Галубкі
Верш
Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч‎
Менск, 25 траўня 1854 г [ода]
Пераклад: Нічыпар Чарнушэвіч
Крыніца: Збор твораў у 2 тамах. Т.2. 2008 - с. 358

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Год шаснаццаці Алінка,
Быццам свежая малінка,
Раз улетку ў вечар дзіўны
Ля акна аб нечым пела.
Пад спеў песні пераліўны
Думка горкая наспела.
І дзяцінства свайго справы,
І нявінныя забавы,
І жыццё ўсё без турботы,
Не кранутае гаркотай,
Параўнала неахвоча
З новым побытам дзявочым.
Пачала шукаць прычыну
Прагі нейкай, смутку, млосці -
Яны бедную дзяўчыну
Непакояць часта штосьці.
Калі сілы больш не стала
Зладзіць, справіцца з тугою,
Яна ў маці запытала:
«Мама, што гэта са мною?
Сэрца поўніць чымсьці дзіўным
І жаданні мяне душаць,
І ў трывозе штогадзіны.
Няўжо, мама, я нядужа?
Не хачу цяпер я лялек,
Птушак спеў не захапляе.
Ні вада крыніцы чыстай,
Ні зялёны луг квяцісты
Больш не маюць прыгажосці —
Не знаходжу ў іх чагосьці.
І спакою, прызнаюся,
Не хапае мне, мамуся».
На дзіцячыя ўсе скаргі,
Сьмеючыся, кажа маці:
«Разважанні, твае думкі
Не хваробай называці —
Гэта розум твой сталее,
Вось таму і сэрца млее». —
«Ах, мамуся дарагая,
Я дзяўчына не тупая, —
Ёй чуцён адказ наіўны, —
Аб здарэнні скажу дзіўным.
Абудзіла яно мару —
З ёй расстацца сілы мала.
Захацела пазаўчора
Пагуляць я адвячоркам.
Вельмі доўга я гуляла,
Разважала, напявала,
Ажно бачу — поруч, блізка
Галубкоў прысела двое.
Вось адзін з падзякай нізка
Нахіліўся галавою,
Сваю песеньку буркоча
І глядзіць другому ў вочы.
А другі прыхільна слухаў,
Поўны любасці, самотны,
І крыла імгненным рухам
Сьпевака кранаў пяшчотна.
Буркаваць спявак ледзь скончыў,
Ад яго другі адскочыў.
Не, ізноў душа адна ў іх,
Пацалунак аб’яднаў іх.
І мне думаць стала міла:
Што ж іх гэтак захапіла?
Галубіныя пяшчоты
Надалі і мне ахвоты
Іхняй спрабаваць забавы.
І калі Аўгуст прыедзе.
Любы мой, скажу, суседзе,
Пацалуй жа, будзь ласкавы!»
Кажа маці: «Ох, дзіцятка!
Розуму ў цябе няхватка.
Гэтак думаць не набожна!
Спрабаваць таго не можна». —
«Чаму ж, мамачка, сама ты.
Як цябе цалуе тата,
Не спрачаешся ніколі?» —
«Тата? О, не тое, дружка!
Я цалую свайго мужа
І нікога ў сееце болей». —
«Разумею!.. Ды, мой Божа!
А чаму Аўгуст не можа
Быць мне мужам з маёй волі,
Калі мама нам дазволіць?» —
«Не спяшайся! Час настане,
Больш уцяміш пра каханне.
Памятай, мая галубка:
Перш чым вам ісці да шлюбу,
Трэба любасці ўзаемнай».—
«Любасці?.. Я гэта знаю.
Нам даўно яе хапае.
Разам быць нам так прыемна!
Хай жа маму не турбуе,
Бо ў жыцці сямейным нашым
Абавязкі нам не страшны,
Самі ўладзяцца сабою,
Паручуся галавою.
То ўжо справы толькі нашы...
Хай жа дарагая мама
Выпрасіць, каб тата любы
Быў згаворлівы таксама
І не перашкодзіў шлюбу.
Тады станем пацяшацца,
Цалавацца, мілавацца».

Менск, 25 траўня 1854 г [ода]