Другое Пасланьне да Фесалонікійцаў сьв. ап. Паўлы
← Пе́ршае Пасланьне да Фесалонікійцаў сьв. ап. Паўлы | Другое Пасланьне да Фесалонікійцаў сьв. ап. Паўлы Аўтар: Апостал Паўла Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Пе́ршае Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы → |
Разьдзе́л 1
правіць1 Паўла і Сілуан і Цімахве́й — царкве́ Фесалонікійцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце́:
2 Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як дастойна, бо вырастае ве́льмі ве́ра ваша і павяліча́ецца любоў кожнага з усіх вас аднаго да аднаго.
4 Так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, за цярплівасьць вашу і ве́ру ў-ва ўсіх перасьле́даваньнях вашых і смутках, якія вы маеце,
5 на доказ справядлівага суда Божага, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога і мучыцеся.
6 Бо справядліва ў Бога аддаць суму тых, што вам суму задаюць,
7 а вам, сумуючым, патолю (даць) разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з не́ба з Ангеламі сілы яго,
8 у палане́ючым агні даючы адплату непазнаўшым Бога і непакарыўшымся Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9 Яны прымуць ка́ру, ве́чную загубу, ад аблічча Госпада і ад славы сілы Яго,
10 як Ён прыдзе ўславіцца ў сьвятых сваіх і задзівіць усіх ве́руючых (бо вы паве́рылі нашаму сьве́дчаньню) у дзе́нь гэны.
11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі прызваньня і выпаўніў усякую спагаднасьць ласкавасьці і дзе́ла ве́ры ў сіле,
12 каб уславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, праз ласку Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Разьдзе́л 2
правіць1 Молім вас, браты, дзеля прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста і дзеля нашае зборкі да Яго,
2 ня хістайцеся пасьпе́шна розумам ды ня трывожцеся ані ад духа, ані ад слова, ані ад пасланьня, нібы праз нас, што быццам ужо надыходзіць дзе́нь Хрыстовы.
3 Няхай не спакусіць вас ніхто аніяк: бо дзе́нь гэны ня прыдзе, дакуль ня прыдзе пе́рш адступле́ньне і не адкрыецца чалаве́к грэху, сын загубы,
4 які спраціўляецца і вывышшаецца панад усё, званае Богам ці сьвятыняй, што ў храме Божым засядзе ён, як Бог, паказываючы сябе́, што ён Бог.
5 Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?
6 І цяпе́р ве́даеце, што́ не дае́ адкрыцца яму ў свой час.
7 Бо тайна беззаконьня ўжо дзе́ець, толькі той, што цяпе́р узьдзе́ржывае, (будзе рабіць гэта), пакуль ня будзе забраны спасярод.
8 І тагды адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е́ духам вуснаў сваіх і зьнішчыць зьяўле́ньнем прыходу Свайго,
9 ды якога прыход, сілаю шатана, будзе з усе́й магутнасьцяй, і знаме́ньнямі, і фальшывымі цудамі,
10 і з усякай няправеднай спакусай для тых, што гінуць, за тое, што яны ня прынялі любві праўды, каб ім спасьціся.
11 І за гэтае пашле́ ім Бог дзе́яньне подступу, каб яны паве́рылі ілжы,
12 каб былі засуджаны ўсе́, ня ўве́раваўшыя ў праўду, але любіўшыя няпраўду.
13 Мы-ж заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і ве́ру праўдзе, выбраў вас на збаўле́ньне,
14 да якога і паклікаў вас дабраве́шчаньнем нашым на здабыцьцё славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
15 Дык, браты, стойце і дзяржыце пераказы, якіх вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.
16 Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог Аце́ц наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне ве́чнае і надзе́ю добрую ў ласцы,
17 няхай паце́шыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і дзе́ле добрым.
Разьдзе́л 3
правіць1 Дык мале́цеся за нас, браты, каб слова Гасподняе пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,
2 ды каб нам вызваліцца ад распусьнікаў і людзе́й крывадушных; бо не у ўсіх ве́ра.
3 Ве́рны-ж Госпад, які ўмацуе вас і захавае ад крывадушніка.
4 Мы пэўныя адносна да вас у Госпадзе, што вы выпаўняеце і будзеце выпаўняць тое, што́ мы вам загадваем.
5 А Госпад няхай пакіруе сэрцы вашыя на любоў Божую і цярплівасьць Хрыстову.
6 Загадываем жа вам, браты, іме́ньнем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, што ходзе ня ў лад і не па пераказу, які прыняў ад нас,
7 бо вы самі ве́даеце, як трэба насьлядава́ць нас, бо мы не рабілі ў вас нягожага,
8 дый ні ў кога ня е́лі хле́ба дарма, але ў працы і ўтоме рабілі ўначы і ўдзе́нь, каб не абцяжыць каго з вас, —
9 не затым, што мы ня ме́лі ўлады, але каб сябе́ самых даць вам за прыклад дзеля насьлядава́ньня нам.
10 Бо, калі мы былі ў вас, дык загадалі вам гэтак: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня е́сьць.
11 Але чуем, што некаторыя ў вас нягожа паступаюць, нічога ня робяць, але матаюцца;
12 гэтакім загадываем і молім (іх) Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, працуючы моўчкі, е́лі свой хле́б.
13 Вы-ж, браты, не ўпадайце на духу, калі робіце дабро.
14 Калі-ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго адзначце і не сябруйце з ім, каб быў асаромлены;
15 але ня лічэце яго за ворага, а навучайце, як брата.
16 Сам жа Госпад міру няхай дасьць вам мір заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.
17 Прывітаньне мае́ю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:
18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін. Другое да Фесалонікійцаў пісана з Афін.