Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Звон шыбаў

Крыж Звон шыбаў
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Цені-страхі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Звон шыбаў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗВОН ШЫБАЎ

Ноч маўкліва. Цёмна, глуха.
Прылажыла чутка вуха
За акном старая вішня,
Штось прамовіць — шу-шу-шу!
І заціхне, бы баіцца
Памыліцца
І сказаць што-небудзь лішне.
Я лажусь, агонь тушу.

Неба хмурна, няпрыветна.
Зрэдка ветрык чуць прыметна
Скулься ціха набягае
І галінкі згайдане
І зьнікае ці дзесь далей
Бяжыць хваляй
Байку-тайнасьць ціха бае
Анямелай цішыне.

Ў хаце ціха, нават жудка.
Ловіць зыкі вуха пудка:
Звоніць шыба штось жалобна —
Дрррон-дрррон! ціха бразгаціць.
Чуць счакаўшы, новым звонам,
Нізшым тонам
Такжа нудна, такжа дробна
Шыбка новая зьвініць.

Няма ветру, ўсюды ціха,
Шыбы-ж звоняць — што за ліха?
Хто ў іх стукнуў? хто чапае?
Ці то знак хто хоча даць,
Што згубілі мы дарогу,
Б‘е трывогу,
Ходзіць, перасьцерагае
І накладвае пячаць

На шляхі, дарогі тыя,
Дзе крыжы згнілі старыя,
Ці зумыслу пазьнімалі,
Як аджыўшыя свой час.
Хто такі ён? Невядомы,
Незнаёмы,
А мо‘ дзе і сустракалі,
Мо‘ з ім бачыліся з раз.

І так сьцішна, чагось смутна,
Шкло сьпявае ўсё пакутна,
Толькі-ж думка не згадае,
Што гуторыць гэты сьпеў,
І ня хоча супыніцца,
Пагадзіцца
З тым, што сэнсу ня ўчытае:
Ці то жалаба ці гнеў?

Шыбы звоняць і сьпяваюць,
Песьню скончаць, зачынаюць,
То павысяць яны голас,
То замлеюць, то замруць.
Жаль ў іх песьні сэрца чуе
І гаруе.
Шклечка-ж звоніць ўсё раз-по-раз
Не дае ўсё мне заснуць.

1921 г.