Дзе́яньні Сьвятых Апосталаў
← Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле | Дзе́яньні Сьвятых Апосталаў Аўтар: Апостал Лука Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Якуба → |
Разьдзе́л 1
правіць1 Пе́ршую аповесьць, Тэафілю, учыніў я аб усім, што Ісус рабіў ды навучаў
2 да дня, у які ўзьнёсся, даўшы праз Духа Сьвятога загады Апосталам, якіх выбраў,
3 ды прад якімі зьяўляўся жывы пасьля мукаў Сваіх у чысьленых зьявах, у працягу сараку дзён паказываючыся ім ды кажучы аб царстве Божым.
4 І, сабраўшы іх, загадаў ім не выхадзіць з Ерузаліму, а чакаць на абве́шчанае ад Айца, аб чым вы чулі ад мяне́:
5 што Іоан хрысьціў вадой, а вы цераз колькі дзён будзеце ахры́шчаны ў Духу Сьвятым.
6 Дык яны, зыйшоўшыся разам, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе, ці ня ў гэтым часе адбудуеш царства Ізраілю?
7 Ён жа сказаў да іх: ня вам ве́даць час ці пару́, што Аце́ц паклаў у ўладзе Сваёй;
8 але пры́меце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне́ сьве́дкамі і ў Ерузаліме, і ў-ва ўсе́й Юдэі й Самарыі, ды ажно па край зямлі.
9 І, сказаўшы гэтае, Ён узьнёсся перад вачыма іхнімі, і хмара ўзяла Яго ад вачэй іх.
10 Калі-ж яны пільна ўглядаліся ў не́ба́, як Ён адыходзіў, вось двое мужоў станулі перад імі ў белых вопратках,
11 дый сказалі яны: Мужы Галіле́йскія! Чаго стаіцё, узіраючыся на не́ба? Гэты Ісус, узяты ад вас на не́ба, прыдзе гэтак сама, як бачылі вы Яго ўзыходзячы на не́ба.
12 Тады яны вярнуліся ў Ерузалім з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузаліму, за дзе́нь суботні ходу.
13 І, увайшоўшы, узыйшлі ў сьвятліцу, дзе́ былі Пётр і Якуб, і Іоан і Андрэй, Піліп і Хама́, Баўтраме́й ды Мацьве́й, Якуб Алфе́явы й Сымон Зілот, ды Юда Якубаў.
14 Усе́ яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі й Марыяй, Маткай Ісусавай, ды братамі Ягонымі.
15 І ў гэныя дні Пётр, устаўшы сярод вучняў, сказаў (а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх).
16 Мужы браты! Тое пісаньне, якое праз вусны Давідавыя Дух Сьвяты прадказаў пра Юду, што быў павадыром тых, каторыя ўзялі Ісуса, — мусіла збыцца;
17 быў ён палічаны з намі, і лёс вызначыў яму частку ў служэньні гэтым,
18 але цаной крыўды прыдбаў ён зямлю і, рынуўшыся, разьдзе́рся папалове, і вывалілася з яго ўсё шлуньне ягонае.
19 І сталася ве́дама ўсім жы́харам Ерузаліму; дык поле гэнае названа ў іхняй гутарцы Акельдама́, гэта ёсьць зямля крыві.
20 Бо напісана ў кнізе псальмаў: Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто ня жыве ў ім, дый: дагляд ад яго возьме другі (Пс. 68, 26; 108, 8).
21 Дык трэба, каб із тых мужоў, што зыходзіліся з намі праз уве́сь час, як прыходзіў і адыходзіў ад нас Госпад Ісус,
22 пачынаючы ад хрышчэньня Іоанавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін із іх стаўся-бы разам з намі сьве́дкай уваскрасе́ньня Яго.
23 І паставілі двух: Язэпа, званага Варсавай, па мянюшцы Юста, ды Мацьве́я;
24 і, молячыся, казалі: Ты, Госпадзе, які ве́даеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, каго Ты выбраў,
25 каб узяў частку ў служэньні гэтым і апостальстве, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на сваё ме́сца.
26 І кінулі жэрабе аб іх, і выпала жэрабе на Мацьве́я, і далучаны быў да адзінаццацёх Апосталаў.
Разьдзе́л 2
правіць1 І, як канчаўся дзе́нь Пяцідзясятніцы, усе́ былі аднадушна разам.
2 І зьнячэўку пачуўся гук з неба, быццам ад наляце́ўшага буйнага ве́тру, ды напоўніў уве́сь дом, дзе́ яны сядзе́лі.
3 І паказаліся ім падзе́леныя языкі, быццам агнявыя, ды пасе́лі на кожным із іх.
4 І напоўніліся ўсе́ Духам Сьвятым, ды пачалі гутарыць іншымі языкамі, так, як Дух Сьвяты даў ім прамаўляці.
5 Былі-ж у Ерузаліме Жыды, мужы набожныя, з усякага народу пад не́бам.
6 Калі пачуўся гук гэты, зыйшоўся народ дый устрывожыўся: бо кожын чуў, што яны гавораць ягонай гутаркай.
7 І здуме́ліся ўсе́ і дзіваваліся, кажучы адзін аднаму: Вось усе́ гэтыя, што гутараць, ці-ж не Галіле́йцы?
8 Дык як-жа мы чуем кожын сваю гутарку, у якой урадзіліся,
9 Парфяне й Мідзяне й Эляміты, і жыхары Мэзапатаміі, Юдэі й Каппадокіі, Понту і Азіі,
10 Фрыгіі й Памфіліі, Эгіпту й часьцін Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыходжыя Рымляне, Жыды й наве́рненыя,
11 Крыцяне ды Арабы, — чуем, што яны ґавораць нашымі языкамі аб ве́лічы Божай?
12 І здумяваліся ўсе́ і ў недаўменьні гаварылі адзін да аднаго: Што-б гэта магло быць?
13 Іншыя-ж, насьмяхаючыся, казалі, што яны ўпіліся маладым віном.
14 Пётр жа з адзінаццацьма́, устаўшы, падняў голас свой і прамовіў да іх: Мужы ІОдэйскія і ўсе́ жыхары Ерузалімскія, няхай будзе вам гэта ве́дама, і выслухайце словы мае́:
15 Бо яны не п’яныя, як думаеце: яшчэ-ж трэцяя гадзіна дня.
16 А ёсьць тое, што сказана праз прарока Іоіля:
17 І будзе ў апошнія дні, кажа Бог: выльлю Духа Майго на кожнае це́ла; і будуць прарочыць сыны вашыя й дачкі́ вашыя; і дзяцюкі вашыя будуць бачыць зьявы, і старшым вашым сны сьніцца будуць;
18 і на рабоў Маіх ды на рабынь Маіх выльлю ў дні гэныя Духа Майго, і будуць прарочыць.
19 І дам цуды ў не́бе наве́рсе і знакі на зямлі ўнізе, кроў і агонь і туман дымовы.
20 Сонца абе́рнецца ў це́мру і ме́сяц у кроў перш, чым прыйдзе дзе́нь Гасподні, вялікі й слаўны.
21 І будзе: кожын, хто прызаве́ціме імя Госпада, спасе́цца (Іоіль 2, 28—32).
22 Мужы Ізраільскія, выслухайце гэтыя словы: Ісуса Назарэя, мужа, услаўленага міжы вамі ад Бога сілаю й цудамі ды знакамі, што рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі ве́даеце,
23 Яго, выданага водле азначанай рады й прадба́чаньня Божага, вы ўзялі і, рукамі беззаконных прыбіўшы цьвякамі, забілі;
24 вось, Яго Бог ускрасіў, вызваліўшы з мукаў сьме́рці, бо-ж немагчыма было, каб яна Яго ўдзяржала.
25 Бо Давід кажа аб Ім: Ме́ў я Госпада перад вачыма заўсёды: бо Ён праваруч мяне́, каб я не захістаўся.
26 Дзеля гэтага ўце́шылася сэрца маё, ды ўзрадаваўся язык мой, дый це́ла маё супачыне ў надзе́і.
27 Бо не пакікеш душы мае́й у пе́кле, дый не дасі Сьвятому Твайму бачыць тле́ньне.
28 Ты даў мне́ пазнаць пуціну жыцьця; Ты напоўніш мяне́ радасьцяй перад абліччам Тваім (Псальм 15, 8—11).
29 Мужы браты! Дайце мне́ сказаць вам адкрыта аб прабацьку Давідзе, што й паме́р, і пахован, і магіла ягоная ў нас па сягоньняшні дзе́нь.
30 Вось, як Прарок, ды ве́даючы, што Бог кляўся й прысягнуў яму з плоду паясьніцы ягонае паставіць у це́ле Хрыста й пасадзіць на пасадзе ягоным (2 Царств. 7, 12 Пс. 131, 11),
31 ён, прадбачучы, казаў аб ускрасе́ньні Хрыста, што не асталася душа Яго ў пе́кле, і це́ла Ягонае ня бачыла тле́ньня (Пс. 15, 10).
32 Гэтага Ісуса ўскрасіў Бог, і ўсе́ мы сьве́дкі гэтага.
33 Вось, узьне́сены правіцаю Бога ды ўзяўшы ад Айца абяцаньне Духа Сьвятога, Ён выліў тое, што цяпе́р бачыце й чуеце.
34 Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы; сам жа ён кажа: Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́,
35 пакуль палажу ворагаў Тваіх да падножжа ног Тваіх. (Пс. 109, 1).
36 Дык няхай-жа цьвёрда ве́дае ўве́сь дом Ізраілявы, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Яго, гэтага Ісуса, якога вы ўкрыжавалі.
37 Пачуўшы гэта, зьмякчэла сэрца ў іх, і яны прамовілі да Пятра й рэшты Апосталаў: Што-ж нам рабіць, мужы браты?
38 Пётр жа сказаў да іх: Пакайцеся, ды няхай кожын із вас ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня трахоў; і вазьме́це дар Духа Сьвятога.
39 Бо абяцаньне нале́жыць вам і дзе́цям вашым, дый усім далёкім, колькі іх пакліча Госпад Бог наш.
40 Дый іншымі многімі словамі сьве́дчыў і навучаў, кажучы: Спасайцеся ад гэтага роду распуснага.
41 Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, ахрысьціліся, ды ў гэны дзе́нь далучылася каля трох тысяч душ.
42 І трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасьці й ламаньні хле́ба, ды ў малітвах.
43 І страх зьняў кожную душу, і многа цудаў ды знаме́ньняў дзе́ялася праз Апосталаў.
44 І ўсе́ ве́ручыя былі разам, і ўсё ў іх было супольнае;
45 і прадавалі дабро сваё й дастаткі, і дзялілі міжы ўсіх, як каму трэба было.
46 І, кожын дзе́нь аднадушна бываючы ў храме ды ламаючы хле́б у дамох, прымалі страву ў радасьці й прастаце́ сэрца,
47 слаўлючы Бога й маючы ласку ў усяго народу. Госпад жа што-дня дадаваў царкве́ спасаючыхся.
Разьдзе́л 3
правіць1 Пётр ды Іоан ішлі разам у храм у дзявятай гадзіне малітвы.
2 І не́сьлі нейкага чалаве́ка, храмога ад матчынага чэрава; яго кожын дзе́нь садзілі перад дзьвярыма храму, называнымі Краснымі, прасіць міласьціну ў прыходзіўшых у храм.
3 Ён, угле́дзіўшы Пятра й Іоана, што ме́ліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.
4 Пётр жа, паўзіраўшыся на яго з Іоанам, сказаў: Паглядзі на нас.
5 Ён жа пільна ўзіраўся на іх, спадзяючыся не́шта дастаць.
6 І сказаў Пётр: Серабра ды золата няма ў мяне́, дык дам табе́ тое, што ма́ю. У імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі!
7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго, і ўраз жа акрэплі ногі й ступні ягоныя,
8 і, падскочыўшы, стануў і хадзіў ды разам з імі ўвайшоў у храм, пахаджа́ючы, падско́кваючы ды слаўлючы Бога.
9 І ўве́сь народ бачыў яго ходзячы й слаўлючы Бога.
10 І пазналі яго, што гэта быў той, што дзеля міласьціны сядзе́ў ля Красных дзьве́раў царквы; і напоўніліся страхам і зьдзіўле́ньнем ад стаўшагася з ім.
11 А як аздароўлены кульгач не́ адставаў ад Пятра й Іоана, дык уве́сь народ у задзіўле́ньні прыбе́г да іх у се́ні, што называюцца Салямонавымі.
12 Бачучы гэта, Пётр прамовіў да народу: Мужы Ізраільскія! што́ дзівуецеся з гэтага, ці што́ так пільна ўгляда́ецеся на нас, як быццам уласнай сілай або пабожнасьцяй зрабілі мы, каб ён хадзіў?
13 Гэта Бог Аўраамаў і Ізаакаў і Якубаў, Бог бацькоў нашых, уславіў сына Свайго Ісуса, якога вы выдалі й адракліся ад Яго перад абліччам Пілата, калі той судзіў звольніць Яго.
14 Вы-ж ад Сьвятога й Справядлівага адракліся ды прасілі памі́лаваць вам чалаве́ка душагуба,
15 а Павадыра жыцьця забілі. Бог падняў Яго із мёртвых, і мы сьве́дкі гэтага.
16 І дзеля ве́ры ў імя Ягонае дало імя Яго сілу таму, каго бачыце й ве́даеце; і ве́ра, што́ ад Яго, дала яму гэтае аздараўле́ньне перад вамі ўсімі.
17 Але цяпе́р, браты, я ве́даю, што праз няве́даньне ўчынілі вы гэта, так, як і павадыры вашыя.
18 Бог жа, што прадказаў вуснамі ўсіх Сваіх Прарокаў, каб цярпе́ць мукі Хрысту, тое і споўніў.
19 Дык пакайцеся й навярне́цеся, каб былі зьняты з вас грахі вашыя,
20 каб прыйшлі часы́ асьвяжэньня ад аблічча Госпада, ды Ён прыслаў-бы вам Ісуса Хрыста, якога абвясьціў наперад,
21 ды якога мусіла не́ба прыняць да часу зьдзейсьненьня ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых Прарокаў ад вякоў.
22 Бо-ж Майсе́й сказаў бацьком: Прарока паставіць вам Госпад Бог із братоў вашых, як мяне́. Яго слухайцеся ў-ва ўсім, што каза́ціме да вас.
23 І будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока гэнага, будзе вы́нішчана з народу (Другазак. 18, 15— 18).
24 Дый усе́ Прарокі ад Самуіла ды пасьля іх, якія толькі прамаўлялі, прадвяшчалі гэтыя дні.
25 Вы сыны Прарокаў і тае́ запаведзі, што даў Бог бацьком нашым, кажучы да Аўраама: І ў насе́ньні тваім багаслаўлёны будуць усе́ народы зямлі.
26 Вам найпе́рш Бог, паставіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго багаславіць вас, каб адвярнуўся кожын ад благіх учынкаў сваіх.
Разьдзе́л 4
правіць1 Калі-ж яны гаварылі да народу, падыйшлі да іх сьвяшчэньнікі, і начальнік варты царкоўнае, і Саддуке́і,
2 узлаваныя тым, што яны навучаюць народ ды прапаве́дуюць у Ісусе ўваскрасе́ньне із мёртвых;
3 і палажылі на іх рукі, і аддалі іх пілнаваць да раніцы, бо быў ужо ве́чар.
4 Многа-ж із тых, што слухалі прамову, уве́равалі; і было гэткіх. людзе́й лікам каля пяцёх тысячаў.
5 І сталася, нараніцы сабраліся ў Ерузалім павадыры іхнія ды старшыя й кніжнікі,
6 і Анна архірэй, і Кайяфа, і Іоан, і Аляксандр, і колькі іх было з роду архірэйскага;
7 дый, паставіўшы гэных пасярод сябе́, пыталіся: Якою сілай, ці якім імем учынілі вы тое?
8 Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Сьвятым, прамовіў да іх: Павадыры народу і старэйшыя Ізраілю!
9 Калі ў нас сягоньня дапытываюцца аб добрым учынку нядужаму чалаве́ку, чым ён аздароўлены,
10 дык няхай ве́дама будзе ўсім вам ды ўсяму народу Ізраільскаму, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэ́я, якога вы ўкрыжавалі, ды якога Бог ускрасіў із мёртвых, — праз Яго гэты стаіць перад вамі здаровы.
11 Ён — камень, зьняважаны вамі пры будове, што стаўся галавою вугла,
12 і ні ў кім іншым няма́шака збаўле́ньня, бо й няма іншага імя пад не́бам, да́дзенага людзям, якім бы нам спасьціся.
13 Бачучы-ж адвагу Пятра й Іоана ды ўцяміўшы, што яны людзі няўчоныя і простыя, зьдзівіліся; і пазналі іх, што былі з Ісусам.
14 Бачучы-ж стаяўшага з імі аздароўленага чалаве́ка, не маглі нічога сказаць насупраць.
15 Дык, загадаўшы ім выйсьці з сынэдрыону, ра́дзіліся паміж сабою,
16 кажучы: Што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо вялікі знак стаўся праз іх яўна для ўсіх, хто жыве́ ў Ерузаліме, і ня можам запярэчыць гэтаму.
17 Але, каб гэта больш не разыходзілася ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб дале́й не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзе́й.
18 І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісусавае.
19 Пётр жа й Іоан, адказываючы ім, сказалі: Судзіце, ці справядліва перад Богам слухацца вас бале́й, чым Бога?
20 Мы-ж ня можам не гаварыць аб тым, што бачылі й чулі.
21 Дык яны, пагразіўшы ім, звольнілі іх, не знайшоўшы нічога, каб пакараць іх, дзеля народу; бо ўсе́ славілі Бога за тое́, што сталася.
22 Бо больш за сорак гадоў было таму чалаве́ку, з якім стаўся цуд аздараўле́ньня.
23 Калі-ж іх звольнілі, яны пайшлі да сваіх і абвясьцілі тое, што да іх гаварылі архірэі й старшыя.
24 Тыя-ж, пачуўшы, аднадушна паднялі голас к Богу і сказалі: Валада́ру! Ты Бог, што ўчыніў не́ба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
25 што вуснамі Давіда, слугі Твайго, сказаў: Чаго збунтаваліся пагане, ды людзі марныя рэчы надумалі?
26 Паўсталі цары зямныя, ды князі сабраліся разам насупраць Госпада й насупраць Хрыста Ягонага.
27 Бо-ж запраўды сабраліся супраць Сына Твайго Сьвятога, Ісуса, якога Ты памазаў, і Ірад, і Пілат Понцкі з паганамі й народам Ізраільскім,
28 каб учыніць тое, чаму стацца напе́рад назначыла рука Твая й рада Твая.
29 І цяпе́р, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія і дай рабом Тваім з усе́й адвагай гаварыць слова Тваё
30 ды працягні руку Тваю на аздараўле́ньне, каб рабіліся знакі й цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
31 І, як памаліліся, захісталася ме́сца тое, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе́ напоўніліся Духам Сьвятым ды адважна гаварылі слова Божае.
32 У грамады ж ве́руючых было адно сэрца й адна душа, і ніхто нічога з маемасьці свае́й не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
33 І з вялікай сілай давалі Апосталы сьвядо́цтва ўваскрасе́ньня Госпада Ісуса, і ла́ска вялікая была на ўсіх іх.
34 І ня было сярод іх нікога, хто цярпе́ў бы недастатак, бо хто ме́ў зямлю ці дамы, тыя, прадаўшы, прыносілі грошы за праданае
35 і клалі к нагам Апосталаў; і кожнаму дава́лася тое, што яму было патрэбна.
36 Гэтак Іосія, названы Апосталамі Варнавай (што ў перакладзе знача: сын пацяшэньня), лявіт, родам Кіпрыец,
37 ме́ўшы поле, прадаў яго і прынёс грошы ды паклаў к нага́м Апосталаў.
Разьдзе́л 5
правіць1 Адзін муж, на імя Ананія, з жонкай сваёй Сафіраю прадаў маемасьць сваю
2 ды прыхаваў із цаны, з ве́дама жонкі сваёй, і, прыне́сшы не́йкую частку, палажыў к нагам Апосталаў.
3 Але Пётр сказаў: Чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб ашукаці Духа Сьвятога ды прыхаваці із цаны за зямлю?
4 Ці-ж не тваё было, што ты ме́ў, дый праданае ці-ж не ў твае́й моцы было? Дзеля чаго паклаў ты дзе́ла гэтае ў сэрцы сваім? Ты ашукаў не людзе́й, а Бога.
5 Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў бяз духу. І вялікі страх зьняў усіх, што чулі гэта.
6 І дзяцюкі, устаўшы, узялі яго ды, вынесшы, пахаранілі.
7 Сталася-ж гадзіны це́раз тры пасьля гэтага, прыйшла й жана ягоная, ня ве́даючы, што́ зда́рылася.
8 І прамовіў да яе́ Пётр: Скажы мне́, ці за гэтулькі аддалі вы зямлю? Яна-ж сказала: Але́, за гэтулькі.
9 Дык Пётр сказаў да яе́: Дзе́ля чаго змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось ля дзьве́раў стопы тых, што пахавалі мужа твайго; яны вынясуць і цябе́.
10 Дык яна ўраз павалілася да ног ягоных і аддала душу. А дзяцюкі, што ўвайшлі, знайшлі яе́ няжывую ды, вынесшы, пахавалі ля мужа яе́.
11 І вялікі страх зьняў усю царкву дый усіх, што чулі аб гэтым.
12 Рукамі-ж Апосталаў рабілася многа знакоў ды цудаў у народзе (і былі аднадушныя ўсе ў се́нях Салямонавых,
13 з рэшты-ж ніхто не адважа́ўся далучыцца да іх; ды народ іх вы́сака стаўляў, —
14 і ўсё бале́й прыбывала ве́руючых у Госпада, множства мужчын ды жанчынаў);
15 дык выносілі хворых на вуліцы й клалі на пасьце́лях і ложках, каб пры праходзе Пятра хоць це́нь ягоны ацяніў каго з іх.
16 І зыходзілася ў Ерузалім з акалічных ме́стаў множства людзе́й, нясучы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, дый усе́ яны аздараўляліся.
17 І, паўстаўшы, архірэй і ўсе́, што былі з ім, тагачасная гэрэзія Саддуке́йская, напоўніліся зайздрасьцяй
18 і палажылі рукі свае́ на Апосталаў ды пасадзілі іх у вязьніцу грамадзкую.
19 І Ангел Гасподні ўначы адамкнуў дзьве́ры вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
20 Ідзе́це ды, стаўшы, кажэце ў царкве́ да народу ўсе́ словы жыцьця гэтага.
21 Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі нараніцы ў храм і навучалі. Прыйшоўшы-ж архірэй і тыя, што з ім, склікалі сынэдрыон і ўсю старшызну сыноў Ізраілявых ды паслалі ў вязьніцу прывясьці іх.
22 Слугі-ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, расказалі, мовячы:
23 Вязьніцу дык знайшлі мы замкнёную ве́льмі крэпка, і варта во́нках стаяла перад дзьвярыма; але, адамкнуўшы, ўсярэдзіне нікога не знайшлі.
24 Калі-ж пачулі словы тыя сьвяшчэньнік і начальнік ва́рты царкоўнае ды архірэі, дык сумляваліся аб іх, што-б гэта сталася?
25 І не́хта, прыйшоўшы, расказаў ім, кажучы: Што вось мужы, якіх вы кінулі ў вязьніцу, стаяць у храме й навучаюць народ.
26 Тады пайшоў начальнік варты з слугамі ды прывёў іх, але бяз прымусу, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.
27 І, прыве́ўшы, паставілі іх перад радай; і запытаўся ў іх архірэй, кажучы:
28 Ці не забаранілі мы вам крэпка навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерузалім навукай вашай ды хочаце ўзьвясьці на нас кроў чалаве́ка гэнага.
29 І, адказваючы, Пётр ды Апосталы сказалі: Больш трэба слуха́цца Бога, чым людзе́й.
30 Бог айцоў нашых падняў Ісуса, якога вы забілі, паве́сіўшы на дзе́раве.
31 Яго Бог правіцай сваёй узвысіў на Павадыра й Спаса, каб даць Ізраілю пакаяньне й адпушчэньне грахоў.
32 І сьве́дкі Яго на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго.
33 Тыя-ж, слухаючы, ажно лопаліся ды ра́дзіліся, каб пазабіваць іх.
34 Устаўшы-ж адзін у сынэдрыоне, фарысэй, на імя Гамаліэль, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў на часіну вывясьці Апосталаў
35 ды сказаў ім: Мужы Ізраільскія, разважце з сабою аб людзях гэтых, што́ маеце зрабіць.
36 Бо перад гэтымі днямі паўстаў быў Тэўда, кажучы, што ён ёсьць не́хта, і да яго прыстала на лік каля чатырох сот людзей; ён забіты, і ўсе́, што́ слухаліся яго, разыйшліся й абярнуліся ў нішто.
37 Пасьля яго ў дні сьпісаваньня паўстаў Юда Галіле́янін ды пацягнуў за сабою даволі народу; дый той пагіб, і ўсе́, што слухаліся яго, рассыпаліся.
38 І цяпе́р кажу вам: пакіньце гэтых людзе́й і дайце ім волю; бо, калі ад людзе́й рада гэтая ці дзе́ла гэтае, дык змарне́е,
39 а калі ад Бога, дык ня здолееце зьніштожыць яго, дый каб самі ня сталіся змагарамі проці Бога.
40 Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы Апосталаў, пабіўшы, загадалі не гаварыць аб імі Ісуса ды звольнілі іх.
41 Тыя-ж пайшлі ад аблічча сынэдрыонавага, радыя, што сталіся годнымі зьняважэньня за імя Ягонае,
42 ды кожын дзе́нь у храме й дома ня кідалі навучаць і абвяшчаць пра Ісуса Хрыста.
Разьдзе́л 6
правіць1 У тыя-ж дні, як намножылася вучняў, узьнялося нараканьне Грэцкіх на Гэбрэяў, што ў штодзённым служэньні ня ру́пяцца аб удовах іхніх.
2 Дык дванаццацёра, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць за сталом.
3 Вось-жа, браты, нагле́дзьце спасярод вас се́м дазнаных мужоў, поўных Духа Сьвятога й мудрасьці, якіх паставім на гэту патрэбу,
4 а мы ўсьцяж будзем на малітве й служэньні слова.
5 І спадабалася слова гэтае ўсе́нькай грамадзе. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага ве́ры й Духа Сьвятога, і Піліпа й Прахора й Ніканора, і Тымона ды Парме́на, і Мікалая Антыахійца, нованаве́рненага,
6 ды паставілі іх перад Апосталамі; і яны, памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.
7 І слова Божае расло, і лічба вучняў у Ерузаліме ве́льмі мно́жылася, ды вялікае множства сьвяшчэньнікаў скарылася перад ве́рай.
8 Сьцяпан-жа, поўны ве́ры й сілы, рабіў цуды й знаме́ньні вялікія ў народзе.
9 І паўсталі некаторыя із школы, называнай Лібэртынскай, ды з Кірэнэйскай і Александрыйскай, дый з тых, што з Кілікіі й Азіі, разважаючы разам з Сьцяпанам;
10 ды ня здолелі ўстая́ці супраць мудрасьці й духа, якім прамаўляў.
11 Тады падбілі людзе́й, каб казалі: што чулі мы яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Майсе́я і Бога.
12 І падбурылі народ і старшызну ды кніжніка́ў і, напаўшы, схапілі яго й павялі ў сынэдрыон,
13 і паставілі фальшывых сьве́дкаў, якія казалі: Гэты чалаве́к ня кідае гаварыць гане́бныя рэчы супраць гэтага сьвятога ме́сца й супраць закону,
14 бо мы чулі, як ён казаў: што Ісус Назарэй зруйнуе ме́сца гэтае ды пазьмяняе звычаі, што перадаў нам Майсе́й.
15 І ўсе́ тыя, што сядзе́лі ў сынэдрыоне, пільна ўзіраючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.
Разьдзе́л 7
правіць1 І сказаў ахрірэй: Ці-ж гэта так?
2 Той-жа адказаў: Паслухайце, мужы браты і айцы! Бог славы зьявіўся айцу нашаму Аўрааму, калі той быў у Мэзапатаміі, пе́рш, чым быў асе́ўшы ў Харране,
3 ды прамовіў да яго: Выйдзі з зямлі тваёй і з сям’і тваёй, ды йдзі ў зямлю, якую табе́ пакажу.
4 Тады, выйшаўшы з зямлі Хальдэйскае, асе́ў ён у Харране. І стуль, пасьля сьме́рці бацькі ягонага, перасяліў яго ў тую зямлю, у якой вы цяпе́р жывецё.
5 І ня даў яму ў ёй спадчыны ні на стапу́ нагі; і абяцаў яму даць яе́ ў валаданьне яму й патомству ягонаму пасьля яго, а ня было ў яго тады дзіцяці.
6 І прамаўляў да яго Бог гэтак: Што патомкі ягоныя будуць прыхаджанамі ў чужой зямлі, і паняволяць іх ды будуць мучыць іх чатырыста гадоў.
7 Але я, сказаў Бог, учыню суд над народам, якому будуць яны рабамі; і пасьля то́га яны выйдуць і будуць служыць Мне́ ў гэтым ме́сцы.
8 І даў яму запаведзь абразаньня. І гэтак ён спарадзіў Ізаака ды абрэзаў яго на восмы дзе́нь; а Ізаак Якава, а Якаў дванаццаць патрыархаў.
9 І патрыархі праз завісьць прадалі Язэпа ў Эгіпет; і Бог быў з ім
10 і ратаваў яго з усіх бе́д ягоных, і даў яму ласку й мудрасьць перад Фараонам, царом Эгіпецкім; і той паставіў яго за начальніка над Эгіптам дый над усім домам сваім.
11 І прыйшоў голад на ўсю зямлю Эгіпецкую ды Ханаанскую і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.
12 Якаў жа, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў пе́ршы раз нашых айцоў,
13 а другім разам Язэп быў пазна́ны братамі ягонымі, і Фараону выявіўся род Яза́павы.
14 І Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго, Якава, ды ўсю сям’ю ягоную, душ се́мдзесят пяць.
15 І Якаў перабраўся ў Эгіпет ды паме́р тутака сам і нашы айцы;
16 і перане́сьлі іх у Сіхе́м ды паклалі ў магілы, што закупіў Аўраам за цану серабра ў сыноў Ямора Сіхе́мавага.
17 А як набліжаўся час абяцаньню, якім кляўся Бог Аўрааму, нарастаў народ ды памнажаўся ў Эгіпце
18 да часу, калі настаў новы цар, што ня ве́даў Язэпа.
19 Той, хітруючы проці народу нашага, уціскаў айцоў нашых, прымушаючы выкідаць дзіцянятак, каб не выжывалі.
20 У тым часе ўрадзіўся Майсе́й ды быў угодны Богу; яго гадавалі тры ме́сяцы ў доме бацькі ягонага.
21 Калі-ж выкінулі, дык узяла яго дачка́ Фараонава дый узгадавала яго за сына сабе́.
22 І навучыўся Майсе́й усяе́ мудрасьці Эгіпецкае і быў дуж у словах і дзялох.
23 Калі-ж мінула яму сорак гадоў ве́ку, прыйшло яму на сэрца даве́дацца братоў сваіх, сыноў Ізраілявых.
24 І, убачыўшы, як аднаго крыўдзілі, заступіўся за яго дый памсьціўся за пакрыўджанага, забіўшы Эгіпцяніна.
25 Ён думаў, што браты ягоныя зразуме́юць, што Бог ягонай рукой дае́ць ім выбаўле́ньне; ды тыя не зразуме́лі.
26 На другі-ж дзе́нь ён зьявіўся ім, як яны біліся, ды вёў іх да згоды, мовячы: О, мужы, вы-ж — браты! Чаму-ж крыўдзіце адны адных?
27 Але той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе́ за начальніка й судзьдзю над намі?
28 Ці й мяне́ хочаш забіць, як забіў учора Эгіпцяніна?
29 І ўцёк Майсе́й на слове гэтым ды быў прыхаджанінам у зямлі Мадыямскай, дзе спарадзіў двух сыноў.
30 Калі-ж мінула сорак гадоў, паказаўся яму ў пустыні пад гарою Сынаем Ангел Гасподні ў вагнявым полымі ў кусьце́.
31 Майсе́й жа, убачыўшы, дзівіўся з ба́чанага; калі-ж падыходзіў разглядзе́ці, пачуўся да яго голас Госпада:
32 Я Бог айцоў тваіх, Бог Аўраама й Бог Ізаака й Бог Якава. І, задрыжэўшы, Майсе́й не адважыўся ўглядацца.
33 Госпад жа сказаў яму: Разуй вобуй з ног тваіх, бо ме́сца, дзе́ ты стаіш, сьвятая зямля.
34 Я глядзе́ў і ўбачыў у́ціск народу Майго, што́ ў Эгіпце, ды пачуў стагнаньне ягонае. І зыйшоў вызваліць яго. Дык ідзі цяпе́р, я пашлю цябе́ ў Эгіпет.
35 Таго Майсе́я, якога яны выракліся, мовячы: Хто паставіў цябе́ за начальніка й судзьдзю? — яго Бог за начальніка й збавіцеля паслаў рукой Ангела, што паказаўся яму ў кусьце́.
36 Ён вывеў іх, зрабіўшы цуды й знаме́ньні ў зямлі Эгіпецкай і ў Чырвоным моры і ў пустыні ў працягу сараку́ гадоў.
37 Гэта той Майсе́й, што сказаў сыном Ізраілявым: Паставіць вам Госпад Бог ваш Прарока із братоў вашых, як мяне́; яго слухайце.
38 Той гэта, што быў у пустыні на зборцы з Ангелам, які з ім гутарыў на гары Сінаі, ды з айцамі нашымі; ён жа прыняў жывыя словы, каб даць нам.
39 Якога не хаце́лі слухацца айцы́ нашыя, але адапхнулі яго ды зьвярнулі сэрцы свае́ да Эгіпту,
40 кажучы Аарону: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі напе́радзе нас, бо з Майсе́ем, тым, што вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ве́даем, што сталася з ім.
41 І зрабілі ў тыя дні цяля́, і прыне́сьлі ахвяру ідалу, і це́шыліся з дзе́ла рук сваіх.
42 І адвярнуўся Бог і аддаў іх, каб служылі войску нябе́снаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: Доме Ізраілявы, ці прыносілі вы Мне́ бітае й ахвяры ў працягу сараку́ гадоў у пустыні?
43 І паднялі вы палатку Малохаву ды зорку бога Вашага Рэмфана, абразы́, што парабілі, каб ім пакланяцца. Дык перасялю вас ажно за Вавілон.
44 Палатка сьве́дчаньня была ў айцоў нашых у пустыні, як загадаў той, што́ прамаўляў да Майсе́я, зрабіць яе́ на ўзор ба́чанае.
45 Яе́, узяўшы, і зане́сьлі айцы нашыя з Ісусам у зе́млі пага́наў, якіх Бог выгнаў ад аблічча айцоў нашых, да дзён Давіда,
46 які знайшоў ласку ў вачох Бога ды маліў, каб знайсьці жыльлё Богу Якава.
47 Салямон жа пабудаваў яму дом.
48 Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі дамох жыве́ць, як кажа Прарок.
49 Госпад гавора: Не́ба — пасад Мой, зямля-ж — падножжа ног Маіх. Які-ж дом пабудуеце Мне́? Ці якое ме́сца дзеля супачынку Майго?
50 Ці-ж не Мая рука стварыла́ ўсё гэтае? (Ісайя, 66, 1 -2 ) .
51 Людзі з цьвёрдым каркам, ды з неабрэзаным сэрцам і вушыма! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як айцы вашыя, так і вы.
52 Каго із Прарокаў ня гналі айцы вашыя? І пазабівалі прадве́сьнікаў прыходу Справядлівага, здраднікамі й забойцамі Якога вы цяпе́р сталіся.
53 Вы прынялі закон па загаду Ангелаў, ды не захавалі яго.
54 Слухаючы-ж гэта, яны лопаліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.
55 Ён-жа, поўны Духа Сьвятога, паўзіраўшыся на не́ба, угле́дзіў славу Божую ды Ісуса, стоючы праваруч Бога,
56 і сказаў: Вось, бачу нябёсы расчыненыя і Сына Чалаве́чага, стоючы праваруч Бога.
57 Яны-ж, загаласіўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае́ ды аднадушна кінуліся на яго
58 і, вывеўшы за ме́ста, закаменавалі яго. А сьве́дкі паклалі вопраткі свае́ ля ног дзяцюка на ймя Саўла
59 ды білі камнямі Сьцяпана, які маліўся мовячы: Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!
60 І, укле́нчыўшы, загаласіў моцным голасам: Госпадзе, не паліч ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, паме́р. Саўл жа пахваляў забойства яго.
Разьдзе́л 8
правіць1 І сталася ў той дзе́нь вялікае перасьле́даваньне царквы ў Ерузаліме. Дык усе́, апрача Апосталаў, расьцярушыліся па зе́млях Юдэі й Самарыі.
2 А Сьцяпана пахавалі багабойныя людзі ды ўчынілі па ім галошаньне вялікае.
3 Саўл жа нішчыў царкву і, уваходзячы ў дамы́ ды цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў у вязьніцу.
4 А тыя, што паразьбягаліся, хадзілі і абвяшчалі слова.
5 Піліп жа, прыйшоўшы ў ме́ста Самарыйскае, абвяшчаў ім Хрыста.
6 І грамады народу аднадушна прыслухоўваліся да прамоваў Піліпавых, чуючы й бачучы знаме́ньні, якія рабіў.
7 Бо нячыстыя духі із многіх, што ме́лі іх, выходзілі, моцным голасам галосячы, ды многа спараліжаваных і храмых паздараве́ла.
8 І сталася радасьць вялікая ў ме́сьце гэным.
9 Быў-жа пе́рш у ме́сьце тым адзін чалаве́к, на ймя Сымон, які чараваў ды задзіўляў народ Самарыйскі, удаючы не́кага вялікага.
10 І ўзіраліся на яго ўсе́ ад малога да вялікага, кажучы: Гэты ёсьць вялікая моц Божая.
11 А ўзіраліся на яго затым, што даволі часу чарамі іх задзіўляў.
12 Калі-ж паве́рылі Піліпу, які абвяшчаў ім Царства Божае ды ймя Ісуса Хрыста, мужчыны й жанчыны хрысьціліся.
13 Дый Сымон і той паве́рыў і, ахрысьціўшыся, быў пры Піліпе. Бачучы-ж знакі й цуды вялікія, што рабіліся, здумяваўся.
14 Апосталы-ж, што ў Ерузаліме былі, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі ім Пятра ды Іоана,
15 якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога,
16 (бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса).
17 Тады яны паўскладалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Сьвятога.
18 Сымон-жа, убачыўшы, што праз ускладаньне рук Апосталавых дае́цца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
19 кажучы: Дайце і мне́ гэткую ўладу, каб той, на каго палажу рукі, прыняў Духа Сьвятога.
20 Пётр жа сказаў да яго: Няхай серабро твае́ будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты маніўся за грошы здабыць.
21 Нямашака табе́ часьціны й долі ў слове гэтым, бо сэрца твае́ ня правае перад Богам.
22 Дык пакайся ў гэтай нягоднасьці тваёй ды малі Бога: мо́ думка сэрца твайго будзе табе́ даравана.
23 Бо бачу цябе́ ў гарчыні жоўці ды ў путах няпраўды.
24 І Сымон, адказываючы, сказаў: Памаліцеся Госпаду за мяне́ вы, каб нішто на мяне́ не найшло з таго, аб чым вы казалі.
25 Яны-ж, пасьве́дчыўшы й расказаўшы слова Гасподняе, вярнуліся ў Ерузалім ды шмат дзе́ ў вёсках Самарыйскіх абвяшчалі Эвангельле.
26 І Ангел Гасподні прамовіў да Піліпа, гаворачы: Устань ды йдзі напаўдзён па дарозе, што йдзе́ з Ерузаліму ў Газу; яна пустая.
27 І, устаўшы, пайшоў. І вось муж Эфіопскі, е́ўнух, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопаў, што быў над усімі скарбамі яе́ ды е́зьдзіў у Ерузалім пакланіцца,
28 варочаўся назад і, се́дзячы на возе сваім, чытаў прарока Ісаю.
29 І сказаў Дух Піліпу: Падыйдзі й прыстань да возу гэтага.
30 Прыбе́гшы-ж, Піліп пачуў, што той чытае Ісаю, дый сказаў: Ці разуме́еш тое, што чытаеш?
31 Той-жа сказаў: Як здолею, калі хто не давядзе́ мне́? Дый папрасіў Піліпа ўзьлезьці й се́сьці з ім.
32 Ме́сца-ж Пісаньня, што ён чытаў, было гэткае: Як аве́чку на ўбой, вялі Яго; і як ягня ёсьць безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, гэтак і Ягоныя вусны не расчыняцца.
33 У паніжэньні Яго суд Ягоны ўзяты. Род-жа Ягоны хто вы́вядзе? Бо жыцьцё Ягонае ўзята будзе ад зямлі (Ісая, 53, 7-8).
34 І, адказваючы, сказаў е́ўнух Піліпу: Прашу цябе́: аб кім прарок гавора гэтае? Аб самым сабе́, ці аб кім іншым?
35 Піліп-жа, расчыніўшы вусны свае́ ды пачаўшы ад пісаньня гэнага, абвяшчаў яму Ісуса.
36 Едучы-ж па дарозе, прыйшлі к вадзе́; і сказаў е́ўнух: Вось вада; што-ж перашкаджае мне́ ахрысьціцца?
37 І сказаў Піліп: Калі ве́руеш з усяго сэрца, дык можна. І, адказываючы, сказаў: ве́рую, што́ Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы.
38 І загадаў затрымаць воз. І зыйшлі абодва ў ваду, Піліп з е́ўнухам, і ахрысьціў яго.
39 Калі-ж выйшлі із вады, Дух Гасподні схапіў Піліпа, і е́ўнух больш ня бачыў яго, бо пае́хаў у сваю дарогу усьце́шаны.
40 Піліп-жа апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, абвяшчаў Эвангельле па ўсіх гарадох, пакуль прыйшоў у Кесарыю.
Разьдзе́л 9
правіць1 Саўл жа, дышучы пагрозай ды забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоўшы да архірэя,
2 выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе каго таго-ж напрамку, мужчын ды жанчын, зьвязаўшы, вясьці ў Ерузалім.
3 Калі-ж ён ішоў, сталася, падыходзячы к Дамаску, зьнячэўку абняло яго сьвятло́ з не́ба;
4 і, паваліўшыся на зямлю, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш мяне́?
5 Ён жа сказаў: Хто Ты, Госпадзе? А Госпад сказаў: Я Ісус, якога ты перасьле́дуеш. Цяжка Табе́ проці ражна ўпірацца.
6 Ён жа, дрыжучы ад жаху, сказаў: Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў? І Госпад да яго: Устань ды йдзі да ме́ста, і будзе табе́ сказана, што трэ’ табе́ рабіць.
7 Людзі-ж, што йшлі разам з ім, стаялі здуме́ўшыся: бо чулі голас, ды нікога ня бачылі.
8 Саўл устаў з зямлі. Калі-ж расчынілі́ся вочы ягоныя, ня бачыў нікога; дык, узяўшы за руку, завялі яго ў Дамаск.
9 І тры дні быў сьляпы, і ня е́ў ды ня піў.
10 Быў жа ў Дамаску адзін вучань на ймя Ананія; і сказаў да яго Госпад у зьяве: Ананія! Ён жа сказаў: Вось я, Госпадзе!
11 І Госпад да яго: Устань ды йдзі на вуліцу, называную Простай, і пашукай у Юдавым доме Тарсяніна на ймя Саўл; бо вось ён моліцца
12 ды бачыў у зьяве мужа, на ймя Ананія, які ўвайшоў і ўзлажыў руку, каб ізноў відзеў.
13 Ананія-ж адказаў: Госпадзе, ад многіх чуў я аб чалаве́ку гэтым, колькі благога зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерузаліме;
14 дый тутака мае ўладу ад архірэяў вязаці ўсіх, хто імя Твае́ прызывае.
15 І прамовіў да яго Госпад: Ідзі, бо ён Мне́ выбраная судзіна, каб не́сьці імя Мае́ перад паганамі й царамі й сынамі Ізраілявымі:
16 бо Я яму пакажу, колькі мусіць выцярпець за імя Мае́.
17 І пайшоў Ананія і ўвайшоў у гэны дом ды, ускладаючы на яго рукі, сказаў: Саўле, браце, паслаў мяне́ Госпад, Ісус, што паказаўся табе́ на дарозе, па якой ты йшоў, каб ты йзноў відзеў і Духам Сьвятым напоўніўся.
18 І ўраз-жа нібы луска з вачэй яму апа́ла, і з тае́ часіны відзеў ізноў дый, устаўшы, ахрысьціўся
19 і, пае́ўшы, узмацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,
20 і неўзабаве абвяшчаў у сынагогах Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
21 І ўсе́, чуючы, дзіваваліся й казалі: Няўжо-ж гэта той самы, што загубіў у Ерузаліме прызываючых імя гэтае дый сюды прыйшоў дзе́ля таго, каб іх, зьвязаўшы, вясьці да архірэяў?
22 А Саўл бале́й дужэў ды граміў Жыдоў, што жылі ў Дамаску, даводзячы, што гэта Хрыстос.
23 Калі-ж прайшло багата дзён, змовіліся Жыды забіці яго.
24 Але Саўлу сталася ве́дама змова іхняя. А яны пілнавалі варотаў днямі й начамі, каб яго забіць.
25 І вучні, узяўшы яго ўначы, спусьцілі праз мур у карзіне.
26 Саўл жа, зьявіўшыся ў Ерузаліме, стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе́ баяліся яго, ня ве́ручы, што ён вучань.
27 Варнава-ж, узяўшы яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, ды што́ прамаўляў да яго, ды як ён у Дамаску адважна прапаве́дываў у імя Ісусавае.
28 І быў разам з імі ды выходзіў і прыходзіў у Ерузалім і адважна прапаве́дываў у імя Госпада Ісуса.
29 Гутарыў такжа й спрачаўся з Грэкамі; а тыя маніліся забіць яго.
30 Браты-ж, даве́даўшыся, завялі яго ў Кесарыю ды паслалі яго ў Тарс.
31 Цэрквы-ж па ўсе́й Юдэі й Галіле́і й Самарыі ме́лі супакой, будуючыся й ходзячы ў страху Гасподнім, ды праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.
32 Сталася-ж, Пётр, абходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.
33 Знайшоў-жа там аднаго чалаве́ка, на ймя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.
34 І сказаў яму Пётр: Энэй, цябе́ аздараўляе Ісус Хрыстос; устань ды пасьцялі сабе́. І ён ураз-жа ўстаў.
35 І бачылі яго ўсе́, што жылі ў Лідзьдзе й Сароніі, і яны навярнуліся да Госпада.
36 У Іоппе-ж была адна вучаніца, на ймя Тавіта, што ў перакладзе чытаецца Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў ды міласьцінаў, што рабіла.
37 Сталася-ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна паме́рла. Яе́ памылі й палажылі ў сьвятліцы.
38 А як Лідда недале́ка ад Іоппы, дык вучні, чуўшы, што тамака Пётр, паслалі двух людзе́й да яго з просьбай, каб неадкладаючы прыйшоў да іх.
39 І, устаўшы, Пётр прыйшоў да іх. І, як ён прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе́ ўдовы, плачучы й паказуючы вопраткі й адзе́жу, што паспраўляла Сарна, як была з імі.
40 Пётр жа, выслаўшы ўсіх, укле́нчыў і маліўся. І, зьвярнуўшыся да це́ла, сказаў: Тавіта, устань! Яна-ж расчыніла вочы свае́ і, угле́дзіўшы Пятра, се́ла.
41 І ён, даўшы е́й руку, падняў яе́; і, клікнуўшы сьвятых і ўдоў, паставіў яе́ перад імі жывую.
42 І сталася ве́дама па ўсе́й Іоніі, і многія ўве́равалі ў Госпада.
43 Сталася-ж, што ён даволі дзён прабыў у не́йкага Сымона, гарбара.
Разьдзе́л 10
правіць1 Быў жа ў Кесарыі муж не́йкі, на ймя Карнэль, со́тнік із роты, называнай Італійскай,
2 пабожны й багабойны разам з усе́нькім домам сваім; багата абдорываў ён народ ды ўсьцяж маліўся Богу.
3 Ён бачыў ясна ў зьяве, каля дзявятае гадзіны дня, як увайшоў да яго Ангел Божы і сказаў: Карнэль!
4 Ён жа, глянуўшы на яго ды спалохаўшыся, сказаў: Хто ты, Госпадзе? І сказаў да яго: Малітвы твае́ й дораньне тваё ўзыйшлі на памяць перад абліччам Бога.
5 Дык пашлі цяпе́р у Іоппу людзе́й ды пакліч праз іх Сымона, што называецца Пятром;
6 ён у гасьцёх у не́йкага Сымона, гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе́, што трэба табе́ рабіць.
7 Калі-ж Ангел, што гутарыў з Карнэлем, пайшоў, ён, клікнуўшы двое слуг сваіх і пабожнага жаўне́ра із тых, што былі пры ім,
8 ды ўсё ім расказаўшы, паслаў іх у Іоппу.
9 Назаўтрае-ж, як яны былі ў дарозе й падыходзілі да ме́ста, Пётр узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
10 І сталася, пачуў голад ды захаце́ў е́сьці; пакуль-жа гатавалі, найшло на яго захапле́ньне,
11 і бачыць не́ба расчыненае ды судзіну не́йкую, зыходзячы да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю,
12 а ў ім былі ўсялякія чацьвёраногія зямлі, зьвяры й гады і птахі нябе́сныя.
13 І стаўся голас да яго: Устань, Пётр, і забівай ды еш.
14 Пётр жа сказаў: не, Госпадзе, бо ніколі ня е́ў я паганага й нячыстага.
15 І ізноў голас другі раз да яго: Што Бог ачысьціў, ты не пагань.
16 Сталася-ж гэта тройчы. І судзіна ізноў узьнялася на не́ба.
17 Калі-ж Пётр сумляваўся ў сабе́, што-б значыла зьява, якую бачыў, — вось людзі, пасланыя ад Карнэля, распытаўшыся аб Сымонавы дом, спыніліся ля варотаў
18 і, крыкнуўшы, спыталіся: Ці тут у гасьцёх Сымон, называны Пятром?
19 А пад той час, як Пётр разважаў пра зьяву, сказаў яму Дух: Вось, трое людзе́й шукаюць цябе́.
20 Дык, устаўшы, ідзі ды пайдзі з імі, нічога не разьбіраючы: бо Я паслаў іх.
21 Зыйшоўшы-ж да гэных людзе́й, пасланых да яго ад Карнэля, Пётр сказаў: Вось я той, каго шукаеце. Што за прычына, дзеля чаго вы прыйшлі?
22 Яны-ж сказалі: Карнэль, сотнік, муж справядлівы й багабойны, аб якім сьве́дчыць уве́сь народ Жыдоўскі, дастаў ад сьвятога Ангела загад паклікаць цябе́ ў свой дом ды паслухаць слоў тваіх.
23 Дык, запрасіўшы іх, пачаставаў. А назаўтрае Пётр пайшоў з імі, ды некаторыя із братоў, што з Іоппы, пайшлі з ім разам.
24 І назаўтрае прыйшлі ў Кесарыю. Карнэль жа чакаў на іх, спрасіўшы родных сваіх ды блізкіх прыяцеляў.
25 Калі-ж сталася, што Пётр увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.
26 Але Пётр падняў яго, гаворачы: Устань, і я чалаве́к.
27 І, размаўляючы з ім, увайшоў ды знаходзе многа сабраных.
28 І прамовіў да іх: Вы ве́даеце, што не́льга чалаве́ку Жыду лучыцца ці схадзіцца з чужынцамі; але Бог паказаў мне́ не лічыць ніводнага чалаве́ка паганым ці нячыстым.
29 Дзе́ля гэтага я, пакліканы, і прыйшоў не спрачаючыся. І вось пытаюся: на што вы клікалі мяне́?
30 І прамовіў Карнэль: Ад чацьве́ртага дня ажно да гэтае гадзіны я пасьціў ды ў дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось стануў перада мною муж у бліскучай вопратцы
31 ды прамовіў: Карнэль, выслухана малітва твая, і дораньне твае́ ўзыйшло на памяць перад абліччам Бога;
32 дык пашлі ў Іоппу ды пакліч Сымона, што называецца Пётр: ён у гасьціне ў доме Сымона гарбара, каля мора; той, прыйшоўшы, скажа табе́.
33 Дык я ўраз-жа паслаў да цябе́, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. І вось мы ўсе́ стаімо перад абліччам Бога, каб выслухаць усё, што загадана табе́ ад Бога.
34 І Пётр, расчыніўшы вусны, сказаў: Запраўды спасьцерагаю, што не на аблічча ўглядаецца Бог,
35 але ў кожным народзе прые́мны Яму той, хто баіцца Бога й чыніць справядліва.
36 Слова паслаў сыно́м Ізраілявым, абвяшчаючы мір праз Ісуса Хрыста (той ёсьць Госпад усяго);
37 вы ве́даеце слова, што сталася па ўсе́нькай Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і, пасьля Хрышчэньня, якое абвясьціў Іоан:
38 як Бог Ісуса із Назарэту памазаў Духам і моцай, што хадзіў робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманам, бо з ім быў Бог.
39 І мы — сьве́дкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Жыдоўскай дый у Ерузаліме. І забілі Яго, паве́сіўшы на дрэве.
40 Яго Бог ускрасіў на трэці дзе́нь і даў Яму паказвацца,
41 ды не ўсяму народу, але сьве́дкам, напе́рад выбраным ад Бога, нам, што е́лі й пілі разам з Ім пасьля ўваскрасе́ньня із мёртвых.
42 І загадаў нам абвяшчаць народу й сьве́дчыць, што Ён ёсьць празначаны ад Бога судзьдзя жывых і мёртвых.
43 Аб ім усе́ Прарокі сьве́дчаць, што кожын, хто ве́руе ў Яго, дастане адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае.
44 І, калі Пётр яшчэ гаварыў, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, што слухалі ягонае слова.
45 І ве́ручыя із абрэзаных, якія былі прыйшлі разам з Пятром, здуме́ліся, што дар Духа Сьвятога зыходзе й на паганаў:
46 бо пачулі іх гаворачы языкамі і ўзьвялічаючы Бога. Тады прамовіў Пётр:
47 Няўжо-ж хто можа забараніць вады дзе́ля хрышчэньня вось гэтых, што прынялі Духа Сьвятога, як і мы?
48 І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго, каб пабыў у іх колькі дзён.
Разьдзе́л 11
правіць1 Апосталы-ж і браты, што былі ў Юдэі, пачулі, што й пагане прынялі слова Божае.
2 І калі Пётр прыйшоў у Ерузалім, абрэзаныя карылі яго,
3 кажучы: Да неабрэзаных ты хадзіў ды з імі е́ў!
4 І, пачаўшы, Пётр расказаў папарадку, гаворачы:
5 Я быў у ме́сьце Іоппе ды маліўся; і ў захапле́ньні ўбачыў зьяву: не́йкую судзіну, якая зыходзіла, быццам вялікі абрус, на чатырох канцох спусканы з не́ба, і прыйшла ажно да мяне́.
6 Я зірнуў у яе́ і, разгле́дзіўшы, убачыў чаьве́раногіх зямлі, зьвяроў і га́даў і птахаў нябе́сных.
7 І пачуў я голас, які гаварыў мне́: Устань, Пётр, забівай ды е́ш.
8 Я-ж сказаў: Не́, Госпадзе, бо нічога паганага й нячыстага ніколі не ўваходзіла ў вусны мае́.
9 І адказаў мне́ паўторна голас з не́ба: Што Бог ачысьціў, ты не пагань.
10 І сталася гэта тройчы; і ізноў усё ўзьнялося на не́ба.
11 І вось у тую-ж часіну трое людзе́й спыніліся перад домам, дзе́ я быў, пасланыя да мяне́ з Кесарыі.
12 І сказаў мне́ Дух ісьці з імі, нічога не разьбіраючы. Пайшлі-ж са мной і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалаве́ка.
13 І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім Ангела, які стаяў і гаварыў да яго: Пашлі ў Іоппу людзе́й ды пакліч Сымона, называнага Пятром;
14 ён скажа табе́ словы, праз якія спасён будзеш ты і ўве́сь дом твой.
15 Калі-ж я пачаў прамаўляць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас напачатку.
16 І прыпомніў я тады словы Госпада, як Ён казаў: Іоан хрысьціў вадою, вы-ж будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
17 Калі-ж Бог даў ім дар, роўны як і нам, што ўве́равалі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто-ж я такі, каб пярэчыць Богу?
18 Пачуўшы-ж гэтае, супакоіліся ды славілі Бога, мовячы: Дык і паганам даў Бог пакаяньне дзеля жыцьця.
19 А вось тыя, што расьцярушыліся пасьля няшчасьця, якое сталася з Сьцяпанам, разыйшліся ажно да Фінікіі і Кіпру й Антыохіі, гаворачы слова адно толькі Жыдом.
20 Былі-ж некаторыя із іх людзі Кіпрыйскія ды Кірэнэйскія, якія, прыйшоўшы ў Антыохію, прамаўдялі да Грэкаў, абвяшчаючы ім Госпада Ісуса.
21 І рука Гасподня была з імі, і вялікая лічба, уве́раваўшы, навярнулася да Госпада.
22 І дайшло слова аб іх да вушэй царквы, што ў Ерузаліме; і паслалі Варнаву пайсьці ажно ў Антыохію.
23 Ён, прыйшоўшы й пабачыўшы ласку Божую, узрадаваўся ды клікаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе,
24 бо быў чалаве́к добры й поўны Духа Сьвятога ды ве́ры. І значная грамада прыхілілася да Госпада.
25 Стуль-жа выйшаў Варнава ў Тарс пашукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію.
26 І сталася, што цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве́ ды навучалі значную грамаду; і вучні ў Антыохіі найперш пачалі называцца Хрысьціянамі.
27 У тыя-ж дні з Ерузаліму прыйшлі ў Антыохію Прарокі.
28 І адзін із іх, на ймя Агаў, устаўшы, праз Духа абвясьціў, што на ўсе́нькім сьве́це мае быць вялікі голад; і стаўся ён за ке́сара Кляўдыя.
29 З вучняў жа, колькі хто мог, пастанавіў кожын із іх паслаць на дапамогу братом, што жылі ў Юдэі.
30 І ўчынілі гэта, паслаўшы старшым праз рукі Варнавы і Саўла.
Разьдзе́л 12
правіць1 А ў тым часе падняў цар Ірад рукі, каб мучыць некаторых із царквы,
2 а Якава, брата Іонавага, дык мячом забіў.
3 І, бачучы, што гэта люба Жыдом, наважыўся ўзяць і Пятра (а былі дні праснакоў)
4 ды, злавіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўне́раў сьцерагчы яго, манючыся пасьля Пасхі вывясьці яго народу.
5 Гэтак вось Пятра пілнавалі ў вязьніцы; царква́-ж усьцяж малілася за яго Богу.
6 Калі-ж Ірад маніўся вывясьці яго, у тую ноч Пётр спаў міжы двух жаўне́раў, апутаны двума ланцугамі, ды перад дзьвярыма варта пілнавала вязьніцу.
7 І вось Ангел Гасподні стануў перад ім, і сьвятло зазьяла ў будынку. І, ткнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго ды кажа: Устань хутчэй!
8 І зваліліся з рук ягоных ланцугі. Ангел-жа сказаў да яго: Падперажыся й падвяжы пасталы твае́. Зрабіў і гэта. І кажа яму: Надзе́нь вопратку тваю і йдзі за мной.
9 І, выйшаўшы, пайшоў за ім. Ды ня ве́даў, ці праўда тое, што сталася праз Ангела, бо думаў, што бачыць прывід.
10 Абмінуўшы-ж пе́ршую варту і другую, яны падыйшлі да зяле́зных варотаў, што вялі да ме́ста ды самі сабой расчыніліся ім. І, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, калі Ангел зьнячэўку адстаў ад яго.
11 І Пётр, прыйшоўшы да сябе́, сказаў: Цяпе́р ве́даю запраўды, што Госпад паслаў Ангела свайго і вырваў мяне́ із рук Ірадавых ды з усяго, чаго ждаў наро́д Жыдоўскі.
12 Аглядзе́ўшыся-ж, пайшоў к дому Марыі, маткі Іоана, называнага Маркам, гдзе многія сабраліся й маліліся.
13 Калі-ж Пётр стукаўся ў дзьве́ры се́нцаў, падыйшла паслухаць дзяўчынка, на ймя Рода,
14 і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла дзьве́раў, але, убе́гшы, абвясьціла, што Пётр стаіць перад уваходам.
15 Тыя-ж сказалі да яе́: Ты ашале́ла. Але яна казала, што гэта так. Яны-ж гаварылі: гэта Ангел ягоны.
16 Пётр жа не пераставаў стукацца. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і здуме́ліся.
17 Паказаўшы-ж рукой, каб маўчалі, расказаў ім; як Госпад вывеў яго із вязьніцы. І сказаў: Павядомце аб гэтым Якава і братоў. І, выйшаўшы, пайшоў у другое ме́сца.
18 Калі-ж настаў дзе́нь, сярод жаўне́раў узьнялася трывога вялікая: што сталася з Пятром?
19 Ірад жа, пашукаўшы ды не знайшоўшы яго, судзіў вартаўнікаў і загадаў сказьніць іх. І, перабраўшыся з Юдэі ў Кесарыю, жыў.
20 А Ірад маніўся ваяваць з Тырыйцамі й Сіданійцамі. Яны-ж, змовіўшыся, прыйшлі да яго і, скланіўшы Уласта, пасьце́льніка царскага, прасілі міру, бо іхняя краіна кармілася ад царскае.
21 У вызначаны-ж дзе́нь Ірад, апрануўшыся ў царскія шаты ды се́ўшы на пасадзе, прамаўляў да іх,
22 а народ крычэў: Голас Божы, а не чалаве́чы!
23 Зьнячэўку Ангел Гасподні паразіў яго за тое, што не аддаў хвалы Богу, і, зае́дзены чэрвямі, ён паме́р.
24 Слова-ж Божае разрасталася й памнажалася.
25 А Варнава й Саўл, споўніўшы даручэньне, пайшлі назад з Ерузаліму, узяўшы з сабой такжа Іоана, называнага Маркам.
Разьдзе́л 13
правіць1 Былі-ж у Антыохіі, у тамтэйшай царкве́, некаторыя прарокі й вучыцялі: Варнава й Сымон, называны Нігер, і Лукій Кірэнэец, ды Манаэн, што ўзгадаваўся разам з Ірадам чацьвёраўладарным, ды Саўл.
2 І, калі яны адпраўлялі службу Божую і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: выдзяліце мне́ Варнаву й Саўла на дзе́ла, на якое я іх паклікаў.
3 Дык яны, папасьціўшы й памаліўшыся, ды ўзлажыўшы на іх рукі, звольнілі іх.
4 Тыя-ж, пасланыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію ды стуль паплылі к Кіпру.
5 І, апынуўшыся ў Саляміне, абвяшчалі слова Божае ў Жыдоўскіх сынагогах; ме́лі-ж і Іоана слугу.
6 Прайшоўшы-ж востраў ажно да Пафа, знайшлі не́йкага чараўніка лжэпрарока, Жыда, на імя Варыісус,
7 які быў у старасты Сярге́я Паўлы, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Варнаву й Саўла, зажадаў паслухаць слова Божае.
8 Проці іх выступіў Яліма, чараўнік, (гэтак тлумачыцца імя ягонае), жадаючы адвярнуць старасту ад ве́ры.
9 Але Саўл (ён жа й Паўла), напоўніўшыся Духам Сьвятым ды паўзіраўшыся на яго,
10 сказаў: О, сыне дэмана, поўны ўсякае крывадушнасьці і ўсякага злачынства, ворагу ўсякае праўды! Ці-ж не пакінеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?
11 Дык вось цяпе́р рука Гасподня над табою, і будзеш ты сьляпы, і ня ўгле́дзіш сонца ажно да пары́. І ўраз жа найшоў на яго туман ды це́мра, і, блукаючыся, шукаў павадыра.
12 Тады стараста,угле́дзіўшы стаўшаеся, уве́раваў, зьдзіўлены навукай Гасподняй.
13 Адплыўшы-ж із Пафу, тыя, што былі з Паўлам, прыйшлі ў Пэргію, у Памфіліі. А Іоан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерузалім.
14 Яны-ж, прайшоўшы із Пэргіі, апынуліся ў Антыохіі Пісідзкай ды, увайшоўшы ў сынагогу, у дзе́нь суботні, пасе́лі.
15 Пасьля-ж прачытаньня закону й Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова павучэньня для народу, прамоўце!
16 Паўла-ж, устаўшы й даўшы знак рукой, сказаў: Мужы Ізраільскія дый тыя, што баяцца Бога! Паслухайце!
17 Бог народу гэтага Ізраільскага выбраў айцоў вашых дый узвысіў народ у бытнасьць у зямлі Эгіпецкай і ўзьнятай рукой вывеў іх із яе́.
18 І ў працягу каля сараку гадоў карміў іх у пустыні.
19 І, зьніштожыўшы се́м народаў у зямлі Ханаанскай, надзяліў іх зямлёй гэных.
20 Пасьля-ж гэтага каля чатырох сот і пяцьдзесяцёх гадоў даваў судзьдзяў да Самуіла прарока.
21 А з таго часу прасілі аб цара; і даў ім Бог Сау́ла, сына Кісавага, мужа з роду Бэніямінавага, гадоў на сорак.
22 Скінуўшы-ж яго, паставіў ім за цара Давіда, аб якім і сказаў, сьве́дчучы: Знайшоў Давіда, сына Есіявага, мужа Мне́ па сэрцу, які зьдзе́йсьніць усе́ жаданьні Мае́ (1 Царств. 13, 14 Пс. 88, 21).
23 Із яго-ж насе́ньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Спаса Ісуса,
24 перад прыходам Якога абвясьціў Іоан хрышчэньне пакаяннае ўсяму народу Ізраільскаму.
25 Калі-ж Іоан канчаў шлях свой, ён сказаў: За каго лічыце мяне́? Не я гэта, а йдзе́ вось за мною, каму я ня годны вобуй разьвязаць на нага́х.
26 Мужы браты, сыны роду Аўраамавага і тыя, што Бога баяцца сярод вас! Вам паслана слова спасе́ньня гэтага.
27 Бо жыхары Ерузаліму й начальнікі іх, не пазнаўшы Яго ды асудзіўшы, споўнілі галасы́ прарокаў, чыта́ныя кожную суботу,
28 і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб быў забіты.
29 Калі-ж споўнілі ўсё напісанае аб Ім, дык, зьняўшы з дзе́рава, палажылі ў магілу.
30 Але Бог ускрасіў яго із мёртвых.
31 І шмат дзён паказываўся тым, што прыйшлі разам з Ім із Галіле́і ў Ерузалім; яны — сьве́дкі Яго перад народам.
32 І мы вам абвяшчаем, што абяцаньне, дадзенае айцом, Бог споўніў нам, іхнім дзе́цям, падняўшы Ісуса,
33 як і ў другім Псальме напісана: Ты Сын Мой, Я сяньня Цябе́ спарадзіў (Пс. 2, 7).
34 А што ўскрасіў Яго із мёртвых, каб ніколі не абярнуўся ў тле́ньне, дык сказаў гэтак: Дам вам сьвятасьці Давідавыя напэўна (Ісая 55, 3).
35 Дзеля таго і ў іншым гаворыць: Не дасі Сьвятому Твайму ўгле́дзіць тле́ньне (Пс. 15, 10).
36 Бо-ж Давід, паслужыўшы роду свайму, з волі Божае супачыў і быў паложаны пры бацькох сваіх ды ўбачыў тле́ньне,
37 а Той, каго Бог ускрасіў, тле́ньня ня ўбачыў.
38 Дык няхай вам будзе ве́дама, мужы браты, што адпушчэньне грахоў праз Яго вам абвяшчаецца;
39 і ў-ва ўсім, у чым ня можаце апраўдацца ў законе Майсе́явым, кожын ве́руючы апраўдаецца ў Ім.
40 Глядзіце-ж, каб ня прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:
41 Глядзіце, вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся і шчэзьніце! Бо дзе́ла роблю ў дні вашыя, дзе́ла, якому вы не паве́рылі-б, калі-б кто расказаў вам (Аввак. 1, 5).
42 Калі-ж выходзілі із Жыдоўскае сынагогі, прасілі іх пагане, каб і ў другую суботу гаварылі словы гэтыя.
43 А як разыйшлася сынагога, многа Жыдоў і пабожных паве́рненых пайшлі за Паўлам і Варнавай; тыя-ж, размаўляючы з імі, заклікалі іх аставацца ў ласцы Божай.
44 У наступную-ж суботу блізу ўсё ме́ста зыйшлося слухаць слова Божае.
45 Дык Жыды, убачыўшы гэткі натоўп, напоўніліся зайздрасьцяй і пярэчылі таму, што гаварыў Паўла, кажучы насупраць ды зьняважаючы іх.
46 Паўла-ж і Варнава горда сказалі: Да вас нале́жала пе́рш прамовіць слова Божае; але, калі вы адкідаеце яго ды ня лічыце сябе́ годнымі жыцьця ве́чнага, дык мы зварачаемся вось да паганаў.
47 Бо так запаве́даў нам Госпад: Я паставіў цябе́ за сьве́тач для паганаў, каб быў ты дзеля спасе́ньня ажно па край зямлі (Ісая 49, 6).
48 Пагане-ж, пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Гасподняе, ды ўве́равалі ўсе́, якія былі празначаны да жыцьця ве́чнага.
49 І разнасілася слова Гасподняе на ўсе́й старане.
50 Жыды-ж падбухторылі пабожных ды паважаных жанок і пе́ршых у ме́сьце, паднялі перасьле́даваньне проці Паўлы й Варнавы ды выгналі іх із ме́жаў сваіх.
51 Яны-ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, пайшлі ў Іконію.
52 А вучні напоўніліся радасьцяй і Духам Сьвятым.
Разьдзе́л 14
правіць1 Сталася-ж у Іконіі, увайшлі яны разам у сынагогу Жыдоўскую ды прамаўлялі гэтак, што ўве́равала вялікая грамада Жыдоў і Грэкаў.
2 Жыды-ж, што ня ве́равалі, падбурылі й варожа настро́ілі проці братоў душы паганаў.
3 Аднак, яны прабылі даволі часу, адважна прамаўляючы аб Госпадзе, Які сьве́дчыў слову міласьці свае́й і даваў рукамі іхнімі рабіць знакі й цуды.
4 І падзялілася грамада мястовая: і адны былі з Жыдамі, другія-ж з Апосталамі.
5 Калі-ж пагане й Жыды з начальнікамі сваімі напалі на іх, каб зьняважыць ды пабіць каме́ньмі,
6 дык яны, ве́даючы, уцяклі ў ме́сты Лікаонскія Лістру й Дэрбу ды ў ваколіцу
7 і былі тамака й прапаве́дывалі Эвангельле.
8 У Лістры-ж не́йкі чалаве́к, не валадаючы нагамі, сядзе́ў, бо ад чэрава матчынага быў храмы́ й ніколі не хадзіў.
9 Ён слухаў, як прамаўляў Паўла. Той, паўзіраўшыся на яго і ба́чучы, што ма́е ве́ру дзеля спасе́ньня,
10 сказаў моцным голасам: Стань на ногі твае́ проста! І падскочыў ды хадзі́ў.
11 Народ-жа, бачучы, што зрабіў Паўла, падняў голас свой, мовячы па лікаонску: Богі ў чалаве́чай паста́ці зыйшлі да нас!
12 І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўлу Гэрмэсам, бо быў павадыром у слове.
13 А жрэц Зэўса, настаўленага перад ме́стам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі к варотам, хаце́ў разам з народам забіць іх.
14 Апосталы-ж Варнава й Паўла, пачуўшы, разьдзе́рлі вопраткі свае́ ды кінуліся ў народ, крычучы й гаворачы:
15 Мужы! што вы гэта робіце? Мы такія-ж людзі пакутныя, як і вы, абвяшчаем вам Эвангельле, каб адвярнуліся ад усіх гэтых марнотаў да Бога Жывога, Які стварыў не́ба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
16 а ў мінулых родах дапусьціў, каб усе́ народы йшлі сваімі шляхамі,
17 ды не пакінуў сьве́дчыць аб Сабе́, робячы дабро, даючы нам з не́ба дажджы й по́ры у́раджайныя, ды напаўняючы е́жай і ўце́хай сэрцы нашыя!
18 І, прамаўляючы гэтае, ле́дзьве спынілі народ, каб не забівалі для іх.
19 З Антыохіі-ж і Іконіі прыйшлі Жыды і, падбурыўшы народ ды ўкаменаваўшы Паўлу, вывалаклі яго за ме́ста, думаючы, што ён паме́р.
20 Калі-ж абступілі яго вучні, ён устаў ды ўвайшоў да ме́ста і назаўтрае з Варнаваю выйшаў у Дэрбу.
21 Абвясьціўшы-ж Эвангельле гэнаму ме́сту ды прыдбаўшы многа вучняў, вярнуліся назад у Лістру й Іконію й Антыохію,
22 умацоўваючы душы вучняў, заклікаючы трываць у ве́ры, ды што праз шмат мукаў трэ’ нам увайсьці ў царства Божае.
23 Паназначаўшы-ж ім, ускладаючы рукі, старшых па царквох, ды памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога ўве́равалі.
24 І, прайшоўшы праз Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію.
25 І, расказаўшы слова ў Пэрзе, пайшлі ў Атталію
26 ды стуль адплылі ў Антыохію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на дзе́ла, якое выпаўнілі.
27 Апынуўшыся там і склікаўшы царкву, абвясьцілі, што ўчыніў з імі Бог ды як расчыніў дзьве́ры ве́ры паганам.
28 І былі тамака немалы час з вучнямі.
Разьдзе́л 15
правіць1 Некаторыя-ж, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: калі ня будзеце абрэзаны па звычаго Майсе́яваму, ня можаце спасьціся.
2 Калі-ж узьнялася немалая спорка й змаганьне з імі ў Паўлы й Варнавы, пастанавілі, каб Паўла й Варнава й некаторыя другія спасярод іх пайшлі з гэтай справай да Апосталаў і старшых у Ерузалім.
3 Вось жа яны, пасланыя царквой, праходзілі праз Фінікію ды Самарыю, апавядаючы аб навароце паганаў; і радасьць вялікую рабілі ўсім братом.
4 Прыйшоўшы-ж у Ерузалім, яны былі прыняты царквой і апосталамі ды старшымі і расказалі, што з імі ўчыніў Бог.
5 І паўсталі некаторыя із гэрэзіі Фарысэйскае, што ўве́равалі, кажучы, што трэба іх абрэзаць ды наказаць, каб трымаліся закону Майсе́явага.
6 І сабраліся Апосталы й старшыя разглядзе́ць гэту справу.
7 Як-жа ўзьнялося вялікае змаганьне, Пётр, устаўшы, сказаў: Мужы браты! вы ве́даеце, што ад даўных дзён Бог выбраў сярод нас, каб праз мае́ вусны чулі пагане слова Эвангельля ды ўве́равалі;
8 і знаўца сэрцаў, Бог, быў сьве́дкай ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,
9 і не адрожніў нічога міжы намі й імі, ве́раю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
10 Дык чаго-ж цяпе́р спакушаеце Бога, каб узлажыў на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ні айцы нашыя, ні мы?
11 Але мы ве́рым, што спасе́мся міласьцяй Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны.
12 І змоўкла ўся грамада, і слухалі Варнаву й Паўлу, апавядаўшых, якія знакі й цуды зрабіў праз іх Бог сярод паганаў.
13 Калі-ж тыя змоўклі, адказаў Якаў, мовячы: Браты мужы! Паслухайце мяне́!
14 Сымон вытлумачыў, як Бог пе́рш глянуў на паганаў, каб узяць із іх народ іме́ньню Свайму,
15 і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:
16 Пасьля гэтага вярнуся і збудую палатку Давідаву, што звалілася, і руіны яе́ адбудую й папраўлю яе́:
17 каб Госпада шукала рэшта людзе́й ды ўсе́ народы, на якіх прызвана імя Мае́, — кажа Госпад, які робіць усё гэта.
18 Ад вякоў ве́дамы Богу ўсе́ дзелы Ягоныя.
19 Дык я лічу, што ня трэба абцяжаць навярнуўшыхся ад паганаў к Богу,
20 але напісаць ім, каб узьдзе́ржываліся ад гідотаў і́дальскіх і блуду, ад душанага і крыві;
21 бо Майсе́й ад даўных родаў ма́е па ме́стах абвяшчаючых яго ў сынагогах, чыта́ны кожную суботу.
22 Тады надумалі Апосталы і старшыя разам з усе́й царквой паслаць у Антыохію з Паўлам і Варнавай выбраных спасярод сябе́ людзе́й: Юду, называнага Варсавай, ды Сілу, мужоў перадавы́х сярод братоў,
23 напісаўшы праз рукі іх гэтак: Апосталы і старшыя і браты — братом із паганаў у Антыохіі і Сірыі і Кілікіі: радуйцеся!
24 Пачуўшы, што некаторыя, прыходзячы ад нас, устрывожылі вас словамі ды захісталі душамі вашымі, кажучы абрэзывацца і трымацца закону, чаго мы ім не даручалі,
25 надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных людзе́й разам з любымі нам Варнавай і Паўлам,
26 людзьмі, аддаўшымі душы свае́ за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
27 Вось-жа паслалі мы Юду й Сілу, якія абве́сьцяць вам тое-ж і словамі.
28 Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, апрача гэтага неабходнага:
29 узьдзе́ржывацца ад жэртваў ідалам, ад крыві й душанага, ды ад блуду; высьцерагаючыся гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя.
30 Пасланыя-ж прыйшлі ў Антыохію і, сабраўшы грамаду, аддалі пісьмо.
31 І, прачытаўшы, яны зрадзе́лі ад гэтага павучэньня.
32 Юда-ж і Сіла, якія й самі былі прарокамі, многімі словамі навучалі братоў ды ўмацоўвалі іх.
33 Прабыўшы там час, яны былі з мірам адасланы братамі да Апосталаў.
34 Але Сіле надумалася астацца тамака.
35 Паўла-ж і Варнава пажылі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі другімі слова Гасподняе.
36 А цераз не́калькі дзён сказаў Паўла Варнаве: Ве́рнемся й даве́даемся братоў нашых па ўсіх място́х, дзе́ мы абвяшчалі слова Гасподняе: як яны маюцца?
37 Варнава-ж радзіў узяць з сабой Іоана, называнага Маркам.
38 Але Паўла думаў ня браць яго з сабою, бо ён адстаў ад іх ад Памфіліі ды не пайшоў з імі на дзе́ла.
39 Дык узьнялася сварка, ажно яны разлучыліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы Марка адплыў на Кіпр.
40 Паўла-ж пайшоў, выбраўшы сабе́ Сілу, даручоны братамі міласьці Божай.
41 І праходзіў праз Сірыю й Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
Разьдзе́л 16
правіць1 І прыйшоў ён у Дэрбу й Лістру. І вось быў тамака адзін вучань, на ймя Цімахве́й, сын аднае́ жанчыны Жыдоўскае, ве́ручае, і ба́цькі Грэка.
2 Аб ім сьве́дчылі браты ў Лістры й Іконіі.
3 Паўла зажадаў, каб ён з ім пайшоў; і, узяўшы яго, абрэзаў дзе́ля Жыдоў, што былі ў тых ваколіцах: бо ўсе́ ве́далі бацьку ягонага, што быў Грэк.
4 Калі-ж праходзілі праз ме́сты, аддавалі ім перахоўваць уставы, пастаноўленыя Апосталамі й старшымі, што ў Ерузаліме.
5 І цэрквы крапчэлі ў ве́ры ды ўзрасталі што-дня лікам.
6 Прайшоўшы-ж праз Фрыгію й зямлю Галятыйскую, ня даў ім Дух Сьвяты абвяшчаць слова ў Азіі.
7 Прыйшоўшы ў Мізію, маніліся йсьці ў Віфінію; і не дазволіў ім Дух.
8 Дык, прайшоўшы праз Мізію, зыйшлі ў Троаду.
9 І паказалася Паўлу ўначы зьява: не́йкі муж, Македонец, стоючы, прасіў яго й мовіў: Прыходзь у Македонію й памажы нам.
10 Як жа пабачыў ён зьяву, ураз-жа памкнуліся мы йсьці ў Македонію, разуме́ючы, што паклікаў нас Госпад абвяшчаць ім Эвангельле.
11 Дык, вырушыўшы з Троады, мы борзда пайшлі ў Самафракію, а назаўтрае ў Нэапаль,
12 адтуль-жа ў Філіппы, што ёсьць пе́ршае ме́ста тае́ часьці Македоніі — калёнія. І былі мы ў гэтым ме́сьце не́калькі дзён.
13 А ў дзе́нь суботні выйшлі мы за ме́ста к рацэ, дзе́ звычайна адбывалася мале́ньне, і, пасе́ўшы, прамаўлялі да сабраных жанчын.
14 І слухала адна жанчына, на ймя Лідзія, таргоўка парфірай, з ме́ста Фіатыра, якая шанавала Бога; і Госпад расчыніў сэрца яе́, каб зважала на прамову Паўлы.
15 Калі-ж ахрысьцілася яна й дом яе́, прасіла нас, мовячы: калі вы прызналі мяне́ ве́рнай Госпаду, дык увайдзе́це ў дом мой ды жыве́це. І прымусіла нас.
16 Сталася-ж, як мы йшлі на малітву, сустрэла нас адна дзяўчына, якая ме́ла ве́шчага духа ды варажбой вялікі даход давала гаспадаром сваім.
17 Яна, ідучы за Паўлам і намі, закрычэла, мовячы: Людзі гэтыя — рабы Госпада Найвышэйшага; яны абвяшчаюць нам шлях да збаўле́ньня!
18 І рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла-ж, узлаваўшыся, павярнуўся й сказаў духу: Прыказую табе́ імем Ісуса Хрыста: выйдзі з яе́! І выйшаў той-жа час.
19 Гаспадары-ж яе́, бачучы, што прапала надзе́я заробку іхняга, схапіўшы Паўлу й Сілу, павалаклі на плошчу да начальнікаў.
20 Прывёўшы-ж іх да ваяводаў, сказалі: Гэтыя людзі трывожаць ме́ста нашае, а яны — Жыды
21 і вучаць звычаяў, якіх нам, Рымлянам, ня сьле́д ні прыймаць, ні выпаўняць.
22 І паўстаў народ проці іх, і ваяводы, сарваўшы вопраткі з іх, загадалі біць іх кіямі.
23 Даўшы-ж ім шмат удараў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы сторажу вастрожнаму крэпка пілнаваць іх.
24 Ён, дастаўшы гэткі прыказ, кінуў іх у ўнутраную вязьніцу ды ногі ім паўшчамляў у калоду.
25 Каля паўночы Паўла й Сіла маліліся й пяялі гімны Богу, і вязьні чулі іх.
26 Зьнячэўку сталася вялікае трасе́ньне, ажно захісталіся падваліны вязьніцы; і ўраз расчыніліся ўсе́ дзьве́ры, і ўсім апалі путы.
27 І стораж вязьніцы, прачхнуўшыся ды бачучы расчы́неныя дзьве́ры вязьніцы, дастаўшы ме́ч, хаце́ў забіць сябе́, бо думаў, што вязьні паўцякалі.
28 І моцным голасам загаласіў Паўла, мовячы: Не рабі сабе́ нічога благога: бо ўсе́ мы тут!
29 Папрасіўшы сьвятла́, ён убе́г і, дрыжучы, прыпаў да Паўлы й Сілы
30 ды, выводзячы іх вонкі, сказаў: Гаспадары! Што трэ’ рабіці мне́, каб спасьціся?
31 Яны-ж адказалі: Ве́руй у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і ўве́сь дом твой.
32 І казалі слова Гасподняе яму і ўсім хатнім ягоным.
33 І ў тую-ж гадзіну ўначы, узяўшы іх, паабмываў ім раны й ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя безадкладна.
34 Завёўшы-ж іх у свой дом, паставіў ім пачастунак і це́шыўся разам з усе́нькім домам, што ўве́раваў у Бога.
35 Як-жа настаў дзе́нь, паслалі ва́яводы слуг ме́скіх, кажучы: Звольніце гэных людзе́й.
36 І стораж вязьніцы абвясьціў словы тыя Паўлу: Прыслалі ваяводы, каб звольніць вас. Дык вось, выходзьце і йдзе́це з мірам.
37 Паўла-ж сказаў да іх: Нас, грамадзян Рымскіх, бяз суду білі перад народам і кінулі ў вязьніцу, а цяпе́р цішком звальняюць нас? О, не́: няхай самі прыйдуць ды вывядуць нас.
38 Слугі ме́скія пераказалі словы гэтыя ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны Рымскія.
39 І, прыйшоўшы, перапрашалі іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць ме́ста.
40 Выйшаўшы-ж з вязьніцы, прыйшлі ў Лідзію. І, бачучы братоў, навучалі іх ды пайшлі стуль.
Разьдзе́л 17
правіць1 Прайшоўшы-ж праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Фессалоніку, дзе была Жыдоўская сынагога.
2 І Паўла, паводле звычаю свайго, прыйшоў да іх і тры суботы гутарыў з імі із Пісаньня,
3 даводзячы й паказуючы, што Хрысту нале́жала цярпе́ць і ўваскрэснуць із мёртвых, ды што Ён, Ісус, ёсьць Хрыстос, аб якім я вам кажу.
4 І некаторыя з іх уве́равалі і далучыліся да Паўлы й Сілы: вялікая грамада веручых Грэкаў, дый жанок важне́йшых ня мала.
5 Няве́руючыя-ж Жыды, праз завісьць, назьбіраўшы нейкіх нягодных бадзяк ды ўчыніўшы таўпу, збунтавалі ме́ста. І, падыйшоўшы да дому Язонавага, шукалі іх, каб ве́сьці да народу.
6 Не знайшоўшы-ж іх, пацягнулі Язона й некаторых братоў да начальнікаў ме́ста, крычучы, што гэтыя сусьве́тныя бунтары прыйшлі і сюды,
7 а Язон іх прыняў. Усе-ж яны чыняць супраць уставаў ке́саравых, кажучы, што ёсьць другі цар: Ісус.
8 І, чуючы гэта, устрывожыўся народ і начальнікі ме́ста,
9 але, узяўшы забясьпе́чаньне ад Язона й другіх, звольнілі іх.
10 Браты-ж зараз уначы выправілі Паўлу й Сілу ў Вэрыю. Тыя-ж, прыйшоўшы, пайшлі ў школу Жыдоў.
11 Гэтыя-ж былі больш дабрадушныя, чым у Фессалоніцы: яны прынялі слова з усе́й ахвотай ды кожын дзе́нь разьбіралі Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.
12 Дый многа із іх уве́равалі, ды нямала й жанок Грэцкіх паважаных і мужоў.
13 Калі-ж Жыды ў Фессалоніцы даве́даліся, што й у Вэрыі абвяшчаецца праз Паўлу слова Божае, дык прыйшлі й сюды, падбураючы народ.
14 Тады браты хутка выправілі Паўлу, быццам к мору йшоў, а Сіла й Цімахве́й тамака асталіся.
15 Тыя-ж, што праводзілі Паўлу, давялі яго да Афін і, узяўшы загад для Сілы й Цімахве́я, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.
16 Калі-ж Паўла чакаў на іх у Афінах, узбурыўся ў ім дух ягоны, гле́дзячы на ме́ста, апанаванае ідаламі.
17 Дык гутарыў у сынагозе з Жыдамі й пабожнымі, а такжа на торжышчы што-дня, з кім здарылася.
18 Некаторыя-ж з філёзофаў эпікурэйцаў ды стоікаў спрачаліся з ім: адны гаварылі: Што хоча сказаць баўбатун гэты? а другія: Здае́цца, прапаве́дуе чужых багоў, — бо абвяшчаў ім Ісуса і ўваскрасе́ньне Ягонае.
19 І, узяўшы яго, прывялі да Арэапагу, кажучы: Ці можам ве́даць, што гэта за новую навуку ты прапаве́дуеш?
20 Бо не́шта чужое ўкладаеш нам у вушы; дык хочам ве́даці, што гэта ма́е быць?
21 Усе́-ж Афіняне й заходжыя чужынцы ні аб чым іншым ня рупіліся, як гаварыць ці слухаць навіны.
22 Паўла-ж, стануўшы пасярод Арэапагу, прамовіў: Мужы Афінскія, з усяго я бачу, што вы нібы асабліва набожныя.
23 Бо, праходзячы й аглядаючы сьвятыні вашыя, знайшоў я й жэртвенік, на якім напісана: Няве́дамаму Богу. Дык Таго, Каму вы, ня ве́даючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.
24 Бог, які стварыў сусьве́т і ўсё ў ім, Ён, Гаспадар не́ба й зямлі, не ў рукатворных храмах жыве́
25 і не ад рук чалаве́чых служэньне прыймае, быццам не́чага патрабуючы, а Сам дае́ ўсім жыцьцё й дыханьне й усё.
26 І зрабіў з аднае́ крыві ўве́сь род чалаве́чы, каб жыў на ўсе́нькім абліччы зямлі, вызначыўшы напе́рад часы й ме́жы жыльля іхняга,
27 каб шукалі Госпада, ці не нашчупаюць Яго ды ня знойдуць, хаця Ён і недалёка ад кожнага з нас:
28 бо ў Ім жывем і рухаемся і існуем, як і некаторыя із вашых паэтаў сказалі: Мы бо й род Ягоны.
29 Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Божства падобна да золата ці серабра або камня, выразанага здольнасьцяй і выдумкай чалаве́чай.
30 Дык вось, Бог, глянуўшы на часы няве́даньня, прыказуе цяпе́р скрозь усім людзям пакаяцца:
31 бо вызначыў дзе́нь, у які маніцца справядліва судзіць сьве́т праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць праз ускрасе́ньне Яго із мёртвых.
32 Пачуўшы-ж аб уваскрасе́ньні із мёртвых, адны насьмяхаліся, другія-ж казалі: Паслухаем цябе́ аб гэтым другім разам!
33 І гэтак Паўла выйшаў спасярод іх.
34 Некаторыя-ж мужы, прыстаўшы да яго, уве́равалі; між імі й Дыаніс Арэапагіт, і жанчына на ймя Дамара, і іншыя з імі.
Разьдзе́л 18
правіць1 Пасьля-ж гэтага, пакінуўшы Афіны, прыйшоў Паўла ў Карынт.
2 І, знайшоўшы не́йкага Жыда, на ймя Акілу, родам із Понту, які толькі што прыйшоў із Італіі, ды жонку ягоную Прыскіллу (— бо Клаўдзі загадаў усім Жыдом выбрацца з Рыму), прыйшоў да іх.
3 А дзеля таго, што быў аднаго рамясла, аставаўся ў іх ды працаваў; майстравалі-ж палаткі.
4 І кожную суботу гутарыў у сынагозе й пераконываў Жыдоў ды Грэкаў.
5 Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сіла й Цімахве́й, Дух панукаў Паўлу сьве́дчыць Жыдом, пра Ісуса Хрыста.
6 А як яны працівіліся й зьневажалі яго, дык, абтросшы вопратку, сказаў да іх: Кроў вашая на галаву вам! Я-ж чысты. Ад сяньня йду к паганам.
7 І, выйшаўшы стуль, пайшоў у дом не́йкага багабойнага чалаве́ка, на ймя Юста, дом якога быў побач сынагогі.
8 А Крысп, начальнік сынагогі, уве́раваў у Госпада разам з усім домам сваім, дый многа Карыньцян, слухаючы, уве́равалі й ахрысьціліся.
9 Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: Не палохайся, але прамаўляй ды не змаўкай:
10 бо Я з табою, і ніхто не адважыцца ўчыніць табе́ зло; бо багата ў Мяне́ народу ў ме́сьце гэтым.
11 І прабыў год і шэсьць ме́сяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.
12 У часе-ж старастоўства ў Ахе́і Гальліона Жыды аднадушна напалі на Паўлу й павялі яго ў суд,
13 кажучы, што ён вуча людзе́й шанаваць Бога не па закону.
14 Калі-ж Паўла хаце́ў расчыніць рот, сказаў Гальліон да Жыдоў: Жыды, я-б слушна выслухаў вас, калі-б была не́йкая крыўда, ці думка ліхая;
15 калі-ж спрэчка йдзе́ аб слова ды ймёны ды закон ваш, дык разглядайце самі, бо я судзьдзёй у гэтым быць не хачу.
16 І пагнаў іх із суду.
17 Усе́-ж Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судом, Гальліона-ж гэта зусім ня рупіла.
18 Паўла-ж, прабыўшы йшчэ даволі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сірыю (а з ім Прыскілла й Акіла), абстрыгшы ў Кенхрэях галаву: бо быў абяцаўшы.
19 І прыбыў у Эфэс і пакінуў іх тамака, а сам увайшоў у сынагогу ды гутарыў з Жыдамі.
20 Калі-ж прасілі яго астацца ў іх надаўжэй, ён не згадзіўся,
21 але разьвітаўся з імі, сказаўшы: Мне́ кане́шна трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ерузаліме; калі-ж Бог захоча, вярнуся йзноў да вас. І вырушыў з Эфэсу.
22 І, прыбыўшы ў Кесарыю ды зайшоўшы (ў Ерузалім) і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыохію.
23 Пабыўшы-ж не́йкі час, выйшаў стуль ды праходзіў пачарзе́ зямлю Галятыйскую і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.
24 Прыйшоў-жа ў Эфэс не́йкі Жыд, на ймя Апальлёс, родам Александрыец, муж красамоўны й моцны ў Пісаньнях;
25 ён быў пастаўлены на шлях Гасподні і, палаючы духам, прамаўляў ды навучаў пра Госпада правільна, ве́даючы толькі хрышчэньне Іоанавае.
26 Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы-ж яго, Акіла й Прыскілла ўзялі яго й вылажылі яму тачне́й шлях Божы.
27 А як ён маніўся пайсьці ў Ахе́ю, браты, наважыўшыся, напісалі вучням, каб прынялі яго. І ён, апынуўшыся там, шмат дапамог тым, што былі ўве́раваўшы праз ласку:
28 бо ўсенародна крэпка пераконываў Жыдоў, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.
Разьдзе́л 19
правіць1 І сталася, як Апальлёс быў у Карыньце, што Паўла, прайшоўшы вышэйшыя краіны, зайшоў у Эфэс. Знайшоўшы-ж некаторых вучняў,
2 сказаў да іх: Ці, уве́раваўшы, прынялі вы Духа Сьвятога? Яны-ж сказалі яму: Але-ж мы й ня чулі, што існуе Сьвяты Дух.
3 І сказаў да іх: Дык у штож вы хрысьціліся? Яны-ж сказалі: У хрышчэньне Іоанавае.
4 Паўла-ж сказаў: Іоан хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы народу, каб уве́равалі ў Таго, што йдзе́ за ім, знача ў Ісуса Хрыста.
5 Пачуўшы-ж, яны ахрысьціліся ў імя Госпада Ісуса.
6 І, як узлажыў Паўла рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і пачалі гаварыць языкамі ды прарочыць.
7 Было-ж усіх каля дванаццацёх мужоў.
8 Увайшоўшы-ж у сынагогу, адважна прамаўляў, вядучы ў працягу трох ме́сяцаў гутаркі й даводзячы аб царстве Божым.
9 А як некаторыя закамяне́лі й ня ве́рылі, зьневажаючы шлях (Гасподні) перад народам, дык, пакінуўшы іх, аддзяліў вучняў і кожын дзе́нь гутарыў у школе не́йкага Тырана.
10 Дзе́ялася-ж гэта два гады, і гэтак чулі слова Госпада Ісуса ўсе́ жыхары Азіі, Жыды і Грэкі.
11 І Бог немалыя цуды рабіў рукамі Паўлы,
12 так, што хусткі й паясы ад це́ла ягонага на хворых ускладалі, і пакідалі іх хваробы, і духі нячыстыя выходзілі із іх.
13 Дый некаторыя з вандроўных шаптуноў Жыдоўскіх пачалі над апанаванымі злым духам называць імя Госпада Ісуса, мовячы: Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Паўла.
14 Былі-ж не́йкія сямёра сыноў Ске́вы, архірэя Жыдоўскага, якія рабілі гэта.
15 І злы дух, адказваючы, сказаў: Ве́даю Ісуса, дый Паўлу ве́даю; а вы хто будзеце?
16 І чалаве́к, што ў ім быў злы дух, накінуўшыся на іх і перамогшы іх, ме́ў гэткую сілу над імі, што яны голыя й параненыя ўцяклі з гэнага дому.
17 Гэта сталася ве́дама Жыдом і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і страх напаў на іх на ўсіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.
18 Багата-ж із тых, што ўве́равалі, прыходзілі вызнаваючы й апавядаючы ўчынкі свае́;
19 і даволі з тых, што чынілі чары, папрыносіўшы кнігі свае́ папалілі іх перад усімі; і, палічыўшы цану іх, знайшлі пяцьдзесят тысячаў серабра.
20 З гэткай сілай расло й крапчэла слова Гасподняе.
21 Калі-ж гэта споўнілася, Паўла пастанавіў у духу йсьці ў Ерузалім, прайшоўшы праз Македонію і Ахе́ю, ды сказаў: Пабываўшы там, трэ’ мне́ й Рым пабачыць.
22 Паслаўшы-ж у Македонію двух прыслужнікаў сваіх, Цімахве́я й Эраста, сам астаўся часова ў Азіі.
23 Пад гэны-ж час узьнялася трывога немалая аб шлях (Гасподні):
24 бо не́хта, на ймя Зьмітра, што рабіў сярэбраныя храмы Артэміды й даваў раме́сьнікам немалы заработак,
25 сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў гэтага дзе́ла, сказаў: Мужы, вы ве́даеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт;
26 бачыце-ж і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але й блізу па ўсе́й Азіі гэны Паўла, пераканаўшы, багата народу адвярнуў, кажучы, што няма багоў рукатворных.
27 А гэта ня толькі пагражае ўпадкам нашаму рамяслу, але й тым, што храм вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, ды зьніштожыцца ве́ліч тае́, якую паважае ўся Азія і ўве́сь сьве́т.
28 Пачуўшы-ж і напоўніўшыся страхам, яны закрычэлі, мовячы: Вяліка Артэміда Эфэская!
29 І ўсё ме́ста напоўнілася ўзварушэньнем; і, захапіўшы з сабой Гайя й Арыстарха, Македонцаў, што вандравалі з Паўлам, кінуліся аднадушна ў тэатр.
30 Калі-ж Паўла хаце́ў выйсьці да народу, вучні не пазволілі яму.
31 Дый некаторыя із начальнікаў Азійскіх, што былі прыяцелямі яго, паслалі да яго прасіць, каб ня йшоў у тэатр.
32 Адны-ж крычэлі адно, другія другое: бо сход быў бязладны, і большасьць ня ве́дала, дзеля чаго сабраліся.
33 З таўпы-ж выпхнулі напе́рад Аляксандра, якога выпіхалі Жыды. Аляксандр жа, зрабіўшы знак рукою, хаце́ў апраўдацца перад народам.
34 Калі-ж даве́даліся, што ён Жыд, дык узьняўся крык у адзін голас, і крычэлі каля дзьвюх гадзін: Вяліка Артэміда Эфэская!
35 Усьцішыўшы-ж народ, пісар кажа: Мужы Эфэскія! Хтож ня ве́дае, што ме́ста Эфэс ёсьць вартаўнік храму вялікае багіні Артэміды й Дыапэта?
36 А як проці гэтага нічога сказаць не́льга, дык трэ’ вам супакоіцца й нічога неразважна не рабіць.
37 Вы-ж прывялі гэтых людзе́й, якія ані храму не абакралі, ані багіні вашае не зьневажалі.
38 Калі-ж Зьмітра й раме́сьнікі, што з ім, маюць скаргу на каго, дык судзяць судзьдзі, і старасты ёсьць: няхай адны адных пазываюць.
39 Калі-ж даходзіце не́чага іншага, дык будзе разьвязана на законным сходзе.
40 Мы-ж баімося, каб не абвінавацілі нас за сягоньняшнюю разруху, бо-ж няма ніякае прычыны, каб апраўдаць гэту зборку.
41 І, сказаўшы гэта, распусьціў сабраньне.
Разьдзе́л 20
правіць1 Калі-ж сьціхла ўзварушэньне, Паўла, паклікаўшы вучняў ды разьвітаўшыся, пайшоў, кіруючыся ў Македонію.
2 Прайшоўшы-ж гэныя зе́млі ды многімі словамі навучыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.
3 Прабыўшы-ж тры ме́сяцы, калі Жыды зрабілі на яго засаду, і ён маніўся вырушыць у Сірыю, прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.
4 Ішлі-ж з ім да Азіі Сосіпатр Вэрыец ды із Фессалонян Арыстарх і Сэкунд і Гай Дэрбянін і Цімахве́й, ды із Азійцаў Тыхік і Трахім.
5 Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Троадзе.
6 Мы-ж адплылі былі пасьля дзён праснакоў із Філіпаў ды дзён цераз пяць прыйшлі к ім у Троаду, дзе́ прабылі се́м дзён.
7 У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хле́ба, Паўла, манючыся назаўтрае выйсьці, вёў з імі гутарку й зацягнуў яе́ ажно да паўночы.
8 Было-ж даволі сьве́тачаў у сьвятліцы, дзе́ мы сабраліся.
9 Дзяцюк-жа не́йкі, на ймя Яўціх, сядзючы на акне́, крэпка заснуў; як Паўла прамаўляў доўга, пахіснуўшыся ў сьне́, зваліўся ён з трэцяга паве́рху ўніз і быў падняты няжывы.
10 Паўла-ж, зыйшоўшы ўніз, прыпаў да яго і, абняўшы, сказаў: Не палохайцеся, бо душа ягоная ў ім.
11 І, падняўшыся наве́рх ды разламаўшы хле́б і пае́ўшы, гутарыў даволі ажне да сьвітаньня дый пайшоў.
12 А дзяцюка прывялі жывога і ўце́шыліся нямала.
13 Мы-ж пайшлі напе́рад да карабля і паплылі ў Асс, манючыся забраць стуль Паўлу: бо гэтак ён нам загадаў, манючыся сам ісьці пехатой.
14 Калі-ж ён зыйшоўся з намі ў Асьсе, дык, забраўшы яго, прыбылі мы ў Мітыле́ну.
15 І, адплыўшы стуль, мы на другі дзе́нь затрымаліся проці Хіоса, а назаўтрае прысталі к Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыбылі ў Міле́т;
16 бо Паўла надумаў плыці міма Эфэсу, каб ня траціць часу ў Азіі, бо сьпяшаўся быць, калі магчыма, ў дзе́нь Пяцідзясятніцы ў Ерузаліме.
17 З Міле́ту-ж паслаўшы ў Эфэс, ён пакліка́ў да сябе́ старшых царквы
18 і, як яны апынуліся перад ім, сказаў ім: Вы ве́даеце, як я, ад пе́ршага дня прыходу майго ў Азію, уве́сь час быў з вамі,
19 служачы Богу з усе́й пакорнасьцяй і многімі сьлязьмі й спакушэньнямі, што прыходзілі на мяне́ ад подступаў Жыдоўскіх,
20 ды як нічога не прапускаў я із таго, што было-б карысна, каб вам пераказаць і навучаць вас усенародна й па дамох,
21 сьве́дчучы й Жыдом і Грэкам аб пакаяньні перад Богам ды аб ве́ры ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
22 І вось цяпе́р, зьвязаны Духам, іду я ў Ерузалім, ня ве́даючы, што тамака сустрэне мяне́,
23 адно толькі Дух Сьвяты сьве́дчыць па ме́стах, кажучы, што ждуць мяне́ путы й мукі.
24 Ды я нічога ня дбаю й не даражу маім жыцьцём, абы толькі ў радасьці закончыць шлях мой і служэньне, што ўзяў ад Госпада Ісуса, сьве́дчучы аб Эвангельлі міласьці Божае.
25 І цяпе́р вось ве́даю, што ня ўгле́дзіце больш аблічча майго вы ўсе́, сярод каго я хадзіў, абвяшчаючы царства Божае.
26 Дык сьве́дчу вам у сягоньняшні дзе́нь, што я чысты ад крыві ўсіх:
27 бо ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
28 Пілнуйце-ж самі сябе́ й усё стада, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за япіскапаў, каб пасьвіць царкву Бога, якую Ён прыдбаў уласнаю крывёй Сваёй.
29 Я-ж ве́даю гэта, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі́ лютыя, якія не пашкадуюць стада,
30 дый спасярод вас самых паўстануць людзі, што гаварыцімуць наадварот, каб пацягнуць вучняў за сабою.
31 Дык не драмліце, памятаючы, што я тры гады ўдзе́нь і ўначы не пераставаў са сьлязьмі навучаці кожнага із вас.
32 І цяпе́р я аддаю вас, браты, Богу й слову міласьці Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну міжы ўсімі пасьвячонымі.
33 Ні серабра, ні золата, ні вопратак я ні ад кога не жадаў:
34 вы-ж самі ве́даеце, што патрэбы мае́ і тых, што былі са мною, здавалялі вось гэтыя рукі.
35 У-ва ўсім паказваў я вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых ды памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён казаў: Шчасьліве́й даваць, чым браць.
36 І, сказаўшы гэтае ды сукланіўшы кале́ні свае́, маліўся з імі з усімі.
37 Тады ўзьняўся вялікі плач усіх, і, кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,
38 сумуючы найбольш дзеля слова, якое сказаў, што ўжо больш ня ўгле́дзяць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
Разьдзе́л 21
правіць1 Калі-ж давялося нам, расстаўшыся з імі, адплыці, дык, ідучы нацянькі, прыплылі мы к Косу, назаўтрае-ж к Родосу і адтуль к Патары
2 і, знайшоўшы карабель, які йшоў у Фінікію, узыйшлі на яго і паплылі.
3 Калі-ж паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьле́ва й паплылі ў Сірыю ды прысталі ў Тыры, бо там караблю трэ’ было скінуць груз.
4 І, знайшоўшы вучняў, прабылі тамака се́м дзён; тыя-ж праз Духа гаварылі Паўлу, каб ня йшоў у Ерузалім.
5 Як-жа давялося нам пражыць гэныя дні, мы, выйшаўшы, пайшлі ў дарогу, і ўсе́ праводзілі нас з жонамі й дзяцьмі ажно за ме́ста. На беразе-ж, укле́нчыўшы, памаліліся.
6 І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабе́ль, а яны вярнуліся дамоў.
7 Мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прысталі к Птолемаідзе і, прывітаўшы братоў, асталіся ў іх на адзін дзе́нь.
8 Назаўтрае-ж Паўла й мы, што былі з ім, выйшаўшы прыйшлі ў Кесарыю; і, увайшоўшы ў дом Піліпа Эвангеліста, аднаго із сямёх, аставаліся ў яго.
9 У яго-ж былі чатыры дочкі — дзяўчаты, якія прарочылі.
10 Як-жа былі мы многа дзён, прыйшоў з Юдэі прарок не́йкі, на ймя Агаў,
11 і, увайшоўшы да нас ды ўзяўшы пояс Паўлы, зьвязаў сабе́ рукі й ногі і сказаў: Гэтак кажа Дух Сьвяты: чалаве́ка, чый гэты пояс, так зьвяжуць Жыды ў Ерузаліме і аддадуць у рукі паганаў.
12 Калі-ж мы пачулі гэтае, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня йшоў у Ерузалім.
13 Паўла-ж адказаў: Што вы робіце, плачучы й разрываючы мне́ сэрца? Я-ж ня толькі гатоў вязьнем стацца, але й паме́рці ў Ерузаліме за ймя Госпада Ісуса.
14 Ня здолеўшы намовіць яго, мы супакоіліся ды сказалі: Хай станецца воля Гасподня!
15 Па гэных днёх, прыгатаваўшыся, вырушылі мы ў Ерузалім.
16 Ішлі-ж з намі й некаторыя вучні із Кесарыі, вядучы да не́йкага Мназона, Кіпрыйца, старога вучня, каб у яго нам пагасьціць.
17 Як-жа прыйшлі мы ў Ерузалім, браты прыязна прынялі нас.
18 Наступнага-ж дня прыйшоў Паўла разам з намі да Якава; прыйшлі й усе старшыя.
19 І, прывітаўшы іх, падробна апавядаў, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
20 Яны-ж, выслухаўшы, пахвалілі Бога і сказалі яму: Бачыш, браце, колькі ёсьць тысячаў Жыдоў, якія ўве́равалі, і ўсе́ яны шчырыя слугі закону.
21 Але дачуліся аб табе́, што навучаеш адступніцтва ад Майсе́я ўсіх Жыдоў, што жывуць між паганамі, кажучы, каб не абрэзывалі дзяце́й і ня трымаліся звычаяў.
22 Дык што-ж гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
23 Вось-жа зрабі, што табе́ кажам: ёсьць у нас чатыры мужы, што маюць зарок на сабе́.
24 Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі ды вазьмі на сябе́ кошты за іх, каб паабстрыгалі галовы, і ўсе́ даве́даюцца, што тое, што даве́даліся аб табе́, ёсьць пустое, а ты ў парадку й сам пілнуеш закону.
25 Што-ж да ўве́раваўшых паганаў, дык мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага ня трымаліся, а толькі высьцерагаліся жэртваў ідалам, крыві й душанага, ды блуду.
26 Тады Паўла, узяўшы мужоў гэных ды назаўтрае ачысьціўшыся з імі, увайшоў у храм, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, як за кожнага з іх прыне́сена будзе ахвяра.
27 Як-жа ме́ліся скончыцца се́м дзён, Жыды, што былі із Азіі, убачыўшы яго ў храме, падбурылі ўве́сь народ і ўзлажылі на яго рукі,
28 крычучы: Мужы Ізраільскія, памажэце! Вось чалаве́к, які ўсіх усюды навучае проці народу й проці закону й проці ме́сца гэтага; ды яшчэ й Грэкаў увёў у храм ды апаганіў гэтае ме́сца сьвятое
29 (бо перад гэтым яны бачылі з ім у горадзе Трахіма Эфэсца дый падумалі, што Паўла ўвёў яго ў храм).
30 Уве́сь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, схапіўшы Паўлу, павалаклі яго вон із храму, ды ўраз дзьве́ры былі зачынены.
31 Калі-ж хаце́лі забіць яго, да вайсковага тысячніка дайшла ве́стка, што збунтаваўся ўве́сь Ерузалім;
32 дык ён, узяўшы ўраз-жа жаўне́раў ды сотнікаў, пабе́г на іх. Яны-ж, убачыўшы тысячніка й жаўне́раў, перасталі біць Паўлу.
33 Тады, падыйшоўшы, тысячнік схапіў яго й загадаў зьвязаць двума ланцугамі ды пытаўся, хто ён і што зрабіў?
34 У таўпе́-ж крычэлі кожын не́шта другое. Дык, ня маючы магчымасьці праз шум не́шта пэўнае даве́дацца, загадаў вясьці яго ў замак.
35 Калі-ж апынуўся ля ўсходаў, жаўне́рам прышлося на руках не́сьці яго дзеля натоўпу народнага,
36 бо вялікая грамада народу йшла сьле́дам, крычучы: Сьме́рць яму!
37 Перад уваходам у замак Паўла кажа тысячніку: Ці магу не́шта сказаць табе́? Той жа сказаў: Ты ўме́еш пагрэцку?
38 Дык ці ня ты той Эгіпцянін, што перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы душ разбойнікаў?
39 Паўла-ж сказаў: Я Жыд із Тарсу, грамадзянін слаўнага ме́ста Кілікійскага. Прашуж цябе́, дазволь мне́ прамовіць да народу.
40 Калі-ж той дазволіў, Паўла, стануўшы на ўсходах, да́ў знак народу рукою. Як-жа сталася вялікая ціша, прамовіў у Жыдоўскай мове, кажучы:
Разьдзе́л 22
правіць1 Мужы браты й бацькі! Выслухайце цяпе́р маё перад вамі апраўданьне.
2 Пачуўшы, што гавора да іх у Жыдоўскай мове, яшчэ бале́й усьцішыліся. Ён жа казаў:
3 Я-ж сам Жыд, урадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, узгадаваны ў ме́сьце гэтым ля ног Гамаліэля, рупліва навучаны закону айцоўскага, шчыры слуга Бога, як вы ўсе́ сягоньня.
4 Шлях гэты я перасьле́даваў ажно да сьме́рці, вяжучы й аддаючы ў вязьніцу мужчын і жанчын;
5 і пасьве́дчыць аба мне́ архірэй ды ўсе́ старшыя: бо ад іх узяў я пісьмы да братоў і пайшоў у Дамаск, каб і быўшых там прывясьці зьвязаных у Ерузалім дзеля пакараньня.
6 І сталася мне́, як ішоў і падыходзіў к Дамаску, каля паўдня зьнячэўку агарнула мяне́ вялікае сьвятло з не́ба.
7 І паваліўся я на зямлю і пачуў голас, які гаварыў да мяне́: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш Мяне́?
8 Я адказаў: Хто ты, Госпадзе? Ён жа сказаў да мяне́: Я Ісус Назарэй, Якога ты перасьле́дуеш.
9 Тыя-ж, што былі са мною, угле́дзіўшы сьвятло, перапалохаліся; але голасу, што гаварыў да мяне́, ня чулі.
10 І я сказаў: Што мне́ рабіць, Госпадзе? Госпад жа сказаў да мяне́: Устань і йдзі ў Дамаск, і там будзе табе́ сказана ўсё, што назначана табе́ зрабіць.
11 А як ад зьяньня сьвятла гэтага я ня відзеў, дык прыйшоў у Дамаск, ве́дзены за руку быўшымі са мною.
12 Не́йкі-ж Ананія, чалаве́к пабожны паводле закону, за якога сьве́дчылі ўсе́ тамтэйшыя Жыды,
13 прыйшоўшы да мяне́ і стануўшы, сказаў мне́: Браце Саўле! Будзь ізноў відзючым! І я ў тую-ж гадзіну пабачыў яго.
14 Ён жа сказаў: Бог айцоў нашых выбраў цябе́, каб пазнаў ты волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага ды пачуў голас з вуснаў Ягоных,
15 бо будзеш ты сьве́дкай Яму перад усімі людзьмі аб тым, што бачыў ды чуў.
16 Дык чаго-ж вагаешся цяпе́р? Устань, ахрысьціся й змый грахі твае́, прызваўшы імя Гасподняе.
17 І здарылася мне́, як вярнуўся ў Ерузалім ды маліўся ў храме, апынуўся я ў захапле́ньні
18 і бачыў Яго, мовячы да мяне́: Сьпяшайся ды йдзі хутчэй із Ерузаліму, бо ня прымуць сьве́дчаньня твайго аба Мне́.
19 Я-ж сказаў: Госпадзе, яны ве́даюць, што гэта я кідаў у вастрог ды біў па сынагогах ве́руючых у Цябе́,
20 а як пралілася кроў Сьцяпана, сьве́дкі Твайго, дык я і стаяў тамака, і пахваляў забойства яго, ды сьцярог вопраткі тых, што яго забівалі.
21 І сказаў да мяне́: Ідзі, бо далёка пашлю цябе́ да паганаў.
22 Да гэтага слова яго слухалі ды паднялі голас свой, кажучы: Зьнішчы із зямлі такога! Бо ня жыць яму!
23 А як яны крычэлі й кідалі вопраткі ды пыл падкідалі ў паве́тра,
24 тысячнік загадаў вясьці яго ў замак, сказаўшы бічаваць яго, каб даве́дацца, дзеля якое прычыны гэтак крычэлі проці яго.
25 Калі-ж расьцягнулі яго рэмнямі, сказаў Паўла да стаяўшага сотніка: Ці-ж можна вам бічаваць Рымскага грамадзяніна, да таго-ж бяз суду?
26 Сотнік, пачуўшы, пайшоў ды паве́даміў тысячніка, кажучы: Глядзі, што ты хочаш зрабіць? Бо-ж гэты чалаве́к — Рымскі грамадзянін.
27 І прыйшоў тысячнік ды кажа яму: Скажы мне́, ці ты Рымскі? Ён жа сказаў: Але́.
28 Тысячнік адказаў: Я набыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы. Паўла-ж сказаў: А я й урадзіўся.
29 Дык ураз адступіліся ад яго тыя, што ме́ліся выпытываць у яго. А тысячнік, даве́даўшыся, што ён Рымскі грамадзянін, спалохаўся, што зьвязаў яго.
30 Назаўтрае-ж, хочучы даве́дацца напэўна, за што абвінавачываюць яго Жыды, зьняў з яго кайданы й загадаў прыйсьці архірэям ды ўсяму сынэдрыону іх і, вывеўшы Паўлу, паставіў яго перад імі.
Разьдзе́л 23
правіць1 Паўла-ж, паўзіраўшыся на сынэдрыон, сказаў: Мужы браты! У-ва ўсім добрым сумле́ньні жыў я перад Богам ажно да сягоньняшняга дня.
2 Архірэй-жа Ананія загадаў тым, што стаялі перад ім, каб білі яго ў вусны.
3 Тады Паўла сказаў да яго: Бог будзе біць цябе́, падбе́леная сьцяна! Бо ты сядзіш, каб судзіць мяне́ паводле закону, і незаконна кажаш мяне́ біці.
4 А тыя, што стаялі перад ім, сказалі: Архірэя Божага зьневажаеш?
5 Паўла-ж азваўся: Ня ве́даў я, браты, што ён архірэй. Бо-ж напісана: На павадыра народу твайго не кажы блага (Вых. 22, 28).
6 І, ве́даючы, што адна часьціна ёсьць Саддуке́і, а другая Фарысэі, загаласіў Паўла ў сынэдрыоне: Мужы браты! Я — Фарысэй, сын Фарысэявы. За надзе́ю й ускрасе́ньне мёртвых судзяць мяне́!
7 Калі-ж ён гэтае сказаў, узьнялася спрэчка паміж Фарысэямі й Саддуке́ямі, і разьдзялілася грамада.
8 Бо Саддуке́і кажуць, што няма ўваскрасе́ньня, ані Ангела й духа; Фарысэі-ж прызнаюць абодвух.
9 Узьняўся вялікі крык. І, паўстаўшы, кніжнікі Фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: Нічога благога не знаходзім мы ў чалаве́ку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці Ангел, не змагаймася з Богам.
10 Калі-ж спрэчка ўзгаралася, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўне́рам зыйсьці ўзяць яго спасярод іх ды вясьці ў замак.
11 У наступную-ж ноч Госпад, стануўшы перад ім, сказаў: Бадрыся, Паўла! Бо як ты сьве́дчыў аба Мне́ ў Ерузаліме, гэтак мусіш сьве́дчыць і ў Рыме.
12 А як настаў дзе́нь, некаторыя Жыды, зрабіўшы змову, далі зарок, кажучы, што ня будуць е́сьці ані піці, пакуль не заб’юць Паўлу.
13 Было-ж іх больш за сорак, што далі гэткі зарок.
14 Яны, прыйшоўшы да архірэяў і старшых, сказалі: Мы пад прысягай заракліся е́сьці што-колечы, пакуль не заб’е́м Паўлу.
15 Вы-ж цяпе́р павядомце тысячніка з сынэдрыонам, каб заўтра вывеў яго да вас, быццам хочаце пільне́й разглядзе́ць справу ягоную; а мы, пе́рш, чым ён падойдзе, гатовы забіць яго.
16 Пачуўшы-ж пра гэту засаду, сын сястры Паўлавае прыйшоў і, увайшоўшы ў замак, паведаміў Паўлу.
17 Паўла-ж, паклікаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: Завядзі гэтага дзяцюка да тысячніка, бо ён мае не́шта сказаць яму.
18 Дык той, узяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Паўла, паклікаўшы мяне́, прасіў завясьці да цябе́ гэтага дзяцюка, які мае не́шта сказаці табе́.
19 Тысячнік, узяўшы яго за руку й адыйшоўшыся набок, запытаўся: Што маеш сказаць мне́?
20 І сказаў: Жыды пастанавілі прасіць цябе́, каб заўтра вывеў Паўлу да сынэдрыону, быццам манючыся падрабне́й распытацца аб ім.
21 Ты-ж не патурай ім: бо на яго засе́лі больш за сорак мужоў із іх, якія далі зарок ня е́сьці й ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовы, чакаючы ве́сткі ад цябе́.
22 Дык тысячнік пусьціў дзяцюка, загадаўшы: Нікому не кажы, што мяне аб гэтым паведаміў.
23 І, паклікаўшы не́йкіх двух сотнікаў, сказаў: Прыгатуйце дзьве́сьце жаўне́раў, каб ісьці ў Кесарыю, ды коньнікаў се́мдзесят ды стральцоў дзьве́сьце — на трэцюю гадзіну ночы.
24 Прыгатуйце й жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўлу, адвясьці жывога да старасты Фэлікса.
25 Дый напісаў пісьмо гэткага зьме́сту:
26 Клаўдзі Лізі вяльможнаму старасьце Фэліксу: радуйся!
27 Чалаве́ка гэтага, якога Жыды схапілі й маніліся забіць, я, выступіўшы з войскам, адабраў, даве́даўшыся, што ён Рымскі грамадзянін.
28 Хочучы-ж ве́даць прычыну, за што вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыо́н іхні
29 і знайшоў, што яго вінавацяць за супярэчнасьці ў законе іхнім, ды што няма ў ім ніякае віны, вартае сьме́рці ці кайданоў.
30 Калі-ж паведамілі мяне́ пра змову проці чалаве́ка гэтага, што ме́ла стацца ад Жыдоў, я ўраз паслаў яго да цябе́, загадаўшы й абвінавачываючым яго гаварыць проці яго перад табою. Бывай здароў.
31 Дык жаўне́ры, як ім было загадана, узялі Паўлу й павялі ўначы ў Антыпатрыду;
32 назаўтрае-ж, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў замак.
33 Тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо старасьце, паставілі перад ім і Паўлу.
34 Стараста-ж, прачытаўшы й спытаўшыся, з якое ён краіны, дый даве́даўшыся, што із Кілікіі,
35 сказаў: Я выслухаю цябе́, як зьявяцца абвініцелі твае́. І загадаў пілнаваць яго ў прэторыі Ірадавай.
Разьдзе́л 24
правіць1 А праз пяць дзён прыйшоў архірэй Ананія з старшымі ды не́йкім рытарам Тэртуллам і выступілі перад старастай проці Паўлы.
2 Пакліканы-ж, пачаў вінаваціць яго Тэртулл, гаворачы:
3 Дазнаючы праз цябе́ вялікага супакою ды шчасьця, што сталася народу гэтаму тваім адумам, заўсёды й усюды прыймаем мы (гэта), вяльможны Фэліксе, з усе́ю ўдзячнасьцяй.
4 Але, каб табе́ шмат не дакучаць, прашу цябе́ каротка выслухаць нас паводле ласкавасьці твае́й.
5 Бо, знайшоўшы, што чалаве́к гэты ёсьць зараза, будзіцель бунту сярод Жыдоў на ўсе́нькім сьве́це ды павадыр гэрэзіі Назарэйскае,
6 які й храм адважыўся зьнява́жыць, — мы ўзялі яго й хаце́лі судзіць паводле нашых законаў.
7 Але прыйшоў тысячнік Лізі ды з вялікім гвалтам забраў яго із нашых рук,
8 загадаўшы абвініцелям ягоным ісьці да цябе́. Ад яго ты сам можаш, распытаўшыся, даве́дацца аб усім тым, у чым мы вінавацім яго.
9 Пацьвярдзілі-ж і Жыды, кажучы, што гэта так.
10 Паўла-ж, як стараста даў яму знак гаварыць, адказаў: Ве́даючы цябе́ многа год, як судзьдзю гэтага народу, я тым ахватне́й буду бараніці справу маю.
11 Ты можаш даве́дацца, што ня больш, як дванаццаць дзён назад, прыйшоў я пакланіцца ў Ерузалім.
12 І ані ў храме не знайшлі мяне́ хоць з кім спрачаючыся ці бунтуючы народ, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
13 дый ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне́.
14 Але табе́ прызнаюся ў тым, што на шляху, які яны гэрэзіяй называюць, я служу гэтак Богу айцоў, ве́ручы ўсяму, што згодна з законамі ды што напісана ў Прарокаў,
15 маючы надзею на Бога, што мае быць ускрасе́ньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго й самі яны чакаюць.
16 Дзеля гэтага й сам я крэпка стараюся ме́ць заўсёды чыстае сумле́ньне перад Богам і перад людзьмі.
17 Цераз многа год прыйшоў я чыніць дораньне народу майму ды ахвяры,
18 і на гэтым знайшлі мяне́ ачышчанага ў храме некаторыя Жыды із Азіі, а не з таўпой ды ўзварушэньнем;
19 вось ім трэба было прыйсьці да цябе́ й вінаваціць мяне́, калі-б не́шта проці мяне́ ме́лі.
20 Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне́ які грэх, як я стаяў перад сынэдрыонам,
21 апрача аднаго гэтага голасу, што крыкнуў, стоючы сярод іх: што сяньня яны судзяць мяне́ за ўваскрасе́ньне мёртвых.
22 Пачуўшы гэтае, Фэлікс адлажыў справу іхнюю, падрабне́й разьве́даўшы аб шляху гэтым ды сказаўшы: Як прыйдзе тысячнік Лізі, разгле́джу справу вашу.
23 І загадаў сотніку сьцерагчы Паўлу ды даваць яму волю й не забараняць нікому з ягоных служыць яму й прыхадзіць да яго.
24 Праз колькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзіллаю, жонкаю свае́ю, што была Жыдоўка, паклікаў Паўлу і слухаў яго аб ве́ры ў Хрыста.
25 А як той гаварыў аб справядлівасьці й узьдзяржаньні ды аб судзе́, што мае быці, дык Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: Цяпе́р годзе, ідзі; як выбяру час, паклічу цябе́.
26 Да таго-ж ён спадзяваўся, што дастане грошы ад Паўлы, каб звольніў яго; дык, часта заклікаючы яго, гутарыў з ім.
27 А як скончыліся два гады, дастаў Фэлікс замясьціцеля Поркія Фэста; каб-жа прыдбаць ласку Жыдоў, Фэлікс пакінуў Паўлу ў путах.
Разьдзе́л 25
правіць1 Фэст жа, прыйшоўшы ў сваё гаспадарства, цераз тры дні вырушыў із Кесарыі ў Ерузалім.
2 І архірэй і выдатне́йшыя із Жыдоў зьявіліся да яго проці Паўлы
3 і малілі яго, каб зрабіў ласку ды прыслаў яго ў Ерузалім, — зрабіўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
4 Але Фэст адказаў, што Паўлу сьцерагуць у Кесарыі, а сам ён маніцца хутка выехаць.
5 Дык хто із вас можа, сказаў ён, няхай ідуць са мною і, калі ёсьць не́шта на чалаве́ку гэтым, няхай яго вінавацяць.
6 Пабыўшы-ж у іх больш дзесяцёх дзён, вярнуўся ў Кесарыю і назаўтрае, се́ўшы на судным пасадзе, загадаў прывясьці Паўлу.
7 Калі-ж той прыйшоў, абступілі яго Жыды, што прыйшлі з Ерузаліму, прыносячы на яго многа цяжкіх абвінавачаньняў, якіх ня здолелі даказаць.
8 Ён-жа апраўдываўся, што ні ў чым не правініўся ані проці закону Жыдоўскага, ані проці царквы, ані проці ке́сара.
9 Але Фэст, хочучы зрабіць ласку Жыдом, адказваючы Паўлу, сказаў: Ці хочаш ісьці ў Ерузалім, ды каб там я судзіў цябе́ за гэта?
10 Паўла-ж сказаў: Я стаю перад ке́саравым судом, дзе́ і трэ’ мне́ судзіцца. Жыдом ніякае крыўды не зрабіў, як і ты добра ве́даеш.
11 Калі паступаю несправядліва і ўчыніў не́шта, вартае сьме́рці, дык не адмаўляюся паме́рці; але, калі нічога таго няма, у чым мяне́ яны вінавацяць, дык ніхто ня можа выдаць ім мяне́. Паклікаюся на ке́сара.
12 Тады Фэст, пагутарыўшы з раднікамі, адказаў: Паклікаешся на ке́сара, да ке́сара й пойдзеш.
13 Праз колькі дзён цар Агрыппа й Вэрніка прыбылі ў Кесарыю прывітаці Фэста.
14 Калі-ж пабылі яны тамака шмат дзён, Фэст падаў цару справу Паўлы, кажучы: Ёсьць не́йкі чалаве́к, пакінены Фэліксам у путах,
15 на якога ў бытнасьць маю ў Ерузаліме жаліліся архірэі і старшыя із Жыдоў, просячы суду на яго.
16 Я адказаў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць чалаве́ка на сьме́рць пе́рш, чым вінавачаны ме́ціме перад абліччам абвініцеляў і займе́ць ме́сца дзеля апраўданьня ад абвіне́ньня.
17 Калі-ж яны прыйшлі сюды, я безадкладна назаўтрае се́ў на судны пасад і загадаў прывясьці таго чалаве́ка.
18 Абвініцелі, абступіўшы яго, ня прыне́сьлі проці яго ніякае віны, якое я спадзяваўся;
19 а ме́лі яны з ім не́йкія спрэчкі аб іхніх забабонах ды аб не́йкім паме́ршым Ісусе, аб якім Паўла казаў, што Ён жыве́.
20 Не разьбіраючыся ў гэтай спрэчцы, я сказаў: ці хоча ён ісьці ў Ёрузалім ды тамака судзіцца за гэта?
21 Калі-ж Паўла зажадаў, каб яго затрымаць на разгляд Аўгуста, я загадаў пілнаваць яго, пакуль не пашлю яго да Ке́сара.
22 Агрыппа-ж сказаў да Фэста: Хаце́ў бы й я сам выслухаць чалаве́ка. Заўтра, адказаў ён, пачуеш яго.
23 Назаўтрае-ж, як Агрыппа й Вэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцяй і ўвайшлі ў судовую палату з тысячнікамі й паважне́йшымі мужамі ме́ста, па загаду Фэставаму быў прыве́дзены Паўла.
24 І кажа Фэст: Цару Агрыппа дый усе́ прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, аб якога ўся грамада Жыдоўская прыступала да мяне́ і ў Ерузаліме і тут, крычучы, што ня сьле́д яму больш жыць.
25 Але я не знайшоў, каб ён учыніў не́шта вартае сьме́рці, дый ён сам паклікаўся на Аўгуста; дык я рассудзіў паслаці яго.
26 Ды ня маю аб ім нічога пэўнага напісаць Гаспадару; дзеля гэтага прывёў яго да вас, а асабліва да цябе́, цару Агрыппа, каб, рассудзіўшы, ме́ці што напісаць.
27 Бо неразумным здае́цца мне́, пасылаючы вязьня, не паказаць і абвінавачаньня на яго.
Разьдзе́л 26
правіць1 Агрыппа-ж прамовіў да Паўлы: Дазваляецца табе́ гаварыці аб сабе́. Тады Паўла, выцягнуўшы руку, пачаў апраўдывацца:
2 Цару Агрыппа, я лічу сябе́ шчасьлівым, прыступаючы сягоньня перад Табою да абароны ад усяго, у чым вінавацяць мяне Жыды,
3 бо ты найле́пш ве́даеш усе́ звычаі Жыдоўскія ды спрэчкі. Дык прашу цябе́ выслухаць мяне́ вялікадушна.
4 Усе́нькае жыцьцё маё ад малых год, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерузаліме, ве́даюць усе́ Жыды,
5 знаючы мяне́ здаўна (калі-б захаце́лі сьве́дчыць), што я, як Фарысэй, жыў паводле найдасканальшае навукі ве́ры нашае.
6 І вось цяпе́р я стаю, як падсудны, за надзе́ю на абяцаньне, данае айцом нашым ад Бога,
7 асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць родаў нашых, служачы начамі і ўдзе́нь бязупынна. За гэту надзе́ю й абвінавачываюць мяне́ Жыды, о цар Агрыппа!
8 Што? Вам здае́цца непадобным да ве́ры, што Бог ускрашае ўме́ршых?
9 Дый мне́ яно здавалася, што я павінен шмат зрабіць супраць іме́ньня Ісуса Назарэя,
10 і рабіў у Ерузаліме: узяўшы ўладу ад архірэяў, я многа сьвятых замыкаў у вастрозе, а, як іх забівалі, даваў голас мой.
11 І па ўсіх сынагогах, часта мучачы іх, прымушаў зьневажа́ць; і, цераз ме́ру разьярыўшыся проці іх, перасьле́даваў іх навет і па чужых ме́стах.
12 Ды з гэтым ідучы ў Дамаск, маючы ўладу й даручэньне ад архірэяў,
13 я ў палудзень, о цар, убачыў на дарозе сьвятло з не́ба, ярчэйшае за зьяньне сонца, якое асьвяціла мяне́ й тых, што йшлі са мной.
14 І, як усе́ мы паваліліся на зямлю, я пачуў голас, які прамовіў да мяне́, гаворачы па-жыдоўску: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш мяне́? Цяжка табе́ пе́рці проці ражна.
15 Я-ж сказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў: Я Ісус, якога ты парасьле́дуеш;
16 але падыйміся й стань на ногі твае́, бо Я дзеля таго зьявіўся табе́, каб зрабіць цябе́ слугой ды сьве́дкай таго, што ты бачыў і што адкрыю табе́,
17 бяручы цябе́ з народу й ад паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе́,
18 каб расчыніў ім вочы, каб зьвярнуліся ад це́мры да сьвятла́ й ад улады шатана да Бога, ды праз ве́ру ў Мяне́ атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзе́л сярод пасьвячоных.
19 Дзеля гэтага, цару Агрыппа, я не супрацівіўся зьяве нябе́снай,
20 але абвяшчаў сьпярша́ жыхарам Дамаску й Ерузаліму, а пасьля ўсе́нькай зямлі Юдэйскай і паганам, каб пакаяліся й навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя пакаяньня.
21 За гэта Жыды, схапіўшы мяне́ ў храме, памыкаліся забіць мяне́.
22 Але я дастаў падмогу ад Бога й да гэтага дня стаю, сьве́дчучы малому й вялікаму, нічога іншага ня кажучы, як што́ гаварылі Прарокі й Майсе́й, што мае стацца:
23 што Хрыстос мусіць быць замучаны і, Пе́ршы з уваскрасе́ньня ўме́ршых, мае абвясьціць сьвятло народу й паганам.
24 Калі ён гэтак апраўдываўся, сказаў Фэст моцным голасам: Ты шале́еш, Паўла! Вялікая навука даводзе цябе́ да шалу.
25 А той кажа: Не шале́ю, вяльможны Фэсьце, а кажу словы праўды й мудрасьці;
26 бо ве́дае гэта цар, перад якім і гавару сьме́ла, бо ве́даю, што нішто з гэтага перад ім не ўтаілася: не ў закуцьці-ж яно дзе́ялася.
27 Ці ве́рыш ты Прарокам, цару Агрыппа? Ве́даю, што ве́рыш.
28 Агрыппа-ж сказаў да Паўлы: Ты чуць-што не ўгаварыў мяне́ стацца Хрысьціянінам!
29 Паўла-ж сказаў: Маліў бы я Бога, каб хутка, ці ня хутка, ня толькі ты, але й усе, што слухаюць мяне́ сягоньня, сталіся такімі, як і я, па-за гэтымі путамі.
30 І, як сказаў ён гэтае, устаў цар і стараста й Вэрніка, дый тыя, што з імі сядзе́лі,
31 і, адыйшоўшыся ў бок, гутарылі паміж сабою, кажучы: што чалаве́к гэты ня робіць нічога, вартага сьме́рці або путаў.
32 Агрыппа сказаў Фэсту: Можна-б было звольніць гэтага чалаве́ка, калі-б не паклікаўся на Ке́сара.
Разьдзе́л 27
правіць1 Як жа прысудзілі нам плыці ў Італію, дык Паўлу й некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку, на ймя Юлію, з роты Аўгуста.
2 Узыйшоўшы на Адраміцкі карабе́ль, манючыся плысьці ля ме́сцаў Азійскіх, вырушылі мы, маючы з сабой Арыстарха, Македонца із Фессалонікі.
3 На другі дзе́нь прысталі к Сідону; Юлі-ж, які абходзіўся з Паўлам палюдзку, дазволіў яму пайсьці да прыяцеляў і скарыстацца руплівасьцяй іх.
4 І, вырушыўшы стуль, прыплылі мы к Кіпру, бо вятры́ былі праціўныя.
5 Пераплыўшы-ж мора насупраць Кілікіі й Памфіліі, прыйшлі мы ў Міры Лікійскія,
6 і тутака сотнік знайшоў Александрыйскі карабе́ль, які плыў у Італію, ды пасадзіў нас на яго.
7 Плывучы-ж памалу шмат дзён ды ле́дзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо ве́цер быў проці нас, даплылі мы да Крыту, проці Сальмону,
8 і, ле́дзьве прабраўшыся ля яго, прыйшлі да нейкае мясцовасьці, называнае Харошыя Затокі, адкуль недале́ка ме́ста Лязія.
9 Калі-ж мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо няпэўнае, бо ўжо і пост мінуў, радзіў ім Паўла,
10 кажучы: Мужы! Я бачу, што плаваньне ма́е быць нешчасьлівае ды з чысьленымі ўтратамі ня толькі для тавару й карабля, але й для душ нашых.
11 Але сотнік больш ве́рыў ко́рніку й гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Паўла.
12 А як затока ня была выгодная дзеля зімаваньня, дык большасьць і радзіла адплысьці адтуль: мо’ можна было-б перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга й паўночназаходняга ве́тру.
13 І, калі паве́яў паўдзённы ве́цер, яны, падумаўшы, што дасяглі жаданага, рушылі й паплылі поўз Крыту.
14 Але неўзабаве наляце́ў на іх бурны ве́цер, называны Эўроклідон.
15 Калі падхапіла карабе́ль, і ён ня мог працівіцца ве́тру, дык мы здаліся, і нас панясло.
16 Наляце́ўшы-ж на не́йкі астравок, называны Кляўдай, мы ле́дзьве здолелі ўдзяржаць човен;
17 падняўшы-ж яго, пачалі ратавацца, абвязываючы карабе́ль; а баючыся, каб ня се́сьці на мялізну, спусьцілі парус ды гэтак насіліся.
18 Як жа бура крэпка кідала нас, назаўтрае выкінулі тавары,
19 а на трэці дзе́нь мы сваімі рукамі павыкідалі карабе́льны струмант.
20 Калі-ж шмат дзён не паказывалася ані сонца, ані зоркі, а бура крэпка налягала, дык урэшце прапала ўсе́нька надзе́я, каб нам спасьціся.
21 А як мы доўга былі няе́ўшы, дык Паўла, стануўшы сярод іх, сказаў: Мужы, трэба было паслухацца мяне́ і ня плысьці ад Крыту ды ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця й утраты.
22 Цяпе́р-жа раджу вам: бадрыцеся; не загіне ніводная душа із вас, апрача карабля.
23 Бо стануў прада мною ў гэту ноч Ангел Бога, Якому прынале́жу й служу,
24 ды сказаў: Ня бойся, Паўла! Ты мусіш стануць перад ке́сарам, і вось Бог дараваў табе́ ўсіх, што плывуць з Табою.
25 Дык будзьце добрае мысьлі, мужы; бо ве́ру Богу, што станецца так, як мне́ было сказана:
26 мы мусім быць выкінены на не́йкі востраў.
27 Як жа настала чатырнаццатая ноч, што мы насіліся па Адрыятыцкім моры, каля поўначы пазналі матросы, што падыходзім да не́йкае зямлі.
28 І, паме́раўшы, знайшлі дваццаць сажнёў. Крыху-ж адплыўшы ды йзноў паме́раўшы, знайшлі пятнаццаць сажнёў.
29 Баючыся, каб не папасьці на скалістае ме́сца, скінулі з карна́ чатыры якары й чакалі дня.
30 Калі-ж матросы памкнуліся ўцячы з карабля ды спускалі ў мора човен, паказуючы, быццам маняцца скінуць якары з носу,
31 Паўла сказаў сотніку й жаўне́рам: Калі яны не астануцца на караблі, дык вы ня можаце спасьціся.
32 Тады жаўне́ры паабсякалі вяроўкі ад чаўна й далі яму ўпасьці.
33 Перад сьвітаньнем Паўла намаўляў усіх прыняць е́жу, кажучы: Сягоньня чатырнаццаты дзе́нь, як вы, ждучы, астаецёся ня е́ўшы, нічога ня прыймаючы.
34 Дык заклікаю вас прыняць е́жу: бо гэта будзе дзеля вашага спасе́ньня. Бо нікому з вас волас з галавы не спадзе́.
35 Сказаўшы гэта і ўзяўшы хле́б, ён пахваліў Бога перад усімі дый пачаў, разламаўшы, е́сьці.
36 І ўсе́ набраліся духу дый самі прынялі е́жу.
37 Было-ж усіх нас на караблі дзьве́сьце се́мдзесят шэсьць душ.
38 Насыціўшыся-ж е́жай, аблягчылі карабе́ль, выкідаючы пшаніцу ў мора.
39 Як жа настаў дзе́нь, яны не пазнавалі зямлі; дагле́дзілі-ж не́йкую затоку, ме́ўшую ўзьбярэжжа, да якога й урадзілі, калі здолеюць, прыстаць з караблём.
40 І, падняўшы якары, пайшлі морам; і, адвязаўшы стырно́ ды наставіўшы малы парус па ве́тру, кіраваліся да ўзьбярэжжа.
41 Папаўшы-ж на касу́, пасадзілі карабе́ль на мялізну: і нос, завязшы, аставаўся нярухомы, а карно́ разьбівалася сілаю хваляў.
42 У жаўне́раў жа была нарада, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўце́к.
43 Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўлу, супрацівіўся іхняй пастанове ды загадаў уме́ючым плаваць кінуцца й пе́ршымі выйсьці на зямлю,
44 рэшце-ж каму на дошках, каму на чым з карабля. І гэтак сталася, што ўсе́ выратаваліся на зямлю.
Разьдзе́л 28
правіць1 Тады, выратаваўшыся, даве́даліся, што востраў называецца Мэліта.
2 Варвары-ж паказалі нам нябывалую людзкасьць: бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.
3 Калі-ж Паўла, набраўшы бе́рамя хворасту, клаў на агонь, ад жару выйшла яхідна й павісла на руцэ ў яго.
4 Варвары, угле́дзіўшы зьвісаўшага з рукі ягонай гада, гутарылі паміж сабою: пэўне чалаве́к гэты — душагуб, бо й уратаванаму ад мора справядлівасьць жыць не дае́.
5 Але ён, абтросшы гада ў агонь, не дазнаў нічога благога.
6 Яны-ж чакалі, што ён пачне́ пухнуць, ці ўраз упадзе́ няжывы. Паждаўшы-ж доўга і бачучы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думкі й казалі, што ён Бог.
7 Навакол-жа таго ме́сца былі землі першака́ вострава на ймя Публія, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна ўгашчаў.
8 І сталася, што бацька Публія ляжаў хворы на гарачку й жывот. Паўла, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, узлажыў на яго рукі й аздаравіў яго.
9 Калі-ж гэта сталася, і другія хворыя на востраве прыходзілі і былі аздароўлены.
10 Дык выяўлялі нам вялікую пашану, а, як мы адплывалі, надавалі, што трэба было.
11 Цераз тры ме́сяцы вырушылі мы на Александрыйскім караблі, пад назовам Дыаскуры, што зімаваў на востраве,
12 і, прыплыўшы ў Сіракузы, прабылі тры дні.
13 Вырушыўшы стуль, прыплылі мы ў Рэгію; і, як цераз дзе́нь узьняўся паўдзённы ве́цер, дык на другі дзе́нь прыйшлі ў Путэолі,
14 дзе́ знайшлі братоў і былі запрошаны імі пабыць се́м дзён; ды гэтак прыйшлі ў Рым.
15 І стуль браты, пачуўшы аб нас, павыходзілі нам насустрэчу да Аппіявае плошчы й Трох Гасьцініц. Пабачыўшы іх, Паўла, падзякаваўшы Богу, акрыяў.
16 Калі-ж мы ўвайшлі ў Рым, сотнік здаў вязьняў ваяводзе; Паўле-ж дазволілі жыць у сябе́ з жаўне́рам, што яго пілнаваў.
17 І сталася, што цераз тры дні склікаў Паўла першакоў Жыдоўскіх. Калі-ж яны зыйшліся, сказаў да іх: Мужы браты! хаця я нічога не ўчыніў супраць народу й звычаяў айцоў, мяне́, як вязьня, аддалі з Ерузаліму ў рукі Рымлян.
18 Яны, распытаўшы мяне́, хаце́лі мяне́ звольніць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне́ ня было.
19 Калі-ж Жыды супрацівіліся, дык я быў прымушаны паклікацца на Ке́сара, але не затым, каб ме́ўся ў чым вінаваціць мой народ.
20 Дзеля гэтае прычыны я й паклікаў вас, каб пабачыць і пагутарыць: бо за спадзяваньне Ізраіля закавалі мяне́ ў путы гэтыя.
21 Яны-ж сказалі да яго: Мы ані пісем аб табе́ не дасталі з Юдэі, ані ніхто з братоў, прыходзячы, не абвяшчаў і не гаварыў аб табе́ нічога благога.
22 Ды хочам пачуць ад цябе́, як ты мысьліш; бо аб гэрэзіі гэтай ве́дама нам, што ўсюды працівяцца е́й.
23 І, назначыўшы яму дзе́нь, многа прыйшло да яго ў гасьцініцу. І ад ранку да ве́чара выкладаў ім, сьве́дчучы аб царстве Божым ды пераконываючы іх аб Ісусе із закону Майсе́явага і Прарокаў.
24 І адны былі перакананы словамі ягонымі, другія-ж ня ве́рылі.
25 І, не згаджаючыся міжы сабою, пайшлі, калі Паўла сказаў адно слова: Добра сказаў да айцоў нашых Дух Сьвяты праз Прарока Ісаю, мовячы:
26 Ідзі да народу гэтага і скажы: Слыхам пачуеце, ды не зразуме́еце; і, відзячы, глядзе́ць будзеце, ды ня ўбачыце;
27 бо загрубе́ла сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае́ заплюшчылі, каб не пабачыць вачыма й не пачуць вушыма ды сэрцам ня ўцяміць і не навярнуцца, каб Я не аздаравіў іх (Ісая, 6, 9—10).
28 Няхай-жа будзе вам ве́дама, што паганам паслана спасе́ньне Божае, яны-ж і пачуюць.
29 І, як ён гэта сказаў, Жыды выйшлі, крэпка спрачаючыся між сабою.
30 Паўла-ж цэлыя два гады жыў у нанятай ім гасподзе і прымаў усіх, што прыходзілі да яго,
31 абвяшчаючы царства Божае ды з усе́й адвагай без перашкоды навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста.