Васільковы россып (1929)/III/Верасьнёвы вечар

Ах, навошта Верасьнёвы вечар
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Зноў вясёлыя хаты і песьні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕРАСЬНЁВЫ ВЕЧАР

Верасьнёвы вечар залівае пожні,
Кожны куст увечары пыжыцца, як зьвер.
Прада мною заўжды ў цішыні варожай
Ўсё жыцьцё мінае, як далёкі сьпеў.

Лісьце ападае, кружыцца у гольлі,
Так і кожны дзень мой адлятаў кудысь.
Шмат бывала любых, а варожых колькі,
Як успомню, ў жудасьць ахінае высь.

Вось чаму заўсёды быў я адзінокім,
Ранены тугою сумаваў адзін, —
Радасьці шукаў я у чужых, далёкіх,
І заўсёды смуткам сэрца халадзіў.

Згіньце-ж, здані чорныя, загубіце, вербы,
Смутак мой з тугою у зялёны вір,
На удачу шчасьця пашукаць цяпер-бы,
Захмялець юнацтвам маладой крыві.

Мне ў жыцьці ня трэба радасьці занадта,
З песьняю жыву я, з ёю і памру:
Згінуць не шкадую, каб ля кожнай хаты
Песьняю віталі новую зару.

Гэта ўсё, за што я у жыцьці так многа
Для кагосьці ў песьнях крыжаваў душу.
Мо‘ затым заплямлены ўсе мае дарогі
Жоўтымі лістамі пад асеньні шум.

Што-ж, я рад і гэтаму, рад усім дзяліцца,
Рад бядзе і радасьці, ня мінуць яе…
Рассыпай-жа, вецер, залатое лісьце,
Цярусі на долы родныя мае!