Раздзел ХХХVIII. Міс Токс аднаўляе старое знаёмства Раздзел XXXIX. Далейшыя прыгоды капітана Эдуарда Катля, марака
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХL. Сямейныя адносіны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXXIX

Далейшыя прыгоды капітана Эдуарда Катля, марака.

Час, які адрозніваецца цвёрдым поступам і непахіснай воляй, настолькі прасунуўся наперад, што год, прызначаны старым інструментальным майстрам як тэрмін, на працягу якога яго сябра не павінен быў ускрываць запячатаны пакет, даданы да пісьма, якое ён для яго пакінууў, ужо праходзіў, і вечарамі капітан Катль, пачаў заглядаць на пакет з трывогай і прадчуваннем таямніцы.

Капітану, чалавеку сумленнаму, і ў галаву-б не прышло ўскрыць пакет хоць-бы за гадзіну да тэрміну, як не прышло-б яму ў галаву ўскрыць самога сябе для вывучэння ўласнай анатоміі. Пакурваючы сваю першую вячэрнюю люльку, ён абмяжоўваўся тым, што вымаў пакет, клаў на стол і праз дым разглядаў яго выгляд, з урачыстым маўчаннем, на працягу двух-трох гадзін падрад.

Бацькаўскія клопаты капітана аб Радасці Сэрца і захапленне ёю аставаліся нязменнымі. Але з часу апошняга спаткання з містэрам Каркерам у капітана Катля зарадзілася сумненне, ці сапраўды былое яго ўмяшанне на карысць гэтай маладой лэдзі і яго дарагога хлопчыка Уольра аказалася такім добрадзейным, як яму-б хацелася і як ён у той час верыў. Капітана мучыла сур'ёзнае апасенне, што ён зрабіў больш зла, чым дабра, і ў парыве раскаяння і пакорлівасці ён вырашыў выкупіць віну: пазбавіць сябе магчымасці рабіць зло каму-б там ні было і, так сказаць, кінуць самога сябе за борт, як чалавека небяспечнага.

Пахаваны такім чынам сярод інструментаў, капітан не набліжаўся да дома містэра Домбі і не падаваў аб сабе знаку Фларэнс і міс Ніпер. У гэтым добраахвотным адзіноцтве капітан праводзіў дні і тыдні, не абменьваючыся ніводным словам ні з кім, апрача Роба Тачыльшчыка, якога лічыў прыкладам бескарыслівай прывязанасці і вернасці. У гэтым адзіноцтве капітан, пазіраючы па вечарах на пакет, сядзеў, курыў і думаў пра Фларэнс і беднага Уолтэра, пакуль і той і другі не пачалі паўставаць перад яго бяс- хітрасным уяўленнем памёршымі і адышоўшымі ў вечнае юнацтва — цудоўныя і нявінныя дзеці, якімі ён іх запамятаў.

Аддаючыся сваім размышленням, капітан, аднак, не забываўся пра ўласнае самаўдасканаленне і духоўнае развіццё Роба Тачыльшчыка. Звычайна гэты малады чалавек павінен быў кожны вечар на працягу гадзіны чытаць капітану ўголас якую-небудзь кнігу, а з прычыны таго, што капітан слепа верыў, што ўсе кнігі добрыя, Роб такім шляхам набыў вялікі запас рэдкіх ведаў.

Капітан Катль, як чалавек дзелавы, узяўся таксама весці кнігі. У іх ён запісваў назіранні аб надвор'і і патоку падвод і іншых экіпажаў, якія, — заўважыў ён, — раніцамі і большую частку дня рушылі ў гэтай мясцовасці на захад, а пад вечар — на ўсход. Калі на працягу аднаго тыдня заглянулі два-тры прахожых, якія «паклікалі яго» — так запісаў гэта капітан — наконт акуляраў і, нічога не купіўшы, абяцалі зайсці яшчэ раз, капітан вырашыў, што справа пачынае наладжвацца, і запісаў адпаведную заметку ў журнал; вецер дзьмуў тады (гэта ён запісаў перш за ўсё) досыць свежы, паўночна-заходні, перамяніўся ўночы.

Адной з галоўных цяжкасцей з'яўляўся для капітана містэр Тутс, які заходзіў часцяком і, не трацячы лішніх слоў, здавалася, уявіў, нібы маленькая задняя гасціная — зручны пакой для таго, каб у ім хіхікаць; для гэтай мэты ён карыстаўся яго выгадамі на працягу поўгадзіны, хоць яму і не ўдавалася завязаць больш блізкае знаёмства з капітанам. Капітан, якога нядаўняе яго гора навучыла асцярожнасці, усё яшчэ не мог вырашыць, ці быў містэр Тутс сапраўды такім ціхім стварэннем, якім здаваўся, або гэта быў надзвычай скрытны і каварны двурушнік. Яго частыя ўспамінанні пра міс Домбі былі падазронымі, але капітан адчуваў патаемную прыхільнасць да містэра Тутса за тое, што той ставіўся да яго з давер'ем, і часова ўстрымліваўся ад неспрыяючага рашэння; ён толькі назіраў за ім з невымоўнай праніклівасцю кожны раз, калі містэр Тутс закранаў самы блізкі яго сэрцу прадмет.

— Капітан Джылс, — выпаліў аднойчы містэр Тутс, як ён меў прывычку, зусім нечакана, — як вы думаеце, маглі-б вы паставіцца прыхільна да маёй прапановы і зрабіць мне прыемнасць быць знаёмым з вамі?

— Бачыце, прыяцель, я вам растлумачу ў чым справа, — адказаў капітан, які, нарэшце, абраў лінію паводзін, — я аб гэтым думаў.

— Капітан Джылс, гэта вельмі прыязна з вашага боку, — адазваўся містэр Тутс. — Я вам вельмі ўдзячны. Клянуся гонарам, капітан Джылс, вы зробіце добрую справу, калі не пазбавіце мяне прыемнасці быць знаёмым з вамі. Дапраўды-ж зробіце!

— Бачыце, браток, — задуменна праказаў капітан, — я вас не ведаю.

— Але вы ніколі не спазнаеце мяне, капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, упарта праследуюны намечаную мэту, — калі не зробіце мне прыемнасці быць знаёмым з вамі.

Капітан, здавалася, быў надзвычай здзіўлены арыгінальнасцю і сілай гэтага доваду, і паглядзеў на містэра Тутса так, нібы убачыў у ім значна больш, чым меркаваў.

— Добра сказана, прыяцель, — заўважыў капітан, глыбокадумна ківаючы галавой, — і правільна сказана. Цяпер паслухайце. Вы зрабілі некалькі заўваг, якія далі мне зразумець, што вы захапляецеся адным цудоўным стварэннем. Праўда?

— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, энергічна жэстыкуліруючы той рукою, у якой трымаў капялюш, — захапленне — гэта не тое слова! Клянуся гонарам, вы нічога не разумееце аб тым, што я адчуваю! Калі-б мяне можна было афарбаваць у чорны колер і зрабіць рабом міс Домбі, я лічыў-бы гэта за ласку. Калі-б я мог цаною ўсяго майго багацця перамясціцца ў сабаку міс Домбі… я… мне здаецца, я ніколі не стаміўся-б віляць хвастом! Я быў-бы зусім шчаслівым, капітан Джылс!

Містэр Тутс, гаворачы гэта, заплакаў і з глыбокім хваляваннем прыціснуў да грудзей свой капялюш.

— Прыяцель, — адазваўся капітан, адчуўшы літасць, — калі вы кажаце сур'ёзна…

— Капітан Джылс! — крыкнуў містэр Тутс. — У мяне такі настрой і я так страшэнна сур'ёзны, што калі-б я мог даць клятву ў гэтым на распаленым жалезе, на палаючых вугаллях, або расплаўленым свінцы, або палаючым сургучы, або яшчэ на чым-небудзь падобным да гэтага, я з радасцю-б зрабіў сабе боль, каб супакоіць свае пачуцці. — І містэр Тутс шпарка акінуў позіркам пакой, нібы ў пошуках якога-небудзь дастаткова пакутлівага сродку, каб ажыццявіць свой жахлівы намер.

Капітан ссунуў на патыліцу глянцавіты капялюш, правёў па твары цяжкай рукой, дзякуючы чаму яго нос зрабіўся яшчэ больш плямістым, спыніўся перад містэрам Тутсам і, зачапіўшы яго кручком за лацкан фрака, звярнуўся да яго з наступнай прамовай, у той час як містэр Тутс пазіраў яму ў твар з вялікай увагай і некаторым здзіўленнем:

— Бачыце, прыяцель, — сказаў капітан, — калі вы гаворыце сур'ёзна, да вас належыць паставіцца міласэрна. Трымайцеся мацней! Гэта ваша прапанова застала мяне знянацку. А чаму? Таму што, разумееце, я трымаюся ў гэтых водах адасоблена, са мною няма іншых караблёў, і, магчыма, яны мне не патрэбны. Спакойна! Першы раз вы аклікнулі мяне адносна адной маладой лэдзі, якая вас зафрахтавала. Цяпер, калі мы з вамі будзем сябраваць, імя гэтага маладога стварэння ніколі не варта называць, і памінаць яго няможна. Бог ведае, колькі зла адбылося з-за таго, што да гэтага часу яго называлі вельмі часта, а таму я аб ім маўчу. Вы мяне добра разумееце, браток?

— Вы мне прабачце, капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, — калі іншы раз ваша гутарка здаецца мне няяснай. Але, дапраўды, я… Капітан Джылс, гэта вельмі цяжка — не ўспамінаць пра міс Домбі. Дапраўды-ж, тут у мяне такі жахлівы цяжар, — Тутс патэтычна дакрануўся абодвума рукамі да сваёй манішкі, — што і ўдзень і ўночы мне бесперастанку здаецца, быццам хтосьці на мне сядзіць.

— Такія мае ўмовы, — сказаў капітан. — Калі вы іх лічыце цяжкімі, браток, — магчыма, яны сапраўды цяжкія, — абыйдзіце іх бокам, змяніце курс і расстанемся весела!

— Капітан Джылс, — запярэчыў містэр Тутс, — я добра не разумею, у чым тут справа, але пасля таго, што вы мне сказалі, калі я прышоў сюды першы раз, мне, бадай, больш прыемней будзе думаць аб міс Домбі пры вас, чым гаварыць аб ёй з кім-небудзь іншым. Таму, капітан Джылс, калі вы мне зробіце прыемнасць быць знаёмым з вамі, я буду вельмі шчаслівы і прыму вашы ўмовы. Я хачу быць сумленным, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, рвануўшы зноў да сябе працягнутую руку, — а таму лічу сваім абавязкам сказаць, што не магу не думаць аб міс Домбі. Для мяне нямысліма даць абяцанне не думаць пра яе.

— Прыяцель, — сказаў капітан, чые думкі аб містэры Тутсе змяніліся к лепшаму пасля такога шчырага адказу, — думкі чалавека падобны да ветру, і ніхто не можа за іх паручыцца на які-б там ні было тэрмін. А што датычыцца слоў, дагавор заключан?

— Што датычыцца слоў, капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, — думаю, што магу ўзяць на сябе гэта абавязацельства.

І містэр Тутс адразу-ж падаў капітану Катлю руку, а капітан з ветлівым і прыхільна спагадлівым выглядам фармальна прызнаў іх знаёмства. Містэр Тутс быў, як відаць, вельмі супакоены і абрадаваны такім вынаходствам і з захапленнем хіхікаў аж да сканчэння свайго візіта. Капітан, у сваю чаргу, не быў засмучаны роляй апекуна і застаўся надзвычай задаволеным сваёй асцярожнасцю і прадбачлівасцю.

Але як-бы ні быў капітан Катль надзелены гэтай апошняй якасцю, у той-жа вечар яго чакаў сюрпрыз, наладжаны яму такім бясхітрасным і простадушным юнаком, як Роб Тачыльшчык. Гэты наіўны юнак, распіваючы чай за адным сталом з капітанам і ціхмана нахіляючыся над сваім кубкам і сподкам, на працягу некаторага часу назіраў употайкі за сваім гаспадаром, які быў узброены акулярамі і з вялікай цяжкасцю, але з вялікай важнасцю чытаў газеты; і, нарэшце, Роб парушыў маўчанне:

— Ах, прашу прабачэння, капітан, але, можа, вам патрэбны галубы, сэр?

— Не, прыяцель, — адазваўся капітан.

— Бо мне хацелася-б збыць сваіх галубоў, сэр, — сказаў Роб.

— Вось як! — усклікнуў капітан, злёгку прыпадняўшы свае калматыя бровы.

— Так. Я пайду, капітан, з вашага дазволу, — сказаў Роб.

— Пойдзеце! Куды вы пойдзеце? — запытаўся капітан, пазіраючы на яго ва ўпор цераз верх акуляраў.

— Як! Хіба вы не ведалі, што я збіраюся пайсці ад вас, капітан? — адазваўся Роб з палахлівай усмешкай.

Капітан паклаў газету, зняў акуляры і ўтаропіўся ў дэзертыра.

— Але, капітан, я хачу вас папярэдзіць. Я думаў, што вы ўжо ведаеце аб гэтым, — сказаў Роб, паціраючы рукі і ўстаючы. — Калі-б вы былі так ласкавы, капітан, і хутчэй знайшлі сабе каго-небудзь іншага, гэта мне было-б на руку. Баюся, што да заўтрашняй раніцы вам нікога не ўдасца падшукаць. Як вы думаеце, капітан?

— Дык вы, значыцца, збіраецеся здрадзіць свайму сцягу, прыяцель? — сказаў капітан, які доўга разглядаў яго фізіяномію.

— Ах, капітан, вы вельмі жорстка абыходзіцеся з хлапцом, — усклікнуў мяккасардэчны Роб, на момант адчуўшы і знявагу і абурэнне, — які папярэдзіў вас па ўсіх правілах, а вы на яго паглядаеце хмурна і называеце яго здраднікам! Вы, капітан, ніякага права не маеце лаяць хлапца. Толькі таму, што я слуга, а вы гаспадар вы на мяне паклёпнічаеце! Што я зрабіў дрэннага? Растлумачце мне, капітан, якое я зрабіў злачынства?

Засмучаны Тачыльшчык расплакаўся і пачаў церці вочы абшлагом.

— Паслухайце, капітан! — прадаўжаў зняважаны юнак. — Скажыце, што злачыннае я зрабіў? Што я такое зрабіў? Украў якія-небудзь рэчы? Падпаліў дом? Калі я гэта зрабіў, дык чаму вы мяне не абвінавачваеце і не судзіце за гэта? Але паганіць рэпутацыю хлопчыка, які быў вам добрым слугой, таму, што ён не можа шкодзіць самому сабе дзеля вашай карысці, — вось, якая знявага і якая ўзнагарода за верную службу! Вось чаму хлапцы кожны раз збіваюцца з дарогі і гінуць! Вы мяне здзіўляеце, капітан, здзіўляеце!

Усё гэта Тачыльшчык суправаджаў плаксівым завываннем і асцярожна адступаўся да дзвярэй.

— Так, значыцца, вы знайшлі сабе другі ложак, прыяцель? — сказаў капітан, не спускаючы з яго пільнага позірку.

— Так, капітан, ужо калі гаварыць вашымі славамі, я знайшоў сабе другі ложак! — усклікнуў Роб, прадаўжаючы адступацца. — Лепшы, чым быў у мяне тут. І там мне не патрэбна будзе, каб вы закінулі за мяне слаўцо, капітан, а гэта вялікая ўдача пасля таго, як вы закідалі мяне гразёю, бо я бедны і не магу шкодзіць самому сабе дзеля вашай карысці. Так, я знайшоў сабе другі ложак. І калі-б я не баяўся пакінуць вас без слугі, я мог-бы пайсці хоць цяпер, толькі-б не чуць, як вы мяне лаеце, бо я бедны і не магу зрабіць шкоду самому сабе дзеля вашай карысці. Чаму вы мяне дакараеце за тое, што я бедны і не раблю шкоды сабе дзеля вашай карысці, капітан? Як вы можаце так рабіць, капітан?

— Паслухайце, прыяцель, — міралюбна адазваўся капітан, — вы-б лепш гэтага не гаварылі.

— Так, і вы-б лепш гэтага не гаварылі, капітан, — з гневам запярэчыў нявінны, пачынаючы хныкаць мацней і прадаўжаючы адступацца ў краму. — Ужо лепш выпусціце з мяне кроў, але не ганьбіце мяне!

— Таму што, — спакойна прадаўжаў капітан, — вы чулі, магчыма, пра такую штуку, як лінек[1]?

— Ці чуў я, капітан? — закрычаў уедлівы Тачыльшчык, — не, не чуў! Пра такую штуку я ніколі не чуў.

— Ну, дык вось, мне здаецца, — сказаў капітан, — што вы вельмі хутка з ёю пазнаёміцеся, калі не будзеце трымацца наспагатове. Я вашы сігналы вельмі добра разумею, прыяцель. Можаце ісці.

— Значыцца, я магу цяпер пайсці, капітан? — усклікнуў Роб у захапленні ад такой удачы. — Але памятайце, капітан: я не прасіў у вас дазволу пайсці цяпер. Вам не ўдасца яшчэ раз зганьбіць мяне толькі таму, што вы па ўласнаму жаданню мяне праганяеце. І вы не маеце права затрымліваць маю пенсію, капітан!

Яго гаспадар вырашыў гэта апошняе пытанне, дастаўшы металічную чайніцу і высыпаўшы ўвесь капітал Тачыльшчыка на стол. Роб, хныкаючы і ўсхліпваючы, вельмі зняважаны ў сваіх пачуццях, падабраў манеты адну за другой з хныканнем і ўсхліпваннем і завязаў кожную ў асобны вузялок у насавой хустачцы; пасля ён падняўся на дах дома і напоўніў капялюш і кішэні галубамі, пасля спусціўся ўніз, да сваёй пасцелі пад прылаўкам, і звязаў у клунак свае рэчы, хныкаючы і ўсхліпваючы ўсё мацней, нібы сэрца ў яго надрывалася ад успамінаў, пасля чаго ён правішчэў: «Добры вечар, капітан; я іду ад вас, не памятаючы зла!» і, нарэшце, пераступіўшы цераз парог, тузануў за нос маленькага Мічмана, на развітанне абразіўшы яго, і з урачыстай усмешкай пайшоў па вуліцы.

Капітан, астаўшыся адзін, зноў узяў газету, нібы не здарылася нічога такога незвычайнага або нечаканага і прадаўжаў чытаць з вялікай стараннасцю. Але ніводнага слова не засвоіў капітан Катль, хоць прачытаў іх вялікае мноства, бо на працягу ўсёй газеты Роб Тачыльшчык карабкаўся ўверх па адной калонцы і спускаўся ўніз па другой.

Цяжка сказаць, ці адчуваў сябе калі-небудзь шаноўны капітан такім адзінокім, як цяпер; але-ж цяпер стары Соль Джылс, Уолтэр і Радасць Сэрца былі для яго сапраўды страчанымі, а містэр Каркер ашукаў яго і жорстка высмеяў. Усе яны паўсталі ў вобразе вераломнага Роба, з якім ён не раз дзяліўся дарагімі яму ўспамінамі; ён давяраў вераломнаму Робу і давяраў яму з радасцю; ён зрабіў яго сваім таварышом, як адзінага ўцалелага з экіпажа старога судна; ён прыняў камандаванне маленькім Мічманам, а памочнікам у яго быў Роб; ён хацеў выканаць свой абавязак у адносінах да яго і любіў хлопчыка, нібы яны абодва пацярпелі крушэнне і былі выкінуты ўдваіх на незаселены востраў. А цяпер, калі па віне вераломнага Роба недаверлівасць, здрада і подласць уварваліся нават у гасціную, якая была як быццам свяшчэнным месцам, капітан Катль адчуў, што і гасціная можа затануць, і ён не вельмі што здівіўся-б, калі-б яна пайшла на дно, і не адчуў-бы вялікага смутку.

Таму капітан Катль чытаў газету з вялікай увагай, але ні слова не разумеў; таму капітан Катль нічога не сказаў самому сабе пра Роба і зусім не хацеў прызнаць, што калі ён адчувае сябе адзінокім, як Рабінзон Крузо, то Роб мае да гэтага нейкія дачыненні.

Нарэшце, капітан вырашыў скарыстаць пасцель пад прылаўкам і, будучы адзіным вартаўніком усёй маёмасці, уладжвацца на ноч тут, а не наверсе.

Цяпер капітан Катль уставаў з гэтай пасцелі штодзенна ў шэсць гадзін раніцы і нахлабучваў глянцавіты капялюш, нібы адзінокі Крузо, які завяршае свой туалет шапкай з казінай скуры; і хоць страх яго перад набегам дзікага племя, Мак-Стынджэр, зменшыўся, як і рассейваліся апасенні гэтага адзінокага марака, калі на працягу доўгага часу не было відаць ніякіх прызнакаў людаедаў, капітан па заведзенаму парадку захоўваў абарончыя меры і ўбачыўшы капялюшык па-ранейшаму хаваўся ў сваю крэпасць для назіранняў. За гэты час (на працягу якога містэр Тутс не наведваў яго ні разу, напісаўшы, што выязджае з горада) гук яго ўласнага голасу пачаў здавацца яму дзіўным.

Калі мінуў гадавы тэрмін, капітан Катль палічыў патрэбным ускрыць пакет, але ён заўсёды меў намер зрабіць гэта ў прысутнасці Роба Тачыльшчыка, які прынёс яму пакет, думаючы, што да месца і правільна ўскрыць яго ў прысутнасці пабочнай асобы; і цяпер, не маючы сведак, ён апынуўся ў цяжкім становішчы. У часе гэтых затрудненняў ён з асаблівай радасцю прачытаў аднойчы аб'яву ў судновым даведніку аб звароце з кабатажнага плавання «Асцярожнай Клары» (капітан Джон Бансбі) і адразу-ж накіраваў гэтаму філосафу пісьмо па пошце, прадпісваючы захаванне поўнай таямніцы адносна свайго месцажыхарства і просячы прысці неадкладна вечарам.

Бансбі, які належаў да тых мудрацоў, што дзейнічаюць па пераконанню, патрэбна было некалькі дзён, перш чым у галаву яго канчаткова пранікла пераконанне, што ім атрымана такое пісьмо. Але, сутыкнуўшыся шчыльна з фактам і аўладаўшы ім, ён адразу-ж паслаў свайго юнгу з паведамленнем: «Прыду сёння ўвечары».

Капітан, вельмі задаволены весткай, прыгатаваў люлькі, ром і ваду і чакаў свайго наведвальніка ў задняй гасцінай. У восем гадзін глухое мычэнне ля ўваходных дзвярэй — здавалася, што гэта было мычэнне марскога быка, — а пасля пастукванне кіем па панелі абвясцілі настарожанаму слыху капітана Катля, што Бансбі з'явіўся на борт; капітан адразу-ж упусціў яго, калматага, з флегматычнай фізіяноміяй колеру чырвонага дрэва; як звычайна ён не заўважаў таго, што адбывалася перад ім, але ўважліва назіраў нешта, што адбывалася ў другой частцы Свету.

— Бансбі, — усклікнуў капітан, схапіўшы яго за рукуў, — як маецеся? Прыяцель, як маецеся?

— Браце, — адказаў голас, які даносіўся ад Бансбі і не меў, здавалася, ніякіх адчосін да самага камандзіра, — не дрэнна!

— Бансбі, — прадаўжаў капітан, аддаючы вялікую пашану генію, — вось вы тут! Чалавек, які можа выказаць думку, што блішчыць ярчэй за брыльянты! Вось вы тут, у гэтым самым пакоі, выказалі сваю думку, якая аказалася справядлівай да астатняга слова.

Капітан у гэта шчыра верыў.

— Так, так! — прабурчэў Бансбі.

— Да апошняга слова, — сказаў капітан.

— А чаму? — прабурчэў Бансбі, упершыню глянуўшы на свайго сябра. — У якім напрамку? Калі так, то чаму-б і не? Вось што!

Праказаўшы гэтыя таямнічыя словы — у капітана яны ледзь было не выклікалі галавакружэння (у такое бяздоннае мора вывадаў і здагадак акунулі яны яго) — мудрэц дазволіў зняць з сябе лоцманскую куртку і пайшоў за сваім сябрам у заднюю гасціную, дзе рука яго неўзабаве ўзялася за бутэльку з ромам, скарыстаўшы якую, ён прыгатаваў шклянку самага моцнага грогу, а ўслед за гэтым за люльку, якую ён напхаў, запаліў і пачаў курыць.

Капітан Катль, капіруючы ў гэтым свайго госця, але не могучы захаваць уважлівы і бестурботны выгляд, які адрозніваў праслаўленага камандзіра, сядзеў з другога боку каміна, пачціва назіраў за ім і як быццам чакаў заахвочання або праяўлення зацікаўленасці з боку Бансбі, каб перайсці да ўласных спраў. Але з прычыны таго, што філосаф колеру чырвонага дрэва, як відаць, не адчуваў нічога, апрача цеплыні і табачнага дыму, і абмежаваўся толькі тым, што выняў з рота люльку, каб вызваліць месца для шклянкі, і хрыпла адрэкамендаваўся Джэкам Бансбі — заява, якая мала дапамагала пачатку размовы, — капітан, кароткай хвалебнай прамовай заклікаўшы яго да ўвагі, расказаў усю гісторыю аб знікненні дзядзькі Соля, аб змене, што адбылася ў яго ўласным жыцці і лёсе, і ў заключэнне паклаў на стол пакет.

Пасля доўгага маўчання містэр Бансбі кіўнуў галавою.

— Распячатаць? — запытаўся капітан.

Бансбі зноў кіўнуў.

Тады капітан зламаў пячаць і выцягнуў дзве складзеныя паперы, на адной з якіх прачытаў подпіс: «Апошняя воля і завяшчанне Саламона Джылса, а на другой: «Пісьмо Нэду Катлю».

Бансбі, скіраваўшы позірк на ўзбярэжжа Грэнландыі, здавалася, падрыхтаваўся выслухаць змест. Таму капітан адкашляўся, каб прачысціць горла, і пачаў чытаць пісьмо ўголас.

«Мой дарагі Нэд Катль. Пакідаючы радзіму, каб накіравацца ў Вест-Індыю…».

Тут капітан спыніўся і зырка паглядзеў на Бансбі, які пільна пазіраў на ўзбярэжжа Грэнландыі.

— «… з дарэмнай надзеяй атрымаць весткі пра майго любага хлопчыка, я ведаў, што калі вы пазнёміцеся з маім намерам, вы або перашкодзіце яму, або захочаце мяне суправаджаць; вось чаму я хаваў яго ў таямніцы. Калі вы прачытаеце гэта пісьмо, Нэд, мяне, напэўна, не будзе жывога. Тады вы, вядома, даруеце старому сябру яго сумасбродства і адчуеце літасць пры думцы аб той трывозе і невядомасці, якія штурхнулі мяне накіравацца ў гэта шалёнае падарожжа. Значыцца, не будзем больш гаварыць пра гэта. Я амаль не спадзяюся, што мой небарака-хлопчык прачытае калі-небудзь гэтыя словы або яшчэ раз парадуе вашы вочы, з'явіўшыся перад вамі з сумленным, адкрытым тварам…» Так, так, ніколі больш, — сказаў капітан Катль у сумным задуменні. — Ніколі! Там будзе ён ляжаць да канца дзён…

Містэр Бансбі, у якога было музычнае вуха, раптам закрычаў «у Біскайскім заліве, о!», а добры капітан, бачачы ў гэтым вартую адплату ў памяць памёршага, быў так расчулен, што з удзячнасцю паціснуў яму руку і павінен быў выцерці слёзы.

Затым, узяўшы зноў пісьмо, ён прадаўжаў чытаць:

— «Але калі-б ён прысутнічаў у той час, калі пакет будзе ўскрыты…» — капітан мімаволі азірнуўся і паківаў галавой, — «або даведаўся аб гэтым пасля…» — капітан зноў паківаў галавой, — «я пасылаю яму сваё благаславенне! Калі прыкладзеная да гэтага пісма папера напісана юрыдычна няправільна, гэта мае мала значэння, бо з зацікаўленых асоб няма нікога, апрача вас і яго, а я проста жадаю аднаго: калі ён жыве, няхай да яго пяройдзе тое нямногае, што можа астацца пасля мяне, а калі справа абернецца інакш (чаго я баюся), няхай гэта пяройдзе да вас, Нэд. Ведаю, што вы выканаеце маё жаданне. Няхай благаславіць вас бог за гэта і за заўсёдную сяброўскую вашу прыхільнасць да Саламона Джылса». Бансбі, — сказаў капітан, заклікаючы да яго ўрачыста, — як вы гэта разумееце? Вось вы сядзіце тут, — чалавек, якому з дзіцячых гадоў праламлялі галаву, і ў кожную расколіну ў чэрапе пранікала да вас новая думка. Як-жа вы гэта разумееце?

— Калі справа ў тым, што ён памёр, — адказваў Бансбі з неўласцівай яму імклівасцю, — ён, на маю думку, больш не вернецца. Калі справа ў тым, што ён жыве, ён, на маю думку, вернецца. Ці гавару я, што ён вернецца? Не. Чаму? Трымайцеся па курсу гэтага назірання.

— Бансбі, — сказаў капітан Катль, які, здавалася, даваў тым больш высокую ацэнку думкам свайго славутага сябра, чым цяжэй было яму хоць што-небудзь з іх узяць. — Бансбі, — паўтарыў капітан, надзвычай здзіўляючыся, — вы ў сябе ў галаве змяшчаеце груз, які хутка затапіў-бы судно з такім водазмяшчэннем, як маё! Але што датычыць вось гэтага завяшчання, я думаю не рабіць ніякіх захадаў, каб заўладаць маёмасцю… даруй божа!.. і толькі пастараюся захаваць яе для больш законнага гаспадара. І я ўсё-такі спадзяюся, што Соль Джылс, законны гаспадар, жыве і вернецца, хоць, магчыма, і здасца дзіўным, чаму ён не пасылае аб сабе ніякіх вестак. А цяпер якая ваша думка, Бансбі, наконт таго, каб зноў схаваць гэтыя паперы і адзначыць зверху, што яны былі распячатаны такога та чысла ў прысутнасці Джона Бансбі і Эдуарда Катля?

З прычыны таго, што Бансбі не ўгледзеў у адказ на гэту прапанову ніякіх пярэчанняў на ўзбярэжжы Грэнландыі або дзе-небудзь у іншым месцы, яна была прыведзена ў выкананне, і гэты вялікі чалавек, на секунду скіраваўшы свой позірк на непасрэдна акружаючую яго абстаноўку, уласнай рукой вывеў свой подпіс на канверце, рашуча ўтрымліваючыся, з характарыстычнай для яго скромнасцю, ад ужывання вялікіх літар. Капітан Катль, у сваю чаргу распісаўшыся левай рукой і замкнуўшы пакет у незгараемую скрынку, прапанаваў свайму госцю прыгатаваць яшчэ шклянку грогу і выкурыць яшчэ адну люльку і, сам зрабіўшы гэта самае, задумаўся, седзячы ля каміна, аб тым, які можа быць лёс беднага старога інструментальнага майстра.

А пасля адбылася падзея такая жахлівая і ўзрушальная, што капітан Катль без падтрымання Бансбі зваліўся-б пад яе цяжарам. І з гэтай ракавой гадзіны быў-бы загінуўшым чалавекам.

Як мог капітан, нават калі прыняць пад увагу радасць, выкліканую наведваннем такога госця, як мог ён толькі прычыніць дзверы, а не замкнуць іх, — а ў гэтай неахайнасці ён вядома быў вінаваты, — з'яўляецца адным з тых пытанняў, якім суджана вечна аставацца прадметам для разваг або ўзбуджаць нездавальненне супраць лёсу. Як-бы там ні было, але ў гэту ціхую гадзіну праз незамкнутыя дзверы ўварвалася ў гасціную раз'юшаная Мак-Стынджэр, трымаючы ў мацярынскіх сваіх абдымках Александра Мак-Стынджэра, а за ёю ўслед утвараліся мітусня і помста (не кажучы ўжо аб Джуліяне Мак- Стынджэр і аб браце мілага малюткі Чарльзе Мак-Стыяджэры, вядомым на арэне сваіх дзіцячых гульняў пад імем Чаулі). Яна ўвайшла так шпарка і так нячутна, нібы струмень паветра з суседніх Ост-Індскіх Докаў, што капітан Катль схапіўся толькі ў той момант, калі ўбачыў, што сядзіць і пазірае на яе з тым самым бестурботным выглядам, з якім аддаваўся развагам, пасля чаго на фізіяноміі яго адлюстраваліся бязмежны жах і вялікая роспач.

Але як толькі капітан Катль усвядоміў ва ўсёй паўнаце сягнуўшае яго гора, інстынкт самазахавання штурхануў яго рушыць наўцёкі. Мятнуўшыся да маленькіх дзвярэй, якія вялі з гасцінай на крутую лесвічку ў склеп, капітан кінуўся да іх галавой уперад, як чалавек, роўнадушны да сінякоў і ўшыбаў і думаючы толькі аб тым, каб схавацца ў нетрах зямлі. Магчыма, гэта надзвычайная спроба скончылася-б поспехам, калі-б не гарачая прывязанасць гэтых мілых малютак, Джуліяны і Чаулі, якія, учапіўшыся за яго ногі — адна схапіла адну, другая — другую, — з жаласлівымі крыкамі гукалі яго, як свайго сябра. Тым часам місіс Мак-Стынджэр, якая ніколі не бралася за важную справу, не перавярнуўшы папярэдне Александра Мак-Стынджэра так, каб зручней было асыпаць яго жыватворным градам шлепакоў і не пасадзіўшы яго затым на зямлю для прахададжэння ў такім становішчы, у якім яго бачыў чытач першы раз, — місіс Мак-Стынджэр зрабіла гэты ўрачысты абрад, як быццам на гэты раз гэта было афярапрынашэнне фурыям, і, апусціўшы пакутніка на падлогу, накіравалася да капітана з настойлівай рашучасцю, якая пагражала драпінамі ўмяшаўшамуся Бансбі.

— О, капітан Катль, капітан Катль! — сказала місіс Мак-Стынджэр, сурова выставіўшы падбародак і патрасаючы ім, а адначасова і тым, што можна было-б назваць яе кулаком, каб яна не была прадстаўніцай слабага полу. — О, капітан Катль, капітан Катль! Як вы асмельваецеся пазіраць мне ў твар і не памерці ад разрыву сэрца?

Капітан, якога можна было падазраваць ва ўсім, толькі не ў дзёрзкасці, ціха прамармытаў: «Трымайся мацней!»

— О, я была слабай, даверлівай дурніцай, калі прыняла вас у свой прытулак, капітан Катль! — усклікнула місіс Мак-Стынджэр. — Падумаць толькі аб тых добрачыннасцях, якімі я асыпала гэтага чалавека, аб тым, як я вучыла маіх дзяцей любіць і шанаваць яго, нібы бацьку роднага, а на нашай та вуліцы няма ніводнай гаспадыні, ды і ніводнага жыхара, якія-б не ведалі, што я цярпела страты з-за гэтага чалавека і з-за яго п'янства і буянства. І ўсе яны да аднаго крычалі: сорам і ганьба, што ён надакучае працавітай жанчыне, якая працуе з самага рання і да позняй ночы для дабра сваіх дзяцей і трымае сваё беднае жыллё ў такой чыстаце, што чалавек можа абедаць, ды і чай піць, дзе яму захочацца, хоць на падлозе або на лесвіцы, не гледзячы на яго п'янства і буянства; вось якім апякунствам і клопатамі ён быў абкружан!

Місіс Мак-Стынджэр спынілася перавесці дух; твар яе ззяў урачыстасцю, бо ёй удалося другі раз напомніць аб «буянстве» капітана Катля.

— А ён уцяка-а-е! — усклікнула місіс Мак-Стынджэр, расцягваючы прадапошні склад так, што злашчасны капітан пачаў лічыць сябе найвялікшым нягоднікам. — І хаваецца цэлы год! Ад жанчыны! Такое ўжо ў яго сумленне! Ён не адважыўся сустрэцца в ёю тварам да твара, — зноў працяглы стогн, — не, ён уцёк цішком, як злачынца! Ды калі-б вось гэта маё дзіця, — шпарка дадала місіс Мак-Стынджэр, — уздумала ўцячы цішком, я, як маці, выканала-б свой абавязак, так што яно ўсё пакрылася-б сінякамі!

Юны Александр, зразумеўшы гэтыя словы, як станоўчае абяцанне, якое будзе адразу-ж выканана, паваліўся на падлогу ад страху і гора і ляжаў, паказваючы падэшвы чаравікаў і так аглушальна крычучы, што місіс Мак-Стынджэр палічыла неабходным узяць яго на рукі, а калі ён зноў пачынаў плакаць, супакойвала яго, трасучы з такой сілай, што, здавалася, у яго расхістаюцца ўсе зубы.

— Надзвычайны чалавек капітан Катль! — прадаўжала місіс Мак-Стынджэр, робячы рэзкі націск на імя капітана. — Варта было таго, каб я аб ім гаравала… не спала па начах і падала ад непрытомнасці… і лічыла, што ён памёр… і бегала, як звар'яцелая, па ўсім горадзе, дапытваючыся дзе ён! О, гэта надзвычайны чалавек! Ха-ха-ха! Ён варты ўсіх гэтых трывог і пакут, ён варты значна большага. Будзьце ўпэўнены, гэта ўсё глупства! Ха-ха-ха! Капітан Катль, — сказала місіс Мак-Стынджэр суровым голасам і набраўшыся суровага выгляду, — я хачу ведаць, ці маеце вы намер вярнуцца дадому?

Спалоханы капітан паглядзеў у свой капялюш, нібы не бачыў іншага выйсця, як надзець яго і здацца.

— Капітан Катль, — паўтарыла місіс Мак-Стынджэр усё з тым-жа рашучым выглядам, — я хачу ведаць, ці маеце вы намер вярнуцца дадому, сэр?

Капітан, здавалася, быў зусім гатоў ісці, але ўсё-такі прамармытаў слабым голасам, што «няварта падымаць з-за гэтага такога шуму».

— Та-ак! — супакойваючым тонам сказаў Бансбі. — Стоп, мілачка, стоп!

— А вы хто такі, дазвольце запытацца? — з нявіннай велічнасцю адазвалася місіс Мак-Стынджэр. — Вы жылі калі-небудзь у нумары дзевятым на Брыг-плейс, сэр? Магчыма, што памяць у мяне дрэнная, але, мне здаецца, маім жыльцом былі не вы. Да мяне жыла ў нумары дзевятым нейкая місіс Джалсон, і, напэўна, вы палічылі мяне за яе. Толькі гэтым я і магу растлумачыць вашу фамільярнасць, сэр.

— Ну-ну, мілачка, стоп, стоп! — сказаў Бансбі.

Капітан Катль не чакаў таго, што здарылася, нават ад такога вялікага чалавека, і ледзь мог гэтаму паверыць, хоць бачыў уласнымі вачыма, як Бансбі, смела ступіўшы ўперад, абхапіў місіс Мак-Стынджэр сваёй калматай сіняй рукой і так супакоіў яе гэтым магічным жэстам і нямногімі словамі — больш ён нічога не сказаў, — што яна, зірнуўшы на яго, залілася слязмі і заўважыла, што дзіця — і тое можа цяпер узяць над ёю верх, у такім прыгнечаным становішчы яна была.

Пазбаўлены магчымасці размаўляць, не памятаючы сябе ад здзіўлення, капітан бачыў, як Бансбі паціхеньку пацягнуў гэту неўгамонную жанчыну ў краму, вярнуўся па ром, ваду і свечку, занёс усё гэта да яе і супакоіў яе, не прамовіўшы, як відаць, ніводнага слова. Неўзабаве ён у сваёй лоцманскай куртцы зайшоў у гасціную і сказаў: «Катль, я пайду, каб канваіраваць яе дадому», а капітан Катль, збянтэжаны больш, чым калі-б яго самога закавалі ў кайданы для суправаджэння на Брыг-плейс, убачыў, як уся сям'я, на чале з місіс Мак-Стынджэр, мірна рушыла адзін за адным.

Трывожныя думкі, што, можа, ён трызніць у сне і яму ўяўляюцца здані, а зусім не сям'я, створаная з плоці і крыві, не давалі спакою капітану спачатку, калі ён вярнуўся ў маленькую гасціную і астаўся ў адзіноце. Бязмежная вера ў мудрага камандзіра «Асцярожнай Клары» і бязмежнае захапленне ім перамаглі і ўзрушылі капітана.

Аднак, па меры таго як ішоў час, а Бансбі ўсё яшчэ не было, у капітана пачалі ўзнікаць пакутлівыя сумненні іншага гатунку. Магчыма, Бансбі ўмела завабілі на Брыг-плейс і трымаюць там у зневаленні як заложніка за яго сябра; у такім выпадку капітану, як сумленнаму чалавеку, належыць вызваліць яго, афяраваўшы ўласнай свабодай. Магчыма, Бансбі быў атакаваны і пераможаны місіс Мак-Стынджэр і саромеўся паказацца на вочы пасля свайго паражэння. І, нарэшце, як трэба зрабіць яму, капітану Катлю, у тым выпадку, калі ён больш нічога не пачуе ні пра Мак-Стынджэраў, ні пра Бансбі, што здавалася вельмі магчымым пры такім цудоўным і непрадбачаным збегу акалічнасцей?

Аб усім гэтым ён разважаў, пакуль не змарыўся, а Бансбі ўсё не было. Ён прымайстраваў сабе пасцель пад прылаўкам, падрыхтаваўшыся спаць; Бансбі ўсё не было. Нарэшце, калі капітан ужо не спадзяваўся ўбачыць яго, прынамсі ў гэты вечар, і пачаў распранацца, пачуўся стук колаў, які замёр ля дзвярэй, пасля чаго грымнуў вокліч Бансбі.

Капітан задрыжэў ад думкі, што яму не ўдалося пазбавіцца ад місіс Мак-Стынджэр і ён прывёз яе назад у карэце.

Не! Бансбі з'явіўся толькі ў суправаджэнні вялікага куфра, які ён уласнаручна ўцягнуў у краму, і, ледзь паспеўшы ўцягнуць, сеў на яго. Капітан Катль пазнаў у ім свой куфар, які ён пакінуў у доме місіс Мак-Стынджэр, і, паглядзеўшы больш уважліва, са свечкаю ў руцэ, на Бансбі, падумаў, што таму мора па калені, або, прасцей кажучы, што ён п'яны. Між іншым, пераканацца ў гэтым было цяжка: у камандзіра і ў цвярозым выглядзе на фізіяноміі абсалютна нічога нельга было ўбачыць.

— Катль, — сказаў камандзір, устаючы з куфра і адчыняючы века, — гэта вашы манаткі?

Капітан зірнуў у куфар і пазнаў сваю маёмасць.

— Справа зроблена ўдала. Ці не праўда, прыяцель? — запытаўся Бансбі.

Удзячны і ўзрушаны капітан схапіў яго за руку і пачаў вельмі выказваць сваё здзіўленне, але Бансбі, вырваўшы руку, зрабіў спробу падміргнуць сваім крутлівым вокам, і намаганне гэта ледзь не пазбавіла яго роўнавагі дзякуючы таму становішчу, у якім ён быў. Пасля ён рэзка расчыніў дзверы і вельмі хутка вышаў, каб вярнуцца на борт «Асцярожнай Клары» — як відаць, такі быў нязменны яго звычай, калі ён лічыў, што ён астаўся пераможцам.

Капітан у наступную-ж раніцу зноў пачаў сваё адзінотнае жыццё і не раз яго, раніцамі, у поўдзень і вечарам, ахаплялі цяжкія развагі пра старога Соля Джылса, пра думкі Бансбі адносна старога і пра тое, ці ёсць надзея на яго зварот. Такое раздум'е ўмацоўвала надзеі капітана Катля, і ён чакаў інструментальнага майстра ля дзвярэй, асмельваючыся рабіць гэта цяпер, калі ён дзіўным чынам здабыў свабоду, — ставіў яго крэсла на звычайнае месца і прыводзіў у парадак маленькую гасціную, як раней, у выпадку, калі той вернецца дадому нечакана. У сваёй стараннасці ён зняў таксама з цвіка маленькі партрэт Уолтэра-школьніка, баючыся, каб ён не зрабіў цяжкога ўражання на старога, калі той вернецца. Іншы раз у капітана ўзнікала прадчуванне, што ён з'явіцца ў такі та дзень, а неяк у нядзелю ён нават заказаў два абеды — такая вялікая была яго надзея. Але стары Саламон не з'яўляўся. А суседзі па-ранейшаму наглядалі, як чалавек, падобны да марака, у глянцавітым капялюшы, стаіць вечарамі ў дзвярах крамы і ўважліва глядзіць на вуліцу.

  1. Лінек — тонкая вяроўка; ужывалася ва флоце ў мінулым стагоддзі для цялеснага пакарання матросаў.