Выбраныя вершы (Чарот, 1925)/Маладняк/Поле ціха шаптала калосьсем

Плывём к прыгожа-сьветлай далі Поле ціха шаптала калосьсем
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1925 год
Комсамолія
Іншыя публікацыі гэтага твора: Поле ціха шаптала калосьсем.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЛЕ ЦІХА ШАПТАЛА КОЛОСЬСЕМ

Поле ціха шаптала калосьсем
Як находзіла ворагаў раць.
Гэта ты у чырвоную восень
Сонны край свой пачаў вартаваць,

На шляху, на прыбітым гасьцінцы
На здратованых коньмі палёх. —
Гучны кліч твой, як водблеск зарніцы
Адгалоскам жывучым разьлёг…

Кургану не пяяліся песьні, —
Кім насыпаны, хто там ляжыць, —
У зямлі, спачываць ім ня цесна
Не гнятуць іх гнілыя крыжы.

Ты вярбою шумеў пры дарозе
Гольлем вабячы неба блакіт,
Да тых гоняй хіліўся бярозай,
Дзе прастор быў крывёю заліт.

Шмат разоў, ты у полымі жыцьця
Захліпнуцца зьбіраўся бяз сьлёз,
Калі вецер пажоўкшае лісьце
Па загонах спустошаных нёс.

І на хвалях вады ружаватай
Човен твой пераплыў ужо мель.
Разагнаў ты штандарам узьнятым
Над балотам туманную бель.