Часопісь (1920)/1920/1/Вялікі патрыот-Васіль Цяпінскі

Вялікі патрыот — Васіль Цяпінскі
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1920
Крыніца: Часопіс «Часопісь», № 1 (5), студзень 1920 г., б. 2
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вялікі патрыёт Васіль Цяпінскі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯЛІКІ ПАТРЫОТ-ВАСІЛЬ ЦЯПІНСКІ.

Шкіц.[1]

У XVI сталецьці Беларусь перэжывала разам з Заходняй Эўропай рэфармацыю. Тагочасныя беларускія вышэйшыя станы: князі і вяльможныя магнаты, ездзячы заграніцу дзеля асьветы і „полероўнасьці“ прывазілі адтуль навінкі. Навінкамі звалі тады новыя думкі аб веры, новыя сэкты. І ўсё бліскучае панства: і паны рады каралеўскія-сенатары, і князі, і баяры займаліся пазнаньнем Пісьма Сьвятога і тварэньнем новых вер. На сэймах і зьездах болей гаварылі аб навуцы Кальвіна і Лютэра, чым аб патрэбах абароны краёвай і патрэбах дзяржаўных.

Мала гэтага: ўвёсь наш грамадзкі верх раздзяліуся на „грэкаў“, „рымлян“, „кальвіністаў" і іншых, — ды затрачываў пачуцьцё народнай суцэльнасьці і еднасьці. У аднэй сямьі бывала па тры веры: дзед — „грэк“, сын — „кальвініст“, ўнук — „каталік“. Адным словам, тварылася ў нас рожнаверцаў непамерна многа, ды непамерна заўзятых адны проці другіх, і кожны цягнуў супольную айчыну ў свой бок.

У гэткія сумныя часы, ў глухім закутку Полаччыны, скромны шляхціц, але гарачы патрыот — Васіль Цяпінскі, „бачучы упадак айчыны мілай“, балеў душой над гэтым. А найболей над тым, што князі, баяры і шляхта, гонючыся за загранічнымі навінкамі, адыходзілі ад роднага народу, родных звычаёў і мовы. Балеў таму, што гэта вяло яго мілую айчыну да упадку, да цялеснага і духовага рабства, да шуканьня бацькаўшчыны за межамі сваёй старонкі.

І Цяпінскі саматугам задумаў зрабіць вялікую справу: выдаць Пісьмо Святое добрай беларускай мовай, каб, чытаючы Слова Божае ў роднай мове, сэрцы адпаўшых сыноў зьвярталіся да роднага народу і ў злучнасьці з ім будавалі, а не руйнавалі, сваю айчыну. З чытаньнем Пісьма Святога ў роднай мове Цяпінскі звязываў вялікае значэньне. З гэтымі думкамі перакладае ён на нова, на беларускую мову Біблію і пачынае друкаваць яе у сваёй „убогай друкарні“. Перэклад і друкаваньне Бібліі было, само сабой, не пад сілу аднаму чалавеку. І, мабыць, сьмерць спыніла яго багамілую работу, бо да нас дайшла толькі частка Бібліі Васіля Цяпінскага.

Да Бібліі сваёй Цяпінскі напісаў прадмову. У прадмове ён сердэчнымі словамі апаведае, што яго прымусіла ўзяцца за працу і, як, па яго думцы, трэба ратаваць мілую айчыну.

Перш наперш, каб ўнікнуць разбіцьця народу беларускага, Цяпінскі просіць тагочасных паноў „трымаціся языка свайго прырожонаго“, ды каб яны вучыліся граматы беларускай, закладалі школы беларускія для народу, дзеля міласьці да айчыны нашай, дзеля таго, што народ гэты „неумеетны і утраплены“…

Калі, — казаў Цяпінскі, — ў вас яшчэ да народу гэтага засталося колькі-небудзь улітаваньня, закладайце школы для яго, але не такія, як цяпер… на вечны ўстыд у чужой мове, а ў сваёй „роднай“ (беларускай) мове, абы айчына ваша да канца ня згінула і вы з ёю, бо калі праз ваш ратунак яна будзе выдзвігнена, — і вы з ёй разам выдзвігнены будзеце!—…

І духавенство маліў Цяпінскі, каб „дзеля вечнай заплаты сабе ад Бога і дзеля баязьні Суда справядлівага Божага“ навучала народ беларускі ў мове яго „прырожонай“.

А што далей было?

А далей сталася тое, што правідзеў Цяпінскі: ад раздзелу на веры, панства беларускае перайшло да раздзелу на народнасьці варагавала між сабою, а народ застаўся ў недбаньні „нічыёй уласнасьцю“, каторую ўсякі, можэ сабе прысвоіць…

А што з айчыной?

Айчына беларуская для многіх сыноў яе сталася чужыною, бо вочы іх адвернуты ў іншы, чужы бок!…

В. Л—скі.





  1. Малюнак глядзі на I стр. вокладкі.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.