Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з фізыкі/Сонца — цяплыня
← Гальванізм | Сонца — цяплыня Апавяданьне Аўтар: Леў Талстой 1928 год Арыгінальная назва: Солнце — тепло Пераклад: Макар Краўцоў |
Сава і заяц → |
СОНЦА — ЦЯПЛЫНЯ
Выйдзі зімою ў ціхі марозны дзень у поле або ў лес і паглядзі навакол сябе і паслухай: усюды, навокала сьнег, рэкі пазамярзалі, сухія травінкі тырчаць з-пад сьнегу, дрэвы стаяць голыя, нішто не варушыцца. Паглядзі летам: рэкі бягуць, шумяць; у кожнай лужынцы жабы крычаць, бубулькаюць; птушкі пералётваюць, сьвішчуць, пяюць; мухі, камары круцяцца, зьвіняць; дрэвы, травы растуць, гойдаюцца.
Замарозь чугун з вадою — ён скамянее. Пастаў замарожаны чугун на агонь: пачне лёд калоцца, растапляцца, паварухвацца; пачне вада гойдацца, булбаткі пушчаць, пасьля, як пачне кіпець, загудзе, закруціцца. Тое самае робіцца і на сьвеце ад цяплыні. Няма цяплыні — усё мёртвае; ёсьць цяплыня — усё варушыцца і жыве. Мала цяплыні — мала руху, больш цяплыні — больш руху, шмат цяплыні — і вельмі шмат руху.
Адкуль бярэцца цяплыня на сьвеце? — Цяплыня ад сонца.
Ходзіць сонца нізка зімою, бокам, ня ўпірае косамі ў зямлю — і нішто не варушыцца. Пачне сонейка хадзіць вышэй над галовамі, пачне сьвяціць у прыпор да зямлі — адагрэецца ўсё на сьвеце і пачне варушыцца.
Пачне сьнег сьсядацца, пачне аддуваць лёд на рэках, пальецца вада з гораў, паднімецца пара з вады ў вобалакі — пайдзе дождж. Хто ўсё гэта зробіць? — Сонца. Адтануць семячкі, выпусьцяць расткі, зачэпяцца расткі за зямлю, з старых карэньняў пайдуць атожылкі, пачнуць расьці дрэвы і травы. Хто гэта зрабіў? — Сонца.
Устануць медзьвядзі, краты, прачхнуцца мухі, пчолы, вывядуцца камары, вывядуцца рыбы з яечак на цяплыні. Хто ўсё гэта зрабіў? — Сонца. Разагрэеца ў адным месцы паветра — паднімаецца, а на яго месца пойдзе паветра халаднейшае — зробіцца вецер. Хто гэта зрабіў? — Сонца.
Паднімуцца вобалакі, пачнуць сходзіцца і расходзіцца — ударыць маланка. Хто зрабіў гэты агонь? — Сонца.
Вырастуць травы, жыта, фрукты, дрэвы, пад‘ядуць жывёлы, накормяцца людзі, зьбяруць корму і апалу на зіму, збудуюць сабе людзі хаты, зробяць чугункі, месты. Хто ўсё падрыхтаваў? — Сонца.
Чалавек будаваў сабе хату. З чаго ён яе зрабіў? — з бярвёнаў. Бярвёны высечаны з дрэваў. Дрэвы вырасьціла сонца.
Паліцца печ дрывамі. Хто выгадаваў дровы? — Сонца.
Есьць чалавек хлеб, бульбу. Хто вырасьціў? — Сонца.
Есьць чалавек мяса. Хто выкарміў жывёлы, птушкі? — Травы. А травы вырасьціла сонца.
Чалавек будуе каменны дом з цэглаў і вапны. Вапна і цэглы апалены дрывамі. Дровы загатовіла сонца.
Усё, што людзям патрэбна, што ідзе проста на карысьць, усё гэта загатаўляецца сонцам, і ўва ўсё йдзе шмат сонечнае цяплыні. Таму і патрэбен усім хлеб, што яго расьціла сонца, і што ў ім шмат сонечнае цяплыні. Хлеб грэе таго, хто яго есьць.
Таму і патрэбны дровы і бярвёны, што ў іх шмат цяплыні. Хто закупіць дроў на зіму, той закупіць сонечнае цяплыні, і зімою, калі захоча, дык і запаліць дровы і пусьціць цяплыню сонечную сабе ў пакой.
А калі ёсьць цяплыня, дык ёсьць і рух. Які ні ёсьць рух — усё ад цяплыні: або проста ад сонечнае цяплыні, або ад цяплыні тае, якую загатовіла сонца ў вуглі, у дрэве, ў хлебе і ў траве.
Коні, быкі возяць, людзі працуюць, што іх рухае? — Цяплыня. А адкуль яны ўзялі цяплыню? — З корму. А корм загатовіла сонца.
Вадзяныя і ветраныя млыны круцяцца і мелюць. Хто іх рухае? — Вецер і вада. А вецер хто гоніць? — Цяплыня. А ваду хто гоніць? — Цяплыня таксама. Яна падняла ваду параю ўгару, і бяз гэтага вада ня падала-б уніз. Машына працуе, — яе рухае пара. А пару хто робіць? — А ў дровах цяплыня сонечная.
З цяплыні робіцца рух, з руху — цяплыня. І цяплыня і рух ад сонца.