Васільковы россып (1929)/I/Белымі пялёсткамі

Зіма Белымі пялёсткамі
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Што сказаць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Белымі пялёсткамі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛЫМІ ПЯЛЁСТКАМІ

Белымі пялёсткамі парасьлі нізіны,
З белымі сьнягамі
Серабрыцца гаць.
Белая маўклівасьць села на каліны,
Села берагамі
Зацьвітаць.

Словы завіліся радасьцю нязнанай,
Стану каля грубы
У такую золь.
І здаецца проста, ці ільсьніцца снамі,
Ласкавыя губы
І каса, як смоль…

Песьня дарагая, словы, як сьняжынкі,
Сьцелюцца і падаюць
На сыры пясок,
Потым завіюцца ў песенных сьцяжынках
Ці каго парадуюць,
Ці падуць красой.

За вакном каліны, за вакном таполі
І зара над гаем
З зараніц.
А цяпер каліны хіляцца у полі
З белымі сьнягамі
Ніц.

Пасінела неба раніцой над гаем,
Пасінела рана —
Скрозь.
А сягоньня любая у мяне другая,
Ў залатым убраньні,
Ля бяроз.

Белымі пялёсткамі парасьлі нізіны,
З белымі сьнягамі
Серабрыцца гаць.
Белая маўклівасьць села на каліны,
Дзе яна — другая
Будзе расьцьвітаць.