Над кудлатымі бярозкамі
Зацьвіла зара малінаю;
Песьня радаснымі ўсплескамі
Расплылася над далінаю…
Ой, прышлі дзянькі вясёлыя!
Комсамольцы — хлопцы простыя —
Божы дом зрабілі школаю,
А папу пад сэрца — востры нож.
На магіле воран каркае.
— На сваю ты каркай голаву!..
У савеце Ганна Маркава
Абвянчалася з Міколаю.
А Лявон прыехаў з гораду
(Там вучыўся на рабфаку ён).
І палі даўно завораны
Загранічным новым трактарам.
Разагнала цемру шэрую;
У старога сэрца стукае:
— Ані ў сон, ні ў чох ня веру я —
Толькі веру я ў сваю руку!..
Абрусамі саматканымі
Сонца сьцелецца над нівамі,
Песьціць поле здратаванае
Сьвежай руні зелянінаю…
Над кудлатымі бярозкамі
Зацьвіла зара малінаю;
Песьня радаснымі ўсплескамі
Зазьвінела над далінаю.
|