Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Мільтон і Булька

Фазаны Мільтон і Булька
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Мильтон и Булька
Пераклад: Макар Краўцоў
Чарапаха

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МІЛЬТОН і БУЛЬКА.

Я завёў сабе для фазанаў лягавага сабаку. Сабаку гэтага звалі Мільтон; ён быў высокі, худы, пярэставаты па шэрым, з доўгімі вушыма і вельмі дужы і разумны. З Булькаю яны ня кусаліся. Ніводзін сабака ніколі не нападаў на Бульку. Ён бывала толькі пакажа свае зубы, і сабакі спушчаюць хвасты і адходзяць проч. Аднаго разу я пайшоў з Мільтонам на фазаны. Раптам Булька прыбег за мною ў лес. Я хацеў прагнаць яго, але ніяк ня мог. А ісьці дамоў, каб адвясьці яго, было далёка. Я думаў, што ён ня будзе перашкаджаць мне, і пайшоў далей; але толькі што Мільтон пачуў у траве фазана і пачаў шукаць яго, Булька кінуўся ўперад і пачаў лазіць ува ўсе бакі. Ён стараўся раней за Мільтона падняць фазана. Ён штосьці гэткае чуў у траве, дзыгаў, круціўся; але нюх у яго благі, і ён ня мог знайсьці сьледу адзін, а пазіраў на Мільтона і бег туды, куды йшоў Мільтон. Толькі што Мільтон кранецца сьледам, Булька забяжыць наперад. Я адклікаў Бульку, біў, але нічога ня мог з ім зрабіць. Як толькі Мільтон пачынаў шукаць, дык ён кідаўся наперад і перашкаджаў яму. Я хацеў ужо ісьці дамоў, таму што думаў, што паляваньне маё папсована, але Мільтон лепш за мяне прыдумаў, як ашукаць Бульку. Ён вось што зрабіў: як толькі Булька забяжыць яму наперад, Мільтон кіне сьлед, скіруецца ў іншы бок і прыкінецца, што ён шукае. Булька кінецца туды, куды паказаў Мільтон, а Мільтон аглянецца на мяне, махне хвастом і пайдзе ізноў запраўдным сьледам. Булька ізноў прыбягае да Мільтона, забягае наперад, ды ізноў Мільтон сумысьля зробіць шагоў дзесяць у бок, ашукае Бульку і зноў павядзе мяне проста, так што ўсё паляваньне ён ашукваў Бульку і ня даў яму папсаваць справы.