Галоўныя момэнты беларускага руху
Галоўныя момэнты беларускага руху Аўтар: Васіль Захарка 1926 Крыніца: [1] |
урывак |
Ад часу рэвалюцыі 1917 г. жыцьцё і здарэньня разьвярнуліся так шырока, што нават галаўнейшых частак іх ня магчыма абхапіць.
Рашучы ўдар рэвалюцыі зразу разбурыў турму прыгненаных народаў і адчыніў шырокі шлях да нацыанальнага вызваленьня. На гэты шлях накіраваліся і беларускія масы.
Кіраўніцтва рухам узяла на сябе Беларуская Сацыалістычная Грамада.
На працягу ня больш месяцу вырасьлі буйныя арганізацыі яе ў Пецярбурзе, Маскве, Менску, Саратаве, Віцебску, Бабруйску і розных гарадох Сыбіры і Ўкраіны.
Наплыў людзей у арганізацыі быў вельмі вялікі. На першых беларускіх мітынгах у сакавіку месяцы 1917 г. прыймаў удзел тысячны лік народу, што сьведчыла аб вялікай мацыанальнай сьвядомасьці беларускага народу. Адным словам, відавочна нараджалася і будавалася новая беларуская нацыя.
Беларуская Сацыалістычная Грамада ў адным Пецярбурзе ў канцы красавіка 1917 г. налічывала да тысячы сваіх сяброў. Апрача таго, вялікі лік людзей гуртаваўся вакол Беларускай Вайсковай арганізацыі. Тое самае мы бачым у Маскве, гдзе адначасна з Беларускаю Сацыалістычнаю Грамадою ўзрасла шматлікая Беларуская Народная Рада. У Менску арганізаваўся Беларускі Нацыанальны Камітэт і Хрысьціянская Дэмакратычная Злучнасьць, у Гомелі — Саюз Беларускай Дэмакратыі; у Магілёве — Беларускі Нацыанальны Камітэт, у Віцебску — Саюз Беларускага Народу, у Адэсе — Беларуская Нацыанальная Рада і Таварыство «Гай», у Туркестане — Саюз беларускіх аўтонамістаў. Далей ідуць Бабруйск, Калуга, Арол і шмат іншых гарадоў.
Адначасова з арганізацыей беларускіх масаў у гарадох, нацыанальная сьвядомасьць кранула і некаторыя ўстановы Краю, як гарадскія саветы. Думы і г. д.
Само сабою разумеецца, што і пасьля рэвалюцыі беларускі рух спатыкаў на кожным кроку перашкоды ня толькі ад чужынцаў, але і ад сваіх русафілаў і мала сьвядомых элемэнтаў.
Найбольш неспрыяючай стараной аказаліся расейцы ўсіх палітычных напрамкаў, да сацыалістаў і камуністаў уключна.
Стоячы на грунце «Единой неделимой России», нават сацыалісты і камуністы спалохаліся масавага беларускага нацыанальнага руху і ўcім сілaмі стараліся перэшкаджаць яму.
Забыўшы ў данным выпадку партыйны лёзунг «самаадзначэньня народаў», бальшавікі павялі страшэнную барацьбу супраць нацыанальнага вызваленьня беларускага народу. Так бальшавік Фрунзе-МІхайлаў (пазьней камісар па вайсковым справам С. С. С. Р.) не дазволіў беларусам гаварыць па-беларуску на зьезьдзе сялян Менскай губ. 20 красавіка 1917 г. пад яго старшынствам.
Аднак гістарычны закон, паставіўшый на павестку дня адраджэньне беларускага народу, ужо ня мог лічыцца з штучнымі перашкодамі ў яго разьвіцьцю.
Нацыанальная сьвядомасьць і энэргія знаходзілі абходы ўсім загарадзям; усюды расьлі і шырыліся ўсё новыя ды новыя сілы беларускіх сялянскіх масаў.
Хутка з гарадоў і местэчак хваля нацыанальнай сьвядомасьці перэкінулась на фронт.
Стыхійны ўзрост беларускіх партый і арганізацый ставіў запатрэбаваньне ўтварэньня галоўнага кіраўнічага нацыанальнага асяродку — цэнтра.
З гэтаю мэтaю 8-12 ліпеня 1917 г. адбыўся ў Менску зьезд, заснаваўшый краёвы орган — Цэнтральную Раду Беларускіх партыяў і арганізацыяў, заменіўшую сабою Менскі Нацыанальны Камітэт.
15-20 кастрычніка 1917 г. у Менску адбылася другая сзсія, якая пастанавіла перамяніць назву Цэнтральнай Рады Беларускіх партыяў і арганізацыяў на Вялікую Беларускую Раду.
Ад гэтага часу Вялікая Рада зьяўляецца найвышэйшаю нацыанальнаю ўстановаю ў Краю і бярэ ў свае рукі прадстаўніцтва і агульную абарону нацыанальных правоў і інтэрэсаў Беларусі.
Непэўнасьць абароны Заходняга фронту, дэмаралізаванай бальшавіцкай агітацыяй расейскай арміяй перад насовываючуюся анархіяй, змушае Вялікую Раду дабівацца ад Галоўнакамандуючага Керэнскага беларусізацыі старых і фармаваньня новых беларускіх вайсковых частак.
На падставе гэтага, у другой палове кастрычніка і першых чыслах лістапада 1917 г. адбываюцца на ўсіх фронтах тэатра вайны беларускія вайсковыя зьезды.
На першым такім зьезьдзе — арміі Заходняга фронту, адбыўшымся 20-22 красавіка, была ўтворана Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада, у прэзыдыум якой увайшлі С.Рак-Міхайлоўскі, Адамовіч, Ерашэвіч, В.Захарка і М.Шыла.
Пазьней Вайсковая Рада была папоўнена яшчэ прэдстаўнікамі іншых фронтаў.
У апошніх чыслах кастрычніка ўсе сябры Цэнтральнай Вайсковай Рады ўвайшлі паўнапраўнымі членамі ў Вялікую Раду.
Вайсковая Рада адразу прыступіла да энэргійнай беларусізацыі і фармаваньня нацыанальных вайсковых частак. За вельмі кароткі тэрмін былі беларусізаваны 3-ці Армейскі Корпус і 5 апалчэнскіх дружын на Заходнім фронце, 4-ты армейскі корпус і Беларускі Гусарскі полк на Румынскім фронце і сфармованы ў Менску адзін новы нацыанальны полк.
25 кастрычніка адбыўся бальшавіцкі перэварот. Замест існаваўшага ў Менску франтавога Камітэту Заходняга фронту стварыўся Выканаўчы Камітэт Саветаў Рабочых, Салдацкіх і Сялянскіх Дэпутатаў Заходняй Вобласці і Фронту (Абліскамзап).
Камітэт гэны абвесьціў сябе і Цывільнай уладаю на Меншчыну, Магілёўшчыну, Віцебшчыну і Віленшчыну (Гродзеншчына і частка Віленшчыны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй).
Гэты акт і адчыніў тую барацьбу, якая разгарэлася паміж бальшавіцкім Абліскамзапам і Вялікай Беларускай Радай, як вышэйшай нацыанальнай установай у краі.
27 кастрычніка Вялікая Рада разам з Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радай, Беларускім Выканаўчым Камітэтам Заходняга Фронту, Беларускай Сацыалістычнай Грамадой і Партыяй Народных Сацыалістаў выдае грамату да беларускага народу з заклікам не дапусьціць, каб «віхар бязладзьдзя згубіў нашу сьвятую нацыанальную справу — абароны вольнасьцяу і правоў беларускага народу». Грамата кліча ўсіх працоўных жыхароў Беларусі адкінуць ад сябе сеючыя нязгоду поклічы і быць асьцярожнымі ў сваіх дзеях.
Абліскамзап, у якім, да слова сказаць, знаходзіўся ўсяго-наўсяго адзін беларус, прапануе Вялікай Радзе аб’еднацца з ім і ўжо разам кіраваць Беларусьсю. Прапазыцыя 3 пагардай была адкінута, пасьля чаго напружанасьць паміж Радай і Абліскамзапам яшчэ больш павялічылась. Так цягнулася да Першага Ўсебеларускага Зьезду — 18 сьнежня 1917 г.
ПЕРШЫ ЎСЕБЕЛАРУСКІ ЗЬЕЗД 18.XII.1917 г. І РАДА ЗЬЕЗДУ
Невыразнае і напружанае становішча, пафажаючае анархіяй краю, і барацьба Вялікай Беларускай Рады з бальшавіцкім Абліскамзапам за ўладу запатрабавалі голасу беларускага народу.
Паўстае пытаньне аб скліканьні Ўсеагульнага Беларускага Нацыанальнага Кангрэсу.
Яшчэ ў сярэдзіне лістапада ад імя Вялікай Беларускай Рады, Цэнтральнай Вайсковай Беларускай Рады і Беларускага Выканаўчага Камітэту Заходняга Фронту выпускаецца адозва да ўсяго Беларускага Народу.
Адозва лічыць неабходным адразу зрабіць згоду з Нямеччынай, аб’еднаць Беларусь, парэзаную на часткі фронтам, пабудаваць яе як дэмакратычную Рэспубліку, злучаную з Вялікарасеяй і іншымі суседнімі рэспублікамі, на аснове фэдэрацыі. Перэдаць бяз выкупу працоўнаму народу усе панскія, царкоўныя, касьцельныя, удзельныя і іншыя землі і безадкладна распачаць фармаваньне нацыанальнага беларускага войска.
Дзеля ажыцьцёўленьня гэтай праграмы пастаноўлена склікаць у Менску на 5 сьнежня, па старому стылю, Зьезд прэдстаўнікоў усяго Беларускага Народу.
У час падгатоўкі да скліканьня Ўсебеларускага Кангрэсу беларускім арганізацыям стала ведама, шго ў Петраградзе стварыўся так званы Беларускі Абласны Камітэт пры Ўсерасейскім Савеце Сялянскіх Дэпутатау, які, у абход Вялікай Беларускай Рады і іншых беларускіх арганізацый у краі, вядзе сэпаратную працу і імкнецца стаць на чале ўсяго беларускага руху.
Спраўкі пацьвердзілі, што Камітэт гэты цалкам складаецца з людзей яскрава русафільскага напрамку і ў сваіх палітычных і нацыанальных поглядах вельмі ва многам розьніцца ад сапраўдных беларускіх арганізацыяў.
У той час, як Вялікая Рада і іншыя нацыанальныя арганізацыі цьверда стаялі за ўтварэньне Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі, Камітэт здавальняўся Беларускай Вобласьцю. Апрача таге, ён непрыхільна адносіўся да нацыанальнай школы, беларускай мовы ў краевых остановах і да ўсяго таго, што адрожнівала Беларусь ад Расеі.
Такая пазыцыя Камітэту мае сваё тлумачэньне ў тым, што лідэры гэтага Камітэту былі ў зьвязку з Петраградзкімі бальшавіцкімі Камісарамі і нават атрымлівалі на сваю акцыю субсыдыі ад бальшавіцкай улады.
Дзеля захапленьня кіраўніцтва беларускім рухам і скіраваньня яго на бальшавіцкі шлях Камітэту было адпушчана бальшавіцкай уладай у Петраградзе 50 тысяч рублёў.
17 лістапада 1917 г. памянены Абласны Камітэт выдаў дэкларацыю, у якой адзначае, што, «дзякуючы эканамічнаму разбурэньню, у барацьбе клясаў, партыяў і нацыанальнасьцяў, магутнасьць Расейскай дзяржавы пахіснулася; паратунак гаспадарства у цесным зьвязку нацыанальнасьцяў, складаючых яго. Беларусі пагражае падзел, бо яна парэзана фронтам на дзьве часьці. Трэба сабрацца ўсім беларусам навакола ідэі аўтаномнай вольнай Беларусі, як часткі Расейскай Рэспублікі. Дзеля гэтае мэты, каб абараніць цэласьціь Беларусі, Камітэт бярэ на сябе пачын скліканьня Надзвычайнага Беларускага Зьезду».
Пазьней выясьнілася, што такі Зьезд ужо быў назначаны Камітэтам на 15/28 сьнежня 1917 г. у м. Рагачове Магілёўскай губэрні і што мейсцам Звезду абраны глухі павятовы горад Рагачоў, а не Менск, з тым, каб яму не перашкаджалі нацыанальныя беларускія арганізацыі, асяродкам якіх быў Менск.
Такім чынам беларускія арганізацыі алыніліся перэд прыкрым фактам скліканьня двох раўназначных зьездаў.
Прымаючы пад увагу, што Зьезд на 15/28 сьнежня ў Рагачове назначаны Камітэтам ужо пасля таго, як было ведама аб назначэньні Ўсебеларускага Зьезду ў Менску на 5/18 сьнежня, беларускія нацыанальныя арганізацыі ўбачылі ў гэтым ні што іншае, як правакацыю, скіраваную на разьбіцьцё беларускага нацыанальнага адраджэнскага руху.
Стоячы на грунце адзінага нацыанальнага фронту, Вялікая Беларуская Рада пачала перагаворы з прыехаўшымі ў Менск прэдстаўнікамі Абласнога Камітзту — Калядкай і Кюсэ-Тюс — аб адказе Камітэту ад скліканьня Зьезду ў Рагачове.
У выніку доўгіх спрэчак прэдстаўнікі Камітэту адракліся ад Зьезду ў Рагачове і пагадзіліся на агульны Зьезд, склікаемы Радаю на 5/18 сьнежня ў Мемску, на які выгаварылі дзеля сяброў Камітэту 10 мандатаў.
Прыехаўшы на Зьезд, прэдстаўнікі Камітэту, асабліва ж Л. Т. Вазіла, Гольман і Караткевіч, адразу павялі страшэнную дэмагагічную агітацыю супроць беларускіх нацыанальных арганізацыяў і іх павадыроў.
Другая ж частка камітэтчыкаў, на чале з Юр’евай, старалася заманіць дэлегатаў у асобны будынак і там, патаемна ад ініцыятараў Зьезду, прэдстаўнікоў беларускіх нацыанальных арганізацыяў, адчыніць Зьезд ад імя Абласнога Камітэту.
У дадатак да гэтага, энэргійна вялі сярод дэпутатаў сваю правакацыйную працу афіцыальныя бальшавікі, стараўшыяся ла загаду Абліскамзапа разьбіць і не дапусьціць адчыненьня Зьезду наогул.
Усё гэта, разам узяўшы, настолькі разбурыла 2000 сялянскую масу, што падпарадкаваць яе здавалася немагчымым.
Перэгаворы, угаворы і барацьба з сабатажам і правакацыяй аднялі цэлых 10 дзён. Прэдстаўнікі нацыанальных арганізацыяў выбіваліся з апошніх сіл, а афіцыальнае адчыненьне Зьезду так і не ўдавалася.
Бачучы нездавальненьне многіх дэпутатаў, разачаровакых безупыннымі мітынгамі, нацыанальныя арганізацыі нарэшце вырашылі прыняць рашучыя крокі супроць сабатажнікаў.
У першую чаргу, Вайсковая Рада пастанавіла заарыштаваць усіх дэпутатаў Абласнога Камітэту, найбольш баламуціўшых і перэшкаджаўшых адчыненьню Зьезду.
Пастанова гэта адразу настолькі напалохала абласьнікоў, што да арэшту іх не дайшло. Затым былі прыняты крокі не дапускаць у дэлегацкія памешканьня і ў залі Зьезду бальшавіцкіх агітатараў Абліскамзапа.
Толькі пасьля гэтага наступіла заспакаеньне дэлегатаў, даўшае магчымасьць афіцыальна адчыніць Зьезд толькі 14/27 сьнежня 1917 г.
Вялікім яшчэ недахватам нацыанальных арганізацый было тое, што ў іх шэрэгах не знайшлося чалавека, здольнага кіраваць 2000 масай людзей. Гэта адна з галаўнейшых прычын, змусіўшая аж тройчы перавыбіраць Старшыню Зьезду (Дыла, Савіч, Серэда).
Урачыстае адчыненьне Ўсебеларускага Зьезду адбылося 14/27 сьнежня а 8 гадзіне вечара пад старшынствам паважанага нацыанальнага дзеяча, сябра Беларускай Сацыалістычнай Грамады Язэпа Дылы.
Гарачае прывітаньне Зьезду прынясьлі прэдстаўнікі цывільных, вайсковых і партыйных арганізацыяў — Украінскіх, Расейскіх, Польскіх, Жыдоўскіх, Татарскіх і інш. Зьявіуся дзеля «прывітаньня Зьезду» і прэдстаўнік бальшавіцкага Абліскамзапу «таварышч» Рэзаўскі.
Атрымаўшы слова дзеля прывітаньня, Рэзаўскі адразу пачаў загітацыйнай прамовы за бальшавізм. У часе прамовы ён крануў беларускі нацыанальны штандар, прагнучы замяніць яго чырвоным сьцягам. Такою безтактоўнасьцю Рэзаўскі настолькі абурыў дэлегатаў, што прэзыдыуму Зьезду ледзьве ўдалося вырваць яго з моцных рук сялян, ужо масажыраваўшых гэтага «госьця».
Усяго на Зьезьдзе было 1872 дэлегаты, з якіх 1167 з правам рашучага голасу.
Імі былі прэдстаўляны ўсе беларускія губэрні — Менская, Магілёўская, Віцебская, Смаленская, Віленская, Гродзенская і беларускія паветы іншых суседніх губэрняў. Віленская і Гродзенская губэрні, занятыя немцамі, былі прэдстаўлены бежэнскімі арганізацыямі гэтых губзрняу.
У пераважаючэй большасьці сваёй Кангрэс быў сялянскі, нягледзячы на шырокае на ём прэдстаўніцтва мястэчак і гарадоў, вайсковых арганізацый, рабочых, кадпэрацыйных, сацыалістычных партый і іншых арганізацый.
Бачучы, што Зьезд у сваёй большасьці зьяўляецца нацыанальным і імкнецца стаць не на камуністычны, а на нацыанальна-дэмакратычны грунт, бальшавіцкія агенты напружылі апошнія сілы дзеля таго, каб разьбіць яго.
Быў адзін момэнт, калі ім блізу што ўдалося ўзарваць Зьезд. Бязмернаю дэмагогіяю Зьезд быў разарваны на дзьве, безмаль што роўныя часткі.
Адарваная бальшавікамі частка назвалася «Левым Теченіем», а астаўшаяся другая частка — Сацыалістычна-дэмакратычным блёкам.
Аднак вельмі хутка бальшавіцкая дэАлагогія сама сябе зьела. Паўстаўшая паміж бальшавіцкімі павадырамі грызьня давяла іх нават да ўзаемных жалаб перэд Абліскамзапам-
Разачарованыя дэлегаты гуртом сталі пакідаць «Левае Теченіе» і ўлівацца ў Сацыалістычна-дэмакратычны блёк.
Ад гэтага часу на старане Сацыалістычна-дэмакратычнага блёку была відавочная большасьць.
Калі усе скрытныя замыслы бальшавікоў астатэчна былі разьбіты, тагды Абліскамзап прыгатаваў адкрытую сілу і стаў чэкаць таго ці іншага момэнту дзеля разгону Зьезду ўзброенаю рукою.
Скончыўшы самаарганізацыйную працу 17 сьнежня, Зьезд ужо больш спакойна прыступіў да павесткі дня.
Першым і самым галоўным заданьнем Зьезду было ўсталіць форму ўлады на Беларусі.
Прымаючы пад увагу тагачасныя абставіны і, адчуваючы над сабою ўзброеную руку бальшавікоў, Зьезд прыняў па гэтаму пытаньню наступную рэзалюцыю: «Замацоўваючы свае правы на самавызначэньне, абвешчанае расейскай рэвалюцыяй і прымаючы рэспубліканскі дэмакратычны строй на абшарах Беларускай Зямлі, дзеля паратунку Роднага Краю і дзеля забяспечаньня яго ад раздзелу і адлучэньня ад Расейскай дэмакратычнай фэдэратыўнай рэспублікі, Першы Ўсебеларускі Зьезд УХВАЛЯЕ: безадкладна утварыць са сваяго складу орган Краевой улады, у асобе Ўсебеларускай Рады Сялянскіх, Салдацкіх і Рабочых Дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіраваньня Краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнаю ўладаю, адпаведнай перэд саветамі рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў».
Яшчэ не пасьпеў Зьезд перайсьці да другога чытаньня гэнае рэзалюцыі, як будынак паседжаньня Зьезду быў акружаны браневікамі і кулямётамі. У залю паседжаньня раптоўна ўходзяць, у 12 гадзін ночы, з стрзльбамі ў руках, чырвонаармейцы на чале з камэндантам места Менска Крывашэіным.
Настае надзвычайна адказны і гістарычны момэнт. Усімі дэлегатамі адчуваецца пагроза грубага насільства над народнаю воляю. Пьяны Крывашэін, акружаны ўзброенымі салдатамі, становіцца за плячыма прэзыдыуму Зьезду.
Паднімаецца страшэнны пратэст супраць насільства.
Абраза выклікае раптоўна патрыятычны ўздым інстынктыўна аб’еднаўшыхся дзлегатаў.
Усе патрабуюць галасаваньня рэзалюцыі ў цэлым — адразу. Не пасьпеў Крывашэін сказаць слова, як узмахнулась у гapy паўтары тысячы рук. Рэзалюцыя прынята аднагалосна.
Страціўшыйся Крывашэін стаіць, як слуп, і ня ведае, што рабіць. Нарэшці, апамятаўшыся, заяўляе: «Абвешчаю Зьезд зачыненым, а прэзыдыум яго арыштаваным». Падымаецца страшэнная барацьба ў абарону прэзыдыуму. Дэлегатка Юр’ева за непрыстойны жарт б’е Крывашэіна па твары і зьбівае з яго папаху. Прэзыдыум арыштовываецца. Выбіраецца новы прэзыдыўм.
Акружаны дэлегатамі, новы прэзыдыўм ставіць на галасаваньне рэзалюцыю за рэзалюцыяй — з пратэстам на гвалт бальшавікоў.
Арыштовываецца і другі прэзыдыум. Выбіраецца трэйці, але ў гэты момант пачынаецца агульная барацьба ў залі паміж дэлегатамі Зьезду і чырвонаармейцамі, якая скончылася толькі у 6 гадзін раніцы 18/31 сьнежня, калі былі акружаны і выціснуты з залі апошнія 30 дэлегатаў.
Заарыштаваныя былі адведзяны ў Менскі Саўдэп, адкуль хутка былі выпушчаны.
У 10 гадзін раніцы 18 сьнежня Зьезд нелегальна сабраўся ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі і вынес наступную рэзалюцыю:
1. лічыць, што Першы Ўсебеларускі Зьезд разагнаны сілаю;
2. Раду Зьезду прызнаць выканаўчым органам Зьезду;
3. лічыць Раду Зьезду найвышэйшай установай Краю і даручыць ёй усю паўнату ўлады на Беларусі;
4. папоўніць Раду дэлегатамі зямляцтваў;
5. лічыць распушчанымі ўсе беларускія арганізацыі, існаваўшыя дагэтуль, апрача Цэнтральнай Вайсковай Рады, якая існуе як орган, падуладны Радзе Зьезду;
6. склікаць Другі Ўсебеларускі Кангрэс у найкарацейшы тэрмін;
7. дзеля павялічаньня аўтарытэту Рады, прэзыдыўмам Рады зрабіць прэзыдыум Зьезду, павялічыўшы яго адным намесьнікам старшыні і двумя сэкрэтарамі.
Пасьля гэтага сходу дэлегаты Зьезду пакінулі Менск.
Весткі аб гвалтоўным разгоне Зьезду страшэнна абурылі ўсё беларускае жыхарства супраць бальшавікоў.
Яшчэ невядома, ва што вылілася б нянавісьць беларускага народу, каб бальшавікі не ўцяклі з Менску перэд прыходам немцаў у лютым месяцы 1918 г.
Бальшавіцкая «прэса» разгон Зьезду тлумачыла яго памешчыцкім складам і контррэвалюцыйнасьцю.
Рэагаваць на гэту брахню нават ня трэба было, бо беларускі народ і так добра ведаў, хто там быў і што рабіў.
Цяпер у гэтым прызнаюцца і самі бальшавікі. Так у журнале «Беларусь» (выданьне Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту Беларускай Савецкай Рэспублікі. Менск, 1924 г.) камісар асьветы гэтай Рэспублікі, камуніст Ігнатоўскі, гаворачы аб Зьезьдзе, кажа: «Тут былі прэдстаўляны ўсе беларускія губэрні. У большасьці сваёй Кангрэс быў сялянскі, хоць было тут і шмат рабочых, прэдстаўнікоў каапэрацыі, гарадоў, сацыалістычных партыяў і г. д.».
Дзе ж тут памешчыкі і контррэвалюцыанэры?..
Закранаючы вынікі разгону Зьезду грам. Ігнатоўскі кажа: «Пасьля роспуску Зьезду Абліскамзап… павінен быў пачаць рашучую барацьбу з беларускімі нацыанальнымі арганізацыямі, прымаўшымі ўдзел у Зьезьдзе. Яны, абараняючы пазыцыю адзінага нацыанальнага фронту, хаваліся ў падпольле і зрабіліся яўна варожымі да мяйсцовай Савецкай улады. Вырашэньне нацыанальнага пытаньня на Беларусі адрываецца ад сацыальнай рэвалюцыі. Сацыальная рэвалюцыя, з свайго боку, губіць свой уплыў на тыя масы рабочых і сялян, якія стаял і за плячыма беларускіх нацыанальных арганізацыяў».
Выходзіць, што бальшавікам запатрэбавалася цэлых сем гадоў толькі дзеля таго, каб убачыць масы рабочых і сялян, якія стаялі за плячыма беларускіх нацыанальных арганізацыяў. Раней яны гаварылі, што ўвесь народ толькі за імі бальшавікамі; беларускія ж нацыанальныя арганізацыі толькі кучка інтэлігенцыі, нічога не маючая за сабой.
Далей гр. Ігнатоўскі кажа: «Высунуты да ўлады фронтам Абліскамзап, пасьля роспуску фронту ня мог мець папулярнасьці сярод мяйсцовага беларускага сялянства і рабочых слаёў. Рэўкомы губэрнскіх гарадоў, Саветы Сялянскіх і Рабочых Дэпутатаў павятовых гарадоў і вёсак кіравалі зусім незалежна ад Абліскамзапу і яго Камісараў. Абліскамзап у ноч на 19 лютага 1918 г. пакінуў Менск дзеля таго, што становішча яго стала небясьпечным, дзякуючы ня столькі немцам, сколькі мяйсцовай апазыцыі. На чале апазыцыі стаяла Рада Ўсебеларускага Зьезду».