Заранкі (1924)/Чырвоны золак

Чырвоны золак
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Вольная Беларусь

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЫРВОНЫ ЗОЛАК.

Чырвоны золак загарэўся,
І згінуў хутка мрочны сум.
І шмат з душы цяпер ліецца
Сьвятлістых новых творчых дум.

Чырвоны золак загарэўся —
І ўзьняўся з мроку родны люд:
Парваў змаганьнем ланцугі ўсе,
Пазбыўся ён адвечных пут.

Чырвоны золак загарэўся
І асьвятліў увесь абшар:
Узьняўся волат — гучна кліча:
„Ідзі да працы, мал і стар!..“

Даўно жаданая нам воля —
Прамень шчасьлівых, сьветлых дзён —
Ужо зіхціць над родным краем
І нішчыць цемру і праклён.

Над шматпакутнаю старонкай,
Дзе чулася адно ныцьцё,
Нясецца кліч да творчай працы,
Лунае новае жыцьцё…

Я веру, родны край, што зможаш
Ўсіх ворагаў ты барацьбой,
І праўда, веданьне і брацтва
Ўжо запануюць над табой!