Бярозка (1912)/Заморскі зьвер

Баба Заморскі зьвер
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1912 год
Пазыка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Заморскі зьвер.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАМОРСКІ ЗЬВЕР.

…«Даўно, то даўно гэта было, але ешчэ помню, бо, між намі кажучы, далі такі добра нам на памяць. Было так: Рыгор,Гаўрыла і я выбраліся ў горад з дравамі; дровы прадалі, зайшлі да Янкеля выпіць чарку, сядзім, калякаем; чуем — каля другога стала гамоняць аб уселякіх зьверах заморскіх, якіх панавозілі цяпер у гэты горад. Гаўрыла і кажэ да нас: браткі, лепш меней чарак выпьем, а пойдземо паглядзець заморскую налпу. Добра, пайшлі; чаўпёмся па вуліцах, дапытываючыся, як і куды трапіць да гэтай заморскай зьвярыны, аж тут нарываецца нейкі і кажэ: хадзіце за мной, я вам пакажу налпу і кошту ніякаго ня будзе. Усьцешыліся мы; коцім за ім.—Слухайце дзядзькі, кажэ да нас правадыр наш, паказаць налпу, то я вам пакажу, але сам з вамі не пайду, бо яна вельмі сярдзітая і ня любіць, каб хто другі раз прыходзіў глядзець на яе, а я ўжо раз быў. Праўда, с перша і па нашым целі забегалі мурашкі, але — было не было: вядзі, кажэм. Завёў ён нас на нейкую вуліцу, збочыў у нейкі садок, ды і паказывае пальцам: бачыце, кажэ, вун гэны жоўты дом, і вялізарны ганак пры ім, падыйдзіце бліжэй і прыгледзьцеся — вось на крэсьлі і сядзіць тая заморская налпа. Сунуліся мы бліжэй, угледаемся, — праўда: страшная, гарбатая, твар неяк сплюснуўшыся, дый амаль не ўся ў валасох, але да чэлавека надта падобна—і нават апрануўшыся зусім як пан які: апратка пекная багатая; але і увагі на нас ніякай ня робіць, сядзіць і нават газэту чытае… Ну, думаем сабе, хоць налпа, але як заморская, дык можэ і умее чытаць? Асьмеліўшыся, сталі мы бліжэй падходзіць, — нічога — сядзіць. Гаўрыла кажэ: «братцы, — сьвісну я». — Сьвішчы, актазываем. — Сьвіснуў ён раз—нічога, сьвіснуў ругі і трэцці раз, ажно праўда — падняло гэтае зьвяр’ё галаву, дый лыпае на нас маленькімі вочкамі, але так неяк сьмешна, што мы ўсе ў рогат! Ажно, людцы вы мае, як запішчыць гэта яна на нас, і хоць усяго не зразумелі, але лаянка зусім да нашай падобна, толькі ешчэ крапчэйшая! — «Іш ты, кажэ Рыгорка, хоць заморская падла, а лаянкі тутэйшай скора навучылася». Дый ешчэ горш сталі рагатаць; а я, доўга не чэкаючы, тыц ей пад нос пугаўём. Браткі, вы мае! Калі ўскочыць гэта яна, выхапіла нейкую дудачку, ды засьвішчэ, — ўжо на што Гаўрыла быў здатны да гэтаго, а так бы не патрапіў! Але ня доўга мы дзіваваліся, бо як бач наляцела паліція і за карк, ды ў паліцію. Там мы толькі даведаліся, што жулік нас падвёў, бо гэта не заморская налпа, а амаль ня першы чэлавек у горадзі, але, як людзі нам казалі, надта падобны да налпы. Даведаліся мы ў паліціі ешчэ нечаго, але ўжо не заморскаго, а тутэйшаго—лазоваго куста; а мне за тое, што ткнуў пугаўём гэну зьвярыну, зрабілі гонар—лішніх пятнаццаць усыпалі»…