Бяжыць час, дзень за днйом, скуль вазьмися, Пятрок
Наляцеў и пагнаў к касьбе жыва людзей;
Пашли ў ход малаток, и каса, и брусок,
Стуки-бразь, маху-шась, а дружней, а бардзей!
Свишчаць косы ў траве, проста дзива, гульба;
Размахалися руки, ўзыгралася кроў;
Сонцэ пале агнйом; пот лиецца зы лба;
Абмахнуў рукавом, ды и далей пашоў.
И пракос у пракос вырастае, як стой;
Пан с карэтай бы пэўна праехаў миж йих.
Эх, атдайся рабоце, люд бедны з душой!
Кали есць,—як Бог даў,—як рабиць, за траих,
Махай дружна касой, пакуль згине раса!
Куй жалеза, пакуль не астыне яно!
Рэж аселицу, брат, кали зрэзаў гумно,
А там далей—на лог нехай мчыцца каса.
Люба выйци, прайци па лагу, па гумне:
Гоман нейки стаиць, сенам пахне укруг,
Ляжыць трупам трава, як народ на вайне,
А ў траве коник шастае, весяля слух.
Вот падвяла крыху; жыва, бабы, на лог!
Трэба скошенае разбиваць, агрэбаць,
Сюды-туды!.. глядзи, ўжо пракосы ў валох.
Глядзь!.. и копами ўбрали усю сенажаць,
А тым часам из неба пасыпаўся страх:
Дожджык пырскаць начаў, гром азваўся глухи.
Шчыра цешацца людзі, што сена у капах,
Бо ў пракосах счарнелаб, ды й спор не таки.
Сена кожны шануе, бо ведама ўсим,
Кали хлеба ни хватъ, то знасиць ўсйож лягчэй, Чымсяб корму не стала прадвесням зимным
Для скацинки; тады… хоць душой загавей,
Дружна йдзи, бедны люд, кали сонцэ к касьбе
Заве з неба, ды голадам мучышся ты.
Рэж траву, дабывай долю силай сабе!
Часам выйдзеш и ты з беднаты, з цемнаты.
Дружна йдзи, бедны люд, и с зары дазары
Працуй, бийся, ня гнися пад лямкай цяжкой!
И за праўду сваю, дачэкаўшы пары,
С касой вострай сваей дружна, смела пастой!
|