, на што рыцар адказаў: „За ваша здароўе!“ і выпіў келіх, які падаў яму прыслужнік. Тая-ж ласкавасць была аказана і Уільфрэду, але ён у адказ моўчкі пакланіўся бацьку, баючыся, як-бы яго не пазналі па голасу, калі ён загаворыць.

Калі гэта папярэдняя цэрамонія была скончана, Седрык зноў устаў і, падаючы руку Рычарду, павёў яго ў цесную і надзвычай простую капелу, як-бы выдзеўбаную ў таўшчыні аднае з скал крэпасці. Дзякуючы таму, што вокан тут не было, а была толькі адна вельмі вузкая бойніца, унутры памяшкання панавала-б амаль поўная цемра, калі-б не пара вялікіх падсвечнікаў ці, лепш сказаць, факелаў, пры чырванаватым і дымным святле якіх можна было адрозніць скляпеністую столь, голыя сцены і алтар з грубага камня.

Перад алтаром была пастаўлена труна, а паабапал яе стаялі на каленях па тры манахі і перабіралі ружанцы і мармыталі малітвы. За гэту цэрамонію „памінання душ“ маці пакойнага Атэльстана ўнесла багаты ўклад у манастыр святога Эдмунда, а для таго, каб поўнасцю заслужыць яе афяру, уся брація пагалоўна (за выключэннем аднаго толькі кульгавага панамара) перасялілася часова ў Конінгсбург, дзе яны па чарзе, па шэсць чалавек зараз, былі пры труне, а астатнія ў гэты час частаваліся і забаўляліся усім тым, што ў той час прапанавалася ў замку.

Седрык паклікаў гасцей за сабою і, ціха ступаючы па каменнай падлозе, павёў далей. Падняўшыся на некалькі ступеней, ён з надзвычайнай асцярожнасцю адчыніў дзверы невялікай малельні, поруч з каплічкай. Гэта быў квадратовы пакойчык не больш васьмі футаў даўжыні і шырыні, таксама, як і капела, выдзеўбаны ў тоўшчы сцяны; але вузкая бойніца, якая служыла замест акна і звернутая на захад, значна расшыралася ў сярэдзіну пакоя. У гэту хвіліну заходзячае сонца асвятляла яе яскравым праменнем, выкрываючы прысутнасць тут жанчыны, у якой захаваліся сляды былога хараства. Яе даўгое траурнае плацце і пакрывала з чорнага крэпа вылучалі белату яе скуры і пышнасць распушчаных светларусых кос, якія ад часу ніколькі не пасівелі і былі такія-ж густыя, як у ранняй маладосці. Яе твар выказваў надзвычай глыбокі смутак.

— Шляхетная Эдзіф, — сказаў Седрык, з хвіліну пастаяўшы моўчкі, каб даць час гасцям разглядзець гаспадыню дома, — я прывёў да цябе шаноўных чужаземцаў, якія прыехалі прыняць удзел у тваім смутку. А вось гэта — той самы адважны рыцар, які так мужна змагаўся дзеля вызвалення з палону таго, каго мы зараз аплакваем.

— Дзякую яго за мужны, ўчынак, — адказала лэдзі Эдзіф. — Дзякую таксама за ласкавую ўвагу, якая пабудзіла яго і яго спадарожніка прыехаць здалёк, каб убачыць удаву Адэлінга і маці Атэльстана ў гадзіны яе цяжкой страты і смутку… Вашаму апякунству, мой добры кузен, даручаю я нашых шаноўных гасцей, будучы ўпэўнена, што яны не будуць мець нястатку ў гасціннасці, покуль яна існуе ў гэтых журботных сценах.

Госці нізка пакланіліся самотнай удаве і выйшлі следам за сваім гасцінным правадніком.

Другія звілістыя ўсходні прывялі іх наверх у залу акурат такіх-жа памераў, як тая, у якую яны ўвайшлі з самага пачатку: гэта зала была якраз над той і была ў чацвертым паверсе. Скрозь зачыненыя дзверы гэтага пакоя чуваць былі сумныя харавыя спевы. Увайшоўшы, яны засталі там дзесяткі два дам і дзяўчат са знатных саксонскіх сем’яў. Чатыры дзяўчыны, з Равенай на чале, пелі гімн у гонар памёршага.

Покуль яны ціха і працяжна спявалі хаўтурную песню, астатнія жанчыны падзяліліся на дзве групы, з якіх адна займалася вышываннем, паводле ўласнага густу і ўмення, вялікай шоўкавай апоны на труну Атэльстана, а другая выбірала з расстаўленых перад імі кошыкаў кветкі і пляла гірлянды для той-жа мэты. Калі ў залу ўвайшлі два староннія рыцары, дзяўчаты пачалі аглядацца, шаптацца і падштурхваць адна адну. Адна, Равена, пакланілася свайму збавіцелю з ласкавай грацыяй. Яна была сур’ёзная, але нясумная.

Седрык не быў вельмі пранікальны, і сум яго выхаванкі здаваўся яму настолькі глыбокім і немінучым, што ён палічыў прыстойным растлумачыць госцям, шапнуўшы ім на вуха:

— Яна была нарачонаю нявестаю шляхетнага Атэльстана.

Наўрад ці гэта паведамленне магло выклікаць у Уільфрэда жаль з прычыны смерці Атэльстана і спачуванне тым, хто яго аплакваў.

Увёўшы такім чынам гасцей ва ўсе пакоі замка, дзе так або інакш адбываліся памінкі па Атэльстану, Седрык правёў іх у невялікі пакой, прызначаны, паводле яго слоў, для ганаровых гасцей, якія менш блізка знаёмы з пакойнікам, а таму, можа, не жадаюць праводзіць увесь час з тымі, для каго гэты смутак асабліва адчувальны. Упэўніўшы іх, што ім зараз-жа будуць зроблены ўсе выгоды, ён ужо хацеў ісці, але Чорны Рыцар затрымаў яго за руку.

— Дазвольце вам напомніць, шляхетны тан, — сказаў ён, — што, калі мы з вамі ў апошні раз расставаліся, вы абяцалі за тыя паслугі, якія мне ўдалося аказаць вам, з свайго боку зрабіць мне падарунак.

— Усё што хочаце, шляхетны рыцар, — сказаў Седрык, — але ў такую смутную хвіліну…

— Я і пра гэта падумаў, — сказаў Рычард, — але ў мяне мала вольнага часу; пры тым мне здаецца, што ў той час, калі мы апусцім у магілу шляхетнага Атэльстана, было-б прыстойна пахаваць разам з яго астанкамі некаторыя забабоны і несправядлівыя меркаваняі.

— Сэр рыцар Вісячага Замка, — сказаў Седрык, пачырванеўшы і ў сваю чаргу перапыняючы госця, — я спадзяюся, што падарунак, які вы просіце, датычыць толькі вашай асобы; ва ўсё, што адносіцца да гонару майго дома, пабочнаму чалавеку не прыстойна ўмешвацца.

— Я і не хочу ўмешвацца, — сказаў кароль мякка, — да таго часу, прынамсі, покуль вы не прызнаеце, што я на гэта маю некаторае права. Да гэтага часу вы мяне ведалі пад прозвішчам Чорнага Рыцара Вісячага Замка… Ведайце, што я Рычард Плантагенет.

— Рычард Анжуйскі! — усклікнуў Седрык, адступаючы ў здзіўленні.

— Не, шляхетны Седрык, я — Рычард, кароль англійскі. А цяпер вернемся да мае просьбы, — прадаўжаў Рычард, — і я яе выкажу проста і адкрыта. На падставе данага табою слова прашу, каб ты дараваў і зноў прыняў у свае бацькоўскія абдымкі добрага рыцара Уільфрэда Айвенго. Згадзіся, што ў гэтым прымірэнні і я асабіста зацікаўлены, таму што яно датычыць шчасця майго сябра і павінна спыніць сумны разлад.

— А гэта Уільфрэд? — прагаварыў Седрык, паказваючы на сына.

— Татачка, татка, — усклікнуў Айвенго, падаючыся да яго, — даруй мне!

— Дарую, сын мой! — сказаў Седрык, паднімаючы яго з падлогі. — Я ведаю, як трымаць сваё слова, нават калі яно дадзена нармандцу. Але ты павінен насіць вопратку нашых англійскіх продкаў… У маім старадаўнім доме каб не было куртатых плашчоў, стракатых шапачак і вычварных пер’яў!.. Ты, я бачу, хочаш нешта сказаць, і я наперад ведаю, пра што будзе гутарка. Ведай, што лэдзі Равена два гады будзе хадзіць у жалобе, як па мужу; усе нашы саксонскія продкі адмовіліся-б ад нас, калі-б мы ўздумалі клапаціцца аб другім саюзе, яшчэ не паспеўшы апусціць у магілу таго, з кім яна павінна была пабрацца. Сам Атэльстан парваў-бы свае натрунныя апоны, і здань яго стала-б перад намі, каб перашкодзіць такой знявазе яго памяці.

Толькі што Седрык паспеў прагаварыць гэтыя словы, як дзверы адчыніліся і на парозе ў даўгім саване, бледны і схудалы, з’явіўся Атэльстан.

Гледачы былі ўзрушаны. Седрык падаўся назад, наколькі дазвалялі памеры пакоя і, прысланіўшыся да сцяны, як-бы не маючы сілы ўтрымацца на нагах, уставіўшы на свайго сябра мутны і пільны погляд, стаяў з раскрытым ротам.

У ніжнім паверсе чуваць была надзвычайная мітусня і крыкі: „Трымай іх, манахаў-здраднікаў! Засадзіць іх у падзямелле! Скінуць іх з вежы!“

— Заклінаю цябе, — прашаптаў Седрык, звяртаючыся да таго, каго прызнаваў за здань свайго памёршага сябра, — калі ты маеш цела, гавары!.. Калі-ж ты дух, скажы, чаго ты зноў з’явіўся сярод нас? Жывы ці мёртвы, шляхетны Атэльстан, адкрыйся Седрыку!

— Пачакай, — адказала здань вельмі спакойна, — дай спачатку перадыхнуць. Ці жывы я, ты запытаў? Ужо іменна ледзь жывы, як чалавек, які тры дні карміўся толькі хлебам і вадою… Трое сутак, але яны мне здаліся трыма вякамі! Разумееш, айцец Седрык, на хлебе і вадзе! Іншай яды ў мяне ў роце не было, цэлых трое сутак…

— Як-жа так, шляхетны Атэльстан, — сказаў Чорны Рыцар, — я сам бачыў, як вы ўпалі ад рукі шалёнага храмоўніка ў канцы нашай бойкі ў Торкільстоне; я думаў ды і Вамба нам гаварыў, што вам прарубілі чэрап аж да зубоў.

— Думалі вы няправільна, сэр Рыцар, а Вамба проста схлусіў, — сказаў Атэльстан. — Зубы ў мяне цэлюткія, і гэта я дакажу сёння за вячэраю… Аднак, гэтым я ніколькі не абавязан храмоўніку, ён здорава хапіў мяне па галаве… Толькі меч перавярнуўся ў яго руцэ і ўдар прыпаў плашмя, дзякуючы добрай паліцы, з дапамогай якой я ў час адбіў яго. Каб у мяне на галаве быў мой сталёвы шышак, мне-б гэта хоць-бы што, і я сам пачаставаў-бы яго такім тумаком, што яму не паздаровілася-б. А тут я сапраўды ўпаў на зямлю, аглушаны, але па сутнасці непашкоджаны. Пасля таго на мяне ўпала з абодвух бакоў яшчэ некалькі чалавек забітых, і калі я ачухаўся, дык аказалася, што я ляжу ў труне… на шчасце не закалочанай… а труна стаіць перад алтаром у манастырскай царкве Эдмунда. Я некалькі разоў чыхаў, стагнаў, канчаткова апрытомнеў і ўжо хацеў устаць, ды панамар з абатам спужаліся шуму, прыбеглі і, вядома, здзівіліся, але не ўзрадаваліся, убачыўшы жывым чалавека, спадчынай якога спадзяваліся пакарыстацца. Я папрасіў віна; яны далі мне выпіць, але, мабыць, падсыпалі ў віно нейкага зелля, таму што я заснуў мацней, чым раней і доўга не прачынаўся. Яны прывязалі мне рукі да бакоў, ногі сціснулі так моцна, што да гэтага часу костачкі ныюць; прачнуўся я ў цемры ў падполлі іх праклятага манастыра; і, мяркуючы па душнаму смуроднаму паху і па вільгаці, я думаю, што гэта мог быць і пахавальны склеп. Покуль у мяне ў галаве блукалі самыя дзіўныя думкі аб тым, што са мною здарылася, дзверы рыпнулі, і ўвайшлі два агіднікі. Яны хацелі мяне ўпэўніць, што я ў чысцілішчы, але я добра пазнаў айца настаяцеля па яго грубаму голасу і кароткаму дыханню… Якая розніца з тым тонам, якім ён звычайна прасіў мяне адрэзаць яму яшчэ кусок гавядзіны!.. Гэты-ж сабака баляваў у мяне з першага дня каляд аж да вадахрышчаў.

— Пачакайце, шляхетны Атэльстан, — сказаў Рычард, — трэба-ж перадыхнуць. Не спяшайцеся. Гэта такая цікавая прыгода, якую варта паслухаць.

— Наадварот, — сказаў Атэльстан, — нічога цікавага не было. Акрайчык ячнага хлеба ды збан вады, толькі і ўсяго… Гэта яны мне давалі, мне! Тады як і я, і бацька мой асыпалі багатымі падарункамі гэтых нягоднікаў, у той час, калі ўсе прыбыткі іх манастыра заключаліся ў авечых лапатках ды ў мерках збожжа, якія яны збіралі з беднага народу за свае малебны… Гэта нейкае гняздо нахабных, агідных гадзін!.. Такога дабрачынца, як я, трымаць на ячным хлебе і на вадзе з канавы! Я іх выкуру з гнязда!

— Шляхетны Атэльстан, — сказаў Седрык, хапаючы яго за руку, — скажы, як-жа ты пазбавіўся ад немінучай небяспекі?.. Ці іх сэрцы памякчэлі?..

— Гэта іх сэрцы памякчэлі, — засупярэчыў Атэльстан. — Ну не, хутчэй скалы растануць ад сонца. Я і цяпер заставаўся-б усё там-жа, калі-б не здарылася ў манастыры нейкая мітусня, якая выманіла ўвесь рой вон з вулля… Я цяпер бачу, што яны пагалоўна ўцяклі сюды добра паесці на маіх памінках, тады як ім вельмі добра было вядома, дзе я пахаваны зажыва іх-жа рукамі. Я сам чуў, як яны спявалі хаўтурныя псальмы, і мне ў голаву не прыходзіла, што гэта яны спраўляюць памінкі па маёй асобе, а самі тымчасам мораць мяне голадам. Урэшце яны пайшлі, і я нешта доўга заставаўся без яды. І не дзіўна: кульгавы панамар так заняўся ўласным частаваннем, што забыўся пра мяне. Урэшце з’явіўся і ён, ледзь мог злезці па ступеньках, так яго раскачала, і ад яго здалёк несла віном і прысмакамі. Напэўна, добрая яда ўлагодніла яго, таму што замест звычайнай яды ён прынёс мне кавалак пірага і пляшку віна. Я паеў, выпіў, падмацаваўся; на маё шчасце панамар быў такі п’яны, што не мог спраўна выконваць абавязкі турэмшчыка; выходзячы, ён ключ-та павярнуў, але дзверы не зачыніў, так што яны накрыху адышлі ад вушака і адчыніліся. Святло з двара, сытая яда і віно разварушылі мае мазгі. Жалезная скаба, якая сасчапляла мае кайданы, зусім пераіржавела, чаго не падазравалі ні я, ні гэты агіднік абат. У іх у праклятым сутарэнні такая вільгаць, што і жалеза не можа доўга вытрымліваць.

— Вы-б адпачылі, шляхетны Атэльстан, — сказаў Рычард, — вам трэба чаго-небудзь перакусіць, перш чым дагаварыць пра ўсе гэтыя жахі.

— Перакусіць? — прагаварыў Атэльстан. — Я сёння ўжо пяць разоў еў… але аднак, не лішне будзе паспрабаваць вось гэтай сакавітай шынкі; і я прашу вас, ласкавы сэр, выпіць са мною па кубку віна.

Госці, якія ўсё яшчэ не апрытомнелі ад здзіўлення, выпілі за здароўе ўваскросшага гаспадара дома, і ён прадаўжаў. Пачаў ён сваё расказванне пры нямногіх сведках, але цяпер іх набралася шмат. Сама лэдзі Эдзіф, распарадзіўшыся ўнізе ўсім, што цяпер трэба было зрабіць у замку, пайшла за ажыўшым пакойнікам наверх, у пакой, адведзены для гасцей, а за ёю пацягнуліся ўсе астатнія: пакой хутка набіўся бітком, і шмат народу стаяла ля дзвярэй і на ўсходах. Гэта публіка хапала на-ляту тое, што паспявала пачуць з расказаў Атэльстана, перадавала гісторыю далей, у скажоным выглядзе, унізе сходаў яе перакручвалі яшчэ больш і ўрэшце яна дайшла да вушэй натоўпу, які стаяў у двары замка, у такой рэдакцыі, якая была ні на што не падобна. Між тым Атэльстан так расказваў аб сваім вызваленні:

— Так-сяк выкруціўшы жалезную скабу, я пацягнуўся наверх па ўсходах, што было нялёгка ад цяжкасці ланцугоў і мае змардаванасці ад паста. Доўга я блукаў наўгад, урэшце пайшоў у той бок, адкуль чуваць была вясёлая песня, і такім чынам дабраўся да пакоя, дзе шаноўны панамар спраўляў малебен з нейкім шыракаплечым і чорнабровым манахам у шэрым балахоне з каптуром, больш падобным на злодзея, чым на духоўную асобу. Калі я ўваліўся да іх, як ёсць у саване і бразгаючы ланцугамі, яны сапраўды маглі падумаць, што я прыйшоў з таго свету. Абодва вылупілі вочы, але, калі я кулаком збіў з ног панамара, той малайчына, яго сабутыльнік, замахнуўся на мяне цяжкой дубінкай.

— Б’юся аб заклад, што гэта быў наш пустэльнік! — сказаў Рычард Уільфрэду Айвенго.

— А хоць-бы сам чорт, мне ўсёроўна, — сказаў Атэльстан, — на шчасце, ён прамахнуўся, а як я падступіў да яго з намерам даць яму рэшты, ён — давай бог ногі… Я тымчасам убачыў у панамара за поясам цэлы рад ключоў, выбраў той, што адмыкае замкі ў ланцугах, і вызваліўся ад кайданаў. Думаў быў той-жа вязкай ключоў выбіць мазгі ў гэтага агідніка, ды ўспомніў, што ён пачаставаў мяне куском пірага і пляшкаю віна, і пачуцце ўдзячнасці ўзяло верх. Даў я яму некалькі разоў у кіршэнь і пакінуў валяцца на падлозе, потым набраў у сумку печанага мяса і скураную бутлю віна, якім частаваліся вялебныя айцы, пайшоў у канюшню і ў асобным стойле знайшоў лепшага свайго скакуна, відаць схаванага вельмі шаноўным абатам для ўласнай патрэбы. Я імчаўся сюды з усіх сіл, і ўсюды народ у пярэпалаху разбягаўся пры маім з’яўленні, прымаючы мяне за здань, тым больш, што я, баючыся быць спазнаным, апусціў налічнік савана зусім на твар. Мяне-б і ва ўласны замак не ўпусцілі-б, калі-б не думалі, што я з’яўляюся памочнікам штукара, які з вялікім поспехам цешыць народ на дварэ, што досыць дзіўна, прымаючы пад увагу, што яны тут сабраліся на пахаванне свайго гаспадара… Дварэцкі падумаў, што я знарок так убраўся для ўдзелу ў прадстаўленні і ўпусціў мяне ў замак. Тут я з’явіўся толькі да маці, ды наспех перакусіў, а потым і пайшоў шукаць вас, мой шляхетны сябра.

— І застаеш мяне, — сказаў Седрык, — гатовым безадкладна аднавіць нашы саксонскія планы наконт гонару і свабоды. Не пазней, як заўтра, зоймемся вызваленнем шляхетнага саксонскага племя!

— Калі ласка, не гавары ты мне аб гэтых вызваленнях, — сказаў Атэльстан. — Дзякуй, што хоць сам я выйшаў на волю. Мне цяпер куды цікавей добра пакараць агідніка абата. Павешу яго на самым версе конінгсбургскай вежы, як ёсць, у стыхары і ў епітрахілі, а калі яго сытая ўтроба не пралезе там па ўсходах, загадаю ўсцягнуць яго па знадворнай сцяне.

— Як-жа, сын мой, — сказала лэдзі Эдзіф, — падумай аб яго сане.

— Я думаю аб сваім трохдзённым пасце, — адказаў Атэльстан, — і хочу ўсіх іх знішчыць, усіх да аднаго. Вось Фрон дэ-Бёф згарэў зажыва, а вінаваты быў менш іх, таму што карміў сваіх палонных досыць добра, толькі ў апошні раз у поліўку палажыў вельмі шмат часнака. А гэтыя ліцамеры, няўдзячныя агіднікі!.. Колькі разоў самі лісліва напрошваліся да мяне на абед, а мне нябось, не далі ні поліўкі, ні часнака… Усіх пакараю!

— Але папа, мой шляхетны сябра… — пачаў Седрык.

—А хоць сам д’ябал, мой шляхетны сябра, — перабіў яго Атэльстан. — Пакараю, ды і ўсё тут. Няхай яны будуць хоць самыя лепшыя манахі ў свеце, добра пражывем і без іх.

— Саромся, шляхетны Атэльстан, — сказаў Седрык, — ці варта займацца такімі дробязямі, калі перад табою адкрываецца слаўнае поле дзейнасці. Скажы вось гэтаму нармандскаму прынцу, Рычарду Анжуйскаму, што хоць у яго і львінае сэрца, але ён не ўступіць на прастол, покуль жыве чалавек, які мае права яму пярэчыць.

— Як, — сказаў Атэльстан, — хіба гэта і ёсць кароль Рычард?

— Гэта Рычард Плантагенет, сам сваёю асобаю, — сказаў Седрык, — і наўрад ці трэба напамінаць табе, што ён добраахвотна прыехаў сюды ў госці, значыцца нельга ні пакрыўдзіць яго, ні затрымаць у палоне… Ты гаспадар дома і павінен ведаць свае абавязкі…

— Яшчэ-б мне не ведаць, — сказаў Атэльстан. — Ад усяго сэрца сведчу яму маю пашану і клянуся служыць вераю і праўдаю.

— Сын мой, — сказала лэдзі Эдзіф, — падумай аб сваіх правах!

— Маці і вы, сябра мой, пакіньце мяне ў спакоі, — сказаў Атэльстан. — Як пасядзіш у падзямеллі на адным хлебе і вадзе, ганарлівасць як рукою зніме. Я ўстаў з магілы куды разумнейшы, чым лёг у яе. Усё гэта дробязь і надуў мне яе ў вушы ніхто іншы як той-жа здрадлівы абат Вольфрам, і вы цяпер самі можаце меркаваць, які ён разумны дарадчык. З таго часу, як пачаліся гэтыя планы і перагаворы, я толькі і ведаў, што спешныя паездкі, дрэннае страваванне, штурханіна ды калатнеча; пападаў у палон, і ледзь не ўмарылі мяне голадам. Пры тым ведаю, што ўсё гэта скончыцца забойствам некалькіх тысяч бяскрыўдных людзей, а я хочу царствавання толькі на сваіх уласных угоддзях і нідзе больш. І вось першым чынам павешу абата.

— А як-жа адносна мае выхаванкі Равены? — сказаў Седрык. — Спадзяюся, ты не маеш намеру яе пакінуць?

— Эх, бацька Седрык, будзь-жа разважным, — сказаў Атэльстан, — лэдзі Равена да мяне зусім не хінецца. Для яе адзін мізінец ад пальчаткі майго кузена Уільфрэда даражэй усяе мае асобы. Вось яна сама тут, можа засведчыць праўдзівасць маіх слоў. Няма чаго чырванець, кузіна, ніякага няма сораму любіць прыгожага рыцара больш, чым вясковага франкліна. І смяяцца таксама няма чаго, Равена, таму што дальбог схудзелы твар у магільным саване зусім не пацешны… А калі абавязкова хочаш смяяцца, я табе знайду больш падыходзячую прычыну. Дай мне руку… толькі часова, я-ж толькі пасяброўску прашу. Ну, вось, кузен Уільфрэд Айвенго, абвяшчаю, што адмаўляюся ў тваю карысць… Эге, куды-ж дзеўся наш кузен Уільфрэд? Няўжо ў мяне ад стомы яшчэ ў вачах мітусіцца? Мне здавалася, што ён толькі што вось тут стаяў!

Усе пачалі аглядацца, шукаць Уільфрэда, але ён знік. Даведаліся, нарэшце, што за ім прыходзіў нейкі яўрэй, што яны вельмі нядоўга гутарылі, пасля чаго Уільфрэд паклікаў Гурта, патрабаваў свой панцыр і ўзбраенне і паехаў з замка.

Калі Атэльстан выпусціў яе руку, азадачаны адсутнасцю Уільфрэда, Равена таксама выкарыстала выпадак выйсці з пакоя, знаходзячы сваё становішча вельмі цяжкім.

Знік і Рычард, і ніхто не бачыў, як гэта здарылася. Потым ужо даведаліся, што ён спешна зышоў у двор, паклікаў таго яўрэя, з якім гутарыў Айвенго, пасля хвіліннай гутаркі закрычаў, каб яму як можна хутчэй прывялі каня, сам ускочыў на сядло, патрабаваў для яўрэя другога каня, прымусіў яго сесці на яго і паімчаўся з такой хуткасцю, што, паводле сведчання Вамбы, яны, напэўна, скруцяць сабе шыю.

— Што-ж, сябры мае, — сказаў Атэльстан, — тыя з вас, што яшчэ тут, пойдзем у сталовую, паядзім, покуль яшчэ што-небудзь не знікла. Спадзяюся, што яшчэ досыць засталося яды, як належыць на памінках саксонскага двараніна знатнага роду. Калі вельмі забавімся, чаго добрага, як-бы не знікла і ўся вячэра!