Зборнік «Нашай Нівы» (1912, кірыліца)/1/Дачэсные

Раны Дачэсные
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1912 год
Прыгонная душа
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дачэсныя.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дачэсные.

З добрым сваім старым знаёмым, каторы акуратна год у год з ласкі сваей дзярэ з майго стадка па адным старым баране і па двое маладых ягнятак падатку, сустрэціўся я нідаўна ў яловым гушчарку. Ён ня быў галодны, а я — бяз стрэльбы — прычыны, як бачыце, важные, дзеля чаго маглі мы разгутарыцца паміж сабой па суседзку.

Слово за словам, дабраліся і да жыцьця суседа — воўчаго. Праўду, ці не казаў мне сусед — самі разбірайце.

Бадай усе ўжо чулі (так сама — праўду, ці не), што даўней воўк быў найлепшым хатнім прыяцелем і вартаўніком і ў ніякіе зладзействы і зьдзірствы не ўдаваўся, ажно пакуль ня трапіў да нейкай паганай скупой гаспадынькі на службу. Дакучыло, відаць, ёй карміць хлебам зьвера, і вось аднаго разу, калі воўк, пасучы цэлую раніцу гаспадарскую стадніну, прыбег на сьнеданьне да хаты, ведзьма тая, мест хлеба цёплаго, кінула яму горача напалены камень. З голаду, не разнюхаўшы добра, схапіў бедны ваўчок гарачы камень і так моцна апёкся, што і па сягоньняшні дзень ляпа асталася чорнай. Вось с таго часу воўк з жалю і злосьці кінуў сваю службу у людзей.

Гэта старая гутарка, а цяпер паслухайце, што мой сусед баяў далей — новага.

Адрокшыся службы, воўк пажаліўся сваім сябруком. Прабавалі тые заступіцца за яго, але нічога не дабіліся. Пайшлі тады ваўкі грамадой з жалабай да цара свайго — льва.

Леў, выслухаўшы справу, асудзіў так: „лепш жывіце ў лесі, чым у такой хаці, дзе вас могуць здрадзіць, а як усё жывоё без яды ня можэ абыйсьціся, так і вы, не перэбіраючы, што і чыё, хапайце і ешце; на прыпадак-жэ голаду дам вам доўгавечную карову, карміце і дагледайце яе толькі добра, а малака — яды хваце“.

С таго часу сталі ваўкі жыць у лесі, займацца рабункам, а да таго — даіць сваю карову і дзяліцца малаком.

Але час ад часу паміж згоднай даўней воўчай сям’і пачаліся звадкі, завялося шэльмоўства: харчэваць карову ўсім разам прыходзілося, а як падойдзе дзяліцьба малака, дык адзін так набохаецца яго, што чуць адпаўзе, а іншы зусім с пустым жыватом пасунецца.

Каб як дарадзіць проціў гэткаго ашуканства, склікалі ваўкі сход, на каторым прызналі: на кожны дзень назначыць чароднаго ваўка, каторы-б дагледаў карову і ўдой весь ад яе забіраў сабе.

Цешыліся ваўкі с такога мудрахітраго свайго пастанаўленьня, але ня доўга. Кожны воўк, як толькі падойдзе яго чародны дзень, разважае сам сабе: на якое ліха мне карміць гэту карову, калі з гэтаго хорчу прыбудзе малака ня столькі мне, колькі заўтрашняму, чароднаму; хай-жэ сабе той і важдаецца з ёй, а я што выдаю — то маё,

Як сталі гэтак дагледаць сваю кароўку дачэсные гаспадары, дык, калі не пажывяцца дзе на старане баранчыкам, ці так чым колечы, зубамі ляскаць прыходзіцца.

Вось с таго часу і налажылі ваўкі падатак на людзей: с каго авечку, с каго цялё, парасё, гусака і т. п. Апрача таго карову сваю ўсё-ж такі дояць і дояць, ды ешчэ як дояць! Ня толькі малако да чыста сцягнуць, але ціснуць, ажно пакуль да крыві не дабяруцца, дый апрача таго кожны гэткі дачасны гаспадар неўзнак — ціхачом, а хоць кавалачэк і лыдкі з беднай жывёлы урве.

Гэткім парадкам з даўнейшаго спакойнаго працавітаго зьвера стаўся цяпер несуградны гад прагавіты — воўк.

Ядвігін Ш.