Над калыскай Кароль
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Дзед і баба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кароль (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАРОЛЬ

Я кароль над каралямі,
Пан я над панамі!
Што мне значаць і цары ўсе,—
Пасудзеце самі.

Тругу-гугу! тругу-гугу!—
Дзьму я ў рог вайсковы:
Гэта знак даю падданым
З трубы берастовай.

Лясь-лясь! лясь-лясь!—зброяй лясну
Ўправа, ўлева громка:
Гэта страшу я падданых
Пугай доўгай, ёмкай.

І сабраў сваіх падданых
І павёў, павёў я
Цераз горы, цераз долы,
За гай, за дуброўе.

Тругу-гугу! тругу-гугу!—
Зноў трублю сярдзіта;
Лясь-лясь! лясь-лясь!—сьвішчу зброяй
Грозна, санавіта.

І усеўся я на троне—
На карчы яловым,
А падданыя падданяць,
Ня буркнуць ні слова.

Толькі—скуб-скуб! скуб-скуб! траўку
Згодна ды пакорна,
Ажно рэха ад скубаньня
Коціцца прасторна.

Толькі часам мму-у! мму-у!—
Замычыць цялётка;
Бэ-э, мэ-э! бэ-э, мэ-э!
Забляе ягнётка.

Рох-рох, цох-цох! кві-кві, кві-кві!—
Пісьне парасётка,
Ды гі-гі-гі!—адыйржэцца
Недзе жарабётка.

А я важна, а я пышна
Сяджу на пасадзе,
На падданых пазіраю,
Як дзе на парадзе.

Сонца косы млоснай сьпекай
Сьцелюцца на полі,
А ў дуброве штось шапоча
Ліст з лістком паволі.

Куку-куку! куку-куку!—
Кукуе зязюля
Піць-піць! піць-піць!—каня кліча,
Як-бы посьле гуляў.

В-ву! ву-ву!—загудзеў жук
Каля вуха сьмела;
Ззын-ззын! ззын-ззын!—з мёдам з кветкі
Пчолка зазьвінела.

Сэрца мне затрапятала,
І я бяз прынукі—
Шась трубу сваю на плечы
Ды жалейку ў рукі!

Туль-туль-лілі! туль-туль-лілі!—
Граю, не зважаю;
Туля-ляля! туля-ляля!—
Птушкам падцінаю.

Гуля-ляля! Не кароль-жа
Я над каралямі?—
Я, мой статак, сонца, поле!..
Пасудзеце самі!