ПЕСЬНЯЙ БУДЗЕ…
Песьняй будзе, ці можа вятры
Верасьнёвымі жалейкамі аплачуць.
Толькі тамака заўжды зара гарыць,
Што нагадвае нешта няйначай.
Я дзяцінства сваё ўспамінаю,
Быццам гэта вось была цяпер.
Нас тады ў край чужы выганялі,
Расчыняючы насьцеж дзьверы.
Гаварылі: вайна „да пабеды“,
На вайну вышаў бацька і сын,
І ніхто з нас тады ня ведаў,
Ці сьмяяцца, ці галасіць.
Нават маці са сьлязьмі на вачох,
Помню, помню, казала малому:
Што-ж, сынок, пацярпім, нічога,
Можа і вернемся як да дому.
Я ня знаў, што такое вайна,
Думаў, гэта гульня якая,
А пазнаў, стаў ня раз праклінаць
Тых, хто сеяў магілы па краі.
Хто праз сьнежныя веі палкі
Вёў на прыступ сьцяна-сьцяною…
Колькі іх там зьлягала, адны касьцякі,
Сьнег крывавы ня таяў зімою.
Помню дні тыя, весткі ляталі,
І да нас іх аж дзьве прынясло:
Брат паранены быў у шпіталі,
Бацьку-ж куляй ў грудзёх праняло.
Горка пахла трава за ваконьнем,
І, як помніцца мне той час,
Маці з плачам малілася на іконы
За пралітую кроў і нас.
З тэй пары паплылі падругому
Чарадой дні юнацтва майго…
З тэй пары я й пазнаўся з тугою,
Гэта быў чатырнаццаты год.
Ў старане. На чужыне. У голадзе,
Помню толькі маўклівае неба,
Я хадзіў днямі цэлымі ў горадзе,
Хоць кавалак выпрасіць хлеба.
Але шчасьце кудысь уцякала,
Дзе знайсьці яго мог я зімой…
І як вечар — з пустымі рукамі
Перавулкам вяртаўся дамой.
І заўсёды, калі на акраінах
Пагасалі агні ў цішыні,
Я праз сон ўспамінаў свае раньнія
І такія невясёлыя дні.
І цяпер, калі гром, навальніцы
Апусьцілі крылы на зямлю,
Мне юнацтва маё толькі сьніцца,
Ці у песьнях, калі пяю.
|