Ня шумі ты, вецер,
Непагодай дзікай;
Ня плач, маё сэрца,
Ад жальбы вялікай.
Табе цяжка, нудна,
Што зіма настала,
Непагода злая
Хмар да нас наслала,
Што скаваў так моцна
Вёску сівер люты,
На жыцьцё прыроды
Узлажыў ён путы…
Покуль вецер стогне,
Завіруха ў полі,
Набірайся сілы,
Сэрца, як найболей.
Загартуйся моцна,
Якнайбольш шлі згоды:
І ня грозны будуць
Ўсе табе нягоды.
Дык-жа ня сумуйся,
Сэрца, ня журыся,
Лепш надзеяй сьветлай.
Ты мне адзавіся!
Гэй, засьмейся, сэрца,
Гэй усьмешкай мілай,
Што душу ўзьнімае,
Узмацняе сілы,
Што зганяе хутка
Сум і жальбу злую,
Што дае надзею
І любоў сьвятую!
|