Зборнік «Нашай Нівы» (1912, кірыліца)/1/Тулягі

Думкі Тулягі
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1912 год
Раны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тулягі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тулягі.

— Бадай цябе трасца, бадай цябе! — буркнуў Арцём і паставіў апарожненую ужо пляшку ад гарэлкі на стол.

— Ё-о-о чаго з’есьці? — вышэй крыкнуў ён п’яным Голасам, адвярнуўшыся да згорбленай, забітай горэм жонкі, каторая капалася каля прыпечку,

— Эй, сьцерва, кратайся, — бо калі трэсну! — І яго кулак ужо засьвістаў у яе над вухам, як ластаўка над сваім гняздом.

Арцёміха здаўна ўжо прывыкла да яго лупцоўкі, дык і не старалася-б нават выкруціцца, але ў гэты самы момэнт з шырокаго ложка пачуўся слабы тоненькі галасок: — Пі-і-іць, мамачка, піць!…

Арцёміха падбегла да ложка, а тымчасам Арцём бразнуў дзьвярыма і выйшоў.

— Даю, Ганулька, даю! — марматала Арцёміха і барджэй шмыг у сенцы с конаўкай за вадою.

Ганулька была дзяўчынка гадоў трынаццаці — стройненькая, пекненькая і ўжо каторы год служыла у аднаго багатаго гаспадара, бо бацькі яе чуць самі, дзед з бабай, кутам прахаваліся, — і то яна ім кожын год на Каляды грошы аддавала. Цешыліся яны дачкой сваей, але прылучылося нешчасьце Восеньню пры малацьбе Ганулька прастудзілася і захварэла. Адвязьлі яе дамоў да бацькоў. Прывялі старога знахара; даў ён ей нейкіе галачкі с хлеба, зельле; купілі ліманаду і пірага у Соркі, — але нічога не памагало. Кажэ яна, што у нутры нешта паліць, і ўсё піць хочэцца. Уся яна высахла, як лучына, а вочы бытцым вугалі гараць. Бывае часам, што з гарачкі яна выкідываець уселякіе штукі і непрытомна гаворыць.

Сягоньня яна толькі цяжка стогнець, лежучы на сенніку… А праз брудны кавалак шыбіны, перэкрыжованай лучынкамі, прасьвечываюцца праменьні сонейка і многа-колерны пыл тоўстым слупам даходзіць аж да бледнаго твару Ганулькі… Пазіраець яна на залатые праменьні: і сьлёзы коцяцца з вачэй… Вось, пачала абамлеўшымі ад смагі вуснамі нешта шэптаць ціха, слаба… Маці прыслухаецца, але ня можэ пачуць нічога.

Шэпт усё слабей, ды слабей… Гэтак сама шэпчэць іскрыпка, калі музыка прыймаець ужо смычок са струн…

Змоўкла Ганулька…

Маці даторкнулася да яе, ажно яна ўжо сьцюдзёная, як лёд. Арцёміха не плакала, не галасіла, толькі слаба крыкнула: „Ай!“ — яна ўжо выплакала за свой век усе свае сьлёзы. —

Гэта ведаюць старые, сумные могілкі за вёскай. Гэта ведаюць там разнарослые крыжы і крыжыкі яе дзяцей: Юзя утапіўся, Марылю кабыла забіла, Агатку яна сама прыспала на ложку, Сьцёпка так памёр ад нейкаго безгалоўя. — Мала-ж ёсць напасьцей у нешчасных, бедных вёсках?

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Як нарыхтаваная машына, Арцёміха і цяпер рабіла ўсё без цікавасьці, чула, як на хаўтурах бабы цешылі яе, ківаючы галавамі, сморкаючыся ў хусткі, ды прыгаварываючы проста з мосту:

— А ты-ж бедная, Арцёміха!

— А ты-ж ня вытрымаеш, Арцёміха!

— А як жэ-ж ты будеш жыць, Арцёміха?

— А ей-ей, Арцёміха, матачка! І шмат нагаварылі гэткіх слоў, што аж вушы вянулі. Чула Арцёміха, як на хаўтурах шаптункі вялі, што гарэлкі мала, што закусак скупа, што таго сяго не хватаець, але не цікавілася, як-бы не пра яе казана…

Ачнулася яна толькі тады, як вынясьлі дамавіну, як асталася адна, бо знядужала сама пайсьці… Азірнулася…

— Матачка Боская!…

І давай сухімі сьлезамі плакаць і прыгаварываць на распеў:

— А я-ж цябе насіла пад сэрцэм!

— А я-ж цябе гадавала, няньчыла, сьлёзкі выцірала, карміла, адзевала…

— Хадзіла на падзённую і аб табе ўсё думала… купляла хустачкі чырвоненькіе…

— Ніхай-жэ бы ты жыла і я бы табе палатна наткала, я-ж ужо кросны прыгатавала…

— А я бы сама падставіла плечы, каб бацька мяне біў, а не цябе…

І, як галубка падстрэленая, білася, кідалася старая Арцёміха.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Дзіўнай робіцца душа чэлавека у горы. Чароўным робіцца слова балючаго сэрца, даходзіць яно тады да найвысшаго хараства, да сьвятасьці і чыстаты, робіцца ўладарным над людзьмі.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Плакала старая Арцёміха сухімі сьлезамі і бытцым пеяла:

— Земля — зямелька родненькая!

— А тым ужо на векі прыкрыла сьцюдзёнымі грудкамі Ганульку маю…

— А ты яе на векі-на векі схавала ад сонейка!..

— Ніколі яна ўжо не адчыніць вочкі ясные — ніколі, ніколі!…

— Ніхолі галасочэк яе не зазьвініць — ніколі, ніколі…

— Хай каршуны кіпцямі рвуць мае грудзі старые!

— Хай сабакі гломзаюць маё сэрцэ непатрэбнае!…

Зноў заенчыла „ай!“ і змоўкла.

Увайшоў Арцём і ціха сеў, але барджэй усхапіўся, бо вялікі галагуцкі певень ускочыў на ложка, дзе ўперад лежала Ганулька.

— Кі-і-іш-ш-ш! Кі і-и-ш-ш! — і ня вытрываў…

— А бадай цябе трасца, бадай цябе! — крыкнуў ён і дзіка азірнуўся на цёмны кут ля печы.

Крыкнуў ён не на бабу сваю, як усягды, але на самога сябе. І то не! Крыкнуў ён на сваю страшэнную боль, каторая як-бы клешчамі абхапіла яго усяго…

— Бадай цябе трасца, бадай цябе!… І паваліўся на мокры гліняны памост, воб-землю і плакаў, як малое дзіцянё…

Змітрок Бядуля.