Заранкі (1924)/Пісьменьніку-гуманісту

Дзіцячыя гады Пісьменьніку-гуманісту
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Памяці Ядвігіна Ш.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПІСЬМЕНЬНІКУ — ГУМАНІСТУ.

(З прычыны сьмерці В. Г. Караленкі 25 сьнежня 1921 г.)

Ты змоўк, пісьменьнік, сьветач праўды,
Ужо ня чутны голас твой,
Але ня згас агонь жывучы
Душы вялікай і сьвятой.

Ня ўмрэш ты ў памяці народнай,
Ты будзеш вечна ў творах жыць,
Бо праўду, сьветласьць і аздобу
Ніхто ня можа загасіць!

Ты ўпарта клікаў к праўдзе вечнай,
К дабру й любові ўсіх людзей,
Зьявіўшысь сьветачам яскравым
Сьвятлістых сонечных надзей.

Ты верыў моцна ў перамогу
Дабра і сьветласьці над злом
І йшоў заўсёды на падмогу
Усім прыгнечаным людзём.

Сваім жывучым, моцным словам
Жыцьцёвы змрок ты асьвятляў;
Сьвятым агнём, сьвятою верай
Людзём ты сэрцы запаляў.

Аздобным словам паказаў ты,
Як рэчка грае, лес шуміць,
Як сонца блескам прамяністым
Жыцьцё прыроды залаціць…

Хвала-ж табе, пісьменьнік слаўны!
Ты праўды сьветач залаты.
Твой дух лунаць ў нас будзе вечна,
Ня умрэш ніколі ў творах ты!