Грамадзкі Голас (1925)/1925/40/Прарок

Прарок
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1925 год
Арыгінальная назва: Оракул
Пераклад: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі Голас», № 40 (94). 29 лістапада 1925 г., б. 3
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прарок (Крылоў/Друцкі-Падбярэскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Прарок.


(З баек Крылова).

У бажніцы нейкай стаяў дрэўляны бог.
Далёка славіўся ён тым, што мог
Даваць прамудрыя адказы і саветы.
За тое ідал гэты
Ад галавы да ног ахвярамі абвешан быў,
І вопраткай каштоўнай ажно ільсьніў.
Прад ім увесь час палілася кадзідла,
Нясьлі яму дары, зганялі быдла;
Нёс з просьбай ці падзякай хто што мог.
Ну, словам — верыў кожны, што то запраўдны бог.
Аж раптам — ўвесь народ спадзіў абняў:
Бог глуствы лапатаць пачаў!
Шо ні адказ—ні сэнсу ў ім ні складу,
І так і гэтак—няма ўсё з бога ладу!
Нязьмерна ўсяк тут дзіваваўся:
А справа ўся у тым,
Што ідал у сярэдзіне пуста быў, і ў ім
Самі валхоўцы сядалі
І, быццам ідал сам, адказы усім давалі.
Дык вось:
Калі валхвец разумны там сядзеў—
Разумныя й адказы ён усім даваў,
Калі-ж замест яго прыйшлось
Другому сесьці, а на бяду дурны папаўся—
—Паленам простым ідал аказаўся!

* * *


Ня ведаю ці праўда, а давялось ня раз
Мне чуць, што тутака у нас
Нямала ёсьць такіх паслоў,
Якіх залежыць розум ўвесь ад іх павадыроў.


Б. Друцкі.