Васільковы россып (1929)/I/Тысячы бярозавых лістоў

Струны звонкія зайшліся Тысячы бярозавых лістоў
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Я сягоньня пачуў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТЫСЯЧЫ БЯРОЗАВЫХ ЛІСТОЎ

Вось яна рыжая восень,
З навальніцамі жоўтых лістоў,
Быццам нехта над полем галосіць
І пагібельлю звоніць дажджоў.

Пажаўцела пад ветрамі поле,
Пажаўцела. І песень няма.
Помню, дзеўчына… высокія таполі
І блакітны над рэчкай туман.

Ах туман гэты, сіні туман!
Так і горнецца ў сінія вочы…
Гаварыла, што буду сама,
Так звычайна,
А ты — як хочаш…

А лісьцё залатой саранчою
Так і падала, так і нясло,
Хацелася ціха сказаць:
нічога,
Бачыш, восень і колькі лістоў.

Так прыемней у ветравым шуме,
Разгадаць, што і ў сэрцы зіма,
Як кахаў, але й сёньнячы сумна
І ласкавасьці гэнай няма.

А калісьці, вось тут, яшчэ ўчора,
Так зьвінелі бярозы і гай,
А цяпер залатой саранчою
Лісьце падае нізка к нагам.

Тысячы іх, звонкі вырай
Узьнімаюць далінамі ўніз,
Быццам нехта разьбітаю лірай
Адпявае мінулыя дні.

Але ростань…
Іду,
пад нагамі
Шум надломаны зыбкіх кустоў,
І хочацца сказаць:
дарагая!
Бачыш, восень і тысячы лістоў…

Гэта верасень звонкія стаі
Над вазёрамі ўзьвеяў рукой,
Гэта ён, у такім адцьвітаньні,
Сее сіні туман над ракой.

Ад таго пажаўцела так поле
І лісьця стаі — тысячны бунт.
Помню, дзеўчына… высокія таполі
І ласкавае: не за-бу-дзь!..