Золак зьяе. Ціха ў полі.
Ў небе чутны дзіўны хор.
Я з вясёлай песьняй волі
Выяжджаю на прастор.
Раньніх птушак прывітаньне,
Песьні, працу і зямлю
І вясеньняе сьвітаньне —
Як-жа моцна я люблю!
Малады і здольнасьць маю,
Сілы, гарту ў мяне шмат;
Для карысьці свайго краю
Працаваць заўсёды рад.
Я пяшчаныя загоны
Добра, тлуста угнаю;
Ўзыйдуць добрыя тут плёны,
Як старанна абраблю.
Гэй, мой конік, на разлогі!
Варушыся хутка, брат;
Нашы новыя нарогі
Зробяць ў полі добры лад.
На дзярністых на палетках
Новай долі чую дух.
Мне ня грозна праца ўлетку:
Рэжа ёмка скібы плуг.
Я працую бяз прынукі
Ад зары і да зары.
Больш ня будзе ўціску, мукі:
Мы жыцьця гаспадары!..
Золак зьяе. Ціха ў полі.
У небе чутны дзіўны хор.
Я з вясёлай песьняй волі
Выяжджаю на прастор.
|