Уздоўж пяшчанае дарогі,
Дзе гурт авец прагнаў пастух,
Узьняўся пыл, нямы, бязногі.
Паветра, поўнае зьнямогі,
Не скалыхне, стаіла дух.
У проразь хвой, бы здань пажару,
Штось грозіць чырвані рука,
І тоіць лес якуюсь мару.
А цёмны ўсход выводзіць хмару
Ды шле зарніцы здаляка.
Зьнікае месячнік двурогі,
І зоркі хмурацца ўгары.
У шатах боязьні-трывогі
Маўчаць зьнямелыя разлогі,
І ў страсе млее дуб стары.
Эх, не здарма, відаць, зарніцы
Віхрацца ў хмарах, не здарма.
Чакайце, людзі, навальніцы,
Бо перапоўнены крыніцы…
Чарнее ноч, гусьцее цьма.
І толькі пыл адзін, маўклівы,
Бяз страху клопату, наўсхіл,
Плыве, здаволены, шчасьлівы,
Бо што яму той лёс імглівы?
Бо не падзеш ніжэй, як пыл.
Плыве пылок, бы дым-заслона,
І, асядаючы на дол,
Хавае думку затаёна.
Няма тут роднага загона,
Яму чужое ўсё наўкол.
1926 г.
|