Раздзел VI. Другая страта Поля Раздзел VII. Позірк з птушынага палёту на месца пражывання міс Токс, а таксама на сардэчную прывязанасць міс Токс
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел VIII. Далейшае развіццё, рост і характар Поля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VII

Позірк з птушынага палёту на месца пражывання міс Токс, а таксама на сардэчную прывязанасць міс Токс.

Міс Токс жыла ў маленькім цёмным доме, які ў нейкі далёкі перыяд англійскай гісторыі праціснуўся ў фешэнебельны[1] раён на заходнім канцы горада, дзе і знаходзіўся, падобна беднаму сваяку, у цені вялікай вуліцы, якая пачыналася за рогам, пад халодным, пагардлівым поглядам велічных будынкаў. Гэтае адзінотнае месца, дзе паміж каменнямі бруку расла трава, называлася пляцам Прынцэсы.

У другім прыватным доме на пляцы Прынцэсы здавалася кватэра з мэбляй нейкаму халастому джэнтльмену, а іменна маёру з адзеравянелым сінім тварам і вачыма, якія выскаквалі з арбіт, у чым міс Токс, як яна сама гаварыла, бачыла «нешта сапраўды ваяўнічае», і паміж ім і ёю абмен газетамі і брашурамі і да таго падобныя платанічныя адносіны падтрымліваліся з дапамогай чорнаскурага слугі маёра, якога міс Токс палічыла «тубыльцам», задавальняючыся гэтай назвай і не звязваючы з ёй ніякіх геаграфічных уяўленняў.

Магчыма, ніколі яшчэ не было пярэдняй і лесвіцы меншых памераў, чым пярэдняя і лесвіца ў доме міс Токс. Магчыма, увесь ён, зверху данізу, быў самым няўтульным домікам у Англіі і самым уродлівым; але затое, як гаварыла міс Токс, якое месцазнаходжанне! Там было вельмі мала дзённага святла зімой; сонца ніколі не заглядала нават у лепшую пару года; аб паветры не магло быць і гутаркі, таксама як аб вулічным руху. І ўсё-такі міс Токс гаварыла: «Падумайце аб месцазнаходжанні!» Тое-ж самае гаварыў сінятвары маёр з вачыма, што выпучваліся з арбіт, які ганарыўся пляцам Прынцэсы і пры кожным зручным выпадку з захапленнем пачынаў гутарку ў сваім клубе аб прадметах, маючых адносіны да важных асоб на вялікай вуліцы за рогам, каб мець прыемнасць заявіць, што гэта яго суседзі.

Несамавітая кватэра, дзе жыла міс Токс, была яе ўласнасцю, будучы ёй завешчана і атрымана па спадчыне ад нябожчыка ўладальніка мутнага вока ў медальёне, чый мініятурны партрэт з напудранай галавой і касічкай служыў процівагай падстаўцы для чайніка на другім канцы каміннай паліцы ў гасцінай.

Хоць маёр Бегсток дасягнуў таго, што ў мастацкай літаратуры называецца вялікім росквітам жыццёвых сіл, і рабіў сваё падарожжа пад гару, тым не менш ён надзвычай ганарыўся тым, што абудзіў цікавасць да сябе ў міс Токс, і цешыў сваю фанабэрыстасць, уяўляючы, быццам гэта выдатная жанчына няроўнадушна да яго. На гэта ён шмат разоў намякаў у клубе ў сувязі з маленькімі жартачкамі, вечным героем якіх быў стары Джо Бегсток, стары Джой Бегсток, стары Дж. Бегсток, стары Джош Бегсток, стары Джо Б. і так далей, бо аплотам і цвярдыняй юмару маёра было самае фамільярнае абыходжанне[2] з яго-ж уласным імем.

— Джой Б., сэр, — казаў часамі маёр, памахваючы кіем, — варты дзюжыны вас. Каб сярод вас было яшчэ некалькі чалавек з пароды Бегстокаў, сэр, вам ад гэтага не стала-б горш. Старому Джо, сэр, нават цяпер няма патрэбы далёка хадзіць па жонку, ён пачаў яе шукаць; але ў яго жорсткае сэрца, сэр, у гэтага Джо, ён непахісны, сэр, непахісны і д’ябальска хітры! Пасля такой дэкларацыі чулася сапенне, і сіні твар маёра рабіўся пурпуравым, а вочы сударгава расшыраліся і выпучваліся.

Яму ў галаву не прыходзіла, што хто-небудзь можа яго не заўважаць або ім пагарджаць; ва ўсякім выпадку ён і не думаў аб тым, што яго не заўважае і ім пагарджае міс Токс.

І аднак, як высветлілася, міс Токс забылася пра яго, забылася паступова. Яна пачала забывацца пра яго неўзабаве пасля таго, як выявіла сям’ю Тудляў. Штосьці або хтосьці заняў яго месца і зрабіўся для яе новай крыніцай цікавасці.

— Добрай раніцы, пані, — сказаў маёр, сустрэўшы міс Токс на пляцы Прынцэсы праз некалькі тыдняў пасля перамен, адзначаных у апошнім раздзеле.

— Добрай раніцы, сэр, — сказала міс Токс вельмі холадна.

— Джо Бегсток, міс, — заўважыў маёр са звычайнай сваёй галантнасцю, — даўно не меў шчасця вітаць вас ля вашага акна. З Джо абыходзіліся жорстка, міс. Яго сонца схавалася за хмарай. Міс Токс нахіліла галаву, але, дапраўды, вельмі холадна.

— Магчыма, свяціла Джо пакідала горад, міс? — запытаўся маёр.

— Я? Горад? О, не, я не пакідала горада, — сказала міс Токс. — Апошнія дні я была вельмі занята. Амаль увесь мой час прысвечан адным вельмі блізкім сябрам. Баюся, што і цяпер у мяне няма вольнай хвіліны. Да пабачэння, сэр!

У той час, як міс Токс з самым чароўным выглядам і асанкай пакідала пляц Прынцэсы, маёр стаяў і глядзеў ёй услед з такім сінім тварам, якога ў яго ніколі яшчэ не бывала, бурчачы і мармочучы зусім не ветлівыя заўвагі.

— Ах, чорт пабяры, сэр, — сказаў маёр, — поўгода таму назад гэта жанчына абажала тую зямлю, па якой ступаў Джош Бегсток. Што-ж гэта азначае?

Падумаўшы, маёр вырашыў, што гэта азначае пастку для мужчыны; што гэта азначае інтрыгу і сіло, што міс Токс расстаўляе пасткі. «Але Джо вы не зловіце, міс, — сказаў маёр. — Ён непахісны, міс, ён непахісны — гэты Джо Б. Непахісны і д’ябальскі хітры!» І зрабіўшы такую заўвагу, ён ухмыляўся аж да вечара.

Аднак, калі прайшоў гэты дзень і яшчэ шмат дзён, выявілася, што міс Токс зусім не звяртае ніякай увагі на маёра і зусім аб ім не думае. Калісьці яна мела звычай выпадкова паглядаць у адно са сваіх маленькіх цёмных акенцаў і, чырванеючы, адказваць на прывітанне маёра; але цяпер яна пазбавіла маёра гэтага шчасця і зусім не клапацілася аб тым, ці паглядае ён цёраз дарогу ці не. Адбыліся таксама і іншыя змены. Маёр, стоячы ў прыцемку свайго ўласнага жылля, мог заўважыць, што за апошні час дом міс Токс набыў больш прыгожы выгляд, што новая клетка з пазалочаным дротам была набыта для маленькай старой канарэйкі; што некалькі раслін нечакана выраслі ў вокнах; што міс Токс часамі практыкавалася на клавікордах, увенчаных капенгагенскім і птушыным: вальсамі, уласнаручна перапісанымі міс Токс у нотны сшытак.

Апрача ўсяго гэтага, міс Токс даўно ўжо ўбіралася незвычайна рупліва і элегантна ў поўтраур. Але гэта акалічнасць дапамагла маёру выйсці з цяжкага становішча, і ён рашыў сам з сабой, што яна атрымала маленькую спадчыну і заганарылася.

У наступны-ж дзень пасля таго, як маёр прышоў да такога рашэння і супакоіўся, ён, снедаючы, убачыў у маленькай гасцінай міс Токс з’яву такую ўзрушаючую і здзіўляючую, што некаторы час аставаўся прыбітым да крэсла; пасля кінуўся ў другі пакой і вярнуўся з тэатральным біноклем, праз які разглядаў гэту з’яву ўважліва на працягу некалькіх хвілін.

— Гэта дзіця, сэр, — сказаў маёр, ссоўваючы бінокль. — Іду ў заклад на пяцьдзесят тысяч фунтаў!

Маёр не мог гэтага забыцца. Ён нічога не мог рабіць і толькі свістаў і выпучваў вочы да такой ступені, што ў ранейшым стане яны здаліся-б глыбока запалымі і праваліўшыміся. Дзень за днём, два, тры, чатыры разы на тыдзень паяўлялася гэтае дзіця. Маёр па-ранейшаму выпучваў вочы і свістаў. Міс Токс перастала цікавіцца, чым ён заняты. Калі-б з сіняга ён зрабіўся чорным, на яе гэта не зрабіла-б уражання.

Настойлівасць, з якой яна ішла з пляца Прынцэсы, каб даставіць гэтае дзіця і яго няньку, варочалася з імі і зноў іх адводзіла і заўсёды вартавала іх, была незвычайная. Прыблізна ў гэты-ж час у яе выявілася ахвота разглядаць нейкі браслет, а таксама ахвота глядзець на месяц, на які яна падоўгу глядзела з акна сваёй спальні.

— Вы зусім заваюеце сэрца майго брата Поля, гэта шчырая праўда, дарагая мая, — сказала аднойчы місіс Чык.

Міс Токс збялела.

— З кожным днём ён робіцца больш падобным да Поля, — сказала місіс Чык.

Замест адказу, міс Токс узяла на рукі маленькага Поля і сваімі ласкамі зусім пакамячыла і сплюшчыла яго банцік.

— А яго матка, любая мая, — сказала міс Токс, — з якой я павінна была пазнаёміцца пра вас, ён хоць крыху падобен да яе?

— Ні капелькі, — адказвала Луіза.

— Анёл! — усклікнула міс Токс, звяртаючыся да маленькага Поля. — Выліты партрэт свайго татулі!

  1. Фешэнебельны — які адпавядаў густам "свецкага" грамадства, г. зн. багатага дваранства і буйнай буржуазіі.
  2. Фамільярнае абыходжанне — абыходжанне запраста, па-сяброўску.