Домбі і сын/50
← Раздзел XLIX. Мічман робіць адкрыцце | Раздзел L. Нараканні містэра Тутса Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел LI. Містэр Домбі і свецкае грамадства → |
РАЗДЗЕЛ L
Нараканні містэра Тутса.
На мансардзе ў доме Драўлянага Мічмана пуставаў пакой, які ў ранейшыя часы служыў Уолтэру спальняй. Разбудзіўшы капітана досвіткам, Уолтэр прапанаваў перанесці туды з маленькай гасцінай найлепшую мэблю для ўпрыгожання пакоя, каб Фларэнс, прачнуўшыся, магла заўладаць ёю. З прычыны таго, што для капітана Катля нішто не магло быць прыемнейшым, як расчырванецца і задыхацца, папрацаваўшы дзеля такой справы, то ён (як казаў сам) пачаў з ахвотай, і гадзіны праз дзве мансарда ператварылася ў своеасаблівую каюту на сухазем'і, упрыгожаную адмысловымі рэчамі з гасцінай, уключаючы нават татарскі фрэгат.
Ніякія ўгаварванні Уолтэра не маглі прымусіць капітана завесці вялікі гадзіннік, узяць назад чайніцу або дакрануцца да шчыпцоў для цукру і чайных лыжак.
— Не, мой хлопчык, — нязменна адказваў капітан на такую просьбу, — гэту маленькую маёмасць я перадаў у сумеснае ўладанне.
Перасяленне Фларэнс у іншы, больш адасоблены пакой, было зручным для яе і ў той-жа час давала магчымасць пасадзіць Мічмана на звычайны яго назіральны пост, а таксама зняць акяніцы з вокнаў крамы.
— Капітан Катль, — задуменна сказаў Уолтэр, калі яны стаялі ў дзвярах крамы, адпачываючы пасля працы і пазіраючы на знаёмую старую вуліцу, — было яшчэ вельмі рана, — увесь гэты час не было ніякіх вестак пра дзядзю Соля?
— Ніякіх, мой хлопчык, — адказаў капітан, ківаючы галавой.
— Выправіўся шукаць мяне, добры, слаўны стары, — сказаў Уолтэр, — а вам ні разу не напісаў! Але чаму? Вось тут, у гэтым пісьме, якое вы перадалі мне, — ён дастаў з кішэні пакет, распячатаны ў прысутнасці мудрага Бансбі, — ён кажа, што вы можаце лічыць яго памёршым, калі ні разу не пачуеце пра яго да таго дня, як распячатаеце гэты пакет. Барані нас бог ад такога няшчасця! Але-ж вы-б пачулі пра яго, нават калі-б ён і напраўду памёр! Вядома, хто-небудзь напісаў-бы вам па яго жаданню, калі-б ён сам не мог гэта зрабіць, і паведаміў-бы: «такога та чысла памёр у маім доме» або «у мяне на руках», або яшчэ што-небудзь накшталт гэтага: «містэр Саламон Джылс з Лондана, які прасіў перадаць вам сваё апошняе прывітанне і апошнія свае пажаданні».
На капітана, які да гэтага часу ніколі яшчэ не дасягаў такіх вышынь рабіць вывад, утварыла велізарнае ўражанне шырокая перспектыва, што адкрылася перад ім, і ён адказаў, глыбокадумна ківаючы галавой:
— Добра сказана, мой хлопчык, добра сказана!
— Вось аб чым я думаў, або, правільней, шмат аб чым я думаў, — чырванеючы, сказаў Уолтэр, — у гэту бяссонную ноч, і я цвёрда веру, капітан Катль, што мой дзядзя Соль жыве і вернецца да нас. Але чаму дзядзя не напісаў вам, хоць ён бясспрэчна збіраўся гэта зрабіць, або як ён мог памерці, а вы аб гэтым не даведаліся ад каго-небудзь іншага, — я зусім не разумею!
Капітан Катль, ківаючы галавой, заўважыў, што нават Джэк Бансбі гэтага не разумеў, а ён таксама мог выказаць добра аснашчоную думку.
— Каб мой дзядзя быў лёгкадумным юнаком, якога вясёлая кампанія захацела-б завабіць у якую-небудзь карчму, каб там расправіцца з ім і заўладаць грашыма, што былі пры ім, — сказаў Уолтэр, — або каб ён быў гуллівым матросам, які сышоў на бераг і мае ў кішэні пенсію за два-тры месяцы, я-б мог падумаць, што ён знік бясследна. Але я не магу гэтаму паверыць, ведаючы, які ён быў… і які ён ёсць, спадзяюся.
— Уольр, мой хлопчык, як-жа гэта вы ў такім выпадку тлумачыце? — запытаўся капітан, пазіраючы на яго пільна і будучы ў задуменні.
— Капітан Катль, — адказаў Уолтэр, — я не ведаю, чым гэта вытлумачыць. Напэўна, ён ні разу і не напісаў. Гэта-ж бясспрэчна?
— Калі-б Соль Джылс што-небудзь напісаў, мой хлопчык, то дзе-ж яго пасланне? — запытаўся капітан, прыводзячы грунтоўны довад.
— Скажам, ён даручыў яго каму-небудзь, — сказаў Уолтэр, — а той забыўся пра пісьмо, або выкінуў яго па неахайнасці, або згубіў. Нават такая здагадка здаецца мне больш правільнай, чым тое — другое — меркаванне. Карацей кажучы, капітан Катль, я не магу думаць пра другое меркаванне, не магу і не хачу гэтага.
— Гэта, ведаеце, надзея, Уольр, — глыбокадумна заўважыў капітан, — надзея! Гэта яна вас натхняе.
— Яшчэ адно слова пра дзядзю, капітан Катль. Я думаю, не можа быць, каб ён паслаў пісьмо звычайным чынам — праз паштовую кантору або з паштовым параходам. Разумееце?
— Так, так, мой хлопчык, — згодліва сказаў капітан.
— І вы не маглі правароніць пісьмо. Праўда?
— Уольр, — сказаў капітан, дарэмна стараючыся прыняць злосны выгляд, — хіба я не быў напагатове, чакаючы вестак ад чалавека навукі, старога Соля Джылса, вашага дзядзі, хіба я не быў напагатове, днём і ўночы, з таго часу, як яго страціў? Хіба не было ў мяне цяжка на сэрцы і хіба я не чакаў увесь час яго і вас? У сне і ўяўна хіба не стаяў я на сваім пасту і хіба зняславіўся-б да таго, каб яго пакінуць, пакуль гэты Мічман яшчэ цэлы і непашкоджаны?
— О, так, капітан Катль! — усклікнуў Уолтэр, схапіўшы яго за руку. — Ведаю! І ведаю таксама, колькі адданасці і шчырасці ва ўсім, што вы гаворыце і адчуваеце. Я ў гэтым упэўнены. А вы не сумняваецеся ў маёй упэўненасці, таксама як і ў тым, што я пераступіў цераз парог гэтых дзвярэй і зноў трымаю ў сваёй руцэ гэту сумленную руку. Вы-ж не сумняваецеся?
— Не, не, Уольр, — адказаў капітан з прасвятлеўшай фізіяноміяй.
— Больш я не рызыкую рабіць ніякіх меркаванняў, — сказаў Уолтэр, моцна паціскаючы жорсткую руку капітана, які ў сваю чаргу з няменшай ахвотай паціснуў яму руку. — Дадам толькі адно, капітан Катль: даруй божа, каб я дакрануўся да маемасці ў майго дзядзі! Усё, што ён тут пакінуў, знаходзіцца пад апекай самага сумленнага з усіх кіраўнікоў і лепшага з усіх людзей, і калі гэтага чалавека завуць не Катль, то значыцца няма ў яго імя! А цяпер, лепшы з сяброў, пагаворым пра… міс Домбі.
Штосьці змянілася ў манеры Уолтэра, перш чым ён прамовіў гэтыя два словы, а калі ён іх сказаў, даверлівасць і бадзёрасць як быццам пакінулі яго.
— Я думаў, перш чым міс Домбі спыніла мяне ўчора вечарам, калі я загаварыў пра яе бацьку… вы памятаеце, як была справа? — пачаў Уолтэр.
Капітан вельмі добра гэта памятаў і кіўнуў галавою.
— Так, перш я думаў, — прадаўжаў Уолтэр, — што на нас ляжыць цяжкі абавязак пераканаць яе, каб яна перагаварыла са сваімі сябрамі і вярнулася дадому.
Капітан слабым голасам прамармытаў: «Стоп!» або «Трымайся мацней!» або яшчэ нешта, што належала ў даным выпадку, але з прычыны вялікай збянтэжанасці, выкліканай падобным паведамленнем, голас у яго быў такі слабы, што можна было толькі здагадвацца.
— Але з гэтым скончана! — сказаў Уолтэр. — Цяпер я думаю інакш. Калі гэта не так, лепш мне зноў апынуцца на тым абломку разбітага судна, на якім я з дня свайго выратавання так часта плаваў у сне па хвалях, астацца на ім, пайсці на дно і памерці!
— Ура, мой хлопчык! — усклікнуў капітан у парыве нястрымнага захаплення. — Ура! Ура! Ура!
— Падумаць толькі, што яна, такая юная, такая добрая і цудоўная, — прадаўжаў Уолтэр, — якой прызначан быў іншы лёс, павінна ўступіць у барацьбу з гэтым жорсткім светам! Але мы бачылі тое бяздонне, якое адрэзала яе ад усяго мінулага, хоць ніхто, апрача яе самой, не ведаў глыбіні гэтага бяздоння. І звароту няма.
Капітан Катль, не зусім разумеючы сэнс гэтых слоў, паставіўся да іх з вялікім ухваленнем і заўважыў глыбока спачувальным тонам, што вецер дзьме спадарожны.
— Ёй не варта аставацца тут адной, праўда, капітан Катль? — з хваляваннем запытаўся Уолтэр.
— Дапраўды, мой хлопчык, я гэтага не ведаю, — адказаў капітан. — Вы цяпер тут і можаце быць ёй кампаніяй, і калі вас злучае…
— Дарагі капітан Катль! — запярэчыў Уолтэр. — Вы кажаце я цяпер тут! Міс Домбі па шчырасці сваёй і нявіннасці глядзіць на мяне як на брата; якое было-б маё каварства, калі-б я прыкінуўся, быццам веру ў свае правы на сваяцкія дачыненні… калі-б я прыкінуўся, быццам забыўся аб тым, што абавязак гонару забараняе мне гэта рабіць!
— Уольр, мой хлопчык, — сказаў капітан, зноў выяўляючы некаторыя прызнакі збянтэжанасці, — хіба не можа быць ніякіх правоў, апрача…
— О, — усклікнуў Уолтэр. — Няўжо вы хацелі-б, каб яна кінула мяне паважаць — такая, як яна! — і паміж мною і яе анёлскім тварам назаўсёды спусцілася завеса, калі-б я пачаў дамагацца яе кахання, карыстаючыся тым, што яна, такая даверлівая і такая безабаронлівая, знайшла тут прытулак? Ды што гэта я кажу! Няма-ж на свеце нікога, хто-б асудзіў мяне з большай суровасцю, чым вы, калі-б я мог гэта зрабіць!
— Уольр, мой хлопчык, — сказаў капітан, усё больш і больш засмучаючыся, — дык, значыцца, не можа быць ніякіх іншых правоў? Няўжо іх няма, мой хлопчык?
Уолтэр махнуў рукой, даючы адмоўны адказ.
— Мне здаецца, капітан Катль, — прадаўжаў ён, пераходзячы да новай тэмы размовы з большай бадзёрасцю, каб развесяліць капітана, але яго нішто не магло развесяліць, бо ён быў надта заклапочаны, — мне здаецца, мы павінны знайсці якую-небудзь асобу, якая была-б падыходзячай кампаньёнкай для міс Домбі, пакуль яна жыве тут і якой можна было-б давяраць. Ніхто з яе сваякоў для гэтага не падыходзіць. Міс Домбі, вядома, разумее, што ўсе яны поўзаюць перад яе бацькам. А дзе С'юзен?
— Маладая жанчына? — адазваўся капітан. — Мне здаецца, яе зволілі супроць жадання Радасці Сэрца. Я аб ёй сігналізаваў, калі маленькая лэдзі толькі прышла сюды, і маленькая лэдзі дала аб ёй вельмі добры водгук і сказала, што яна даўным-даўно паехала.
— У такім выпадку, — сказаў Уолтэр, — запытайцеся міс Домбі, куда яна паехала, а мы пастараемся яе знайсці. Час ідзе, і міс Домбі хутка прачнецца. Вы — яе лепшы сябра. Паклапаціцеся аб ёй там, наверсе, а мне дайце магчымасць навесці парадак унізе.
Капітан, якога агарнуў смутак, адказаў уздыхам на ўздых, з якім Уолтэр праказаў гэтыя словы і паслухаўся. Фларэнс была ў захапленні ад свайго новага пакою, гарэла жаданнем убачыць Уолтэра і рада была сустрэцца са сваім старым сябрам С'юзен. Але Фларэнс не магла сказаць, куды паехала С'юзен, ведала толькі што ў Эсекс, і наколькі яна магла прыпомніць, ніхто не мог-бы гэтага сказаць, апрача містэра Тутса.
Атрымаўшы гэтыя весткі, капітан, які засумаваў, вярнуўся да Уолтэра і сказаў яму, што містэр Тутс, — той самы джэнтльмен, якога ён сустрэў ля дзвярэй, — сябра яго, капітана Катля, багаты малады джэнтльмен безнадзейна закаханы ў міс Домбі. Капітан таксама расказаў аб тым, як прывяла яго да знаёмства з містэрам Тутсам вестка аб уяўнай пагібелі Уолтэра і як паміж імі была заключана ўрачыстая ўмова, што ўскладала абавязак на містэра Тутса не заікацца аб прадмеце свайго кахання.
Пасля ўзнікла пытанне, ці можа Фларэнс давяраць містэру Тутсу, а калі Фларэнс з усмешкай адказала: «О, так, усім сэрцам!», выявілася неабходнасць даведацца, дзе жыве містэр Тутс. Гэтага Фларэнс не ведала, а капітан забыўся; і, у той час як у маленькай гасцінай капітан гаварыў Уолтэру аб тым, што містэр Тутс бясспрэчна, неўзабаве будзе тут, у пакой увайшоў сам містэр Тутс.
— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, без усякай цырамоніі ўбягаючы ў гасціную, — я знаходжуся на мяжы вар'яцтва!
Містэр Тутс выпаліў гэтыя словы нібы з гарматы, перш чым заўважыў Уолтэра, якога віншаваў нейкім жаласлівым хіхіканнем.
— Вы мне прабачце, сэр, — сказаў містэр Тутс, схапіўшыся за галаву, — але ў сучасны момант я знаходжуся ў такім становішчы, што розум мяне пакідае, калі ўжо не пакінуў, і ўсякая спроба быць пачцівым, прымаючы пад увагу маё становішча, была-б пустым прытворствам. Капітан Джылс, адважуся прасіць дазволу пагутарыць з вамі сам-на-сам!
— Прыяцель, — адказаў капітан, беручы яго за руку, — якраз вас мы і чакалі.
— О, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — чакаць такога суб'екта, як я! Я не адважыўся пабрыцца — вось у якім я ўзрушаным стане! Валасы ў мяне ўскудлачаныя. Я сказаў Пеўню, што калі ён захоча вычысціць мне чаравікі…
— Паслухайце, браток, — сказаў капітан, — вось гэта Уольр, пляменнік старога Соля Джылса. Той самы, якога мы лічылі загінуўшым у моры.
Містэр Тутс адняў рукі ад галавы, і, выпучыўшы вочы, паглядзеў на Уолтэра.
— Божа злітуйся! — прамармытаў містэр Тутс. — Вось не было бяды! Я… я… баюся, што вы вельмі прамоклі. Капітан Джылс, дазвольце мне вам сказаць слоўца ў краме?
Ён схапіў капітана ва фальбону фрака і, выходзячы разам з ім, прашаптаў:
— Так, значыцца, капітан Джылс, гэта і ёсць той самы чалавек, пра якога вы казалі, што ён і міс Домбі створаны адно для аднаго?
— Так, прыяцель, — сказаў бязрадасны капітан, — так думаў я калісьці.
— І цяпер! Якраз у такі момант! — закрычаў містэр Тутс, зноў хапаючыся за галаву. — Ненавісны супернік! Прынамсі, ён не з'яўляецца для меня ненавісным супернікам, — запнуўшыся і падумаўшы, сказаў містэр Тутс, аднімаючы руку ад ілба. — За што мне яго ненавідзець? Не! Калі каханне маё сапраўды бескарыслівае, капітан Джылс, дазвольце мне давесці гэта цяпер!
Містэр Тутс зноў рынуўся ў гасціную і сказаў, схапіўшы Уолтэра за руку:
— Як маецеся? Спадзяюся, вы не прастудзіліся. Я… я… буду вельмі рад, калі вы захочаце са мной пазнаёміцца. Жадаю, каб вы пражылі яшчэ шмат такіх самых шчаслівых дзён. Клянуся, — сказаў містэр Тутс, разгарачыўшыся пасля таго, як больш пільна ўгледзеўся ў твар Уолтэра, — я надта рад вас бачыць!
— Ад усёй душы дзякую вам, — сказаў Уолтэр. — Я і пажадаць не мог-бы больш сардэчнага і шчырага прывітання.
— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — я хацеў-бы строга прытрымлівацца правіл гонару, але, спадзяюся, мне будзе дазволена ўспомніць цяпер аб адным прадмеце, які…
— Так, так, прыяцель, — адазваўся капітан. — Смялей, смялей!
— Дык вось, капітан Джылс і лейтэнант Уолтэрс, — загаварыў містэр Тутс, — ці вядома вам, што застрашальны выпадак здарыўся ў доме містэра Домбі, што міс Домбі пакінула свайго бацьку, які, на маю думку, — з вялікім узрушэннем дадаў містэр Тутс, — з'яўляецца сапраўды зверам, і невядома, дзе яна знаходзіцца, і ніхто не ведае, куда яна пайшла?
— Дазвольце запытацца, адкуль гэта вам вядома? — запытаўся Уолтэр.
— Лейтэнант Уолтэрс, — сказаў містэр Тутс, які ўжыў такі зварот у звязку з асаблівай прычыны, зразумелай яму аднаму (магчыма таму, што ён звязаў яго імя з марской прафесіяй і мысліў сабе нейкую блізкую сувязь паміж ім і капітанам, якая павінна была, зразумела, распаўсюджвацца і на іх чыны), — лейтэнант Уолтэрс, я магу адказаць вам проста. Я вельмі зацікаўлены ўсім, што датычыць міс Домбі, і набыў звычку даваць час ад часу якую-небудзь мізэрную суму лакею, вельмі шаноўнаму маладому чалавеку, нейкаму Таулінсону, які даўно ўжо служыць у гэтым доме і ўчора вечарам Таулінсон паведаміў мне, якое становішча спраў. З таго часу, капітан Джылс і лейтэнант Уолтэрс, я зусім страціў рассудак і ўсю ноч валяўся на канапе; а цяпер з'явіўся перад вамі такой развалінай.
— Містэр Тутс, — сказаў Уолтэр, — я шчаслівы ад таго, што магу супакоіць вас. Прашу вас, не трывожцеся. Міс Домбі жывая і непашкоджаная.
— Сэр! — закрычаў містэр Тутс, усхапіўшыся з крэсла і зноў паціскаючы яму руку. — Я адчуваю такую бязмежную і невымоўную палёгку, што калі-б вы нават сказалі мне цяпер: міс Домбі вышла замуж, — я мог-бы ўсміхнуцца. Так, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, звяртаючыся да капітана Катля, — клянуся душой і целам, я мог-бы ўсміхнуцца! Вось якую палёгку я адчуў, хоць і невядома, што-б я зрабіў з сабою зараз- жа пасля гэтага!
— Такому велікадушнаму чалавеку, як вы, — сказаў Уолтэр, не зацягваючы з адказам на поціск рукі, — будзе яшчэ большай палёгкай і прыемнасцю даведацца, што вы можаце зрабіць ласку міс Домбі. Капітан Катль, будзьце ласкавы, правядзіце містэра Тутса наверх.
Капітан паклікаў містэра Тутса, які са здзіўленым выглядам пайшоў за ім і, падняўшыся на мансарду, быў уведзены без усякага папярэджання ў новы прытулак Фларэнс.
Здзіўленне і радасць небаракі містэра Тутса, калі ён убачыў яе, маглі знайсці сабе выйсце толькі ў самадурных учынках. Ён падбег да яе, схапіў яе руку, пацалаваў, выпусціў з рук, зноў схапіў, апусціўся на адно калена, расплакаўся, захіхікаў, ніколькі не думаючы аб небяспецы пацярпець шкоду ад Дыагена, які ўявіў, быццам у гэтых учынках ёсць штосьці варожае яго гаспадыні, і круціўся вакол яго.
— О, Ды, брыдкі, забыўчывы сабака! Дарагі містэр Тутс, як я рада вас бачыць!
— Дзякую вам, — сказаў містэр Тутс, — я здаровы, вельмі вам дзякую, міс Домбі. Спадзяюся, уся сям'я ў добрым здароўі?
Містэр Тутс сказаў гэта зусім не разумеючы, аб чым ён гаворыць, сеў на крэсла і пачаў паглядаць на Фларэнс, прычым твар яго выказваў самую жорсткую барацьбу паміж зачараваннем і роспаччу.
— Капітан Джылс і лейтэнант Уолтэрс паведамілі мне, міс Домбі, — задыхаючыся, прагаварыў містэр Тутс, — што я магу зрабіць вам нейкую ласку. Калі-б я мог як-небудзь знішчыць успамінак аб тым дні ў Брайтоне, калі я нагадваў хутчэй разбойніка, чым чалавека, які мае незалежнае становішча, — прадаўжаў містэр Тутс, выносячы сабе суровы прыгавор, — я з радасцю лёг-бы ў маўклівую магілу.
— Калі ласка, містэр Тутс, — сказала Фларэнс, — не прасіце мяне забыцца аб тым, што звязана з нашым знаёмствам. Паверце, я не магу гэтага зрабіць. Вы заўсёды былі надзвычай добры да мяне.
— Міс Домбі, — адказаў містэр Тутс, — ваша ўвага да маіх пачуццяў уласціва вашай анёлскай прыродзе. Тысячу разоў дзякую вам! Гэта не мае абсалютна ніякага значэння!
— Мы хацелі запытацца ў вас, — сказала Фларэнс, — ці памятаеце вы, куды паехала С'юзен, якую вы так прыязна праводзілі ў кантору пачтовых карэт, калі яна пайшла ад мяне?
— Бачыце, міс Домбі, — падумаўшы, сказаў містэр Тутс, — я, вядома, не памятаю назвы горада, якая была напісана на карэце, але я памятаю, што С'юзен, як яна сама казала, не збіралася там спыняцца, а хацела ехаць далей. Між іншым, міс Домбі, калі вам патрэбна, каб яе знайшлі і прывялі сюды, то мы з Пеўнем прывязем яе вельмі хутка, чаму парукай мая адданасць і надзвычайная кемлівасць Пеўня.
Містэр Тутс быў так яўна абрадаваны і акрылены надзеяй быць карысным, а бескарыслівая і шчырая яго адданасць здавалася такой бясспрэчнай, што было-б жорстка адмовіць яму.
— Міс Домбі, — прадаўжаў містэр Тутс, — да пабачэння! Дазвольце вам сказаць, што вашы нягоды робяць мяне сапраўды няшчасным і што вы можаце давяраць мне амаль што не таксама, як самому капітану Джылсу. Мае недахопы, міс Домбі, надзвычай добра мне вядомы, — яны не маюць абсалютна ніякага значэння, дзякую вам але на мяне можна цалкам спадзявацца, запэўняю вас, міс Домбі!
Сказаўшы гэта, містэр Тутс вышаў з пакоя ў суправаджэнні капітана, які ўвесь гэты час стаяў тут, трымаў пад пахай свой капялюш, прыгладжваючы кручком растрапаныя валасы, і не без цікавасці сачыў за тым, што адбывалася. А калі дзверы за імі зачыніліся, святло, што асвятліла жыццё містэра Тутса, зноў згасла.
— Капітан Джылс, — прагаварыў гэты джэнтльмен, спыняючыся на ніжняй ступеньцы лесвіцы і азіраючыся, — сказаць праўду, цяпер я знаходжуся не ў такім настроі, каб сустрэць лейтэнанта Уолтэрса з тымі сяброўскімі пачуццямі, якія я хацеў-бы да яго мець. Мы не заўсёды можам мець уладу над сваімі пачуццямі, капітан Джылс, і я палічу за надзвычайную ласку, калі вы выпусціце мяне з чорнага хода.
— Браток, — адказаў капітан, — можаце вызначыць сабе любы курс. Які-б курс вы не абралі, ён будзе правільным і вартым марака, у гэтым я ўпэўнены.
— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — вы надта прыязны. Ваша добрая думка з'яўляецца для мяне ўцяшэннем. Яшчэ адно слова, — дадаў містэр Тутс, стоячы ў карыдоры за прыадчыненымі дзвярыма: — спадзяюся, вы гэта запамятаеце, капітан Джылс, і мне-б хацелася, каб аб гэтым было даведзена да ведама лейтэнанта Уолтэрса. Я цяпер, ведаеце, канчаткова ўступіў ва ўладанне сваёй маёмасцю, і… і я не ведаю, што мне з ёй рабіць. Калі-б я мог быць карысным у сэнсе грашовай дапамогі, я сышоў-бы ў маўклівую магілу спакойна і бесклапотна.
Містэр Тутс больш нічога не сказаў і, паціхеньку вышмыгнуўшы за дзверы, зачыніў іх за сабою, каб папярэдзіць пярэчанні капітана.
У наступны дзень містэр Тутс не прышоў, і не прыходзіў на працягу нёкалькіх дзён; тым часам Фларэнс, нібы ціхая птушка ў клетцы, жыла ў мансардзе дома старога інструментальнага майстра, і ніхто больш не турбаваў яе.
За апошні час Фларэнс зрабілася кволай і хваравітай, і перажытае ёю ўзрушэнне не магло не зрабіць уплыву на яе здароўе. Але не ад фізічнай хваробы яна цяпер пакутвала. Яна сумавала, а вінавайцам гэтага быў Уолтэр.
Ён клапаціўся і непакоіўся аб ёй, быў горды і шчаслівы магчымасцю ёй дагадзіць і выяўляў гэта з уласцівым яму энтузіязмам і гарачлівасцю, але Фларэнс бачыла, што ён яе цураецца. На працягу цэлага дня ён рэдка набліжаўся да дзвярэй яе пакоя. Калі яна клікала яго да сябе, ён прыходзіў і на секунду зноў рабіўся такім самым вясёлым і ажыўленым, якім запамятаўся ён ёй, калі яна ў дзяцінстве заблудзілася на шумных вуліцах, але пасля яго пачынала апаноўваць збянтэжанасць і пачуццё няёмкасці — яе зыркі закаханы позірк не мог гэтага не заўважыць, — і ён спяшаўся выйсці.
Фларэнс здавалася, што дабрак капітан — яе нязменны пяшчотны і старанны сябра — таксама бачыць гэта і сумуе. Ён быў не такім радасным і бадзёрым, як першы час, і па вечарах, калі яны сядзелі ўсе разам, ён смутна пазіраў цішком то на яе, то на Уолтэра.
Нарэшце, Фларэнс вырашыла пагаварыць з Уолтэрам. Ёй здавадася, што яна ведае цяпер прычыну яго адчужэння, і яна спадзявалася адчуць палёгку і супакоіць яго, сказаўшы яму, што ёй усё вядома, яна з гэтым зусім пагадзілася і не дакарае яго.
Фларэнс гэта вырашыла ў нядзелю ўдзень. Адданы капітан у надзвычай прыгожым каўнерыку сядзеў каля яе і, надзеўшы акуляры, чытаў кнігу, калі яна запыталася ў яго, дзе Уолтэр.
— Напэўна, унізе, мая маленькая лэдзі, — адказаў капітан.
— Я хацела-б пагаварыць з ім, — сказала Фларэнс, таропка ўстаючы і збіраючыся ісці ўніз.
— Я яго зараз-жа прышлю сюды, красуня, — сказаў капітан.
Сказаўшы гэта, капітан спрытна ўзваліў на плячо сваю кнігу — ён лічыў сваім абавязкам чытаць па нядзелях толькі надта вялізныя кнігі, бо ў іх больш салідны выгляд — і вышаў. Неўзабаве з'явіўся Уолтэр.
— Капітан Катль сказаў мне, міс Домбі… — горача пачаў ён уваходзячы, але, убачыўшы яе твар, запнуўся.
— Вам сёння нездаровіцца? Вы нечым засмучаны. Вы плакалі.
Ён гаварыў так ласкава і з такім хваляваннем, што пры гуку яго голасу слёзы выступілі ў яе на вачах.
— Уолтэр, — ціха сказала Фларэнс, — мне нездаровіцца, і я плакала. Я хачу пагаварыць з вамі.
Ён сеў супроць яе, углядаючыся ў яе цудоўны нявінны твар; ён пабляднеў, і губы ў яго задрыжэлі.
— Вы сказалі ў той вечар, калі я даведалася аб вашым выратаванні, любы Уолтэр… О, што я адчула ў той вечар і колькі было надзей!..
Ён паклаў дрыжачую руку на стол, што раздзяляў іх, і не спускаў з Фларэнс вачэй.
— Вы… сказалі, што я змянілася, я здзівілася, пачуўшы гэта, але цяпер разумею, што гэта так. Не злуйцеся на мяне, Уолтэр. Я была вельмі шчаслівая, каб тады-ж аб гэтым падумаць.
Зноў яна здалася яму дзіцем. Ён бачыў і чуў непасрэднае, даверлівае ўлюбёнае дзіця, а не жанчыну, якую кахаў, да чыіх ног хацеў-бы пакласці ўсё зямное багацце.
— Вы памятаеце, Уолтэр, як мы сустрэліся з вамі апошні раз перад вашым ад'ездам?
Ён сунуў руку за пазуху і дастаў маленькі кашалёк.
— Я заўсёды насіў яго на шыі! Калі-б я утапіўся, ён разам са мною ляжаў-бы на дне мора.
— І вы па-ранейшаму будзеце насіць яго, Уолтэр, дзеля мяне?
— Да самай смерці.
Яна паклала сваю руку на яго руку так смела і простадушна, як быццам і дня не прайшло з таго часу, як яна падаравала яму гэты маленькі кашалёк.
— Я гэтаму рада. Я заўсёды буду з радасцю аб гэтым думаць, Уолтэр. Вы прыпамінаеце, што ў той самы вечар, калі мы з вамі размаўлялі, нам абодвум як быццам прышла ў галаву думка аб гэтай перамене?
— Не! — у няўцямнасці адказаў ён.
— Так, Уолтэр. І тады ўжо я мімаволі нанесла шкоду вашым надзеям і відам на будучае. Тады я баялася так думаць, але цяпер я гэта ведаю. Калі тады вы, па велікадушнасці сваёй, маглі захоўваць ад мяне, што гэта вам вядома, то цяпер вы захоўваць не можаце, хоць стараецеся таксама велікадушна, як і раней. Так, стараецеся. Я шчыра, глыбока ўдзячна вам, Уолтэр, але вашы старанні не маюць поспеху. Вы самі і блізкія вам людзі вельмі многа пакутвалі, каб вы маглі забыцца на мімавольнага вінавайцу ўсіх бед і нягод, што зваліліся на вас. Вы не можаце забыцца, якую ролю я адыгрывала, і больш мы не можам быць братам і сястрой. Але, любы Уолтэр, не думайце, што я вас дакараю. Мне варта было-б гэта ведаць — я павінна была-б ведаць, — але ў парыве радасці я аб усім забылася. Цяпер у мяне адна надзея: магчыма, вы будзеце думаць аба мне з меншай няпрыязню, калі гэта пачуццё не патрэбна больш захоўваць. І аб адным я прашу, Уолтэр, ад імя той няшчаснай дзяўчынкі, якая была калісьці, вашай сястрой: не старайцеся змагацца з самім сабой і не мучце сябе праз мяне цяпер, калі я ўсё ведаю.
Пакуль яна гаварыла, Уолтэр пазіраў на яе з бясконцым здзіўленнем і неўразуменнем, якія не пакідалі месца для іншых пачуццяў. Пасля ён схапіў гэту ручку, якая так упрашальна дакранулася да яго рукі, і затрымаў яе.
— О, міс Домбі! — усклікнуў ён. — Ці можа быць, што ў той час, як я так пакутваў, змагаючыся з пачуццём абавязку і ўсведамленнем сваіх абавязкаў у адносінах да вас, я прымусіў і вас пакутаваць, аб чым даведваюся з вашых слоў! Ніколі, ніколі не думаў я пра вас дрэнна, і заўсёды вы былі для мяне самым светлым, чыстым і святым успамінкам майго дзяцінства і юнацтва. Заўсёды, з першага дня я лічыў і да апошняга дня буду лічыць тую ролю, якую вы адыгрывалі ў маім жыцці, чымсьці свяшчэнным! Зноў бачыць вашы вочы і чуць ваш голас, як у той вечар, калі мы рассталіся, — для мяне невымоўнае шчасце. А карыстацца на правах брата вашай любоўю і давер'ем было для мяне найвялікшым і каштоўным дарам!
— Уолтэр, — сказала Фларэнс, пазіраючы на яго пільна, але змяніўшыся ў твары, — якое-ж гэта пачуццё абавязку і ўсведамленне абавязкаў у адносінах да мяне прымушаюць вас афяроўваць усім гэтым?
— Пашана, — ціха сказаў Уолтэр. — Пракланенне.
Румянец успыхнуў у яе на шчоках, і яна нясмела і задуменна забрала ў яго руку, але па-ранейшаму пазірала на яго пільна.
— У мяне няма правоў брата, — сказаў Уолтэр. — Я не магу дамагацца на правы брата. Я пакінуў тут дзіцё і застаў жанчыну.
Румянец заліў яе твар. Яна зрабіла такі жэст, як быццам упрашала яго замоўкнуць, і закрыла рукамі твар.
Абое некаторы час маўчалі; яна плакала.
— Мой абавязак перад сэрцам, такім даверлівым, чыстым і добрым, прымушае мяне адарвацца ад яго, хоць-бы гэта разбіла мне сэрца, — сказаў Уолтэр. — Як-бы адважыўся я сказаць, што для мяне вы — сястра!
Яна ўсё яшчэ плакала.
— Калі-б вы былі шчаслівы, акружаны ўлюбёнымі і адданымі сябрамі і ўсім, што робіць зайздросным становішча, для якога вы былі народжаны, — прадаўжаў Уолтэр, — і калі-б вы тады, у памяць дарагога мінулага, назвалі мяне братам, я, аддзелены ад вас вялікай адлегласцю, мог-бы адазвацца на гэта слова з поўнай ўпэўненасцю, што не зняважу вашага нявіннага пачуцця. Але тут… і цяпер!..
— О, дзякую вам, Уолтэр, дзякую вам! Прабачце, што я была да вас такой несправядлівай. Мне не было з кім параіцца. Я такая адзінокая.
Галава была ўсё яшчэ апушчана, слёзы ўсё яшчэ струменілі па твары, і грудзі ўздымаліся ад плачу.
— Фларэнс, любая, дарагая Фларэнс! Так назваў я вас у думках, перш чым зразумеў, як гэта саманадзейна і безрассудна. Дазвольце мне астатні раз назваць вас гэтым імем, якое мне так дорага, і дакрануцца да гэтай пяшчотнай рукі ў доказ таго, што вы па-сястрынаму забудзецеся аб тым, што я цяпер сказаў.
Яна падняла галаву і загаварыла, скіраваўшы на яго такі сур'ёзны, ласкавы позірк, усміхаючыся яму праз слёзы такой спакойнай, яснай, ціхай усмешкай, што самыя патаемныя струны яго сэрца былі закрануты і ён слухаў яе з памутнеўшымі вачыма.
— Не, Уолтэр, гэтага я не магу забыць. Нізавошта на свеце не хацела-б я гэта забыць. Вы… вы вельмі бедныя?
— Я — вандроўнік, — сказаў Уолтэр, — які павінен плаваць па морах, каб зарабіць сабе на пражыццё. Цяпер гэта маё прызванне.
— Хутка вы зноў паедзеце, Уолтэр?
— Вельмі хутка.
Яна паглядзела на яго, пасля нясмела прасунула сваю дрыготную руку ў яго руку.
— Калі вы хочаце назваць мяне сваёй жонкай, Уолтэр, я буду горача кахаць вас. Калі вы дазволіце мне паехаць з вамі, Уолтэр, я без усякага страху паеду на край свету. Мне няма чым афяроўваць для вас… мне няма ад чаго адмаўляцца і няма каго пакідаць. Але ўсё маё каханне і ўсё маё жыццё будуць адданы вам.
Ён прыціснуў яе да свайго сэрца, прыхінуўся шчакою да яе шчакі, і тады, ужо не адрынутая і не пакінутая, яна магла плакаць на грудзях свайго ўлюбёнага.
Капітан аставаўся ў маленькай гасцінай, пакуль зусім не сцямнела. Ён запаліў свечку, закурыў люльку, выкурыў яе і з неразуменнем размышляў аб тым, што-ж гэта робіцца наверсе і чаму яго не клічуць піць чай.
Фларэнс падышла да яго ў той самы момант, калі здзіўленне яго дасягнула вышэйшай ступені.
— А, маленькая лэдзі! — закрычаў капітан. — У вас з Уольрам была доўгая размова, мая красуня!
Фларэнс учапілася сваёй маленькай ручкай за адзін з вялізных гузікаў на яго фраку і сказала, заглядаючы яму ў твар:
— Дарагі капітан, я хачу што-небудзь паведаміць вам.
Капітан паспяшаўся падняць галаву, каб выслухаць паведамленне. Убачыўшы дзякуючы гэтаму больш выразна твар Фларэнс, ён адсунуў крэсла і сябе разам з ім, наколькі гэта было магчыма.
— Як! Радасць Сэрца! — закрычаў капітан, раптам абрадаваўшыся. — Гэта праўда?
— Так! — з запалам адказала Фларэнс.
— Уольр! Муж! Так? — закрычаў капітан, падкідаючы свой глянцавіты капялюш да акна ў столі.
— Так! — смеючыся і плачучы, усклікнула Фларэнс.
Капітан зараз-жа абняў яе, а пасля, падхапіўшы глянцавіты капялюш і напяліўшы яго на галаву, прасунуў руку Фларэнс пад сваю і зноў павёў яе наверх, дзе адчуў што іменна цяпер належыць пажартаваць найлепшым чынам.
— Ну што, Уольр, мой хлопчык! — сказаў капітан, заглядаючы ў пакой, прычым яго фізіяномія нагадвала распаленую скавараду. — Так, значыцца, не можа быць ніякіх іншых правоў, праўда?
Падобна было да таго, што ён задыхнецца ад гэтых жартаў, якія паўтараў за чаем прынамсі разоў сорак, паліруючы сваю ззяючую фізіяномію рукавом фрака, а ў прамежках выціраючы галаву насавой хустачкай. Але пры такім становішчы спраў ён знайшоў яшчэ больш сур’ёзную крыніцу жартаў, бо не раз паўтараў паціху, пазіраючы з невымоўнай радасцю на Уолтэра і Фларэнс.
— Эдуард Катль, браце, вы абралі найлепшы курс, перадаўшы маленькую маёмасць у сумеснае ўладанне!