Алёша (1927)/Вясёлы народ/Вясёлы народ
← Вось што значыць заракамандавацца | Вясёлы народ Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1927 год |
Вар‘яцкая чахарда → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясёлы народ… |
ВЯСЁЛЫ НАРОД…
Люблю панскую Польшчу.
Маладая дзяржава, а працавітая…
— Школы зачыняе…
— Нацменшасьці граміць…
— Турмы будуе…
А тут яшчэ дзяржаўныя спрэчкі пайшлі…
Адны кажуць: стаяць!
Другія кажуць: сядзець!
Адны кажуць: дурні!
Другія адказваюць: ад гэткіх і чуем таму, што і вы члены сойму…
Нарэшце вынесьлі крэслы і прачыталі дэкрэт аб адчыненьні сойму.
А тыя, што крычалі „стаяць“, яшчэ і пасьмейваліся над тымі, што гукалі „сядзець“.
Казалі: — сядайце, будзьце ласкавы, панове паслы на сойм. На чым стаіце, на тым і сядайце! Просім!..
І не пасьпелі яшчэ паслы адпачыць пасьля першага дзяржаўнага канфлікту, як выбух другі.
Адны кажуць: устаўляць!
Другія адказваюць: не ўстаўляць!
Адны кажуць: людзі сьмяяцца будуць.
Другія адказваюць: затое ў пер‘ях хадзіць будзем!
Справа ў тым, што ўрадавыя колы рашылі завесьці форму для дзяржаўных чыноўнікаў.
Па гэтаму праэкту адказны чыноўнік павінен будзе ў шапцы насіць два страусавыя пяры, менш адказны чыноўнік адно, але затое белае страусавае пяро, а „калежскія рэгістратары“ адно ды і тое чорнае…
Вядома, калежскія рэгістратары запратэставалі:
— Чаму, — кажуць, — гэткая несправядлівасьць, адным будуць устаўляць па два пяры і абодвы белыя, а нам уставяць адно ды і тое чорнае…
А міністар асьветы, кажуць, патрабаваў дадаткова, каб да пер‘яў яму яшчэ дазволілі ўставіць асьліны хвост.
— Для намёку, — кажа, — мне гэта патрэбна. Каб усе бачылі, што я асьветаю кірую, школы зачыняю і наогул…
Пакуль што яшчэ невядома, чым гэты ўрадавы праэкт кончыцца, але спрэчкі ўжо ідуць…
Адны кажуць: устаўляць!
Другія адказваюць: не устаўляць!
Адны кажуць: са скіпідарам.
Другія адказваюць: без скіпідару.
Вясёлы народ…
Люблю панскую Польшчу…