Жалейка (1908)/Дзяўчынка, галубка мая!

Плачуць мае песни Дзяўчынка, галубка мая!
Верш
Аўтар: Янка Купала
1908 год
Да мужычка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзяўчынка, галубка мая!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзяўчынка, галубка мая!

Дзяўчынка, галубка мая!
Кинь весяла вочкам ка мне,
Табой зачарованы я
Любуюсь на яве и ў сне.
Дзяўчынка, галубка, хадзи
Ка мне, бо цябе я люблю,
Сагрэю на белай грудзи,
Уцехай кахання усплю.
Дзяўчынка, галубка, тады
Забудземся свету, людзей,
Забудземся гора, бяды,
Нядоли забудзем сваей.
Дзяўчынка, галубка, слязой
Як скропиш павеку сваю,
Я вытру, пацешу, як свой,
И песню табе запяю.
Дзяўчынка, галубка, не дам
С цябе жарты строиць жыццю:
Я буду дзялиць папалам
Нядолю и долю тваю.
Дзяўчынка, галубка, мой друг,
Саўйом мы цихое гняздко,
Дзе створым душу адну з дзвюх,
И думы, и сэрцэ адно.
Дзяўчынка, галубка, мы так
Па хвалях жыцця паплывйом,
С каханнем за знамя, за знак,
На зайздрасць цярпенню, ўрагом.
Но тольки, галубка мая,
Мяне сираты пажалей,
Люби, як цябе люблю я,
Милуй и цалуй агнисцей.