Раздзел III, у якім містэр Домбі, як чалавек і бацька, паказан на чале свайго хатняга дэпартамента Раздзел IV, у якiм на нашай сцэне ўпершыню выступаюць новыя асобы
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел V. Рост і хрысціны Поля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ IV,

у якім на нашай сцэне ўпершыню выступаюць новыя асобы.

Хоць кантора Домбі і Сына знаходзілася ў межах вольнасцей лонданскага Сіці і гуку званоў Сент-Мэры-ле-Бау, калі гулкія галасы іх яшчэ не танулі ў вулічным шуме, аднак, дзе-ні-дзе па суседству можна было заўважыць сляды адважнага рамантычнага жыцця. За рогам вуліцы ўзвышаўся дом багатай Ост-Індскай кампаніі[1], наводзячы на думку аб каштоўных тканінах і каменнях, аб тыграх, сланах, шырокіх сëдлах з балдахінам, кальянах, парасонах, пальмах, паланкінах і цудоўных смуглявых прынцах, якія сядзяць на дыване у туфлях з вельмі загнутымі уверх мысікамі. Усюды па суседству можна было ўбачыць малюнкі караблёў, якія накіроўваюцца на ўсіх парусах ва ўсе часткі свету, таварныя склады, гатовыя адправіць праз поўгадзіны ў дарогу каго хочаш і куды хочаш у поўным снараджэнні, і маленькіх драўляных мічманаў[2] у застарэлай марской форме, што былі над уваходам у крамы марскіх інструментаў і вечна назіралі за наёмнымі карэтамі.

Адзіны гаспадар і ўладальнік адной з такіх фігурак — той, якую можна было-б назваць фамільярна самай драўлянай, — пажылы джентльмен у валійскім парыку, уносіў арэндную плату, падаткі і пошліны на працягу большага ліку гадоў, чым налічвалі многія вялікаўзросныя мічманы ў плоці і крыві, а мічманаў, якія дасягнулі бадзёрай старасці, ставала ў англійскім флоце.

Запас тавару гэтага старога джентльмена складаўся з хранометраў, барометраў, тэлескопаў, компасаў, карт марскіх і геаграфічных, секстантаў, квадрантаў[3] і ўзораў рознастайных інструментаў, якімі карыстаюцца пры вызначэнні курса судна, у час суднавых вылічэнняў і вызначэнняў месцазнаходжання судна. У скрынках і на паліцах захоўваліся ў яго прадметы з медзі і шкла, і ніхто, апрача тых, хто ведаў, не мог-бы сказаць, дзе ў іх верх або адгадаць спосаб іх ужывання, або, агледзеўшы іх, зноў пакласці без чыëй-небудзь дапамогі ў іх гнёзды з чырвонага дрэва. Кожная рэч была ўціснута ў самы вузкі футляр, укладзена ў самае цеснае аддзяленне, атулена самымі недарэчнымі падушачкамі і прыкручана да самых вострых вуглоў, каб філасафічны яе спакой не пацярпеў ад марской качкі. Такія незвычайныя меры перасцярогі былі прыняты ва ўсім з мэтай зэканоміць месца і ўкласці рэчы як мага цясней, і гэтулькі практычнай навігацыі[4] было прыладжана, атулена падушкамі і ўціснута ў кожную скрынку, што і сама крама, не ўстаяўшы перад заразай, як быццам ператварылася ва ўтульнае мораходнае, карабельнага тыпу, збудаванне, якому, у выпадку нечаканага спуску на ваду, патрэбны былі толькі марскія прасторы, каб удачна прыплысці да любога незаселена вострава на зямным шары.

Многія больш дробныя дэталі ў гаспадарцы майстра карабельных інструментаў, які ганарыўся сваім маленькім мічманам, падтрымлівалі і ўмацоўвалі гэтую ілюзію. З тае прычыны, што яго знаёмымі былі пераважна судновыя пастаўшчыкі і падобныя на іх людзі, дык на стале ў яго заўсёды былі ў вялікай колькасці сапраўдныя марскія сухары. Гэты стол быў у сяброўскіх адносінах з сушаным мясам і языкамі, якія вызначаліся незвычайным пахам пенькі. Пікулі паяўляліся на ім у вялізных оптавых банках з ярлыкамі: «Пастаўшчык усіх відаў правіянта для суднаў»; спіртныя напіткі падаваліся ў аплеценых флягах без рыльца. Старыя гравюры, на якіх былі намаляваны караблі, з алфавітнымі ўказальнікамі, што мелі дачыненне да шматлікіх яго таямніц, віселі ў рамах на сцяне; на паліцы пад парусамі красаваўся татарскі фрэгат[5]; заморскія ракавіны, водараслі і імхі аздаблялі камін; у маленькую ўпрыгожаную панеллю гасціную святло пранікала, як у каюту, праз акно у столі.

Тут жыў ён, на становішчы шкіпера[6], адзін са сваім пляменнікам Уолтерам, чатырнаццацігадовым хлапчуком, які ў дастатковай меры быў падобны на мічмана, каб не парушаць агульнага ўражання. Але гэтым і канчалася справа, бо сам Саламон Джылс (якога часцей называлі старым Солем) зусім не выглядаў мараком. Гэта быў маларухавы, задуменны стары, з ціхім голасам, з вачыма чырвонымі, як маленькія сонцы, што пазіраюць на вас праз туман, і з выглядам толькі што абуджанага чалавека, які ён мог набыць, калі-б пазіраў дні тры-чатыры засаб ва ўсе аптычныя інструменты сваёй крамы, а пасля раптам вярнуўся да навакольнага свету і ўбачыў, што ён пазелянеў. Ён насіў вельмі акуратнае жабо, надзвычайныя акуляры на ілбе і велізарны хранометр у кішэні і хутчэй паверыў-бы ў змову ўсіх насценных і кішанёвых гадзіннікаў Сіці і нават самога сонца, чым усумніўся ў гэтым дарагім інструменце.

А палове шостай, асеннім вечарам, знаёмяцца чытач і Саламон Джылс. Саламон Джылс заняты тым, што пазірае, колькі часу паказвае яго беззаганны хранометр. Вечар абяцае быць дажджлівым. Усе барометры ў краме палі духам, і дажджавыя кроплі ўжо блішчаць на трохкутцы Драўлянага Мічмана.

— Хацеў-бы я ведаць, дзе Уолтэр? — сказаў Саламон Джылс, клапатліва схаваўшы хранометр. — Вось ужо паўгадзіны, як абед гатоў, а Уолтера няма!

Павярнуўшыся на сваёй табурэтцы за канторкай, Джылс зірнуў з-за інструментаў у акно, ці не пераходзіць яго пляменнік вуліцу. Не. Яго не было сярод рухавых парасонаў, і ўжо, зразумела, нельга было за яго палічыць газетчыка ў цыратавай кепцы, які павольна праходзіў міма меднай дошкі знадворку, указальным пальцам выпісваючы сваё імя над імем містэра Джылса.

— Каб я не ведаў, што ён вельмі мяне кахае, каб уцячы і супроць майго жадання паступіць на судно, я пачаў-бы непакоіцца, — сказаў містэр Джылс, пастукваючы суставамі пальцаў па двух-трох барометрах. — Дапраўды, пачаў-бы.

— Ало, дзядзя Соль!

— Ало, мой хлопчык! — усклікнуў інструментальны майстар, хутка паварочваючыся. — А, дык вы ужо тут?

Бадзёры, вясёлы хлопчык, які ажывіўся ад шпаркай хады пад дажджом, мілавідны, з пабліскваючымі вачыма і кучаравымі валасамі.

— Ну, што, дзядзя, як вы жылі без мяне ўвесь дзень? Гатовы абед? Які я галодны!

— Што датычыць таго, як я жыў, — добрадушна сказаў Саламон, — то дзіўна было-б, калі-б без такога павесы, як вы, мне не жылося значна лепш. Што датычыць абеду, то вось ужо поўгадзіны як ён гатовы і чакае вас. А што датычыць голаду, то і я галодны.

— Ну, дык ідзем, дзядзя! — усклікнуў хлопчык. — Ура, у гонар адмірала!

— К чорту адмірала![7] — запярэчыў Саламон Джылс. — Вы хочаце сказаць — лорд-мэра[8].

— Не, не хачу! — закрычаў хлопчык. — Ура ў гонар адмірала! Ура ў гонар адмірала! Напе-рад! Пасля такой каманды валійскі парык і яго ўладальнік былі дастаўлены без супраціўлення ў заднюю гасціную, і дзядзька Соль са сваім пляменнікам жвава ўзяліся за смажаную камбалу, маючы ў перспектыве біфштэкс.

— Лорд-мэр, Уолі, — сказаў Саламон, — на векі вечныя! Больш ніякіх адміралаў. Лорд-мэр — ваш адмірал. Паслухайце мяне, Уолі, паслухайце мяне. Зірніце на каменную паліцу.

— Хто-ж гэта павесіў мой срэбны кубак на цвік? — усклікнуў хлопчык.

— Я, — адказаў дзядзька. — Ніякіх больш кубкаў. З сёнешняга дня мы павінны прывучацца піць са шклянак, Уолтэр. Мы людзі гандлёвыя. Мы звязаны з Сіці. Сёння раніцой мы пачалі новае жыццё.

— Ну, добра, дзядзя, — сказаў хлопчык, — я буду піць з чаго вы хочаце, пакуль магу піць за ваша здароўе. За ваша здароўе, дзядзя Соль, і ўра ў гонар…

— Лорд-мэра, — перабіў стары.

— Лорд-мэра, шэрыфаў[9], гарадскога совета і гільдыі[10], — сказаў хлопчык. — Доугія гады!

Дзядзька, зусім задаволены, кіўнуў галавой.

— А цяпер, — сказаў ён, — паслухаем аб фірме.

— О! Што датычыць фірмы, шмат не раскажаш, дзядзя, — сказаў хлопчык, ухаджаючыся з нажом і відэльцам. — Гэта цёмны рад кантор, а ў тым пакоі, дзе сяджу я, ёсць высокая каменная рашотка, жалезная незгараемая шафа, аб’явы аб суднах, якія павінны адплысці, каляндар, некалькі канторак і табурэтак, бутэлька чарніла, кнігі і скрынкі і шмат павучыння, а ў павучынні, якраз над маёй галавой, высахлая сіняя муха; у яе такі выгляд, нібы яна даўным-даўно тут вісіць.

— І гэта ўсё? — запытаўся дзядзька.

— Так, усё, калі не лічыць старой клеткі для птушак — не разумею, як яна туды трапіла! — і скрынкі для вугалю.

— Няўжо няма банкаўскіх кніг або чекавых кніг, рахункаў або якіх-небудзь іншых прызнакаў багацця, што прыцякае кожны дзень? — запытаўся стары Соль, дапытліва пазіраючы на пляменніка з туману, які нібы заўсёды ахутваў яго, і ўкрадчыва падкрэсліваючы словы.

— О, так, гэтага, мусіць, вельмі шмат, — нязначна адказваў пляменнік, — але ўсё гэта ў пакоі містэра Каркера, містэра Морфіна або містэра Домбі.

— А містэр Домбі быў там сёння? — запытаўся дзядька.

— А як-жа-ж! На працягу ўсяго дня прыходзіў і адыходзіў.

— Напэўна, ён ніякай увагі на вас не звярнуў? — Не, звярнуў. Падышоў да майго месца, хацеў-бы я, дзядзя, каб ён не быў такім важным і чопарным, — і сказаў: «А, вы сын містэра Джылса, майстра судновых інструментаў?» — «Пляменнік, сэр», адказваў я. «Малады чалавек, я і сказаў — пляменнік», запярэчыў ён. Але я мог-бы даць клятву, дзядзя, што ён сказаў — сын.

— Думаю, што вы памыліліся. Гэта няважна.

— Так, няважна, але я падумаў, што яму няма чаго быць такім рэзкім. Ніякай бяды ў гэтым не было, хоць ён і сказаў — сын. Затым ён паведаміў, што вы гаварылі з ім аба мне, што ён падшукаў для мяне занятак у канторы і што я павінен быць уважлівым і акуратным, а пасля ён пайшоў. Мне здалося, што я як быццам не вельмі яму спадабаўся.

— Магчыма, вы хочаце сказаць, — заўважыў інструментальны майстар, — што ён як быццам не вельмі вам спадабаўся?

— Ну, што-ж дзядзя, — смеючыся, адазваўся хлопчык, — магчыма, і так! Я аб гэтым чамусьці не падумаў.

Саламон задумаўся пад канец абеду і час ад часу ўглядаўся ў вясёлы твар хлопчыка. Калі яны паабедалі і прыбралі са стала (абед быў прынесен з суседняга рэстарана), ён запаліў свечку і спусціўся ў маленькі склеп, у той час як яго пляменнік, стоячы на укрытай плесенню лесвіцы, старанна свяціў яму. Пашукаўшы ў розных месцах, ён неўзабаве вярнуўся з вельмі старой з выгляду бутэлькай, пакрытай пылам і павучыннем.

— Як, дзядзя Соль! — усклікнуў хлопчык. — Што гэта вы задумалі? Гэта-ж цудоўная мадэра! Там астаецца толькі адна бутэлька.

Дзядзька Соль кіўнуў галавой, даючы зразумець, што ён добра ведае, што робіць, і ва ўрачыстай маўклівасці выцягнуў корак, наліў дзве шклянкі і паставіў бутэльку і трэцюю чыстую шклянку на стол.

— Апошнюю бутэльку вы разап’еце, Уолі, — сказаў ён, — калі даможацеся ўдачы, калі ў вас будуць добрыя поспехі, вас будуць паважаць, калі вы будзеце шчаслівым чалавекам: калі жыццë, у якое вы ўступілі сёння, выведзе вас на роўную дарогу, для вас прызначаную, дзіця маё. Будзьце шчаслівы.

Туман, які ахутваў дзядзьку Соля, нібы пранік яму ў горла, бо гаварыў ён хрыпаючы. І рука яго дрыжэла, калі ён чокаўся з пляменнікам. Але, падносячы шклянку к губам, ён асушыў яе, як належыць мужчыну, і прычмокнуў.

— Дарагі дзядзя, — сказаў хлопчык, прытвараючыся, быццам ставіцца да гэтага несур’ёзна, хоць слёзы выступілі ў яго на вачах, — у падзяку за гонар, які вы мне аказалі, і так далей, я прапаную агаласіць зараз тройчы па тры разы і яшчэ раз ура за містэра Саламона Джылса. Урра! А вы адкажаце на гэты тост, дзядзя, калі мы разам разап’ем апошнюю бутэльку, добра? Яны зноў чокнуліся, і Уолтэр, у якога аставалася яшчэ віно ў шклянцы, паднёс яго да вачэй з самым крытычным выглядам, якога толькі мог набрацца.

Дзядзька сядзеў і пазіраў на яго моўчкі. Сустрэўшыся, нарэшце, з ім позіркам, ён зараз-жа пачаў развіваць уголас думкі, якія яго цікавілі, як быццам і не пераставаў гаварыць.

— Як бачыце, Уолтэр, — сказаў ён, — гэта гандлёвае прадпрыемства, па праўдзе сказаць, толькі прывычка для мяне. Я так уцягнуўся ў гэту прывычку, што бадай ці мог-бы жыць, калі-б ад яе адмовіўся; але справа не ладзіцца, не ладзіцца. Калі насілі такую форму, — ён паказаў у той бок, дзе быў Маленькі Мічман, — вось тады сапраўды можна было нажыць багацце, і яго нажывалі. Але канкурэнцыя, канкурэнцыя… новыя вынаходствы, новыя вынаходствы… перамены, перамены… свет прайшоў міма мяне. Я наўрад ці ведаю, дзе я сам, і яшчэ менш за ўсё ведаю, дзе мае пакупнікі.

— Няварта думаць аб іх, дзядзя!

— Так, напрыклад, з таго часу, як вы вярнуліся дадому з пансіёна ў Пекеме, — а прайшло ўжо дзесяць дзён, — сказаў Саламон, — толькі адзін чалавек заглянуў у нашу краму.

— Двое, дзядзя, няўжо вы забыліся? Заходзіў мужчына, які прасіў размяняць соверэн…

— Гэта і ёсць той адзін, — сказаў Саламон.

— Як, дзядзя! Няўжо вы не лічыце за чалавека тую жанчыну, якая зайшла запытацца, як прайсці да заставы Майл-Энда?

— Правільна, — сказаў Саламон. — Я забыўся пра яе. Двое.

— Зразумела, яны нічога не купілі? — усклікнуў хлопчык.

— Так. Яны нічога не купілі, — спакойна сказаў Саламон.

— І нічога ім не было патрэбна? — усклікнуў хлопчык.

— Так. Інакш яны пайшлі-б у другую краму, — тым-жа тонам сказаў Саламон.

— Але іх было двое, дзядзя! — крыкнуў хлопчык, нібы радуючыся за перамогу. — А вы сказалі — толькі адзін.

— Бачыце, Уолі, — памаўчаўшы, прадаўжаў стары, — 3 тае прычыны, што мы не падобны да дзікуноў, якія высадзіліся на востраў Рабінзона Крузо, то і не можам пражыць з таго, што мужчына просіць размяняць соверэн, а жанчына пытаецца, як прайсці да заставы Майл-Энда. Як я толькі што сказаў, свет прайшоў міма мяне. Я яго не асуджаю; але я яго ўжо не разумею. Гандляры ўжо не тыя, якімі былі раней, прыказчыкі не тыя, гандаль не той, тавары не тыя. Сем восьмых майго запасу тавараў вышлі з моды. Я — старамодны чалавек у старамоднай краме, на вуліцы, якая ўжо не тая, якой я яе памятаю. Я адстаў ад века і вельмі стары, каб дагнаць яго. Нават шум яго, недзе далёка ўперадзе, прыводзіць мяне ў збянтэжанасць.

Уолтэр хацеў загаварыць, але дзядзька падняў руку.

— Таму, Уолі, таму я і хачу, каб вы раней уступілі ў дзелавы свет і вышлі на шырокую дарогу. Я толькі здань гэтага гандлёвага прадпрыемства, самая сутнасць яго знікла даўно, а калі я памру, то і здань яго будзе пахавана. Ясна, што для вас гэта не спадчына, і таму я палічыў за лепшае скарыстаць у вашых інтарэсах амаль не адзіную з ранейшых сувязей, якая захавалася ў сілу доўгай прывычкі. Некаторыя думаюць, што я багаты. Хацеў-бы я, у вашых інтарэсах, каб яны мелі рацыю. Але што-б пасля мяне ні засталося і што-б я ні даў вам, вы ў такой фірме, як Домбі, маеце магчымасць пусціць гэта ў ход і ўзбагацець. Будзьце працавітым, старайцеся палюбіць гэту справу, любы мой хлопчык, працуйце, каб стаць незалежным, і будзьце шчаслівым!

— Я зраблю ўсё, што змагу, каб апраўдаць вашу любоў. Так, зраблю, — сур’ёзна сказаў хлопчык.

— Я гэта ведаю, — сказаў Саламон. — Я ў гэтым упэўнен, — і ён з яшчэ большым задавальненнем узяўся за другую шклянку мадэры. — Што-ж датычыць мора, — прадаўжаў ëн, — то яно добрае ў марах, Уолі, і не падыходзіць на справе, зусім не падыходзіць. Зусім зразумела, што вы аб ім думалі, звязваючы яго з усімі гэтымі знаёмымі рэчамі; але гэта не падыходзіць, не падыходзіць.

Аднак, Саламон Джылс, разважаючы пра мора, паціраў рукі як быццам з патаемным задавальненнем і паглядаў вакол на рэчы, якія мелі адносіны да мораплавання, з невымоўнай прыхільнасцю.

— Вось, напрыклад, падумайце аб гэтым віне, — сказаў стары Соль, — яно некалькі разоў рабіла падарожжа ў Ост-Індыю і назад і адзін раз аб’ехала вакол свету. Падумайце аб непраглядных ночах, лютым ветры, набягаючых хвалях!

— Аб громе, маланцы, дажджы, градзе, штормах, — уставіў хлопчык.

— Бясспрэчна, — сказаў Саламон, — віно вытрымала ўсё гэта. Падумайце аб тым, як гнуліся і скрыпелі дошкі і мачты, як свістаў і завываў вецер у снасцях.

— Як узбіраліся наверх матросы, спаборнічаючы адзін з адным, хто першы падымецца на рэі, каб зняць укрытыя лёдам парусы, у той час як карабль нахіляецца і зарываецца носам, нібы звар’яцелы! — крыкнуў пляменнік.

— Так, усё гэта, — сказаў Саламон, — перажыў стары бачонак, у якім было гэтае віно. Калі «Красуня Сэлі» пайшла на дно ў…

— У Балтыйскім моры, позна ўночы; дваццаць пяць хвілін на першую гадзіннік капітана спыніўся ў яго кішэні; ён ляжаў мертвы ля гротмачты чатырнаццатага лютага тысяча семсот сорак дзевятага года! — закрычаў Уолтер з вялікім натхненнем.

— Так, правільна! — усклікнуў стары Соль. — Зусім правільна! Тады на барту было пяцьсот бачонкаў такога віна, і ўвесь экіпаж, апрача старшага памочніка, першага лейтэнанта, двух матросаў і лэдзі ў шлюпцы, якая працякала, узяўся разбіваць бачонкі, перапіўся і загінуў, спяваючы «Кіруй, Брытанія»; калі судно пачало ужо ісці на дно, іх спевы закончыліся роспачным енкам.

— А калі «Георга Другога» прыбіла да Карнуэльскага берагу, дзядзя, у страшэнную навальніцу, за дзве гадзіны да світання, чацвертага сакавіка семдзесят першага года, на барту было каля двухсот коней, і ў самым пачатку навальніцы коні, сарваўшыся з прывязі ўнізе, у труме, кідаліся ва ўсе бакі, топчучы адзін другога, паднялі такі шум і так па-чалавечаму енчылі, што каманда была пераконана ў з’яўленні на караблі чарцей; нават самыя адважныя спалохаліся, страцілі галовы і ў роспачы кінуліся за борт, і жывымі асталіся толькі двое, якія і паведамілі аб гэтым здарэнні.

— А калі, — сказаў стары Соль, — калі «Поліфем»…

— Прыватнае гандлёвае вест-індскае судно, танаж трыста пяцьдзесят, капітан Джон Браун з Дэтфорда, уладальнікі Уігс і кампанія! — закрычаў Уолтэр.

— Яно самае, — сказаў Соль. — Калі яно загарэлася сярод ночы, пасля чатырохдзённага плавання ў час спадарожнага ветру, пасля выхаду з Ямайскага порта…

— На барту было два браты, — перабіў пляменнік вельмі шпарка і гучна, — а з тае прычыны, што для абодвух нехапала месца ў адзінай цэлай шлюпцы, дык ні адзін, ні другі не згаджаліся сесці ў яе, пакуль старэйшы не ўзяў малодшага за рамень і не ўкінуў у лодку. Тады малодшы падняўся ў шлюпцы і крыкнуў: «Дарагі Эдуард, падумайце аб сваёй нявесце, што асталася дома. Я яшчэ хлапчук. Дома ніхто мяне не чакае. Скакайце на маё месца!» і кінуўся ў мора.

Пабліскваючыя вочы і палаючы твар хлопчыка, які ўсхапіўся, ўзрушаны тым, што гаварыў і адчуваў, здавалася, напомнілі старому Солю штосьці, аб чым ён забыўся або што было да гэтага часу заслонена туманам, які ахутваў яго. Замест таго, каб пачаць новы расказ, як ён відавочна збіраўся ўсяго секунду таму назад зрабіць, ён суха кашлянуў і сказаў:

— Ці не пагаварыць нам аб чым-небудзь іншым?

Справа была ў тым, што простадушны дзядзька, які ўпотайку захапляўся ўсім цудоўным і абяцаючым прыгоды, — з гэтым ён некаторым чынам парадніўся дзякуючы свайму гандлю, — вельмі-ж спрыяў такой заманлівасці ў свайго пляменника; і ўсё, што калі-небудзь унушалася хлопчыку з мэтай адарваць яго ад жыцця, поўнага прыгод, зрабіла звычайнае невытлумачальнае дзеянне, узмацніўшы яго любоў да гэтага жыцця. Гэта неўнікнёна. Здаецца, не было яшчэ напісана такой кнігі або расказана такога апавядання, з простай мэтай утрымаць хлопчыкаў на сухазем’і, якая-б не павялічыла для іх на справе спакусаў і чараў акіяна.

Але ў гэты момант з’явілася дапаўненне да маленькай кампаніі ў асобе джентльмена ў шырокай сіняй вопратцы, з кручком, прымацаваным да правага запясця, з густымі чорнымі брывамі; у левай руцэ ў яго быў кіёк, увесь укрыты шышкамі (таксама, як і яго нос). Шыя яго была абвязана чорнай шоўкавай хусткай, з-пад якой тырчэлі канцы такога вялізнага цвёрдага каўнерыка, што нагадвалі маленькія парусы. Відавочна, гэта быў той самы чалавек, для якога прызначалася трэцяя шклянка, і, відавочна, ён гэта ведаў, бо, зняўшы грубае паліто і павесіўшы на асобны цвік за дзвярыма такі цвёрды глянцаваты капялюш, які адным сваім выглядам мог выклікаць боль у галаве жаласлівага чалавека і які пакінуў чырвоную паласу на яго ўласным ілбе, нібы на ім быў надзеты вельмі цесны для яго таз, — ён прысунуў крэсла да таго месца, дзе стаяла шклянка, і ўсеўся перад ёй. Звычайна гэтага наведвальніка называлі капітанам; і ён быў штурманам[11] або матросам каперскага судна[12], або і тым, і другім і сапраўды меў выгляд марскога воўка.

Фізіяномія яго, якая звяртала на сябе ўвагу загарам і саліднасцю, праяснілася, калі ён паціскаў руку дзядзьку і пляменніку; але, як відаць, ён быў схілены да лаканізма і сказаў толькі:

— Як справы?

— Усё ў парадку, — адказаў містэр Джылс, падсоўваючы да яго бутэльку.

Ён узяў яе, агледзеў, панюхаў і сказаў зусім выразна:

Тая самая?

Тая самая, — пацвердзіў інструментальны майстар.

Пасля гэтага ён прысвіснуў, наліў шклянку і, здавалася, думаў аб тым, што трапіў на самае сапраўднае свята.

— Уольр! — сказаў ён, прыгладзіўшы валасы (яны былі рэдкія) сваім кручком, а пасля, паказаўшы ім на інструментальнага майстра: — Глядзіце на яго! Любіце! Паважайце! І будзьце паслухмянымі! Перагартайце свой катэхізіс, пакуль не знойдзеце гэтага месца, а калі знойдзеце, загніце старонку. За вашы поспехі, мой хлопчык!

Ён быў да такой ступені задаволены сваёй цытатай, што мімаволі паўтарыў гэтыя словы ўпоўголаса і дадаў, што не ўспамінаў аб іх вось ужо сорак год.

— Але ні разу яшчэ не здаралася ў маім жыцці так, каб два-тры патрэбныя словы, Джылс, не падвярнуліся мне пад руку, — заўважыў ён. — Гэта таму, што я не трачу лішніх слоў, як іншыя.

Ён змоўк і не парушаў маўчання, пакуль стары Соль не пайшоў у краму запаліць агонь, пасля чаго ён звярнуўся да Уолтера без усякіх папярэдніх заўваг:

— Думаю, ён мог-бы зрабіць насценны гадзіннік, калі-б узяўся? — Я гэтаму не здзівіўся-б, капітан Катль, — адказаў хлопчык.

— І ён-бы ішоў! — сказаў капітан Катль, вычэрчваючы ў паветры сваім кручком нешта накшталт змяі. — Ах, божа мой, як ішоў-бы гэты гадзіннік!

Секунду-другую ён быў, здавалася, зусім захоплены нагляданнем за ходам гэтага ідэальнага гадзінніка і сядзеў, пазіраючы на хлопчыка, нібы твар у яго быў цыферблатам.

— Але ён напоўнены навукамі, — заўважыў ён, паказваючы кручком на запас тавараў. — Паглядзіце сюды! Тут цэлая калекцыя для зямлі, паветра, вады. Усё тут ёсць. Толькі скажыце, куды вы збіраецеся? На паветраным шары? Калі ласка. У вадалазным колакале? Калі ласка. Ці не хочаце вы пакласці на вясы Палярную зорку і ўзважыць яе? Ён гэта для вас зробіць.

На падставе такіх заўваг можна заключыць, што пашана капітана Катля да запасу інструментаў была вялікая і што яго разуменне не адчувала або амаль не адчувала розніцы паміж гандлем імі і іх вынаходствам.

— Ах! — сказаў ён уздыхнуўшы. — Цудоўная гэта штука мець паняцце аб іх! А між іншым, цудоўная штука і нічога ў іх не разумець. Кажучы праўду, я не ведаю, што лепш. Так прыемна сядзець тут і адчуваць, што цябе могуць узважыць, змераць, паказаць у павелічальным шкле, электрызаваць, палярызаваць, чорт ведае што з табой зрабіць, а якім чынам — табе невядома.

— Паслухайце! — уваходзячы, усклікнуў прадмет яго зачаравання. — Перш чым вы атрымаеце сваю шклянку грога, Нэд, мы павінны пакончыць з гэтай бутэлькай.

— Трымайся мацней! — сказаў Нэд, напаўняючы сваю шклянку. Налейце яшчэ хлопчыку.

— Больш не трэба, дзякую вам, дзядзя!

— Не, не, — сказаў Соль, — яшчэ крышку. Мы дап’ëм, Нэд, гэтую бутэльку ў гонар фірмы — фірмы Уолтэра. Што-ж, магчыма, калі-небудзь ён будзе гаспадаром фірмы, адным з гаспадароў. Хто ведае! Рычард Уітынгтон жаніўся на дачцэ свайго гаспадара. І хоць у містэра Домбі няма дачкі… — пачаў Соль.

— Не, ёсць, дзядзя, — сказаў хлопчык, чырванеючы і смеючыся.

— Ёсць? — усклікнуў стары. — Так, здаецца, і на самай справе ёсць.

— Я ведаю, што ёсць, — сказаў хлопчык. — Аб гэтым гаварылі сёння ў канторы. І ці ведаеце, дзядзя і капітан Катль, — сцішыў ён голас, — кажуць, што ён зненавідзеў яе і яна жыве без догляду сярод слуг, а ён так захоплены думкамі аб сваім сыну, як кампаньëне фірмы, што хоць сын яшчэ малюсенькі, ëн хоча, каб баланс зводзілі часцей, чым раней, і кнігі вялі больш акуратней, як гэта рабілася раней; бачылі нават — калі ён думаў, што ніхто яго не бачыць, — як ён прагульваўся ў Доках і пазіраў на свае караблі, склады і ўсё іншае, нібы радуючыся таму, што ўсім гэтым ён будзе ўладаць разам з сынам. Вось аб чым гавораць. Я-то, зразумела, нічога не ведаю.

— Як бачыце, ён ужо ўсё аб ёй ведае, — сказаў інструментальны майстар.

— Глупства, дзядзя! — усклікнуў хлопчык, зноў чырванеючы і смеючыся. — Не магу-ж я не слухаць таго, што мне кажуць!

— Баюся, Нэд, што цяпер сын крыху перашкаджае нам, — сказаў стары, падтрымліваючы жарт.

— Надзвычай, — сказаў капітан.

— А ўсё-такі вып’ем за яго здароўе, — прадаўжаў Соль. — Такім чынам, п’ю за Домбі і Сына.

— Вельмі добра, дзядзя, — весела сказаў хлопчык. — Калі ўжо вы аб ёй успомнілі ў сувязі са мною і сказалі, што я ўсё пра яе ведаю, то я бяру на сябе смеласць змяніць тост. Дык, п’ю за Домбі — і Сына — і Дачку!


  1. Ост-Індская кампанія — буйнейшая англійская гандлёвая кампанія, арганізаваная яшчэ ў 1600 годзе. Англійскі ўрад толькі за гэтай кампаніяй прызнаў права гандлю з Індыяй скарыстаў яе, як зброю для сваіх захопніцкіх планаў на ўсходзе.
  2. Мічман — першы афіцэрскі чын у флоце капіталістычных краін.
  3. Секстант, квадрант — астранамічныя інструменты для вызначэння па нябесных свяцілах месца карабля ў адкрытым моры.
  4. Навігацыя — навука аб кіраванні судном і караблевадженні.
  5. Татарскі фрэгат — Дыкенс мае на ўвазе мадэль паруснага судна, якое сустракаецца на ўсходзе і не падобна да еўрапейскіх фрэгатаў.
  6. Шкіпер — капітан гандлёвага флота.
  7. Адмірал — вышэйшы чын у ваенным флоце.
  8. Лорд-мэр — глава гарадскога муніцыпалітэта (самакіраўніцтва) ў Англіі.
  9. Шэрыф — англійскі чыноўнік, назначаемы ўрадам для кіравання графствам з ліку багатых землеўладальнікаў.
  10. Гільдыя — рамесленая або гандлёвая арганізацыя ў Англіі, падначаленая гарадскому самакіраўніцтву.
  11. Штурман — афіцэр ваеннага або гандлёвага флота, які кіруе ходам карабля і робіць вылічэнні для вызначэння яго курса.
  12. Каперскае судно — прыватнаўласніцкае судно, якое ўдзельнічае ў марской вайне і прыстасавана для захопу непрыяцельскіх гандлёвых суднаў. Скарыстанне каперскіх суднаў у часе вайны было забаронена толькі ў канцы мінулага стагоддзя.