Часамі, як смутак на сэрцы
Заляжа магутнай гарой;
Я бачу збавеньне у зорах,
Да зорак я рвуся душой:
Як здрада прыходзе ад сябраў,
У душы як загіне спакой
І сьцісьнецца сэрца ад болі, —
Да зор тады рвуся душой.
Часамі, жыцьцё як абмане,
Бягу ад людзей на прастор,
Блукаюсь ў лясох і дубровах,
Душою я рвуся да зор.
Агорнуты думамі, часта
Журуся часінай начной;
Мне лёгка стаецца, як толькі
Да зорак я рвуся душой:
Як прыдзе спакой ў маю душу —
Мне мілы і поле, і бор
І птушак вясёлых сьпяваньне…
А ўсё-ткі я рвуся да зор.
Я чую таемнае жыцьце
Расьлін, і стварэньняў і гор;
З жыцьцём іх я разам зьліваюсь, —
Душою я рвуся да зор…
|