Айвенго (1934)/XXVIII
← Раздзел XXVII | Айвенго. Раздзел XXVIII Раман Аўтар: Вальтэр Скот 1934 год Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819) Пераклад: Іван Гарбуз |
Раздзел XXIX → |
РАЗДЗЕЛ XXVIII
КАЛІ Айвенго ў часе турніру ўпаў каля ног Равены і ўсе, як відаць, ад яго адступіліся, Рэвека ўпрасіла свайго бацьку ўзяць рыцара з бегавішча і завезці яго ў дом, які яўрэі займалі на ўскраіне горада Ашбі.
Рэвека, не трацячы часу, правяла маладога рыцара ў часовую кватэру свайго бацькі і ўласнымі рукамі абмыла і перавязяла яму рану.
Весткі па медыцыне і лекарскаму майстэрству Рэвека атрымала ад адной пажылай яўрэйкі, дачкі аднаго з вядомых яўрэйскіх дактароў. Гэта старая, звалі якую Мірыям, любіла Рэвеку, як уласную дачку, і былі чуткі, быццам яна перадала Рэвецы ўсе таямніцы пазнання, якія сама атрымала ад свайго мудрага бацькі.
Калі рыцар Айвенго быў прынесены ў жыллё Ісаака, ён усё яшчэ быў у непрытомнасці, дзякуючы таму, што шмат сцякло крыві. Рэвека агледзела рану і, прылажыўшы да яе лекі па ўсіх правілах свайго майстэрства, сказала бацьку, што калі не будзе ў хворага трасавіцы, на што дазволіла спадзявацца вялікая страта крыві, і калі лекавы бальзам старой Мірыям не згубіў свае сілы, дык няма чаго баяцца за жыццё іх госця, і ён можа заўтра-ж накіравацца з імі ў Іёрк.
Толькі пад канец вечара Айвенго апрытомнеў і пачаў разумець акружаючае. Апрытомнеўшы, ён спачатку доўга не мог нічога скеміць; дарэмна стараўся ён прыпомніць тое, што было перад тым, як ён упаў на бегавішчы, або колькі-небудзь звязна ўявіць сабе падзеі і ўражанні ўчарайшага дня. Ён адчуваў свае раны, пабітыя месцы, адчуваў вялікую слабасць, знямогу, і ўсё гэта мяшалася ў яго розуме з уяўленнем аб атрыманых і нанесеных ударах, конях, што імчацца адзін на аднаго, сшыбаюцца і падаюць, галосных выгуках, звоне зброі і ўсёй наогул імпэтнай мітусні гарачага бою. З вялікай цяжкасцю спрабаваў ён адхінуць занавеску свайго ложка і да некаторай ступені зрабіў гэта, не гледзячы на боль ад раны, якая перашкаджала яму рухацца.
Да вялікага яго здзіўлення выявілася, што ён знаходзіцца ў надзвычай прыгожа прыбраным пакоі; толькі замест крэслаў удоўж сцен ляжалі горы падушак, ды і ў іншых адносінах мебліроўка мела такі ўсходні адценак, што ён пачаў сумнявацца, ці не прывязлі яго ў часе сну назад у Палестыну. Гэта ўражанне яшчэ больш узмацнілася, калі цяжкая драпіроўка паднялася і ў дзверах паказалася жаночая фігура ў багатай адзежы, якая напамінала хутчэй усходні гарнітур, чым звычайнае еўрапейскае адзенне таго часу; гэта фігура нячутнаю хадою ўвайшла ў пакой, і следам за ёю ўвайшоў смуглы прыслужнік.
Паранены рыцар толькі што намерваўся звярнуцца з запытаннем да наведвальніцы, але яна прылажыла палец да губ, быццам прасіла яго маўчаць. Слуга, падышоўшы да ложка, адкрыў параненае сцягно з тым, каб прыгожая яўрейка магла пераканацца ў тым, што перавязка не спаўзла з месца і рана ў парадку. Яна выканала сваю справу з грацыёзнай годнасцю, проста і сціпла. У некалькіх кароткіх словах, сказаных на яўрэйскай мове, Рэвека дала патрэбныя ўказанні старому служку; а ён, які не раз ужо, відаць, быў яе памочнікам у такіх выпадках, без пярэчання падначаліўся ёй.
Айвенго моўчкі падпарадкаваўся ўсяму, што лічылі патрэбным зрабіць для яго палёгкі.
Калі ўсе гэтыя турботы былі скончаны і лекарка сабралася адыходзіць, ён больш не меў сілы супрацівіцца авалодаўшай ім цікавасці і сказаў, звяртаючыся да яе на арабскай мове, якую добра вывучыў у часе сваіх вандраванняў на Ўсходзе:
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
— Прашу вас, добрая дзяўчына, будзьце так ласкавы…
Але тут прыгожая лекарка перапыніла яго гаворку з міжвольнай усмешкай, якая на некалькі секунд азарыла яе твар, звычайна задуменны і сумны.
— Я жыву ў Англіі, сэр рыцар, — сказала яна, — і разумею паанглійску, хоць па адзенню і паходжанню належу да іншай краіны.
— Шляхетная дзяўчына, — пачаў Айвенго; але Рэвека зноў паспяшыла перапыніць яго:
— Сэр рыцар, — сказала яна, — не велічайце мяне тытулам шляхетнай: лепш адразу спазнайце, што ваша служанка не больш, як бедная яўрэйка, дачка таго самага Ісаака з Іёрка, якому вы нядаўна былі такім дабрадзеем і абаронцам. І ён, і ўсе яго чаляднікі абавязаны акружыць вас магчымым доглядам і апекаю, як таго патрабуе ваша цяперашняе хворае становішча.
Пасля гэтага Рэвека паведаміла Айвенго, што ім трэба спяшацца выехаць у Іёрк, што бацька яе вырашыў і яго ўзяць з сабою, пасяліць у сваім доме і да таго часу трымаць там, пакуль яго здароўе не будзе канчаткова ўмацавана.
— Хіба няма ў Ашбі, — сказаў на гэта Айвенго, — або дзе- небудзь у ваколіцах саксонскага франкліна або хоць-бы багатага селяніна, які згадзіўся-б узяць пад сваю апеку параненага земляка і даць яму прытулак, покуль ён не будзе магчы зноў апрануцца ў сваё ратнае ўзбраенне? Няўжо няма паблізу саксонскага манастыра, куды-б мяне прынялі?.. Ці нельга, прынамсі, аднесці мяне ў Буртон, дзе, напэўна, акажа мне гасціннасць настаяцель абацтва святога Вітольда, з якім мы знаходзімся ў сваяцтве?
— Вядома, — адказала Рэвека, — і горшы з пералічаных вамі прытулкаў быў-бы для вас больш зручным жыллём, аднак, сэр рыцар, калі не хочаце прагнаць свайго ўрача, вам нельга перамяніць месца жыхарства. Яўрэі, як вам вядома, умеюць лячыць раны, хоць і не бяруцца наносіць іх; у нашай сям’і, да таго-ж, захоўваюцца некаторыя ўрачэбныя сакрэты; адным з гэтых сродкаў вы ўжо карысталіся і, відаць, выпрабавалі яго дзейнасць. Ні адзін лекар у межах чатырох брытанскіх мораў не здолеў-бы паставіць вас на ногі хутчэй, чым праз месяц.
— А як хутка можаш гэта зрабіць ты? — сказаў Айвенго з нецярплівасцю.
— Праз восем дзён, калі будзеш цярпліва і паслухмяна выконваць мае прадпісанні, — адказала Рэвека.
— Цяпер, мой добры ўрач, скажы мне, што там здарылася пасля мяне? Ці не ведаеш чаго аб шляхетным саксонцы Седрыку, аб яго чалядніках?.. Пра тую прыгожую даму… — Ён запнуўся, не адважваючыся выгаварыць імя Равены. — Пра тую, што была выбрана царыцай турніру?
— Гэта-ж вы яе выбралі, сэр рыцар, і ўзвялі на ганаровы трон, — сказала Рэвека, — і ваш выбар заслужыў не меншую ўхвалу, чым ваша мужнасць.
Не гледзячы на тое, што Айвенго страціў шмат крыві, гэта не перашкодзіла яму ўспыхнуць яркім румянцам пры думцы, што ён неасцярожна выказаў свае сапраўдныя пачуцці да Равены тым, што так нязграбна паспрабаваў схаваць іх.
— Я хацеў гаварыць не пра яе, а галоўным чынам пра прынца Іоана, — сказаў ён, — а яшчэ мне хацелася-б ведаць, куды дзеўся мой верны зброяносец, і чаму ён цяпер не пры мне?
— А я выкарыстаю сваю лекарскую ўладу і загадаю вам памаўчаць, — сказала Рэвека. — Калі ласка, унікайце трывожных разваг, я сама пастараюся паведаміць вам усё, што вы хочаце ведаць. Прынц Іоан спыніў турнір і спешна выехаў у Іёрк разам са сваімі дваранамі, рыцарамі і прэлатамі свае партыі, усякімі праўдамі і няпраўдамі сабраўшы як можна больш грошай з тых, хто мае ў тутэйшым краі рэпутацыю багацеяў. Гавораць, што ён мае намер завалодаць каронаю свайго брата.
— Ну, гэта мы яшчэ паглядзім! — усклікнуў Айвенго, прыўзняўшыся на ложку. — Я буду біцца за Рычарда з самымі харобрымі з яго праціўнікаў… Адзін супроць двух пайду!..
— Але для гэтага, каб вы змаглі гэта зрабіць, — сказала Рэвека, крануўшы яго рукою за плячо, — вы павінны перш усяго слухаць мяне і ляжаць спакойна.
— Праўда, праўда, — сказаў Айвенго, — так спакойна, як будзе магчыма ў гэты неспакойны час… Ну, дык што-ж Седрык і яго чаляднікі?
— Толькі што быў у нас яго дварэцкі, — сказала Рэвека, — прыбег засопшыся да майго бацькі за грашыма, якія бацька быў вінен Седрыку за воўну з яго авечак. Ад гэтага чалавека я даведалася, што Седрык і Атэльстан Конінгсбургскі пайшлі з дому прынца Іоана разгневаныя і той-жа час сабраліся выязджаць дахаты.
— А на гэтым банкеце былі з імі дамы? — запытаў Уільфрэд.
— Лэдзі Равена, — адказала Рэвека з большай пэўнасцю, чым ёй задана было пытанне, — лэдзі Равена не паехала на банкет да прынца, і цяпер, як сказаў нам іх дварэцкі, яна таксама паехала дахаты, у Ротэрвуд, разам з яе апекуном Седрыкам. Што-ж датычыцца вашага вернага зброяносца Гурта…
— Ах, — усклікнуў рыцар, — ты ведаеш яго імя?.. Але я бачу, што ведаеш, ды і як табе не ведаць, калі яшчэ ўчора ён атрымаў з тваіх рук сотню цэхінаў, як я цяпер пераканаўся толькі дзякуючы твайму вялікадушшу і шчодрасці!
— Не гавары пра гэта, — сказала Рэвека, моцна пачырванеўшы, — я цяпер сама бачу, як язык лёгка выкрывае тайны, якія сэрца палічыла-б за лепшае схаваць.
— Мой гонар, — сказаў Айвенго сур’ёзна, — абавязвае мяне звярнуць гэтыя грошы вашаму бацьку.
— Рабі, як хочаш, — сказала Рэвека, — але дачакайся, каб мінула восем дзён, а да таго часу не думай, не гавары ні аб чым такім, што магло-б перашкодзіць твайму выздараўленню.
— Добра, ласкавая душа, — сказаў Айвенго, — з майго боку было-б няўдзячна супраціўляцца тваім загадам… Яшчэ адно слова аб лёсе беднага Гурта, і я ні аб чым больш не буду цябе распытваць.
— З жалем павінна табе сказаць, сэр рыцар, што ён узяты пад варту па загаду Седрыка.
Заўважыўшы, што гэта паведамленне зрабіла на Уільфрэда цяжкое ўражанне, Равека той-жа час дадала:
— Аднак, дварэцкі Освальд гаварыў мне, што калі Гурт нічым іншым не выкліча на сябе гаспадарскага гневу. Седрык даруе яму, таму што Гурт — верны слуга, заўсёды лічыўся лепшым і цяпер толькі тым і правініўся, што даказаў сваю прыхільнасць да сына Седрыка. І яшчэ ён мне сказаў, што калі слугі заўважаць, што гнеў Седрыка на Гурта не будзе змягчацца, дык усе яго таварышы, асабліва блазен Вамба, рашылі ўгаварыць Гурта, каб ён па дарозе ўцёк і схаваўся ад гаспадара.
— Добра калі-б гэта ўдалося ім, — сказаў Айвенго.
— Прымі лякарства, якое я табе прышлю з Рубінам, і пасля таго пастарайся супакоіцца і добра заснуць, каб набрацца сіл для надыходзячага табе заўтра пераезду.
Айвенго падначаліўся распараджэнням Рэвекі. Пітво, якое прынёс яму Рубін, было заспакойлівай і снатворнай якасці і дало пацыенту моцны і асвяжальны сон. Раніцою Рэвека застала яго зусім пазбаўленым ад усякіх адзнак трасавіцы і здольным перанесці ўтомнае вандраванне.
Яго палажылі ў конныя насілкі, на якіх прывезлі з турніру, і патурбаваліся, каб яму было зручна і спакойна. Толькі ў адных адносінах Рэвека не магла ўпрасіць бацьку пашанаваць сілы параненага рыцара. Ісааку ўсюды здаваліся зладзеі і разбойнікі; ведаючы, што і буйныя нармандскія дваране, і адважныя саксонскія бандыты былі-б вельмі рады пажывіцца за яго кошт, ён баяўся іх, як агня. Таму ён ехаў са ўсёй хуткасцю, спыняючыся на самы кароткі час; скарачаў харчоўку да-нельга, так што перагнаў Седрыка і Атэльстана, хоць выехаў з Ашбі на некалькі гадзін пазней іх.
Надмерная паспешнасць Ісаака мела фатальныя вынікі.
Калі яны папалі ў рукі дэ-Брасі і яго пасобнікаў, спачатку ніхто не звярнуў увагі на конныя насілкі, і яны рызыкавалі застацца кінутымі сярод дарогі, калі-б дэ-Брасі не пацікавіўся зірнуць у іх. Ён быў надзвычай здзіўлены, калі выявілася, што ў насілках ляжыць паранены, які, думаючы, што трапіў у рукі саксонскай вольніцы, і спадзяючыся, што абвясціўшы сваё імя, тым самым пазбавіць ад гвалту і сябе і сваіх спадарожнікаў, тойчас адкрыта сказаў, што яго завуць Уільфрэд Айвенго.
Строгія разуменні аб рыцарскім гонары, якія ніколі зусім не пакідалі дэ-Брасі, не гледзячы на яго разбэшчанасць і лёгкадумнасць, забаранялі яму ўчыніць гвалт над рыцарам у такім бездапаможным стане; таксама не мог ён аддаць яго ва ўладу Рэджынальда Фрон дэ-БёФ, ведаючы, што той не задумаецца ўмярцвіць тым ці іншым спосабам пры першым зручным выпадку чалавека, які меў правы на валоданне маёнткам Айвенго. З другога боку, у дэ-Брасі нехапіла настолькі прыстойнасці, каб адпусціць на ўсе чатыры бакі саперніка, які меў прэтэнзіі на руку Равены.
Дэ-Брасі загадаў двум з сваіх слуг ехаць паабапал насілак і нікога не дапушчаць да іх. Калі да іх будуць прыставаць з распытваннем, гаспадар загадаў гаварыць ім, што гэта пустыя насілкі лэдзі Равены, у якія палажылі аднаго з іх таварышоў, параненых у часе бойкі. Пасля прыезду ў Торкільстон слугі Морыса дэ-Брасі аднеслі Айвенго (прадаўжаючы яго называць параненым таварышам) у адзін з далёкіх пакояў замка. Тое-ж тлумачэнне далі яны і гаспадару дома, калі ён патрабаваў, каб яны ішлі на сцены і прынялі ўдзел у абароне замка.
— Паранены таварыш! — выклікнуў ён у здзіўленні і злосці. — Не дзіўна, што іёмены адважваюцца абложваць баронскія замкі, а блазны і свінапасы прысылаюць дваранам выклік на бой, калі воіны робяцца сядзелкамі пры хворых, а байцы з вольнай дружыны наймаюцца ахоўваць паміраючага ў тую хвіліну, калі замак у аблозе!.. Ідзіце на сцены, праклятыя гультаі! — крыкнуў ён такім грамавым голасам, што пад скляпеннем пракаціліся грозныя адгалоскі. — Я вам гавару, па мясцах!.. А не то я ўсе косці вам пераламлю гэтай дубінкай!
Слугі панура адказвалі, што і самі рады ісці на сцены, толькі-б Фрон дэ-Бёф узяўся апраўдаць іх перад іх гаспадаром, які загадаў ім даслядаць за паміраючым.
— Вось я вам задам нягоднікі! — крычаў Фрон дэ-Бёф. — Я вось зараз вас змяню… прыстаўлю іншую сядзелку да вашага агіднага таварыша. Гэй, Урфрыда! Праклятая старая… Гэй, саксонская ведзьма! Не чуеш, ці што?.. Ідзі даглядай за параненым язычнікам, а гэта брыдота пойдзе ў справу… Вось вам два арбалеты, таварышы, і да іх калаўроткі і кварэлі[1]. Станавіцеся каля бойніц і глядзіце, каб кожны выстрал пападаў у саксонскую мазгаўню!
Слугі дэ-Брасі, сумаваўшыя ў бяздзейнасці, з радасцю накіраваліся на вызначаны ім небяспечны пост, і такім чынам клопаты аб параненым Айвенго былі ўскладзены на Урфрыду, або Ульрыку. Але яна ў гэты час была так захоплена асэнсаваннем перанесеных крыўд і прагнасцю помсты, што вельмі ахвотна перадала Рэвецы абавязкі глядзець за пацыентам.
- ↑ Арбалет — самастрэл. Яго нацягвалі калаўротам.
Кварэлем называлі стралу з прымацаваным да яе балтом квадратнай або кубічнай формы, з кантамі па рагах.