Раздзел XXV Айвенго. Раздзел XXVI
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXVII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXVI

КАЛІ блазен, апрануты ў расу і капюшон пустэльніка і падперазаны вузлаватаю вяроўкаю, з’явіўся перад брамаю замка Рэджынальда Фрон дэ-Бёф, брамны вартаўнік запытаў яго, як яго завуць і зачым ён прыйшоў.

— Мір вам, — адказаў блазен. — Я пакорны манах францысканскага ордэна, прыйшоў уцешыць няшчасных вязняў, якія зараз знаходзяцца ў сценах гэтага замка.

— Мужны-ж ты манах, — сказаў вартаўнік, — калі адважыўся прыйсці ў такое месца, дзе за выключэннем нашага п’янага капелана, ужо дваццаць год як не было такіх пеўчых птушак, як ты.

— Ужо будзь ласкавы, — сказаў уяўны манах, — далажы пра мяне гаспадару замка; павер, што ён мяне прыме з ахвотаю; а я бяруся так моцна спяваць, каб па ўсяму замку чуваць было.

— Вось за гэта дзякуй, — сказаў вартаўнік, — але калі мне дастанецца за тое, што я пакіну маю вартаўнічую будку дзеля твайго даручэння, я не пагляджу, што ты манах, а прыстрэлю цябе на месцы.

Пагразіўшы яму такім чынам, вартаўнік выйшаў з маленькай вежы і пайшоў у вялікую залу замка з паведамленнем, што каля брамы стаіць святы чалавек і просіць дазволу ўвайсці. Да немалога здзіўлення вартаўніка, гаспадар загадаў тойчас упусціць святога чалавека.

Шалёная саманадзейнасць, якая штурхнула Вамбу ўзяць на сябе небяспечную ролю, ледзь не пакінула яго ў тую хвіліну, калі ён апынуўся ў прысутнасці такога страшэннага чалавека, якім быў грозны Фрон дэ-Бёф, што на ўсіх наганяў жах. Бедны блазен прагаварыў свой „Мір вам!“ такім дрыжачым і слабым голасам, якім яшчэ ні разу не гаварыў гэтага прывітання. А на яго ён наогул вельмі разлічваў для падтрымання сваёй ролі. Але Фон дэ-Бёф прывык, каб людзі ўсякага саслоўя дрыжэлі перад ім, так што палахлівасць уяўнага манаха не выклікала ў ім ніякага падазрэння.

— Хто ты, манах, і адкуль? — запытаў ён.

— Мір вам! — паўтарыў блазен. — Я — бедны служка святога Францыска, ішоў праз гэтыя лясы, папаў у рукі разбойнікаў, тыя паслалі мяне ў гэты замак выканаць мой святы абавязак пры двух асобах, асуджаных вашым высокашаноўным правасуддзем на смерць.

— Так, так, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — а ці не можаш ты сказаць мне, святы айцец, ці шмат там гэтых бандытаў?

— Адважны пан, — сказаў Вамба, — імя ім легіён.

— Ты мне проста скажы, колькі іх, манах, а то ні твая раса, ні вяроўка не абароняць цябе ад майго гневу!

— Гора маё! — сказаў уяўны манах, — я ледзь не лопнуў ад страху! Але здаецца мне, што ўсіх там і іёменаў, і мужыкоў, бадай што, пяцьсот чалавек.

— Як, — выклікнуў храмоўнік, які ў тую хвіліну ўвайшоў у залу, — няўжо гэты асіны рой сабраўся ў такім мностве? Значыцца, пара задушыць іх ліхое племя?

Ён адвёў гаспадара ў бок і запытаў яго:

— Ведаеш ты гэтага манаха?

— Не, — адказаў Фрон дэ-Бёф, — ён не тутэйшы, з далёкага манастыра, і я яго не ведаю.

— У такім разе не перадавай яму на словах таго, што хацеў даручыць яму, — сказаў храмоўнік, — а няхай ён аднясе пісьмовы загад ад імя дэ-Брасі да яго вольнай дружыны, каб яны той-жа час ішлі сюды на дапамогу свайму начальніку. І тымчасам, каб гэты поп не здагадаўся ў чым справа, дазволь яму выканаць сваю задачу іпадрыхтаваць саксонскіх свіней да бойні.

— Добра, няхай так і будзе, — адказаў Фрон дэ-Бёф і загадаў аднаму з слуг праводзіць Вамбу ў той пакой, дзе былі Седрык і Атэльстан.

— Мір вам! — прагаварыў блазен, увайшоўшы да іх, — хай будзе над вамі блаславенне святога Дунстана, святога Дзеніса, святога Дзютока і ўсіх святых!

— Уваходзь, калі ласка, — сказаў Седрык уяўнаму манаху, — чаго прыйшоў ты да нас?

— Я прыйшоў прыгатаваць вас да смерці, — адказаў блазен.

— Не можа быць! — закрычаў Седрык, страпянуўшыся. — Як яны ні злобныя, як ні бясстрашныя, яны не адважацца ўчыніць над намі такую жорсткую і несправядлівую расправу!

— Прабачце, — сказаў блазен, — звяртацца да іх чалавекалюб’я было-б таксама дарэмна, як утрымліваць шалёнага каня на шаўковай вуздэчцы. А таму падумай добра, шляхетны Седрык, а таксама і вы, адважны Атэльстан, якія маеце вы грахі.

— Чуеш ты гэта, Атэльстан? — сказаў Седрык, — узнімемся-ж духам для гэтага апошняга нашага вялікага ўчынку. Лепш памерці як належыць мужчыне, чым жыць у няволі.

— Я гатоў, — сказаў Атэльстан, — перацярплю ўсё, што можа прыдумаць іх злосць, і пайду на смерць гэтак-жа спакойна, як пайшоў-бы абедаць.

— Дык прыступім да прычасця, айцец мой, — сказаў Седрык.

— Пачакай хвілінку, дзядзечка, — сказаў блазен сваім звычайным голасам, — што ты вельмі хутка сабраўся? Лепш агледзься добра, перш чым скакаць у цемрадзь лютую.

— Мне сапраўды здаецца, — сказаў Седрык, — быццам яго голас мне знаёмы!

— Гэта голас твайго блазна, — адказаў Вамба, скідаючы з галавы капюшон. — Калі-б ты раней паслухаўся мае дурное парады, ты-б сюды не папаў. Прымі-ж хоць цяпер параду свайго дурня, тады напэўна, ненадоўга тут застанешся.

— Гэта, як-жа, блазен? — запытаў Седрык.

— А вось як, — адказаў Вамба, — апрані гэты балахон і завяжы вяроўку, толькі ў іх і заключаецца мой святы сан… і спакойна ідзі з замка, а мне пакінь свой плашч і пояс, каб мне заняць тваё месца і за цябе скочыць, куды давядзецца.

— Табе заняць маё месца? — сказаў Седрык, здзіўлены такой прапановай. — Але-ж яны цябе проста павесяць, бедны мой дурань.

— І няхай робяць, што хочуць, — адказаў Вамба.

— Ну, Вамба, я згодзен прыняць тваю прапанову толькі з адной умовай, — сказаў Седрык, — а іменна, каб ты перамяніўся вопраткай не са мною, а з сэрам Атэльстанам.

— Э, не, клянуся святым Дунстанам, гэта для мяне не падыходзячая справа.

— Нягоднік, продкі Атэльстана былі ўладарамі Англіі!

— Мне ўсёроўна, кім-бы яны ні былі, — супярэчыў Вамба, — але, у мяне ёсць галава на плячах, і я зусім не хачу, каб мне скруцілі шыю дзеля яго продкаў.

— Ідзіце, шляхетны Седрык, — сказаў Атэльстан, — не прапускайце такога выпадку. Ваша прысутнасць па-за сценамі гэтага замка будзе спрыяць нашаму выратаванню, тады як, калі вы застанецеся тут, усе мы прапалі.

— А хіба за сценамі ёсць надзея на выручку? — запытаў Седрык, паглядзеўшы на блазна.

— І яшчэ якая надзея! — выкрыкнуў Вамба. — Хай будзе табе вядома, што, апрануўшы мой балахон, ты апранаешся ў генеральскую вопратку. Пяцьсот чалавек сабралася каля сцен, і сёння я быў адным з галоўных правадыроў. Мая дурная шапка сышла за каску, а брызкаўкі за маршалаўскі посах. Вось пабачым, ці шмат яны выйграюць, змяніўшы дурня на разумнага чалавека.

Яны канчаткова перамянілі вопратку, як раптам у галаве Седрыка ўзнікла новае сумненне.

— Я ніякіх моў не ведаю, акрамя свае роднае гаворкі ды некалькіх сказаў панармандску; як-жа буду я выдаваць сябе за сапраўднага манаха?

— Уся штука ў двух словах, — сказаў Вамба. — Што-б не гаварылі табе, адказвай: „мір вам“. Ці трэба табе ўвайсці або выходзіць, блаславіць каго або праклясці — „мір вам“ ды і ўсё тут. Для манахаў гэтыя слоўцы гэтак-жа патрэбны, як памяло для ведзьмы або посах для чараўніка. Вымаўляй толькі так… нізкім голасам і з паважнасцю… „мір вам“! І убачыш, супроць гэтага ніхто не ўстаіць. Ці варта, ці брамны вартаўнік, рыцар ці зброяносец, пешы або конны, на ўсіх дзейнічае, як цудадзейнае зелле. Я думаю, калі павядуць мяне заўтра вешаць, што яшчэ вельмі няпэўна, я паспрабую сказаць гэтыя словы таму, каму даручаць мяне караць… а мо’ дапаможа!

— Калі так, — сказаў Седрык, — я ў момант ператваруся ў манаха. Шляхетны Атэльстан, бывай… Бывай і ты, Вамба. Я вас выручу, або вярнуся і памру разам з вамі.

— Бывайце, шляхетны Седрык, — сказаў Атэльстан, — памятайце, што манахі ніколі не адмаўляюцца закусіць, і калі вам прапануюць падмацаваць вашы сілы, не выходзьце з ролі, згаджайцеся.

Прабіраючыся нізкім скляпеністым калідорам да выходных сянец, Седрык раптам убачыў перад сабою жаночую фігуру.

— Мір вам! — сказаў уяўны манах, імкнучыся хутчэй прайсці міма, але мяккі жаночы голас спыніў яго.

— Прашу вас, вялебны айцец, будзьце міласцівы, наведайце параненага палоннага, які ляжыць тут у замку. Зрабіце такую ласку яму і нам… За такую добрую справу ваш манастыр атрымае такую шчодрую міласціну, якой яшчэ ніколі не атрымліваў…

— Дачка мая, — адказаў Седрык у трывозе, — мне нельга заставацца ў гэтым замку і траціць час на выкананне звычайных маіх абавязкаў… Я павінен выйсці адсюль як можна хутчэй… Жыццё і смерць шмат каго залежыць ад майго спешнага ўходу.

— Айцец мой, малю вас у імя зарокаў, якія вы далі, не пакідайце няшчаснага, не адмоўце яму ў сваіх парадах і дапамозе ў хвіліну небяспекі! — прадаўжала прасіцельніца.

— А каб мяне д’ябал забраў! — прагаварыў Седрык раздражнёна і, напэўна, прагаварыў-бы яшчэ некалькі сказаў ў такім-жа духу і ў поўнай супярэчнасці з сваёй манахаўскай вопраткай, як раптам гутарка была перапынена грубым голасам Урфрыды, тае старое, якая жыла ў асобнай вежы.

— Гэта што значыць, міленькая? — звярнулася яна да бяседніцы Седрыка. — Гэта ты так плоціш за маю дабрату, за тое, што я табе дазволіла выйсці з верхняе святліцы? — Ідзі сюды, айцец мой, — прадаўжала старая, — ты не тутэйшы і без павадыра не выберашся з замка.

Рэвека пайшла. Прыставаннямі і просьбамі ёй удалося ўмаліць Урфрыду дазволіць ёй выйсці з вежы, пасля чаго Урфрыда паставіла яе даглядаць параненага Айвенго, чаго самой Рэвецы хацелася больш усяго. У поўнай меры разумеючы памеры пагражаючай ёй небяспекі, Рэвека не выпускала самага малога выпадку, каб што-небудзь зрабіць для выратавання палонных. Пачуўшы, што ў гэты замак неяк трапіў свяшчэннік, яна спадзявалася праз яго чаго-небудзь дабіцца. З тым і чакала яна ў калідоры ўяўнага манаха, але яе спробы былі марныя.