Айвенго (1934)/XVII
← Раздзел XVI | Айвенго. Раздзел XVII Раман Аўтар: Вальтэр Скот 1934 год Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819) Пераклад: Іван Гарбуз |
Раздзел XVIII → |
РАЗДЗЕЛ XVII
ГОСЦЬ выканаў дакладна параду свайго гасціннага пустэльніка, аднак досыць доўга вазіўся з арфаю, перш чым паспеў так-сяк яе наладзіць.
— Здаецца мне, святы айцец, — сказаў ён, — што аднае струны ў гэтым інструменце нехапае, ды і астатнія дрэнныя.
— Ага, дык ты заўважыў гэта? — сказаў пустэльнік. — Гэта паказвае, што ты майстра гэтай справы. Віно і вараная наліўка, — дадаў ён, з важнасцю ўзняўшы вочы да неба, — усёй справе прычынай. Я-ж гаварыў Алену з Даліны, паўночнаму менестрэлю, што пасля сёмага келіха лепш не чапаў-бы арфы, а не то абавязкова папсуеш яе; але ён вельмі ўпарты, і з ім не дагаворышся… Сябра, п’ю за поспех твайго выканання.
Ён вельмі сур’ёзна апаражніў свой келіх, увесь час пакачваючы галавою пры ўспаміне аб п’яных паводзінах шатландскага спевака.
Рыцар крыху паправіў струны і, пасля кароткай прэлюдыі запытаў гаспадара, што яму праспяваць?
— Баладу, баладу, — сказаў пустэльнік, — гэта будзе лепш за ўсякую французскую лухту. Я самы сапраўдны англічанін, сэр рыцар, такі-ж англічанін якім быў мой апякун, святы Дунстан. У мяне ў келлі толькі і дапушчаюцца англійскія песні.
— Ну, добра, — сказаў рыцар, — я паспрабую прыпомніць баладу, складзеную адным саксонцам, якога я ведаў у святой зямлі.
Выявілася, што калі рыцар і не быў сапраўдным менестрэлем, то прынамсі, яго густ склаўся пад уплывам найлепшых настаўнікаў. Голас яго, ад прыроды невялічкі і грубаваты па тэмбру, быў значна змякчаны навучаннем, і наогул для яго зроблена было ўсё, чым культура здольна выправіць уроджаныя недахопы. Таму ён спяваў вельмі хораша і мог-бы задаволіць і больш патрабавальнага крытыка, чым пустэльнік, асабліва калі рыцар пачаў спяваць то з ажыўленай інтанацыяй, то жаласлівай, то выражаў сваім голасам некаторую ўзнятасць, што надавала сілу і энергію словам балады.
У вянцы адвагі маладзецкай, |
Рыцар спяваў. Пустэльнік адкінуўся на спінку сядзення, заплюшчыўся і, то склаўшы рукі на жываце, круціў палец аб палец у позе самай глыбокай увагі, то разводзіў рукамі і ціха махаў імі ў такт музыкі. Некаторыя павароты мелодыі асабліва яму падабаліся, і калі ён знаходзіў, што голас рыцара не досыць высокі, каб вытварыць хітрыя рытурнелі, сам падцягваў яму. Калі балада была праспявана да канца, пустэльнік рашыў, што песня добрая і праспявана цудоўна.
Толькі вось што я табе скажу, — прагаварыў ён, — на маю думку, гэты твой саксонскі зямляк так доўга вазіўся з нармандцамі, што заразіўся ад іх сумным тонам. І навошта добры рыцар, пра якога ты спяваў, паехаў з дому? А пасля звароту чаго-ж яму было чакаць, як не таго, што яго каханка знайшла сабе другога ў яго адсутнасць?.. Аднак, сэр рыцар, п’ю за твае здароўе і за поспех усіх сапраўдных палюбоўнікаў… Толькі ты, мабыць, не з іх ліку? — дадаў ён, бачачы, што рыцар, які пачаў адчуваць шум у галаве ад бесперапыннай выпіўкі, наліў сабе келіх не віном, а вадою з кубка.
— Як-жа, — сказаў рыцар, — ці не ты мне гаварыў, што гэта вада з благаславенай крыніцы твайго апекуна, святога Дунстана?
— Так-то яно так, — адказаў пустэльнік, — і цэлымі сотнямі хрысціў ён у ёй язычнікаў, а толькі я ніколі не чуў, каб ён сам піў гэту воду. Святы Дунстан, нябось, не горш нашага ведаў правы і абавязкі добрага манаха.
З гэтымі словамі ён узяў арфу і заспяваў:
Ну, ідзі, шукай па свету, |
— Сапраўды, — сказаў рыцар, — праспяваў ты добра і весела і ўславіў сваё званне, як належыць. А дарэчы, пра чорта, святы алтарнік, ты не баішся, што ён калі-небудзь адведае цябе якраз у часе супроцьцаркоўных практыкаванняў?
— Супроцьцаркоўных? — працягнуў пустэльнік. — Гэта я вінен супроць царквы?.. Вось ужо ніколі! Пляваць мне на такое абвінавачанне. Я служу сваёй капліцы верай і праўдай: дзве імшы кожны божы дзень, ютраню і вячэрню, часы, кануны, павячэр, колькі разоў адно „Верую“ прачытаеш, ды яшчэ „Багародзіцу“ і „Ойча наш“…
— Выключаючы толькі відныя ночы, калі добра паляваць на дзічыну, — падказаў госць.
Раптам вельмі моцны стук страсянуў дзверы хаціны.