Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Каля парога

Покліч Каля парога
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
З турмы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каля парога.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЛЯ ПАРОГА

Прад жалезнымі дзьвярамі
Цёмнага астрога
Жджэ кабетка, хоча бачыць
Сына дарагога.

Ох, сынок! Сядзіць, саколік,
За сьцяной высокай
У нядолі, паняверцы
І нудзе глыбокай.

Хоць-бы глянуць адзін момант
На яго, здаецца!
Горка беднай, цяжка матцы,
Сэрца яе рвецца.

І стаіць яна, чакае
Доўгія гадзіны…
Злыя людзі — іх ня чэпіць
Смутак мацярыны!

Хмурна. Золка. Вецер-сівер
Да касьцей праймае,
І нясьмела падыходзіць
Да дзьвярэй старая,

Мокры клунак загарнула
Хусткаю старою.
Асьцярожна — стук у дзьверы
Ззяблаю рукою.

Загрымеў ключом турэмнік,
Глянуў у ваконца.
— Што табе? спытаў сярдзіта.
— Ой, маё ты сонца!

Ці ня можна бачыць сына?
Я здалёк, саколік!
„Апазьнілася, старая —
Прыхадзі ў аўторак,

А цяпер ідзі да дому
І — бывай здарова!» —
І аконца загрымела
Злосна і сурова.

Божа! колькі прастаяла,
Колькі часу ўбіла.
Процьма грошай на дарогу
Марна загубіла.

Што рабіць? Хто ёй парадзіць
Хто ёй растлумачыць?
Да каго пайсьці маліцца,
Каб сынка пабачыць?

Жаласьць к сэрцу падступіла —
Бедная кабета!
Сын даўно, даўно ў вастрозе —
Ужо трэце лета!

Забастоўку зрабіў хлопец
У дварэ у пана,
І за гэта да астрогу
Прывялі Сьцяпана.

Пастаяўшы, зноў аб дзьверы
Рукі абівае:
У начальства знайсьці праўду
Думае старая.

У наплечніках начальнік
Падышоў к варотам.
— Мой паночак! мой любенькі!
Ой, маё ты злота!

Дазволь сына мне пабачыць!
Ня тутэйша, пане…
Пашкадуй мяне, старую!
Мокну спазараньня…

Бачыш — дождж халодны сее
Спорна і абложна
Паглядзеў начальнік зьверам
І сказаў: „ня можна“.

Цяжка, цяжанька ўздыхнула
Бедная жанчына —
Налучылася такая
Ёй, відаць, часіна.

І зірнула ў жалю маці,
Скрыжаваўшы рукі,
На муры, на дом пакуты
І нязьмернай мукі.

І ніхто не адгукнуўся
На яе жаданьне,
Без адказу засталося
Горкае пытаньне.

1909 г.