Досьвіткі (1926)/Дурны настаўнік

Стары профэсар Дурны настаўнік
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1926 год
Трасца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дурны настаўнік.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Дурны настаўнік“

Гадоў, мусіць, шмат мінулася з таго часу, як можна было яго бачыць на вуліцах у Мсьціслаўлі.

Апранены ў нейкі абадраны балахон, няголены, валасаты, з даўгімі, чорнымі ад гразі кіпцямі. Вочы ў яго змучаныя, несупакойныя і невясёлыя. Ніколі не глядзіць ён на другога чалавека проста, а ўсё некуды ўхіляецца быццам шукае чаго ці прыглядаецца да нечага, што стаіць у вас за плячмі.

Бывала, цалюткі дзень, ад раньня і да познага, шарпае апоркамі на босую нагу па хаднікох ці па каменьню. Ато яшчэ і ў ночы бродзіць ды гамоніць з вартаўнікамі.

У кірмашовы дзень ходзіць сабе ціха між народу, прыглядаецца да наехаўшых сялян, шукаючы знаёмых, каб папрасіць гуркоў ці яблык.

У будзённы дзень часам бадзяецца, сагнуўшыся, па рынку; зьбірае раструшанае па зямлі сена і корміць коз; ато наводзіць на пабожных перакупак страх — затым, што ціханька падыйдзе і ўмаўляе:

— Сястрыцы вы мае! бога няма, каб я так жыў, — няма…

— А матачка найвышняя! Што ён гаворыць! — хрысьцяцца спалоханыя перакупкі і ўпрашаюць яго, каб не казаў так. — Маўчы, маўчы, Якуб Цімохавіч! Гарадавы блізка…

— Кгаспадзін настаўнік! — скажа яму які-небудзь крамнік-падшывалец: “Кгаспадзін настаўнік! Гарадавога блізка нет! На бублік: плюнь на царкву!

Ён паглядзіць у той бок, дзе гарадзкі сабор або Тупічаўскі манастыр, паглядзіць-паглядзіць, і плюне… Моўчкі возьме бублік і есьць. А дурні рагочуць.

Як часам надта лезуць яму ў вочы, ён нічога не бярэць ды яшчэ й крыкне:

— Смаўжы сьляпыя! Плюю на вашу веру і на вас плюю.

І плюне на каторага. Ох, яны тады палохаюць: „Гарадавой ідзёт! Гарадавой ідзёт!“

Але ён нічога не баіцца. Ён плюне на царкву, на касьцёл, на сынагогу — Хоць б на воку ў самога цара ці губарнатара. Хіба гарадавы ласкава папросіць, каб хаця пры ім блізка не рабіў так, дык ён паслухае, пры ім высьцерагаецца, каб прыкрасьці яму ў яго службе ня было.


Дык вось жа гэты самы „дурны настаўнік“, як празвалі яго людзі, або Якуб Цімохавіч Кубраковіч, як было яго праўдзівае імя, быў раней настаўнікам у нашай Шамаўскай воласьці, так што ведалі тут усю яго нешчасьлівую гісторыю.

Родам ён быў з Мсьціслаўля. Відаць, дзед яго ці прадзед хадзіў па сьвеце кубраком, — значыцца, зьбіраў на збудаваньне новых ці ўхарашэньне старых цэркваў, — адкуль і прозьвішча ўзялося: Кубраковічы. І бацька яго знаўся з папамі ды дзякамі; быў п‘яніца і піў з імі пакуль было за што, а як зьвёўся з капылоў далоў, пашоў у званары за паўтраця рублі на месяц, званіў і вартаваў царкву начою, каб зладзеі не абакралі. Маці плацьце людзём мыла і гароднае насеньне прадавала. Так і жылі, і сын, хоць і невялікай, адукацыі, а-ткі дашоў, у вясковыя настаўнікі прабіўся.

Перавялі яго да нас з другое воласьці, дзе не паладзіў, кажуць, з бацюшкам. Вядома, у той час настаўнікі з бацюшкамі часта сварыліся. Калі ня хочацца настаўніку дапамагаць у царкоўнай службе, ці ня дужа нізка паклоніцца ён матушцы ці так чым не дагодзіць папу або дзяку і іхным чадам, напрыклад, на ходзіць да пападзянак або з дзячышак сьмешкі строіць, дык зараз на яго папера й паляціць: „Так і так, настаўнік ў тутэйшай школе — вольнадум, у царкву ня ходзіць, дзяцей богу ня моліць і добраму не навучае“… Трах, і перавялі яго ў другую, горшую за тую школу або й зусім прагналі, сабак пасьціць.

У нас тады быў поп старэнькі, на прозьвішча Бекарэвіч. „Ня дужа мудры, казалі пра яго сяляне, — дык і ня дрэнны: хрысьціць, вянчае і на той сьвет з-паратам адпраўляе, а ўва што лішняе ня лезе і да людзей ня чэпіцца… Добры поп“. І з новым настаўнікам яны пасябраваліся. Рыбу лавіць ці ў грыбы, ці ў ягады — разам хадзілі. Адно толькі дакучала старэнькаму, што настаўнік любіў гаманіць пра бога і пра ўсякія такія справы.

— Ня люблю я тваіх мудрых гутарак, Якубе! — казаў старэнькі Бекарэвіч Кубраковічу. — Што табе ўсё карціць: чаму так, чаму ня гэтак? Ну як было, так і было… „Ня прыемлі імя госпада бога твайго ўсуе“. Ты мне толькі рыбу пудзіш… А я люблю, мой братку, супакой.

Затое была ў папа за гаспадыню, бо адзінокі жыў на старасьці, нейкая далёкая сястра ці то швагерка. Сухая дужа і з чорнымі вусікамі, але вельмі пабожная, начытаная ў сьвятых кнігах і гаваркая. Яна і заступіла маўклівага бацюшку ў размовах з настаўнікам. Вечна яны бывала сьпіраюцца, як што калі тварылася, і чаму так, а чаму ня гэтак. Яна верыла ўва ўсякія забабоны, а Якуб Цімохавіч даводзіў ёй, што ня ўсякай лухце можна верыць. Поп слухае-слухае дый пойдзе спаць, а яны ўспомняць, як той казаў, і бога і хрыста, і лазовага куста.

І сталі дзейкаць людзі, што новы наш настаўнік і добры і нядобры. Добры за тое, што дзеці яго ўлюбілі, старанна вучыць, не адпускае школьнікаў да цёмнага, — ня тое, што другі: не пасьпеюць бабы ля печы ўправіцца, а ён ужо распусьціў іх. А нядобры, што нейкі ён дзіўны… Не займаецца ні з паненкамі, ні з чаркаю, ні ў карты. Толькі ў яго і занятку: адпусьціць школьнікаў і йдзець да паповае швагеркі на дыспутасы ці сядае за свае, хто ведае, што там за кніжкі за такія нязвычайна цікавыя, і марнуецца над імі да познай ночкі.

І ўжо тады троху-патроху пачало выплываць на яву, што няцьвёрды ён у веры чалавек. Ня йме веры то ў тое, то ў сёе, ува што спрадвеку верылі ўсе людзі. Падсьмейваецца з паповае швагеркі, што яна, калі гадзіна ўкусіла іхную карову і паповы малітвы рады не далі, запрасіла лясьніка шаптаць і пасьля казала, што ад таго шаптаньня карова ачуняла. І так шмат у чым пракідалася яго слабая вера ці й зусім нявера на погляд тутэйшых людзей.


— А хіба-ж кожны ведае, — казалі тады ў нас людзі, — чаму ў іншага лясьніка хоць якая нягодная стрэльба лучае ў лёт самую шпаркую птушку? Або чаму самы бедны гарапашнік ані з тога, ані з сёга раптам робіцца багатыром на ўсю акругу?

— Таму так робіцца, — казалі яны тое што чулі ад сваіх бацькоў і ад дзядоў, — таму, што гэткі-то д‘ябальскі паслужнік, калі прычашчаецца, дык пакіне кашку ў роце, выйме з роту ў хустачку і схавае; потым, выбраўшы цёмную часіну, ідзе ў самыя глухія нетры, прывяжа кашку на асінавым суку і стрэліць…

— А як толькі ён, гэткі акаянны, складзецца стрэльбаю, дык разам асьвеціцца яму ўся-чыста пушча няземным, як-бы ад вялізнае маланкі, ці як-бы сонца шухне яму з неба ў вочы, такім сьвятлом, сьціхне зямелька, панікнуць і застыгнуць ад жудасьці дрэвы, паваляцца й прыліпнуць бяз дыханьня травы, і здасца яму: вісіць распнуты на крыжы, раны точацца сьвежаю крывёю, а з вачэй капаюць жалкія сьлёзы…

— З другога на гэтым месцы і дух вон, а другі, карэлы, стрэліць — і тады мае на паслугах усю нячыстую сілу…


Якуб Цімохавіч, мусіць, і змалку тое чуў і ведаў, але хто-ж бы мог нават падумаць, што яму ўроіцца ў галаву зрабіць і практыку.

Вось прышоў вялікі пост. Вясна чулася ў паветры. Спошчаныя людцы да споведзі хадзілі, паглядаючы дарожкамі, ці ўжо ёсьць праталінкі, ці ўжо блізка вясёнка цяплёнька, калі мінецца ім адна нішчымная бульба, а можна будзе і сьвежай траўкі згатаваць і малачком яе забеліць.

Пашоў у споведзь; і Якуб Цімохавіч. Пасьля казалі, што ўжо й тады відаць было па ім, што задумаў нешта нядобрае. Ды нікому нічога ані ў дум.

Тымчасам вясна й закрасавала. Распусьціўся лес, зашумелі гоманам дубровы, ночы цёмныя прышлі, хлопчыкі коні на начлег вадзілі. Даўно скончыў Якуб Цімохавіч заняткі ў школе, толькі-ж, замест паправіцца пасьля настаўніцкае працы скрозь цэлую зіму, дык ён зблажэў яшчэ на горшае: высах, чорны зробіўся. „Што яму такое?“ — дзівіліся людзі. А гэта ён, задумаўшы адно, а чуючы і ад папа і ад яго швагеркі зусім што іншае, мусіць, стаў вагацца сам у сабе… Быў-жа ён ня дужа ўчоны, дый навука была даўней пабожная, — і хоць розумам сваім ён чуў, што на яго-ткі баку праўда, але ня дзіва, што мог і завагацца, калі што дня слухаў пабожныя гаворкі і бачыў каля сабе адну спрадвечную цямноту.

Але зрабіў-ткі.

На самае купальле пашоў у лес, узяўшы стрэльбу і схаванае прычасьце.

Пасьля ён сам ня тоіўся і пераказваў, што яму там думалася ў лесе. Адзін ды ў цёмным — ён быў пачаў зьбівацца з сваіх даўнейшых думак. Чакаў паўночы — і здалося яму векам, пакуль сядзеў там у гушчарніку і неяк тупа разважаў: „Што я вытвараю? Прыгожы забабон зрабіў сабе нейкаю хваробаю! Хто робіць досьлед, рэжучы на кавалкі чалавечы труп або сьлепячы вочы мікраскопам, а я сяджу, як дурань, пад дрыжачаю асінаю… Хто робіць досьлед дзеля навукі, а я — каб пахваліцца, што не збаяўся страху, і мне нічога не здалося“… А калі налязала на яго цямнота з пушчы, калі слабела яснасьць думкі яшчэ болей, тады спадчына многіх вякоў і пакаленьняў гаварыла яму, што зараз пабачыць ён у пушчы розныя нязвычайныя купальскія дзівы, — хай-жа не баіцца! Што зараз пачнуць здавацца яму ніколі нябачаныя страшыдлы і зьвярукі, баран з адрэзанаю галавою будзе бегчы на яго, будуць кугакаць страшна совы, зацьвіце заклятая краска папараці, пад нагамі засіпяць вужакі, павыпаўзаюць з нор агідныя рапухі, яшчаркі… І ўжо хацелася, каб-жа хоць нешта незразумелае, дзіўное зьявілася ў ваччу. Хай-бы хоць здалося, што папараць цьвіце, калі ўжо батанікі даводзяць, што яна цьвісьці ня можа, не такая расьліна

Сонна шумела чорная дуброва, спалі зьвяры і птушкі, не варушылася мураўка на нявіднай упоцемку зямлі.

І Якуб Цімохавіч фальшыва пацяшаў сябе самога: „Ды ты й ня думаў верыць у прыгожы забабон. От, так сабе пашоў палюбавацца на хараство соннае дубровы купальскай ночкаю… Бачыш, як хораша, як люба і як ціха! Прырода ёсьць прырода: бяздонная крыніца для навуковых досьледаў і багаты матэрыял для пясьнярскай творчасьці… Ну, ты ўжо здаволіўся… ідзі спаць… Цябе ўжо морыць сон“…

„О, не! Як-жа так пайсьці? Пабачым“…

Раздаўся шумны стрэл, дзугнула стрэльба ў плячо і ў санкі няўмеламу стральцу.

Сьціхла…

Шуміць патроху сонная дуброва, цёмна, пах ад лесу і пах ад стрэлу… І ўжо — толькі пах ад лесу, і зноў усё, як і было!

Нічога не здалося, нічога няма, усё звычайна…


Тым-бы справа й скончылася, Але нешта адзін раз упаілі добрыя людзі Якуба Цімохавіча на кірмашы ў Мсьціслаўлі, і ён, хмельны, пачаў верзьці не да рэчы, што хадзіў у лес і рабіў там практыку… Разьбегліся добрыя людзі, як ад дурнога. Але забылася і гэта. Потым паспрачаўся ён з тым лясьніком, што лячыў папу карову. Лясьнік казаў, што настаўніцкая навука нічога ня варта, што яго, чараўніцкая, мацнейшая. І тут тож ня ўцерпеў Якуб Цімохавіч і бракнуў яму ў вочы, што ўсё яго чараўніцтва — адна мана, што вось ён рабіў адну такую практыку, і нічога яму не здалося… Як на шалёнага, паглядзеў на яго і лясьнік, але добра ня ведаючы, якую такую практыку рабіў настаўнік, ён нічога не сказаў і толькі зараз ад яго ўцёк ды затаіў на яго злосьць. Аднак, пашлі гаворкі, адно з другім сплялося, і дачулася-ткі і пабожная папоўская швагерка. Ледзьве не самлела ад вялікага страху, але гукнула Якуба Цімохавіча і стала дапытвацца, чаму гэта пра яго людзі дрэннае гавораць. І тут ня ўцерпеў Якуб Цімохавіч, ня ўцерпеў на сваю вялікую бяду. Жартуючы, сказаў ён, што, ці праўду людзі кажуць, ці няпраўду, але, мусіць, каб яно было, дык так-бы толькі і было, — што-б там здалося? Бацюшка якраз быў хворы, швагерка баялася, што ён хутка памрэ, і ўсё малілася. Калі-ж пачула такія жудасныя для яе словы, яна ня ведала, ці бес улез у гэтага настаўніка, ці ён здурнеў ад лішніх думак… І, пажалеўшы яго, напісала ў паліцыю заяву, што здурнеў настаўнік, бо каб напісала, што здаровы, а гэтак кажа, дык, мусіць, пакаралі-б яго сьмерцю або вечнай катаргай. Прыехалі, заарыштавалі, няволілі ў астрозе і ў жоўтым доме… Нарэшце, выпусьцілі, як ціхага дурнога. Казалі, што і ён сам прыкінуўся дурным, спалохаўшыся кары. Шмат чаго казалі. Зьвёўся чалавек. Ня толькі якой працы, і пашпарта яму не давалі, цураліся яго, дурным празвалі. І, нарэшце, зрабіўся ён такім, якім можна было ўбачыць яго на вуліцах у Мсьціслаўлі. Ня сам зрабіўся, разумныя людзі зрабілі… Але што-ж: які быў час, такое тады і ўсё было.