Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, стары менскі беларускі пісьменьнік
Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, стары менскі беларускі пісьменнік Артыкул Аўтар: Яўхім Карскі 1919 Крыніца: Беларусь. 1919. 10 снеж. |
пачатак з нумару 40 не захаваўся |
(Гл. № 40)
8. Wieczernice I oblakany Poezye W. Dunin-Marcinkiewicza 1855 (8° мал. 134). Беларускага тэксту усяго толькі 52 страніцы. Усіх вечарніцаў дзьве; кожная разьдзяляецца на песьні. У вершай вечарніцы тры песьні, у другой—дзьве. Першая вечарніца пачынаецца характарыстыкай вядомага нам з Гапона скрыпача Ананія.
Ананія наш вясёлы
Ужо вельмі стары стаў,
І хоць быў бедны і голы,
Кожна яго шанаваў.
У карчму ужо не хадзіў
Скрынку унуку дараваў.
Лапці плеў, Бога хваліў,
І казачкі распраўляў.
Такіх цікавых вячоркау, якіе зьбіраліся у яго, нігдзе нельга было спаткаць.
І вось цяпер давялося,
Што у вячэрнюю пару
Многа к яму сабралося...
Калі усе паселі і прапяялі „Ох, мой Божа, веру Табе!” ен, заместа казак, пачаў гутарку аб праўдзівым:
Мо‘а і праўда, дзеткі, што у Слуцку
Кажуць, усе не па людзку;
А у Оршы - яшчэ горшы!
Толькі тым, маўляў, людзі злые грэшуць,
Што на Мінск наш брэшуць[1]
Няма як Мінск наш, дзетачкі міленькі!
Прыгожы, відны, кругом весяленькі!
Ні аднэй мізэрнай ня сустрэнеш хаты
Вот, маўляў, сьнег белы, каменны палаты.
Пасярэдзіне уецца круглай стружкай,
Сьвіслач - рака зялёнай устужкай;
Вот няўрокам — горад хоць куды.
Ахарактарызаваў ён затым і жыхароў менскіх і іх звычаі:
Мёд з малаком ракою плылі.
Людзі з сабою, як браты, жылі.
Зьместам другое песьні служыць анэкдот аб дурным мужыку Зьмітру, каторы, выпіўшы, не аглядзеўся, як зьеў з селядцом прылепленую да яго у кішэні папяровую пяцірублёўку, адтрыманую за праданую цялушку.
У трэцьцяй песьні маецца апавяданьне, (якое і цяпер можна часта пачуць, як расказваюць з памяці) аб аб тым, як жартаўнікі, змовіўшыся, абдурылі мужыка, прадаваўшага пеўня, ўпэўніўшы яго, што гэта заяц.
На другой вечарніцы маладзеж зноў сабралася да знаёмага нам Ананія, і зноў, пасьля малітвы, ен расказвае ім старадаўную сцэну аб сьвяткаваньні „Стауроускіх Дзядоў”. Увесь абрадак гэтых радзіцельскіх памінак абрысованы зусім праўдзіва, гэтак, як яны спраўляліся з даўняга часу і да гэтае пары. (гл. „Бѣлоруссы“ ІІІ, 1, стр. 321—324). Тут-жа, каб абьясніць незразумелую для народу назву „Стауроускіе” (ад грэцкага stauros - крыж), далучано апавяданьне, якое ўжываў яшчэ Баршчэўскі (Szlachcic Zawalnia, кн. ІI, 6—7) аб паганскім князі Бою і аб яго дзіўных сабаках Стаўры і Гаўры, пасьля сьмерці каторых князь загадаў памінаць так, як людзей. Некаторые абразы і тут прадстаўлены надта жыва і даволі маляўніча. Вось, напр., як абрысавана падчарыца Кацярына:
Расла як тычынка, цьвяла як каліна:
Бывала, вочкам як на цябе гляне,
Нехаця сэрца твайго дастане.
Серабрысты голас, як у салавейкі,
А гаспадарная, бытцам муравейка,
Ціха, як авечка, прыгожа, як краска...
Другая песьня другой вечарніцы – апавяданьне аб тым, як Кацярына выходзе замуж за князя Грамабоя, у нагароду за яе добры характар, як гэта бывае у казках.
„Oblakany”—твор на польскай мові.
4. Ciekawys? Przeczytaj! Minsk 1856 (16°, 113). З беларускіх твораў тутака надрукавана „Kupalla. Powiastka ludowa". У гэтай аповесьці на канве сьвяткаваньня ў вёсцы Купальля, якое прадстаўлена згодна з народнымі звычаямі і навет дзе-ня-дзе уведзены народныя песьні (зб. „Бѣлоруссы” III, 1, стр. 177—195). закранутые пытаньні, датычные адносін між панічамі і сялянскім І дзяўчатамі з аднаго боку, а з другога— аб адносінах сялян да паноў. Так, тут Агатка любіць паніча, а ён яе. Але па свайму папсованаму характару, ён прапануе Агатцы:
Ідзі на Саўку - станеш маладзіца!
Тагды злые брэхні—пуста нябыліца!
Мы як цяпер любім друг друга, любіці
Будзем век ад сэрца - шчасна с сабой жыці.
Гэткая пропозыцыя надта угнявіла дзяўчыну:
Паніч толькі зводзіш, хочаш забаўляцца,
А ня ласка-ж будзе са мной абвянчацца?
Але паніч з свайго погляду заяўляе, што не магчыма,
Што б шляхціц з мужыцкай дачкой ажаніўся!
Я ж меж сваімі тагды ня ужыўся!
Пальцамі-бы мяне усе вытыкалі,
Як ад злой сабакі чурацца-бы сталі.
Дзяўчына дае яму ня менш моцны адказ:
А мяне-ж ня будуць свае выракацца,
Бацькі праклінаць—саседы чурацца,
Што з панічом стану у сораме жыці?
Вам ня грэх мужычку на чэсьці забіці,
Бо мужык ня годны. - Ня Боская справа!
І ўсяк зьдзекавацца над ім мае право!
Ідэалізуючы тыпы сялян, аўтар хоча выклікаць у памешчыкаў любоў, заставіць іх больш па-чалавеччу аднасіцца да сваіх падданых. Гэта пачуцьце было у яго праўдзівае. З якой радасьцю ахвяроўвае ен свой твор маршалку Бабруйскага павету, Лаппе, дзеле таго, што. пераяжджаючы праз яго маёнтак, бачыў пекные будынкі сялян, што сьведчыла аб іх дабрабыце! За добрые адносіны паноў трэба адплачываць гэтым-жа:
Хваліць толькі Бога. шчыра працаваці,
Любіць добрых паноў як-бы родных браці –
Вось вашае дзело...
З аповесьці выцякае і агульнае павучэньне:
Ушануйце сівы волас бацькі, маткі,
Жывеце у чэсьці, - а Бог міласэрны
Дасьць вам шчасну долю — і дабытак верны!
4. Dudarz bialoruski, czyli, wszystkie do potrosze. Minsk, 1857 (16° 117). Большая частка вершаў на польскай мове, толькі на стр. 77 — 114—аповесьць вершам пабеларуску: „Шчароускіе дажынкі”, 115— 117 стр. заняты вершам „Верш Наума Прыгаворкі”.
Першая пьеса зьмяшчае у сябе прольог і два абразы. Тут адмалеваны патрыярхальна-простые адносіны, істнаваушые паміж добрым панам памешчыкам і яго падданнымі - сялянамі. Прычынай да гэтага паслужылі дажынкі.У першым абразе прадстаўлен выбар чэснай, пекнай, працавітай дзяўчыны, несьці і падаць вянок гаспадару. Тут не абышлося без змаганьня паміж двумя дзяўчатамі, прычым, дзякуючы хітра прыдуманай варажбе, (пры дапамозе вычарненага пеўня, схаванага пад рэшато, - матыў, вядомы і другім літаратарам) адтрымала перавагу сапраўды вёрткая сірата Тадорка:
Кроў з малаком яе шчочкі,
Маланьняю блішчаць вочкі,
С падцішка, бач, як зіркне,
Сэрцо молатам забьецца,
Грудзь полымем абальецца;
Не спазнаеш сам сябе!
З адпаведнымі песьнямі і абрадамі вянок аддаецца гаспадару („Бѣлоруссы” ІІІ, 1 стр. 198— 205); пасьля гэтага быў зроблены пачастунак жнеям і танцы (другі абраз). Народные песьні уведзены у тэкст па большай часьці без перамены. Абраз прадстаўлен занадта ідылічна, бясспорна з пераувялічэньнем. Вось, напр. апісаньне пачастунку, зробленае у духу Гомэра:
Аж вось паявіўся на шырокі стол.
Цаліком пячоны, прабальшэнны вол:
Да бакі-ж яго тлустасьцьцю абліты,
Да рагі-ж яго золатам абвіты!
К няму назнасілі бараноў дзесятак,
Хлеба-ж, сырау. блінцоў, тучных парасятак,
Міленькі, бяз ліку, - еш, дый апражыся!
Верш Наума „Прыгаворкі" напісаны з прычыны прыезду у Менск А. Контскага, Ул. Сыракомлі і Ст. Манюшкі. Асабліва цёпла вітае ён Сыракомлю[2]:
А трэці дудар меж намі узрос, ен наш братка,
Яму Мінская зямелька родненькая матка.
Як запяе ен родные песьні, забудзеш горо і смутак і станеш вясёлым, а зацягне сумна—за сэрцо хапае. У канцы вершу зьвіняць навет крыху славянафільскіе ноткі:
Злосна вам, сыны заморскі, завідна панята:
Што славянская зямелька у розум багата;
Вы б хацелі усе розумы. і свае і нашы,
Маўляў, саранча на ніве, паесьці у кашы,
Недажданьне-ж мудрагелі! — і нашая ніва –
Вялікімі дударамі уздаволь шчасьліва
4. Дуніну-Марцінкевічу належыць пераклад на беларускую мову „Пана Тадэуша” А. Міцкевіча (першая часьціна, Вільня, 1859). Дзеле таго, што гэнае выданьне у свой час не пашло у прадажу, а было спалено, дык выдавецтво „Загляне сонцо" у „Беларускіх песьнярох” ІІ т., перавыдало яго: Рап Tadeusz, papolsku napisau Adam Mickiewicz. Na bielaruskuju hutarku pierawiarnuu Wincuk Marcinkiewicz“ (Спб. 1908) Як кажа Кіркор (Живая Россія, ІІІ, 327) „перакладчык перамог усе труднасьці. Пераклад ня толькі праўдзівы, але, мова усюды гармонічная, зразумелая, асабліва мягкая. Вось пачатак гэтае поэмы:
Літва! Родна зямелька: Ты. маўляў, здароўе,
Той цябе ашанцуе,[3] каму безгалоўе,—
Хто жыў калісь на ніўцы тваёй, як у раі,
І вось крывавы роніць сьлёзкі у чужым краі!
Цяпер то, як ты красна, я чую, я бачу,
І апішу, бо горка усьцяж па табе плачу.
Тут будзе недарэчы разьбіраць вядомую поэму Міцкевіча. Можа толькі быць гутарка аб характары перакладу. Нам здаецца, што вывад Кіркора пераўвялічаны. Мы можам лічыць толькі той твор добрым па мове, які бліжэй усяго падходзе да народных пьесаў. У перакладзе В. Д.-Марцінкевіча няма гэтай прастаты і жывасьці, якая характарызуе народную мову. Калі наагул сыльлябічны верш не надаецца да беларускага слова з розна мясцовым вольным націскам, дык 18-ці складовы верш, ужыты у тым перакладзе, робіць мову доўгай і утамляючай.
У В. Дунін-Марцінкевіча маецца яшчэ адзін твор, даволі вялікі які не пабачыў друку пры жыцьці аутора. хаця на гэта заслужывау па зьместу. Гэта- „Zalioty" Fars-wodewil w 1-ym akcie. W mieszanym polsko-bialoruskiem narzeczu napisany przez Nauma Pryhoworke (Wincentego Dunin-Marcinkiewicza). Luczynka. Grudnia 8 dnia 1870 roku.[4] Арыгінальны рукапіс у архіве А. Ельскага, добрая копія у В. Эпімаха-Шыпілы. Беларускага тэксту тут каля палавіны. Пабеларуску гавораць тут сяляне: Пятрук батрак, селянін Гапон, яго жонка, Куліна, і дачка Марыся. Яны гавораць прозай, але часта ужываюць і верш, злашча, калі трэба сьпяваць песьню. Мова, наагул, добрая, хоць трапляюцца дзіуные словы, якіе цяпер ня ужываюцца: „суздром” „мэрэм”.
Адносіны паміж дзеевымі асобамі беларусамі, аснованы на каханьні Пятрука і Марысі, перашкодай чаго служа жаданьне Марысіных бацькоў, якіе хочуць яе выдаць замуж за багатага, хоць старога, Апанаса. Але умовы складаюцца на карысьць Пятрука (дзякуючы крадзежы каня у Гапона і Куліны, якіе, пьяные, вярталіся з мястэчка, як у вядомым вершы-анэкдоце, каня знаходзяць з помаччу Пятрука) і ен дасягае свае мэты.
Есьць даволі камічные сцэны і харошые песьні у народным духу. У мове, як шмат дзе і у другіх выпадках, шмат прыказак. Як прыклад прозаічнай рэплікі, прывядзем адрыукі з апавяданьня аб вучэньні салдат у Вільні:
... Праўда, яны паўбіраўшыся, як дзедавы казакі, у шпанцэрках, але нашто ім папрышывалі хвосцікі з чырвонымі беражкамі — мэрам у шчыглікаў? Чэраз плечы перавешаны ў іх белы стрычкі, а на галавах такія шапкі, як макатры. Але ж то мне было вельмі дзіўна, што на перадзе ў тых шапак вось галавешкі старчалі. На лбе якаясь у іх птушка із масендза да з двума галавамі — няведама якая: чы сыч, чы сава, чы загуменная варона... Ото ж яны так стаялі ў кучы, рушніцы паставіўшы ў казёлкі, маўляў, чумакі, калі на папасе саганчыкі з кашай над агнём вешаюць. Аж адным разам выязджае з завулка якісь старшы; як крыкнуў — «гэй!», так яны ўсе скочылі, схвацілі за рушніцы і сталі роўна, хоць ты нітку працягні... Так вось старшы і разгневаўся... падбег да грамады і крыкнуў: «З дарогі, жарабята!» А грамада на ўзгарду забарматала: «Галды-балды! галды-балды!» — мэрам індыкі, калі дзеці іх падражняць. Тут старшы як выхваціць сваю шаблю... Эт! чы то така, як была па-дзедаўскаму расказу за слаўнай памяці гетманшчыны? Вось, дыхтар, капыстка, што бабы лямешку мяшаюць, кажысь, спічка — пацукоў калоць; та ж ён, трымаючы такі ражончык у адной руцэ дзеля пастраху, а другу прылажыўшы ка лбу — мэрам паказаць ім, што ў галаве ні крыху розуму не маюць,— стаў іх лаяць, аж адзін, із кучы выскачыўшы, вось чорт із балота, і тэж прылажыўшы руку ка лбу: «Уціхамірыціся, ваша міласць! — кажа... От ён скрыжатнуў зубамі са злосці, адышоў крыху і крыкнуў, а яны — драг! і т. д.
Прыклад вершу (№ 4):
Верх дном паставілі свет гэты!
Не так было ў даўны леты;
Як началі хітрыць-мудрыці,
То здуру сталі ўсе круціці.
Даўней усяк Бога баяўся,
Дабра чужога, баш, чураўся,—
Цяпер стараюцца панята,
Калі б пакрыўдзіць свайго брата.
8. Апрача разгледжаных вялікіх твораў, надрукованых праз самога аутора, або ім самым прагатаваных да друку, яму прыпісваюць яшчэ некалькі дробных, часьць якіх папала у друк, а часьць захавалася у рукапісах. Сюды прылічаюцца: а) Павіншаваньне войта Наума у дзень імянін панны В ..С... (аб. „Bielaruskije Piesniary”, III, стр. 30). Тут вызываюцца розные пажаданьні, між іншым.
Вясела будзь, як сват на вясельлі, Рублёвікі ты мерай на капы, Сало каўшом, а локцем каўбасы; Пацехай будзь у старасьці бацьком, А маткай роднай сваім мужычком...
6) З імем гэтага-ж Наума захаваўся у рукапісу 1860 г. верш, пісаны рукой поэты, але без яго подпісу. Верш гэты рысуе не ідылічны абразок, абсыпаных ласкаю памешчыкаў, сялян, а цяжкае становіша падданага, зусім абяднеўшага праз паншчыну і прыведзенага да роспачы. Перад самым скасаваньнем прыгону, гэткі верш, разумеецца, ня мог друкавацца. Мне вядомы толькі яго пазьнейшыя выданьні, напр. М. Доунар-Запольскага у „Витеб. Губ. Вѣд." 1896 г. і асобна (зб. яго-ж, „Изслѣдов. и статьи", І, 202—203) Вось з яго адрыукі:
Вясна, голад перапала,
Ані солі, ані круп,
І скаціне, корму мала,
І самому ані у зуб.
На палацях дохнуць дзеці
Жонка тры дні здуру пьець,
І дауно парожна у клеці,
Хоць была добрая клець.
Хоць халодна, хоць галодна,
Хоць-бы голад—ніпачом:
Вот каб толькі нам свабодна,
На свабодзе аджывем.
Будзем роуные з панамі,
І так сама, як паны.
Піць гарэлку збанамі
І гуляць так, як яны...
Перастануць нашым братам,
Як скацінай таргаваць,
Напускацца ліхім матам,
І шкуру з нас да карку драць.
Будзе мужык не скаціна.
Ня раз скажа пан з паноў:
- Пане Хведар, пане Міна,
Як-жа васпан, ці здароў?
Нельга не заўважыць таго, што зьмест гэтага вершу не гарманізуе агульнаму тону поэзіі В. Дунін-Марцінкевіча, ды і верш тут як-бы другі. Аднаго імяні Наума яшчэ замала, каб прыпісаць гэты твор нашаму аутору.
- ↑ *) „У Мінску усё па свінску» - народная прыказка. Е. К.
- ↑ Насамрэч Станіславу Манюшку - заўвага Вікікрыніцаў
- ↑ *) Ашануе? пашануе? „Ашанцуе” - магло-б азначаць „ашчасьлівіць". У А. Ельскага гэто месца „Той цябе ацэніць"...
- ↑ *) „Залеты”- перароблены на опэрэтку .М. Кімонт, якая напісала да яе музыку. Зьмест і ацэнка гэтае пьесы у “На шай Ніве” за 1915 г № 5. „Залёты" паявіліся у друку толькі у 1918 г* у „Зборніку сцэнічных твораў”(Менск). Тут і польскіе рэплікі перакладзены на беларускую' мову. Пераклад зроблены цяпер.