Раздзел ХІХ. Уолтэр ад'язджае Раздзел ХХ. Містэр Домбі прадпрыймае паездку
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХІ. Новыя асобы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХ

Містэр Домбі прадпрыймае паездку.

— Містэр Домбі, сэр, — сказаў маёр Бегсток, — Джой Б. наогул чалавек не сантыментальны, бо Джозеф непахісны. Але ў Джо ёсць пачуцці, сэр, і ўжо калі яны абудзіліся… Чорт пабяры, містэр Домбі, — з нечаканай ярасцю крыкнуў маёр, — гэта слабасць, і я не маю намеру ёй паддавацца!

Маёр Бегсток праказаў гэтыя фразы, прымаючы госця, містэра Домбі, на пляцоўцы сваёй лесвіцы на пляцы Прынцэсы. Містэр Домбі прыехаў снедаць да маёра перад ад'ездам у дарогу; злашчасны тубылец перацярпеў ужо шмат непрыемнасцей з-за пышак, а ў сувязі з пытаннем аб вараных яйках жыццё для яго зрабілася цяжкім.

— Не да твару старому салдату з пароды Бегстокаў, — заўважыў маёр, супакоіўшыся, — аддаваць сябе на разарванне сваім эмоцыям, але, чорт пабяры, сэр! — крыкнуў маёр, зноў злуючыся, — я вам спачуваю!

Пасля, паварочваючы галавой з сапеннем, якое вельмі нагадвала конскі кашаль, маёр павёў свайго госця ў гасціную і (справіўшыся да таго часу са сваімі пачуццямі) вітаў яго са шчырасцю і вольнасцю дарожнага спадарожніка.

— Домбі, — сказаў маёр, — я рады вас бачыць. Я ганаруся тым, што вас бачу. Мала людзей знойдзецца ў Еўропе, якім сказаў-бы гэта Дж. Бегсток — бо Джош простадушны, сэр, гэта па яго натуры, — але Джой Б. ганарыцца тым, што бачыць вас, Домбі.

— Маёр, — адказаў містэр Домбі, — вы вельмі ласкавы.

— Не, сэр, — сказаў маёр. — Дзе там, ліха на яго! Гэта не ў маім характары. Каб гэта было ў характары Джо, Джо быў-бы ў сучасны момант генерал-лейтэнантам, сэрам Джозефам Бегстокам, кавалерам ордэна Бані[1], і прымаў-бы вас зусім у іншым доме. Бачу, што вы яшчэ не ведаеце старога Джо. Але гэта падзея, як самая надзвычайная, з'яўляецца для мяне крыніцай гонару. Далібог, сэр, — рашуча сказаў маёр, — для мяне гэта гонар.

Цэнячы сябе і свае грошы, містэр Домбі адчуваў, што гэта вельмі справядліва, а таму і не спрачаўся супроць гэтага пункта. Але інстынктыўнае ўразуменне гэтай ісціны маёрам і яго адкрытае прызнанне яе былі вельмі прыемныя.

Містэр Домбі, не маючы сяброў, адчуў прыхільнасць да маёра. Нельга сказаць, каб у яго было цёплае пачуццё да маёра, але ён крыху адтаяў. Маёр адыгрываў некаторую ролю — не вельмі вялікую — у тыя дні на беразе мора. Ён быў чалавек свецкі і ведаў сяго-таго з важных асоб. Ён шмат гаварыў і расказваў забаўныя гісторыі, і містэр Домбі схілен быў лічыць яго дасканалым разумнікам, які выдаецца ў грамадстве і не мае таго ўедлівага прысмаку беднасці, якім звычайна празмерна атручаны дасканалыя разумнікі. Становішча яго было бясспрэчна добрае. Наогул маёр быў прыстойным спадарожнікам, вельмі знаёмым з бяздзейным жыццём і з месцамі, падобнымі да таго, якое яны збіраліся наведаць.

— Дзе мой нягоднік? — сказаў маёр, у гневе аглядаючы пакой.

Тубылец, які не меў пэўнага імя, але адклікаўся на ўсякую брыдкую мянушку, адразу-ж паявіўся ў дзвярах і не адважыўся падыйсці бліжэй.

— Злодзей! — сказаў халерычны[2] маёр. — Дзе снеданне?

Цёмнаскуры слуга знік, і неўзабаве яны пачулі, як ён зноў падымаецца па лесвіцы з такім трапятаннем, што блюды і талеркі на падносе, якія дрыжэлі ад спачування да яго, бразгаталі ўсю дарогу.

— Домбі, — сказаў маёр, пазіраючы на тубыльца, які накрываў стол, і, у выглядзе заахвочання, грозна трасучы кулаком, калі той скінуў лыжку, — вось мяса з вострай прыправай, падсмажанае на рашперы[3], вось паштэт, ныркі і іншае. Прашу сядаць. Як бачыце, стары Джо можа прапанаваць вам толькі паходную закуску.

— Вельмі добрая закуска, маёр, — адказваў госць, і не толькі з далікацтва, бо маёр заўсёды вельмі клапаціўся пра сябе і еў тлустыя стравы ў колькасці, шкоднай для здароўя, з прычыны чаго яго надзвычайны колер твара тлумачыўся галоўным чынам гэтай яго схільнасцю.

— Вы заглянулі ў дом насупраць, сэр, — заўважыў маёр. — Бачылі нашу прыяцельку?

— Вы маеце на ўвазе міс Токс? — прамовіў містэр Домбі. — Не.

— Чароўная жанчына, сэр, — сказаў маёр з густым смяшком, які захраснуў у яго кароткім горле і ледзь не задушыў яго.

— Здаецца, міс Токс вельмі прыстойная асоба, — адказаў містэр Домбі.

— Стары Джо, сэр, — сказаў маёр, — карыстаўся калісьці некаторай прыхільнасцю ў тым жыллі. Але для Джо яго дзянёк мінуўся. Дж. Бегсток знішчаны… пакінуты… разбіты, сэр. Вось што я вам скажу Домбі. — Маёр перастаў есці і меў выгляд таямніча-абураючы. — Гэта чартоўскі ганарлівая жанчына, сэр.

Містэр Домбі сказаў: «Вось як!» з ледзяным роўнадушшам, да якога дамешвалася, бадай, пагардлівае недавер'е, як можа міс Токс быць такой саманадзейнай, каб пасягаць на такую ўзвышаную якасць.

— Гэта жанчына, сэр, — сказаў маёр, — своеасаблівы Люцыфер[4]. Для Джоя Б., сэр, яго дзянёк мінуўся, але ён не дрэмле. Ён усё бачыць, гэты Джо.

Маёр суправаджаў гэта такім позіркам, і ад яды, піцця, гарачага чаю, мяса, падсмажанага на рашперы, пышак і многазначных слоў галава яго так разбухла і ўспалілася, што нават містэр Домбі праявіў такі-сякі неспакой.

— У гэтай недарэчнай старой асобы, — прадаўжаў маёр, — ёсць ганарлівыя імкненні. Бязмерныя імкненні, сэр, Матрыманіяльныя[5], Домбі.

— Я шкадую яе, — сказаў містэр Домбі.

— Не кажыце гэтага, Домбі, — перасцерагальным тонам запярэчыў маёр.

— Чаму-ж не казаць, маёр? — запытаўся містэр Домбі.

Маёр адказаў толькі конскім кашлем і прадаўжаў узмоцнена есці.

— Яна зацікавілася вашай сям'ёй, — сказаў маёр, зноў, адрываючыся ад яды, — і вось ужо на працягу некаторага часу часта наведвае ваш дом.

— Так, — з вялікай годнасцю адказваў містэр Домбі, — спачатку міс Токс была прынята ў ім як прыяцелька маёй сястры ў той час, калі сканала місіс Домбі; і з тае прычыны, што яна была асобай добравыхаванай і выяўляла прыхільнасць да няшчаснага малюткі, яна была ў нас у доме, — магу сказаць яе заахвочвалі наведваць нас, і яна прыходзіла разам з маёй сястрой; так паступова завязалася нешта накшталт блізкіх адносін з маёй сям'ёй. Я лічу сябе абавязаным міс Токс, маёр, — дадаў Домбі, злёгку махнуўшы рукою, — за прыемнасць быць знаёмым з вамі.

— Домбі, — з запалам сказаў маёр, — не! Не, сэр! Джозеф Бегсток не можа пакінуць гэту заўвагу без пярэчанняў. Ваша знаёмства са старым Джо, сэр, такім, які ён ёсць, і знаёмства старога Джо з вамі, сэр, узнікла дзякуючы благароднаму хлопчыку, сэр, — цудоўнаму дзіцяці, сэр, Домбі! — прадаўжаў маёр, напружваючыся, што яму няцяжка было зрабіць, бо ўсё яго жыццё праходзіла ў напружанай барацьбе з усялякімі сімптомамі апаплексіі, — мы пазналі адзін другога дзякуючы вашаму хлопчыку.

Містэр Домбі, — вельмі магчыма, што маёр на гэта разлічваў, — быў, здавалася, расчулены намёкам.

— Наша прыяцелька мела аддаленыя адносіны да нашага знаёмства, — сказаў маёр, — і Дж. Б. не хоча аспрэчваць гонар, які прыпаў ёй, сэр. Тым не менш, пані, — дадаў ён, адводзячы позірк ад сваёй талеркі і скіроўваючы яго ў той бок, дзе ў той момант была відаць у акне міс Токс, якая палівала кветкі, — вы — распусная інтрыганка, пані, і ваша ганарлівасць — узор страшэннай бессаромнасці. Калі-б яна выстаўляла ў смешным выглядзе толькі вас, пані, — прадаўжаў маёр, скіроўваючы позірк на нічога не ведаючую міс Токс, прычым яго выпучаныя вочы нібы хацелі пераскочыць да яе, — вы маглі-б займацца гэтай справай для поўнай сваёй прыемнасці, пані, не сустракаючы, запэўняю вас, ніякіх пярэчанняў з боку Бегстока. — Тут маёр пагрозліва зарагатаў, і гэта зрабіла ўплыў на кончыкі яго вушэй і вены на ілбе. — Але калі вы, пані, кампраметуеце другіх людзей, і да таго-ж людзей велікадушных і даверлівых, у падзяку за іх ласку, у старога Джо кроў закіпае ў жылах!

— Маёр, — чырванеючы, сказаў містэр Домбі, — спадзяюся, вы не робіце намёку на нешта такое неверагоднае з боку міс Токс, як…

— Домбі, — адказваў маёр, — я не намякаю ні на што. Але Джой Б. бываў у свеце, сэр. Бываў у свеце, глядзеў пільна, сэр, і навастрыўшы вушы; і Джо гаворыць вам, Домбі, што там, за дарогай, жыве д'ябальскі хітрая і ганарлівая жанчына, сэр.

Містэр Домбі мімаволі зірнуў цераз пляц; позірк, скіраваны ім у гэтым напрамку, быў злосны.

— Ніводнага слова аб гэтым прадмеце не сарвецца з языка Джозефа Бегстока! — рашуча сказаў маёр. — Джо не пляткар, але бываюць выпадкі, калі ён павінен гаварыць, калі ён мае намер гаварыць! Я праклінаю вашы хітрыкі, пані, — закрычаў маёр, зноў з вялікім гневам звяртаючыся да сваёй цудоўнай суседкі. — Вашы паводзіны надта задзірыстыя, каб ён мог больш маўчаць!

Хваляванне, якое рушыла следам за гэтай успышкай, выклікала ў маёра прыступ конскага кашлю, які доўга і люта яго катаваў. Аправіўшыся, ён дадаў:

— А цяпер, Домбі, калі вы прапанавалі Джо — старому Джо, у якога няма нічога, сэр, апрача таго, што ён непахісны і простадушны, — калі вы яму прапанавалі быць вашым гасцём і правадніком у Лемінгтоне, распараджайцеся ім як хочаце, і ён увесь да вашых паслуг. Не ведаю, сэр, — прадаўжаў маёр, з жартаўлівым выглядам трасучы сваім падвойным падбародкам, — што знаходзіце вы ўсе ў Джо і што выклікае такі попыт на яго; але мне вядома, сэр: каб ён не быў непахісным і ўпартым адмаўляючы, вы ўсе хуценька прыкончылі-б яго сваімі запрашэннямі і іншым і іншым.

Містэр Домбі коратка заявіў аб тым, што разумее перавагу, аказаную яму перад іншымі выдатнымі членамі грамадства, якія стараліся заўладаць маёрам Бегстокам. Але маёр адразу яго перапыніў, даўшы яму зразумець, што рабіў згодна сваіх уласных схільнасцей, якія дружна ўсталі і аднагалосна заявілі: «Дж. Б., Домбі — той, каго вы павінны выбраць сваім сябрам».

Маёр да гэтага часу наеўся; сок вострага паштэта выступаў у кутках яго вачэй, а падсмажанае на рашперы мяса і ныркі сцягнулі яму гальштук, і да таго-ж набліжаўся час адыходу поезда ў Бермінгем, з якім ім патрэбна было выехаць з горада, а таму тубылец з найвялікшай цяжкасцю нацягнуў на яго паліто і зашпіліў яго даверху, пасля чаго фізіяномія яго з выпучанымі вачыма і разяўленым ротам выглядвала з гэтага адзення, як з бочкі. Пасля тубылец падаў яму па чарзе і з належнымі інтэрваламі замшавыя пальчаткі, тоўсты кій і капялюш; гэту апошнюю прыналежнасць туалета маёр зухавата адзеў набякрэнь, каб адцяніць сваю надзвычайную фізіяномію.

Але перш чым ад'ехаў экіпаж, міс Токс, з'явіўшыся ў акне, замахала лілейна-белай насавой хустачкай. Містэр Домбі прыняў гэта развітальнае ўшанаванне вельмі холадна — вельмі холадна нават для яго — і, ледзь прыкметна кіўнуўшы ў адказ, адкінуўся на спінку экіпажа з вельмі нездаволеным выглядам. Яго падкрэсленая халоднасць, здавалася, зрабіла надзвычайную прыемнасць маёру (які вельмі далікатна раскланяўся з міс Токс), і доўга ён сядзеў, падміргваючы і сапучы, як перакормлены Мефістофель[6].

У часе перадад'езднай мітусні на вакзале містэр Домбі і маёр прагульваліся побач па платформе. Ні той, ні другі не заўважылі, што ў часе гэтай прагулкі яны звярнулі на сябе ўвагу рабочага, які стаяў каля паравоза і прыпадымаў капялюш кожны раз, калі яны праходзілі міма. Нарэшце, гэты чалавек пайшоў ім насустрач і, зняўшы капялюш і трымаючы яго ў руцэ, пакланіўся містэру Домбі.

— Прашу прабачэння, сэр, — сказаў чалавек, спадзяюся, вы не дрэнна жывеце, сэр.

На ім быў парусінавы касцюм, замазаны вугальным пылам і маслам, у бакенбардах яго быў попел, і вакол сябе ён распаўсюджваў пах прытушанага попелу. Не гледзячы на гэта, выгляд у яго быў прыстойны, і, бадай, яго нельга нават было назваць брудным, а карацей кажучы, гэта быў містэр Тудль у прафесіянальнай вопратцы.

— Я буду мець гонар падтрымліваць для вас агонь у топцы, сэр, — сказаў містэр Тудль. — Прашу прабачэння, сэр, спадзяюся, вы пачынаеце папраўляцца?

У адказ на спачувальны тон містэр Домбі паглядзеў на яго так, нібы гэты чалавек мог забрудзіць нават яго зрок.

— Прабачце за дзёрзкасць, сэр, — прадаўжаў Тудль, бачачы, што яго як быццам не пазнаюць, — але мая жонка Полі, якую ў вашай сям'і называлі Рычардс…

— Напэўна, вашай жонцы патрэбны грошы, — сказаў містэр Домбі, апускаючы руку ў кішэню і гаворачы ганарыстым тонам (між іншым, так гаварыў ён заўсёды).

— Не, сэр, — адказаў Тудль, круцячы ў руках сваю цыратавую кепку, — нам жывецца нядрэнна, сэр: у нас няма прычын наракаць на жыццё, сэр. З таго часу ў нас дабавіліся яшчэ чацвёра, сэр, але мы не гаруем.

Містэр Домбі хацеў-бы прабрацца да свайго вагона, хоць-бы для гэтага яму давялося збіць качагара пад колы, але ўвагу яго звярнула на сябе дэталь, што была на капялюшы, які той усё яшчэ павольна круціў у руках.

— Мы страцілі аднаго малютку, — сказаў Тудль, — гэтага нельга адмаўляць.

— Нядаўна, — дадаў містэр Домбі, пазіраючы на капялюш.

— Не, сэр, больш трох год прайшло, але ўсе астатнія здаровы. А што датычыць да чытання, сэр, — сказаў Тудль, яшчэ раз пакланіўшыся, нібы жадаючы напомніць містэру Домбі аб тым, што калісьці адбылося паміж імі з прычыны гэтага, — то мае хлопчыкі гуртам навучылі мяне ўрэшце. З мяне мае хлопчыкі зрабілі нядрэннага грамацея.

— Пойдзем, маёр! — сказаў містэр Домбі.

— Прашу прабачэння, сэр, — прадаўжаў Тудль, як і раней трымаючы капялюш у руцэ, ступіўшы ім насустрач і зноў пачціва іх спыняючы. — Я не стаў-бы вас турбаваць гэтай размовай, калі-б не хацеў пачаць гутарку пра майго сына Байлера — ахрышчан Робінам, — якога вы па дабраце сваёй зрабілі Літасцівым Тачыльшчыкам.

— Ну, і што-ж, шаноўны, — самым суровым сваім тонам сказаў містэр Домбі, — што з ім такое?

— Ды як-жа, сэр, — адказваў Тодль, ківаючы галавой з надзвычай устрывожаным і прыгнечаным выглядам, — трэба прызнацца, сэр, што ён збіўся з дарогі.

— Збіўся з дарогі? — перапытаў містэр Домбі з-нейкім жорсткім задавальненнем.

— Ён, ведаеце, джэнтльмены, трапіў у благую кампанію, — прадаўжаў бацька, дапытліва ўглядаючыся ў абодвух і відавочна ўцягваючы ў размову маёра ў надзеі на яго спачуванне. — Ён пераняў дрэнныя звычкі. Напэўна, гэта як-небудзь дайшло-б да вас, сэр, — сказаў Тудль, зноў звяртаючыся да містэра Домбі, — і ўжо лепш я сам усё выкажу і скажу, што мой хлопчык збіўся з дарогі. Полі з прычыны гэтага зусім прыгнечана, джэнтльмены, — сказаў Тудль з тым-жа панурым выглядам і яшчэ раз звяртаючыся да маёра.

— Сыну гэтага чалавека я пастараўся даць адукацыю, маёр, — сказаў містэр Домбі, беручы яго пад руку. — Звычайная ўзнагарода!

— Слухайцеся прамога старога Джо і ніколі не давайце адукацыі такога сорту людзям, сэр, — адказаў маёр. — Чорт пабяры, сэр, ад гэтага ніколі не бывае карысці! Гэта заўсёды мае кепскі канец!

Простадушны бацька пачаў быў выказваць надзею, што яго сын, былы Тачыльшчык, якога запалохала і біла, лупіла, ганьбіла і навучала, як вучаць папугаяў, нейкая жывёла ў асобе школьнага настаўніка, якая займала гэтае месца з такім-жа правам, з якім мог-бы займаць паляўнічы сабака, што гэты яго сын, магчыма, атрымліваў адукацыю ў нейкіх адносінах няправільную, калі містэр Домбі, са злосцю паўтарыўшы: «Звычайная ўзнагарода!», павёў маёра. А маёр, якога нялёгка было ўсадзіць у вагон містэра Домбі, ледзь паспеў да адыходу поезда паўтарыць ахрыплым голасам, што з гэтага ніколі не бывае ніякага сэнсу, што гэта заўсёды мае дрэнны канец і што калі-б ён даў адукацыю «свайму бяздзейніку», той, бясспрэчна, апынуўся-б на шыбеніцы.

Містэр Домбі з горыччу згадзіўся; але горыч і пануры выгляд, з якім ён адкінуўся да сценкі вагона і, насупіўшы бровы, пазіраў на мільгатлівы пейзаж, былі выкліканы не крахам благароднай выхаваўчай сістэмы, якую праводзіла Таварыства Тачыльшчыкаў. На капялюшы гэтага чалавека ён заўважыў свежы крэп і па тону яго і адказах зразумеў, што ён носіць траўр па яго сыне.

Падумаць толькі, што гэты саманадзейны качагар едзе там уперадзе, сярод вугалю і попелу, са сваёй траурнай істужкай! Падумаць толькі, што ён адважыўся паспачуваць — хоць-бы пры дапамозе такога звычайнага знаку ўвагі — у горы і расчараванні, захаваных у патаемніках сэрца ганарыстага джэнтльмена! Падумаць толькі, што гэтае памёршае дзіця, якое павінна было прыняць ад яго багацці, надзеі і ўладу і адгарадзіцца ад усяго свету нібы падвойнымі дзвярыма з золата, — гэта дзіця адкрыла доступ такой чэрні, каб тая зневажала яго, Домбі, сваім веданнем ашуканых яго надзей і выхвальнымі прэтэнзіямі на агульнасць пачуццяў з ім, якія ёй такія далёкія!

Падарожжа не дало яму ні прыемнасці, ні палёгкі. У пакуце гэтых думак, ён вёз з сабою міма мільготнага пейзажа свой сум і імкліва перасякаў не багатую і маляўнічую краіну, а пустэчу нязбытных планаў і пякучай рэўнасці. Нават тая хуткасць, з якою імчаўся поезд, здзеквалася над шпаркім бегам юнага жыцця, якое так паслядоўна і так няўмольна набліжалася да прызначанага канца. Сіла, якая імчала па чыгуначнаму шляху — па сваім шляху, — ненавідзячы ўсе іншыя дарогі і сцежкі, прабіваючыся скрозь усе перашкоды і ведучы за сабою людзей усіх класаў, узростаў і чыноў, была правобразам пануючай пачвары — Смерці!

Удалечыню, са скрыгатам і равеннем і грукатам, праз горад, пракладаючы норы сярод людскога жылля і напаўняючы вуліцы гулам, прамільгнуўшы на секунду на лугах, урываючыся ў сырую зямлю, гудучы ў змроку і духаце, вырываючыся зноў у сонечны дзень, такі яркі і шырокі, — удалечыню, са скрыгатам і равеннем і грукатам, па палях, лясах, засевах, паплавах, праз мел, праз чарназём, праз гліну, праз камень, міма рэчаў, што былі блізка, амаль пад рукою і заўсёды вышмыгалі ад падарожніка, тады як падманлівая далячынь вечна рушыць павольна разам з ім, нібы па слядах бязлітаснай пачвары, Смерці!

Па нізінах, па ўзгорках, міма пустэч, міма фруктовых садоў, міма паркаў, праз каналы і рэкі, туды, дзе пасуцца авечкі, дзе шуміць млын, дзе плыве баржа, дзе мерцвякі ляжаць, дзе дыміцца завод, дзе струменіць паток, дзе размешчана вёска, дзе ўзвышаецца гіганцкі сабор, дзе разляглася верасавая пустэча, а шалёны вецер, па капрызнай волі, прыгладжвае яе або ўскудлачвае, — удалячынь, са скрыгатам і равеннем і грукатам пакідаючы за сабою толькі пыл і пар, нібы па слядах бязлітаснай пачвары, Смерці.

Насустрач ветру і святлу, ліўню і сонечным праменням, удалечыню і ўдалечыню ён імчыцца і грукоча, шалёны і шпаркі, плаўны і ўпэўнены, і вялізныя насыпы, і масіўныя масты, па якіх ён праносіцца, мільгаюць перад вачыма і пасля знікаюць удалечыню і ўдалечыню, уперад і вечна ўперад — мільгаюць катэджы, дамы, замкі, маёнткі, фермы і заводы, людзі, дарогі і сцежкі, з выгляду такія пустэльныя, маленькія, нікчэмныя, калі пакідаеш іх ззаду, — ды і сапраўды яны такія, — што, апрача мільганняў, можа быць на шляхах неўгамаванай пачвары, Смерці?

Удалечыню, са скрыгатам і равеннем і грукатам, зноў ныраючы ў зямлю і прабіваючыся ўперад з такой шалёнай энергіяй і напорам, што ў змроку і віхуры рух здаецца адваротным і шалёна скіраваным назад, пакуль прамень святла на вільготнай сцяне не пакажа яе паверхні, што пралятае міма, нібы нястрымны паток. Удалечыню, зноў у дзень і скрозь дзень, з прарэзлівым радасным крыкам, равучы, грукочучы, імчучыся ўперад, раскідаючы ўсё сваім цёмным дыханнем, затрымліваючыся на хвіліну там, дзе сабраўся натоўп, якога праз хвіліну ўжо няма, прагна глытаючы ваду, — і перш чым насос, які поіць, перастане сеяць кроплі на зямлю, — скрыгочучы, равучы, грукочучы праз пурпуравую далячынь.

Мацней і мацней ён гудзе і скрыгоча, пакуль няўхільна імчыцца ўперад да сваёй мэты, і шлях яго, нібы шлях Смерці, густа пасыпан попелам. Вакол усё пачарнела. Цёмныя лужыны, брудныя завулкі і ўбогія дамы дзесьці там, унізе. Зазубраныя сцены і старыя халупы тут, блізка, і праз дзіравыя дахі і праз разбітыя вокны відаць бедныя пакоі, дзе знайшлі сабе прытулак галеча і ліхарадка, а дым, награмоджаныя дахі, косыя коміны, вапна і цэгла, што замкнулі ўродлівасць цела і духа, засланяюць пахмурную далячынь. Калі містэр Домбі паглядае з акна вагона, у яго не мільгае думка аб тым, што пачвара, якая прывезла яго сюды, толькі асвятліла ўсю гэту карціну, а не стварыла і не паслужыла прычынай яе ўзнікнення. Гэта быў належны канец падарожжа, і такім мог быць канёц усяго — такі ён пагубны і страшны.

Думаючы толькі аб адным, ён як і раней бачыў перад сабою адну бязлітасную пачвару. Усе прадметы паглядалі панура, холадна і мёртва на яго, а ён — на іх. Ва ўсім ён знаходзіў напамінак аб сваім няшчасці. Усё выступала, несумленна насміхаючыся з яго, і раздражняла і закранала яго гордасць і рэўнасць, якую-б форму не набывала, — і больш за ўсё, калі яно падзяляла з ім любоў да яго памёршага хлопчыка і памяць аб ім.

Быў адзін твар — Домбі пазіраў на яго ў мінулую ноч і твар пазіраў на яго вачыма, якія чыталі ў яго душы, хоць яны і былі затуманены слязмі, і хоць іх адразу закрылі дрыготныя рукі, — твар, які часта з'яўляўся ў яго ўяўленні ў часе гэтай паездкі. Ён бачыў яго такім, як у мінулую ноч, нясмела ўпрошваючым. Ён не быў дакорлівым, але ў ім было нейкае сумненне, бадай, слабая надзея, якая нагадвала дакор, калі ён убачыў, як гэты дакор згаснуў, саступіў месца безуцешнай упэўненасці ў яго непрыязні. Яму непрыемна было думаць пра твар Фларэнс.

Ці таму, што ён адчуў нейкія згрызоты? Не. Але таму, што пачуццё, абуджанае гэтым тварам, якое ён няясна адгадваў раней, цяпер зусім сфармавалася і канчаткова акрэслілася, празмерна яго хвалюючы і пагражаючы ўзмацніцца і парушыць яго роўнавагу.

Таму, што гэты твар быў на кожным кроку, ва ўсіх паражэннях і ганеннях, якія, здавалася, акружалі яго, як паветра.

Таму, што ў глыбіні душы ён вельмі добра ведаў, калі, стоячы тут, афарбоўваў мільгаючыя сцэны ў хваравітыя таны сваіх уласных думак і ператвараў іх у карціну пагібелі і разбурэння, а не добратворнай перамены і надзеі на лепшую будучыню, — ведаў, што да яго нараканняў смерць мела такія-ж адносіны, як і жыццё. Адно дзіця памерла, і адно дзіця асталося. Чаму адабраны той, на каго ён ускладаў надзеі, а не яна?

Любы, ціхі, смірны твар, які паўставаў перад яго ўяўленнем, не выклікаў у яго ніякіх іншых думак. Яна была не жаданай яму з самага пачатку; цяпер яна ўзмацняла яго горыч. Калі-б сын быў адзіным яго дзіцем і каб паразіў яго той-жа ўдар, гэта цяжка было-б вытрываць, але ўсё-ж бясконца лягчэй, чым цяпер, калі ўдар мог паразіць яе (якую ён мог або думаў, што можа, страціць бязбольна) і не паразіў. Яе поўны любові нявінны твар, павернуты да яго, не змякчаў і не гарнуў яго да яе. Яе цярплівасць, дабрата, юнасць, адданасць, любоў былі падобны да пылінак попелу, які ён таптаў нагамі.

Вакол сябе, у пагібелі і змроку, ён бачыў яе вобраз, які не асвятляў, але згушчаў цемру. Не аднойчы ў часе гэтага падарожжа і цяпер зноў, у канцы яго, калі ён стаяў, ахоплены задуменнем, вырысоўваючы палкай узоры на пяску, у яго прамільгала думка, чым мог-бы ён засланіцца ад гэтага вобраза. Маёр, які ўсю дарогу соп і пыхкаў, як паравоз, і чые вочы часта адрываліся ад газеты і падміргвалі, углядаючыся ў далячынь, нібы там цягнулася доўгая працэсія пацярпеўшых паражэнне міс Токс, якія вырываліся разам з дымам поезда і праносіліся над палямі, каб схавацца ў якім-небудзь утульным месцечку, — маёр адарваў свайго сябра ад размышлення, паведаміўшы яму, што паштовыя коні запрэжаны і карэта падана.

— Домбі, — сказаў маёр, злёгку ўдараючы яго кіем па плячы, — не задумвайцеся. Гэта благая прывычка. Стары Джо, сэр, не быў-бы такім непахісным, якім вы яго бачыце, калі-б ён аддаваўся такой прывычцы. Вы занадта вялікі чалавек, Домбі, каб задумвацца. У вашым становішчы, сэр, вы бясконца вышэй за гэта ўсё.

Маёр, нават у сяброўскіх сваіх угаварваннях, прымаў такім чынам пад увагу годнасць і гонар містэра Домбі і вельмі добра разумеў значэнне, а містэр Домбі быў больш, чым калі-небудзь, схілен зрабіць ласку джэнтльмену, які вызначаўся такім разважным сэнсам і такім цвярозым розумам. Таму ён стараўся прыслухоўвацца да таго, што гаварыў маёр, калі яны рыссю ехалі па шасе, і маёр, думаючы, што гэта шпаркасць і дарога значна больш адпавядаюць яго здольнасцям размаўляць, чым спосаб перасоўвання, які толькі што яны пакінулі, пачаў яго забаўляць.

Гэты прыліў натхнення і гаварлівасці, які перарываўся толькі звычайнымі сімптомамі, выкліканымі яго поўнакроўем, а таксама снеданнем і гнеўнымі нападкамі на тубыльца, прадаўжаўся ў маёра ўвесь дзень; таму, калі надышоўшы вечар застаў іх едучымі трушком па зялёнай і абсаджанай дрэвамі дарозе каля Лемінгтона, здавалася, нібы голас маёра ў выніку балбатні, яды, хіхікання і ўдушша зыходзіў са скрынкі пад сядзеннем ззаду экіпажа або з бліжэйшага стога сена. Ён не перамяніўся і ў гатэлі Райял, дзе былі заказаны пакоі і дзе маёр так павярэдзіў свае органы мовы ядой і піццём, што перад сном зусім страціў голас, якога хапала толькі на кашаль, і, аб'ясняючыся з цёмнаскурым слугою, мог толькі разяўляць рот.

  1. Ордэн Бані — адзін з самых вышэйшых англійскіх ордэнаў. Дзіўная назва тлумачыцца тым, што ў эпоху феадалізма рыцары, якія пасвячаліся ў ступень „рыцараў Бані“, павінны былі зрабіць абмыванне.
  2. Халерычны — разаражняльны, жоўчны.
  3. Рашпер — рашотка ў печы для смажання мяса.
  4. Люцыфер (лац) — чорт, нячыстая сіла.
  5. Матрыманіяльны — які непасрэдна адносіцца да шлюбу.
  6. Мефістофель (грэч.) — злы, дух, сын цемры, д'ябал.