Вялікодная пісанка (1914)/Сабака і чэлавек
← Гутарка аб праўдзе | Сабака і чэлавек Апавяданьне Аўтар: Караль Барысовіч 1914 год |
Акорды → |
Сабака і чэлавек.
(Студіі ахвяраваные сабацы).
Ніхто хіба з дамовай жывёлы не стаіць так блізка да чэлавека, як сабака, і мусі ніхто не мае гэтулькі супольных рысоў, прыказак, зраўненьнёў… Хто гэтаго не заўважыў — паслухайця:
Сабака — гэта адвечны прыяцель і таварыш чэлавека, катораго пілнуіць, калі гаспадар сьпіць бароніць у небаспечнасьці, ратуіць у нешчасьці і за гэта ня просіць ніякой падзякі.
Але чэлавек — тварэньне ўдзячнае — абходзіцца за гэта з ім „як с сабакам“, даець яму есці толькі, каб ня быў «галодзен, як сабака» ешчэ болей яго да сябе прывязваець — прывязвываючы на ланцуг!
Чэлавек зьедае смачнае, а сабацы аддае аб’едкі, тлумачучы, што «добры сабацы і памыйкі».
Калі чэлавека разбярэ злосць — то аказываецца заўсягды вінен сабака, во і кажэ прыказка «хто хочэ собаку ударыць, заўсягды кій знайдзе». Чэлавек да сабакі заўсягды стасуе асновы філазофіі Діогена: г. зн, вучыць яго абходзіцца абы чым, есць абы што і абы ў чым, спаць на марозі, або на сонцы, залежна ад пары году.
Мусі на гэтых ўзаемных прызнаньнях і спачывае адвечная дружба сабакі с чэлавекам.
Матка-прырода прадоўжыла сабацы хрыбетные косткі далей чым трэба, а людзі празвалі гэта хвастом. Якое значэньне мае ён — філозафы дагэтуль не дадумаліся, але не іначэй, служыць ён дзеля праяўленьня свайго ўнутрэннаго псыхічнаго стану, бо мова яго ня бедна. Так, калі сабака рад, то круціць хвастом, калі убачыўшы дабычу — зацікаўлены, то напрагае яго, а калі спужаецца, то хавае гэты орган сваей мовы пад сябе — і кажуць людзі, што «пад’жау хвост, як сабака».
Сабаччы хвост для чэлавека, пана ўсей прыроды, не мае ніякай вартасьці і ці дзеля распусты, ці дзеля моды — ён адсекае яго; — гэтак сама і вялікіе дамы, то носюць пры сукнях хвасты, то іх абрэзаюць. Такі адсечэны сабацы хвост ужо ніколі не адрастае і крыўда зробленая яму, ужо ніколі ня можэ быць напраўлена — ні цяцер, ні па сьмерці. Нішто так не забаўляе чэлавека, як сцэна, калі сабака даганяе свой хвост — сцэна гэта дужа цікавая — яна прыпамінае погонь чэлавека за ўласным шчасьцям, або за ідэаламі, каторых ня можэ дагнаць. Абсекакаючы хвост, чэлавек пазбаўляе сабаку гэтай прыемнай забавы.
Гарэлка, і тою чэлавек частуе сабаку для сваей выгоды. Каб мець маленькаго, кішанковаго, для забавы сабачку, — ешчэ шчанёнку у малако дабаўляецца па крышцы гарэлкі — чэрэп ад гэтаго зрастаецца, — сабака перэстае расьці і робіцца хоць дурным, але такім як гэтаго хочэ яго гаспадар.
Найбольшые непрыяцелі сабакі — гэта блохі, с каторымі ён дарма сіліцца ваеваць. (Гэта яго цялесные мукі, так як у чэлавека душэўные, каторых і адзін і другі дарма сілюцца пазбыцца). Але сабака гэтые мукі зносіць па філазофску — і, калі яму блохі занадта дакучаюць — устае і перэменяе мейсца.
Калі-б ня гэта мудрая выдумка прыроды г. зн. безустанная вайна з блахамі — ён бы маркоціўся «як сабака» і знаходзіўся-б у нудным спакою.
Месяц сабака чціць як божства і жалобна да яго вые, калі ён у поўні — бязлітаснасць божства даводзіць яго да пратэсту і дзеля гэтаго людзі кажуць, што «брэшэ, як сабака на месяц».
Калі сабака хварэе, то ня веручы у мэдыцыну людзкую, ён сам сабе шукае лекарства — бо, праўду сказаць, людзі не надта аб ім клапоцюцца, а кажуць, што „выкачаецца с хваробы“. У цяжкіх прыпадках вэтэрынар аглядае сабаку — апэрація заўсёды удаецца, але сабака здыхае.
Не недахват у сабакі і пакоры (хрысціянскай): калі часам гаспадар выбье свайго сабаку — той трохі вуркне, але пасьля падыйдзе і лізьне тую руку, што яго біла, а людзі кажуць, „ліжэ рукі, як сабака“. Чым болей у сабакі гэтай пакоры, тым разумней выдаецца ён людзям.
Сабака жыве са сваім таварышам — катом разам, у аднэй хаці, здавалося-б абое сабе і сваякі доляй, „як муж з жонкай“, і дзеля таго мусі аб іх кажуць, што „жывуць як кот с сабакам“.
Сабака чуе часам сымпацію і антыпацію да іншых асоб, залежна ад таго, яе гэтые асобы адносюцца да ягонаго гаспадара — так кажучы — сабака з натуры антысэміт — і сваё перэконаньне голасна аб’яўляе. Гэтак сама ён адносіцца і да тых, хто ходзе ў чорным — і мусі аб іх гаворуць, што любюць, „як сабака палку“. Чэлавек і ў лаянцы не забываецца пра свайго прыяцеля і дзе можэ там ткне імя сабаччэ: Немец — Hundeseele, Паляк — Psia krew, а Маскаль — Сукін сын.
Кожны сабака — калі пападзе у панскіе пакоі — робіцца „арыстакратам“ і надворных лічыць за дэмократоў. Такі сабака самы заядлы, бо баіцца каб не прымецілі кім ён быў, — і грызець сваіх братоў злей за другіх.
Ну, не праўда-ж, што саўсім, як у людзей?
К. Бор—іч.