А ўсё ж спаткаемся з табой…
А ўсё ж спаткаемся з табой… Аўтар: Алесь Мілюць 1938 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 326 |
А ўсё ж спаткаемся з табой,
Мая нязнаная дзяўчына,
І станем цвёрдаю стапой
На новых жыцця каляінах!
Адгонім сум і гора прэч,
Паднімем светач яснай веры
І пойдзем шчасцю насустрэч
Праз вір жыцця нязнаны, шэры.
Забудзем хутка лёс благі —
Нам шчасце буйна зарунее, —
І зажывём мы без тугі,
Адной сагрэтыя ідэяй.
Усё ж спаткаю я цябе,
Мая нязнаная дзяўчына!
З табой у шчасці і бядзе
Адною пойдзем каляінай.