Вершы (Трус, 1925)/Хараство прыроды/Васеньняе

Вее вецер Васеньняе
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Асеньняе (Трус).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АСЕНЬНЯЕ

Вёска, вёска —
Верасьнёвая прозалаць-кроў!..
Ну, аб чым ты сумуеш сягоньня?!
Майго сэрца журбою ня крой,
Яно — звон,
Павясноваму звоніць:

Ну, аб чым ты сумуеш?
Скажы!..
Ці шкадуеш, што вольныя ветры
Узрываюць быльнёг на мяжы
І нясуць яго ў цёмныя нетры?

Ці сумуеш, што ветры ў гаі,
Хіляць вербы да самага долу?..
Ой, ды смутку твайго не згаіць
У лісьцьве-жоўтацьвецені кволым,

Вёска, вёска —
Верасьнёвая прозалаць-кроў!
Ну, чаго ты замоўкла сягоньня?
Майго сэрца тугою ня крой!
Яно — звон,
Павясноваму звоніць.