ДРУЖКАМ МАІМ
Ці з таго, што залацеюць гоні
І на вуліцах гараць агні,
Я, браточкі, раскажу сягоньня,
Што навеялі на сэрцы дні.
На двары такая гразь і слота,
Хмары з раніцы услалі высь,
І кусты, схіліўшыся ля плоту,
Супынілі ветравую рысь.
Ім няма куды за ветрам гнацца, —
Да зямлі карэньнем праняло,
Каб вясёлыя заўсёды гаці
Вартавалі наскае сяло.
Сьцежак колькі ёсьць і вузкіх, і шырокіх,
А сабе заўсёды выбераш адну,
Каб ісьці напорна скрозь імглу і слоту,
Скрозь такую горкасьць палыну.
Ай ты, вецер, ды у лозах сініх,
На якога сёньнячы сядаць каня,
Каб мінаць ня наскія пуціны,
З васільковай песьняю мінаць.
...........
Я сваю краіну з малку знаю,
Ад таго й журба такая у вачох,
Ад таго так часта ўспамінаю
Акрываўлены на полі мох.
Мо‘ затым, калі у вас вясёласьць
І гулянкі радасныя скрозь,
Я з тугой гляджу на спаленыя сёлы,
На касынкі срэбраных бяроз.
Мо‘ затым ў душы такая скруха,
Сам ня ведаю, бярэцца скуль,
Быццам дзесьці вецер завіруху
Лісьця жоўтага бунтуе на пяску.
Дружкі мае, і ў песьні завіруха,
І па сэрцу сам я пазнаю,
Што і нам пара інакшае падслухаць,
Аб чым сталёвыя драты пяюць.
Чаму калосьсі голавы скарылі
Пад звон жалезны варажыць,
Чаму скрыжованыя долу крыльлі
Ў раздум‘і зьвесілі крыжы.
Браты мае, ну як-жа тут іначай
Душой і сэрцам гэта перажыць,
Калі надрыўна так ракіты плачуць,
Схіліўшы золата галоў мяжы.
Ў такія дні давайце разам
Струнамі лер сваіх уславім дні,
Каб загарэліся над кожным пералазам
Нашай
Будучыны
агні…
|