Ды настала ж бо маё святанька…
Ды настала ж бо маё святанька… Верш Аўтар: Карусь Каганец Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Dy_nastala_z_bo_majo_sviatanka.html |
Ды настала ж бо маё святанька,
Знараджаў у свет мяне баценька,
Знараджаў мяне, пуць паказываў,
Гаварыў бо мне і прыказываў:
— Бачыш, сыну мой, як гаруема,
Кожны на свеце на то родзіцца;
Не глядзі на свет, што там робіцца.
Ты на пчолкі глянь: ё рабочыя,
Але і трутні ё немінучыя.
Так і на свеце: адны рыюцца, —
Другі потам іх адно мыюцца.
Будзь ты прокляты, мілы сыначку,
Як сагнеш такім сваю спіначку,
Як пасцелешся у радніначку!
Ты ўцякай ад іх, як ад гадзіны,
Ды не жджы ад іх перакладзіны,
А у свет ідзі на аглядзіны;
Ты у свет ідзі, мілы сыначку,
Ты усё спазнай — і быліначку!
Тады са светам параўняешся,
Ў дабры, розуме пакупаешся,
Ў дабры, розуме пакупаешся,
З полем бацькавым прывітаешся!