Вялікодная пісанка (1914)/Лепей сьмерць, чым грэх…

Стараста Лепей сьмерць, чым грэх…
Апавяданьне
Аўтар: Кандрат Лейка
1914 год
Валачобнікі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лепей сьмерць, чым грэх…

Carte postale.


— Яны, — маці з дачкою, — жылі у самым канцы мястэчка, каля крынічкі абросшае вербачкамі.

Хатка іх была гнілая, абдзёртая, с трымя маленькімі ваконцамі, зацягнутымі ад вуліцы заместа шкла лучынкамі.

Усярэдзіне хаткі было цёмна, мокра і атдавало чым-то гнілым…

Маці была старая, бяззубая, варчалівая; дачка — маладая, добрая і пекная, як сьвежая кветачка.

У мястэчку не было заработкоў і яны сядзелі бяз хлеба, галодные… Ад голаду не далёка і да грэху…

От раз маці і кажэ дачцэ:

— Чаго-ж ты, доню, будзеш дарма у хаці сядзець: выйдзі вечэрам на вуліцу, мо што заробіш…

— Гдзе-ж я зараблю?.. — дапытывалася дачка.

— Гдзе?.. ня ведаеш дзе маладые дзеўчаты зарабляюць?.. Ці мала у мястэчку ёсць багатых панічоў?.. — настаўляла маці.

— Не, мама, я лепш умру, чым пайду на сорам ды грэх, — атказвала дачка.

— Ня пойдзеш па сваёй волі, дык я цябе сілком застаўлю, — сказала старая і выгнала дачку на вулічны заработак.

Каротка весьняная ноч, але дзяўчыне яна паказалася годам. На другі дзень рана вярнулася небарака да дому з заплаканымі вачамі.

— Зарабіла што? — пытаецца маці.

— Зарабіла, мамка, — цешыла дачка: на, табе грошы… І ўсыпала ў прыпол мацеры прыгаршчы медзякоў.

— Што-ж так мала? — здзівілася старая.

— Рэшту атдала на пакупку: купіла сабе ось што… І дачка паказала мацеры, выняўшы с кішэні доўгі, як палаш, востры нож.

— На што-ж ён табе? — спыталася маці.

— А от на што… атказала дачка, і раптам паласнула тым нажом па горлі… Хлынуўшы цёплая кроў забрызгала старой твар і вочы…

Стаіць маці з грашмі у прыполі, а на зямлі каля яе ляжыць с перарэзаным горлам нежывая дачка. У хаці ціха, толькі на печы у кутку мурчыць стары, галодны кот…

К. Лейко.